Жыць стала бяспечней
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Голас народа Кожны чацвёрты з апытаных мiлiцыяй грамадзян лiчыць, што крымiнагенная сiтуацыя ў краiне палепшылася.Па распараджэнню мiнiстра ўнутраных спраў Беларусi Уладзiмiра Навумава ў 11 раёнах Брэсцкай, Мiнскай i Магiлёўскай абласцей праведзены манiторынг грамадскай думкi аб рабоце мiлiцыi. Як паведамiлi ва ўпраўленнi iнфармацыi i грамадскiх сувязяў МУС краiны, у апытаннi прынялi ўдзел больш за 2200 грамадзян. Пераважная большасць рэспандэнтаў — людзi з сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыяй, якiя не прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай i крымiнальнай адказнасцi, ва ўзросце ад 31 да 50 гадоў. У цэлым вынiкi апытання выклiкаюць аптымiзм у мiлiцэйскага кiраўнiцтва. Кожны чацвёрты рэспандэнт лiчыць, што крымiнагенная сiтуацыя ў краiне палепшылася, а ў Брэсце i Асiповiчах такое меркаванне выказаў кожны другi ўдзельнiк апытання. Таксама 25 працэнтаў апытаных грамадзян заявiлi, што адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы ад злачынных замахаў, у кожнага трэцяга — няма занепакоенасцi за захаванасць сваёй маёмасцi. Мiлiцыя пацiкавiлася меркаваннем людзей: што, на iх думку, штурхае нашых суграмадзян да парушэння закона. Як лiчаць 36 працэнтаў апытаных, асноўнай прычынай злачыннасцi з’яўляецца нiзкi ўзровень жыцця насельнiцтва, 33 працэнты назвалi недастатковую прававую культуру i адсутнасць маралi, 22 працэнты бачаць прычыны ўсiх крымiнальных бед у расслаеннi грамадства на бедных i багатых. На думку 20 працэнтаў апытаных, грамадства крымiналiзуецца з-за недастатковай выхаваўчай працы з непаўналетнiмi. Прыкладна кожны дзесяты рэспандэнт лiчыць, што мiлiцыi трэба больш актыўна працаваць у сферы прафiлактыкi правапарушэнняў. Тым не менш, у большасцi выпадкаў удзельнiкi анкетавання адзначылi, што задаволеныя тым, як разглядаюцца iх заявы ў мiлiцыю. Прыкладна 75 працэнтаў апытаных паведамiлi, што вартавыя правапарадку аператыўна прымалi рашэннi па iх зваротах. I толькi ў Баранавiчах кожны трэцi рэспандэнт скардзiўся на мiлiцэйскую цяганiну, кожны пяты выказаў незадаволенасць прынятым рашэннем i кожны шосты паведамiў, што яго заява ўвогуле не была прынятая супрацоўнiкамi органаў унутраных спраў. Амаль палова апытаных выказала меркаванне, што сёлета праца мiлiцыi ў iх рэгiёнах палепшылася. Адметна, што жыхары Мiнскай i Магiлёўскай абласцей давяраюць мiлiцыi больш, чым жыхары Брэсцкай вобласцi. У Мiнiстэрстве ўнутраных спраў запэўнiлi, што кiраўнiцтва МУС вельмi ўважлiва разгледзiць вынiкi анкетавання, прыме да ведама меркаваннi шараговых грамадзян i зробiць належныя высновы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны чацвёрты з апытаных мiлiцыяй грамадзян лiчыць, што крымiнагенная сiтуацыя ў краiне палепшылася
|
|