Багатая школа... вясковая
Аляксандр ПУКШАНСКI
Ні хвіліны без справы Такое бывае, калi мясцовыя ўлады i гаспадаркi ўкладваюць фiнансы ў будучыню вёскi — дзяцей. У Ноўкiнскай сярэдняй школе, што ў Вiцебскiм раёне, на навучанне аднаго вучня сёлета плануецца патрацiць амаль 2,5 мiльёна рублёў. I гэта прыкладна ў 2,5 раза больш, чым у астатнiх школах рэгiёна. I яшчэ больш, чым мiнiмальна патрабуецца рэспублiканскiмi нормамi Мiнiстэрства адукацыi (850 тысяч на кожнага). Сакрэт такога «багацця» дырэктар школы Аляксандр Гаробчанка тлумачыць тым, што заўсёды, нават у самыя цяжкiя часы, мясцовыя прадпрыемствы — шэфы i мясцовыя ўлады не шкадавалi грошай на падтрымку сельскай «альма матэр». Яшчэ ў не самыя спрыяльныя для рэспублiкi 1990-я ў Ноўцы вырашылi, што будзе тут самая лепшая школа. Так i зрабiлi. Вялiкая заслуга ў гэтым саўгаса «Рудакова» (зараз адкрытае акцыянернае таварыства) i яго былога дырэктара Уладзiмiра Лысакоўскага. Школе пайшоў 14-ы год. Вучацца тут каля 420 вучняў. Многа, калi ўлiчваць, што ў iншых вясковых школах, бывае, вучацца толькi дзесяткi вучняў. Ды i ў гарадскiх колькасць вучняў памяншаецца. Што кiдаецца ў вочы, калi заходзiш у школу, — цудоўны фантан з птушкай i лiяна, якая ў некалькi радоў «апярэзвае» знутры 3-павярховы будынак школы. Наогул, тут столькi кветак, што нават падлiчыць iх немагчыма. I, што дзiўна, раслiны не хварэюць, — клапоцяцца аб iх старанна, ды i энергетыка ў школе вельмi добрая. Нават дыхаецца тут лёгка. Але не толькi экалагiчная накiраванасць прываблiвае дзяцей да заняткаў. На 3-м паверсе ў школе — 2 вялiкiя камп’ютарныя класы, на 20 чалавек кожны. Дырэктар плануе на гэтым паверсе стварыць «цэнтр сучасных тэхналогiй», бо тут яшчэ знаходзяцца аўдыторыi матэматыкi, iнфарматыкi i фiзiкi. А паколькi ўсе яны, безумоўна, «родныя» навукi, чаму б не аб’яднаць iх на адным «узроўнi»? А яшчэ мяне вельмi здзiвiла, як клапоцяцца тут аб фiзiчнай падрыхтоўцы дзяцей i падлеткаў. Уявiце сабе прасторную спартыўную залу памерам 30 на 18 метраў, дзе ёсць «калiдор-балкон» для гледачоў (у зале праводзяць раённыя i iншыя спартакiяды). Ёсць у школе i басейн. Цi варта тады здзiўляцца, што ноўкiнскiя школьнiкi заўсёды ў лiку пераможцаў самых розных турнiраў: па баскетболу, валейболу, мiнi-футболу... Вялiкую дапамогу ў паляпшэннi матэрыяльна-тэхнiчнай базы аказваюць «куратары» ноўкiнскай сельгаспадаркi з Нацыянальнага банка краiны. У многiх вучняў «залатыя рукi», шмат чаго яны робяць i самi. А ўсё таму, што пашанцавала з настаўнiкам. Алег Машуцiн — выкладчык працоўнага навучання i выяўленчага мастацтва, акрамя таго, што вучыць, паралельна аздабляе школьныя класы. (Напрыклад, кавалкi руберойду, што засталiся пасля рамонту даху, выкарыстоўвае для ўпрыгажэння iнтэр’ераў.) А яшчэ тут мараць набыць тэлескоп, каб юныя аматары астраномii маглi назiраць за нябёсамi. Абсерваторыя ўжо ёсць. Але галоўнае, што жаданне вывучаць зоркi ёсць у самiх вучняў. Вiцебскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Ноўкiнскай сярэдняй школе, што ў Вiцебскiм раёне, на навучанне аднаго вучня сёлета плануецца патрацiць амаль 2,5 мiльёна рублёў. I гэта прыкладна ў |
|