На поўднi — спякота, на паўночным захадзе — град
Сяргей КУРКАЧ
Як паведамiла карэспандэнту «Звязды» начальнiк аддзела метэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдрамета Мiнпрыроды Валянцiна Скрабец, у нядзелю на тэрыторыю краiны завiтаюць паўднёвыя вятры i прынясуць вельмi цёплае паветра. Так, уначы 30 лiпеня тэмпература паветра будзе ўжо не нiжэй 15 градусаў, а ўдзень у большасцi раёнаў цэнтральнай часткi i на поўднi Беларусi паветра прагрэецца да 30—34 градусаў.
Разам з тым менавiта ў нядзелю на тэрыторыю паўночнага захаду завiтае актыўны атмасферны фронт i там будзе не так спякотна — 26—29 градусаў цяпла. Гэты франтальны раздзел у перадапошнi дзень лiпеня прынясе ў Вiцебскую, Гродзенскую, Мiнскую i часткова Брэсцкую вобласцi моцныя дажджы, навальнiцы, месцамi град, а пры навальнiцах iстотнае ўзмацненне шквалiстага ветру. Навальнiчныя дажджы магчымыя i ў iншых рэгiёнах краiны. У ноч на панядзелак навальнiчныя дажджы з моцнымi лiўнямi пачнуць рухацца ў бок паўднёвага ўсходу рэспублiкi. Сiноптыкi лiчаць, што ў пачатку наступнага тыдня чакаецца цёплае, але няўстойлiвае надвор’е. На большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальнiцамi. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах 11—17 градусаў, удзень — 23—28 цяпла. Аднак ужо ў сераду на паўднёвым усходзе зноў стане спякотна, калi тэмпература паветра будзе дасягаць 31 градуса. Прыкладна такi ж характар цёплага i няўстойлiвага надвор’я захаваецца ў нашай краiне да канца тыдня.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамiла карэспандэнту «Звязды» начальнiк аддзела метэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдрамета Мiнпрыроды Валянцiна Скрабец, у нядзелю на |
|