...I арганiзм скажа табе «дзякуй!»
Iлона IВАНОВА
Спякота i ежа Дажджы напрыканцы мiнулага тыдня сталi проста выратавальнымi. Аднак сiноптыкi зноў абяцаюць па-летняму цёплае надвор’е, i, хоць да 30 градусаў вышэй нуля можа i не дайсцi, народ маральна рыхтуецца да новага раунда спякоты.Што спецыялiсты рэкамендуюць есцi i пiць пры высокай тэмпературы паветра? Як застрахаваць сябе ад набыцця i ўжывання сапсаваных ад спякоты харчоў? Пра гэта расказала вядучы iнжынер аддзялення гiгiены харчавання Магiлёўскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Ала ТУФЕЛЬД. Першае, што рэкамендуюць спецыялiсты есцi ў спякоту — гэта садавiну i гароднiну без абмежаванняў. Калi няма алергiчных рэакцый, можна таксама есцi ягады — колькi хочаш. Гэта лёгкая ежа, якая дапаможа арганiзму перажыць высокiя тэмпературы. Разам з тым Ала Туфельд нагадвае, што нельга зусiм адмаўляцца ад мяса. Аднак раiць яго не смажыць, а гатаваць iншым чынам. Добра пасуе i рыба — тушаная, запечаная. У любым выпадку трэба менш ужываць смажанага, бо ад яго надта хочацца пiць. Лясныя ягады, сунiцы i чарнiцы, можна i трэба есцi пры любым надвор’i. Гэта сапраўдны вiтамiнны ўдар па стрэсах i хваробах, але запомнiце, што не заўсёды бяспечна набываць ягады на абочынах дарог i ў выпадковых людзей за тэрыторыямi афiцыйных рынкаў. — На рынках i ў крамах ягады правераныя, i ў пакупнiка ёсць гарантыя, што ён набыў нармальны прадукт, — тлумачыць Ала Аляксандраўна. — I што ягады радыяцыйна не забруджаныя. Па-за рынкам лабараторнага кантролю за дарамi лесу няма, i гэта трэба ўлiчваць. Гэтыя ж парады датычацца i грыбоў. Цяпер ужо з’явiлiся лiсiчкi, будуць i iншыя. Смажаныя лiсiчкi — не вельмi прыдатная ежа для спякоты, аднак маладая бульба з грыбочкамi з’яўляецца хiтом сезона, i рэдкi беларус адмовiцца ад такой стравы на карысць нашых рэкамендацый. Многiя гавораць, што ўдзень, пакуль спякота, есцi зусiм не хочацца, а вось увечары можна добра павячэраць — кампенсаваць ежу за ўвесь дзень. — Гэта не зусiм нармальна, — выказвае сваё меркаванне спецыялiст у гiгiене харчавання. — Медыкi ў такiм разе рэкамендуюць есцi часцей, але меншымi порцыямi. I тады ўвечары вам не давядзецца з’ядаць кiлаграма паўтара ежы, а дастакова будзе салаты, ягадаў i кефiру на ноч. Малочныя прадукты — таксама прыдатная для спякотных дзён ежа. Паводле звестак Магiлёўскага абласнога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, цяпер устаноўлены вельмi строгi кантроль за iх вырабам, транспарцiроўкай, захоўваннем i рэалiзацыяй. Прайшоў рэйд па ўмовах захоўвання i транспарцiроўкi малочных i мясных прадуктаў, якiя асаблiва хутка псуюцца пры высокiх тэмпературах. Парушэнняў шмат. — Мы праверылi больш за 250 аб’ектаў — гэта гандлёвыя кропкi на рынках i крамы спажыўсаюза, дзяржгандлю, прадпрымальнiкаў, а таксама прадпрыемствы, якiя вырабляюць прадукцыю, — паведамiла Ала Туфельд. — Парушэннi выяўлены прыкладна ў 40 працэнтаў аб’ектаў. У асноўным гэта парушэнне ўмоў i тэрмiнаў захоўвання. I ў першую чаргу — парушэнне ўмоў тэмпературнага рэжыму. Напрыклад, замарожаныя мясныя прадукты захоўвалiся ў халадзiльнiку пры тэмпературы Спецыялiсты тлумачаць, што ёсць халадзiльнае абсталяванне, якое разлiчана на тэмпературу вонкавага паветра не вышэй 26 градусаў. I калi яно ўсталявана яшчэ i на сонечным баку, то такiя халадзiльнiкi з высокiмi тэмпературамi, напэўна, спраўляцца не будуць. Таму ў час рэйда было вынесена 57 пастаноў аб забароне рэалiзацыi прадуктаў з перавышанымi тэрмiнамi рэалiзацыi i якiя захоўвалiся ў неадпаведных умовах. У вынiку да адмiнiстрацыйнай адказнасцi прыцягнута 80 чалавек. — Чым небяспечная спякота? — расказвае Ала Аляксандраўна. — У гэты перыяд актывiзуюцца хваробатворныя мiкраарганiзмы, якiя актыўна памнажаюцца ў добрых для iх умовах. Калi тэмпература захоўвання парушаецца, то ў справу ўступаюць мiкраарганiзмы. I ў вынiку спажывання кефiру, якi захоўваецца не так, як трэба, можна захварэць на харчовую таксiкаiнфекцыю цi нейкую кiшэчную iнфекцыю. Чаго, канешне, вельмi не хочацца... Каб не было праблем, трэба ўважлiва аглядаць упакоўку прадукту: каб яна не была парушанай, прыпухлай i ўвогуле мела прывабны таварны выгляд. Абавязкова трэба звярнуць увагу на тэрмiн прыдатнасцi прадукту. Нядрэнна было б пацiкавiцца i тэмпературай захоўвання: у халадзiльнiках павiнны быць тэрмометры. I калi тэмпература ў iх перавышае 6 градусаў цяпла, не набывайце нi малочныя, нi ахалоджаныя мясныя прадукты. Замарожанае мяса павiнна захоўвацца пры мiнусавой тэмпературы. Калi ў вас усё ж такi ёсць падазрэннi, можна папрасiць дакументы аб якасцi. I няхай прадаўцы моцна не ўзрадуюцца дадатковым клопатам, але вы будзеце спакойныя за здароўе сваё i сваякоў. Кансервы цяпер рэкамедуецца захоўваць толькi ў халадзiльнiках, а не на палiцах. Будзьце асцярожныя з хатнiмi кансервацыямi i тымi, якiя набылi яшчэ да спякоты i захоўвалi ў кухонных шафах: калi кансервы сапсавалiся, то яны могуць прывесцi да захворвання на батулiзм, а гэта вельмi небяспечна для жыцця. Цяпер пра напоi, якiмi лепш наталiць смагу ў спякоту. Ала Туфельд рэкамендуе пiць напоi з садавiны — ахалоджаныя кампоты i сокi. — Па-першае, пасля ўжывання сокаў не ўзнiкае смага i, па-другое, яны ўтрымлiваюць дастатковую колькасць пажыўных рэчываў, якiя могуць кампенсаваць увесь дзённы рацыён, — гаворыць спецыялiст. — Рэкамендуюцца сокi з ягад, якiя маюць i лекавыя ўласцiвасцi. Напрыклад, палова кубка соку чорных парэчак ранiцай знiжае цiск. А свежыя клубнiцы спрыяюць паляпшэнню стану тых, хто пакутуе на сардэчна-сасудзiстыя захворваннi. Зусiм не карысна ўжываць салодкiя газiроўкi з фарбавальнiкамi i араматызатарамi, асаблiва дзецям. Сок — гэта лепшае, што могуць даць бацькi малым, калi тэмпература паветра пад 30. Свежавыцiснутыя — гэта ўвогуле iдэальны варыянт. Праўда, у Магiлёве вытворчасць такiх сокаў яшчэ не наладжаная. Рабiць iх дома — гэта, канешне, не самы танны варыянт, але свежы сок з сумесi цытрусавых i экзатычных фруктаў з лёдам — гэта сапраўднае задавальненне пры спякоце. П’еш i адчуваеш, як арганiзм кажа табе «дзякуй!» Аднак калi да такiх выдаткаў i клопатаў вы не гатовыя, можна набываць сокi, вырабленыя прамысловым метадам. Яны зроблены пад кантролем, добра захоўваюцца i з поспехам ужываюцца i дарослымi, i дзецьмi. Халодная гарбата — таксама прыдатны для спякоты напой. Асаблiва зялёная i матэ: яны добра ўплываюць на тэрмарэгуляцыю арганiзма, i чалавек не адчувае цяжкасцi i галаўнога болю. А вось з кавай трэба быць асцярожным. Можна дазволiць сабе кубачак кавы для бадзёрасцi ранiцай, калi тэмпература яшчэ 18—20 градусаў цяпла. Пазней лепш устрымацца, хоць каву можна ўжываць i з халодным малаком, i з марожаным. Не пiць, каб не пацець, — нельга. У спякоту рэкамендуецца пiць не менш за два лiтры вадкасцi. Таксама нельга зусiм не есцi. Асаблiва гэта датычыцца людзей, у якiх ёсць сур’ёзныя захворваннi. Канешне, за кошт ужывання ў ежу ў час спякоты лёгкiх харчоў можна крыху скiнуць вагу, але нельга ставiць сабе гэта за мэту. — Я не рэкамендавала б нашмат знiжаць свой рацыён, — гаворыць Ала Туфельд. — Гэта да добрага не прывядзе. Арганiзм настроены на пэўную колькасць ежы i ён павiнен сваё атрымаць. Гэта як станок, якому патрэбна 1000 ватт, а на 800 ён працаваць не будзе. Так жа i чалавечы арганiзм: пазбавiце яго ежы, гэта адмоўна адаб’ецца на якой-небудзь сiстэме, тым больш у неспрыяльных умовах спякоты. Таму ў такi час будзе лепей больш рацыянальна арганiзаваць сваё харчаванне, а не зусiм галадаць. Умеранасць ва ўсiм — вось дэвiз здаровага харчавання ў спякоту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спякота i ежа |
|