21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Адказны за раён

25.08.2009 21:54 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА. Фота Мiкалая ЦIТОВА

Падарожжа па Дрыбiншчыне са старшынёй раённага Савета дэпутатаў




Старшыня Дрыбiнскага раённага Савета Барыс Фёдаравiч Гардзiйчук кiруе аўтамабiлем — серабрыстай «Волгай» — спакойна i ўпэўнена, бо мае стаж у тры дзесяткi гадоў. Яго кар’ера пачалася ў Слаўгарадскiм вучылiшчы механiзацыi: прыйшоў майстрам вытворчага навучання, а закончыў дырэктарам.

Увогуле Гардзiйчук нарадзiўся ва Украiне, а вучыўся ў Беларусi — тут i застаўся. Аднак пасля чарнобыльскай аварыi, ратуючы здароўе дзвюх дачок, яму давялося паблукаць па ўсяму Саюзу ў пошуках шчасця, што значыць — жылля i працы. I ўрэшце ўсё знайшоў у вёсцы Дрыбiн, якая 16 гадоў таму нанова стала райцэнтрам, калi было вырашана адрадзiць Дрыбiнскi раён.

Гардзiйчук — энергiчны i адкрыты чалавек, i замест цырымоннага iнтэрв’ю ў кабiнеце ён прапанаваў праехаць па Дрыбiншчыне i на свае вочы пабачыць, як сёння працуюць Саветы на месцах i што яны робяць для людзей.




— У раённым Савеце ёсць свая спецыфiка працы, — разважае па дарозе Барыс Фёдаравiч. — Дэпутат iдзе ў народ. Людзi нас выбралi i дэлегiравалi прадстаўляць свае iнтарэсы ва ўладзе.

Сёння самае актуальнае пытанне — паўнамоцтвы мясцовых Саветаў i выканкамаў, i менавiта пра гэта iдзе гаворка. Гардзiйчук лiчыць, што паўнамоцтваў не хапае i ён разлiчвае на тое, што пры распрацоўцы новага палажэння аб старшынi сельвыканкама правы кiраўнiкоў гэтых структур i, адпаведна, сельскiх Саветаў павялiчацца iстотна.

— Таму што цяпер насамрэч атрымлiваецца, што кiраўнiк сельскай гаспадаркi мае большую вагу, чым старшыня сельскага Савета, — каментуе Барыс Фёдаравiч. — I далёка не заўсёды гэтыя два кiраўнiкi знаходзяць у нас паразуменне. «А хто ты такi?» — могуць спытаць у дэпутата. Эканомiка вышэй за ўсё? Дык i добраўпарадкаванне таксама. Важна ўсё! I мясцовы Савет павiнен мець магчымасць уплываць на сiтуацыю.

Спыняемся ля вёскi Пудаўня. Пры дарозе — незвычайная альтанка, па-мастацку аформленае месца адпачынку. Вясковец не даў згоды спiлаваць стары дуб, i тады на яго сухiя галiны «пасадзiлi» русалку, прыладзiлi ката на ланцугу — усё па Пушкiну. Зрабiў драўляныя скульптуры майстар з Дрыбiна Святаслаў Янышэўскi.

— Яшчэ Райкiн казаў, што трэба акультурвацца, — прасвятляе Барыс Фёдаравiч. — I чаму гэта мы сёння будзем пагаршаць умовы пражывання, зарастаць пустазеллем i глядзець на трухлявыя дамы? Прыгажосць — гэта зусiм не лiшняе ў нашым паўсядзённым жыццi. I якiя тут выдаткi? Любы кiраўнiк у стане вывесцi сваю кантору пасля абеду пафарбаваць сцены i павыдзiраць пустазелле.

Калодзеж для Белай




Едзем у вёску Белая. Гэта адзiн з пасёлкаў для перасяленцаў, якiх на Дрыбiншчыне ўсяго шэсць: менавiта ў гэты экалагiчна чысты раён пераязджалi людзi з пацярпелых ад радыяцыйнай аварыi тэрыторый.

Жыхары Белай хочуць мець добрую пiтную ваду. Але кольлкасць жалеза ў ёй перавышае норму ад 7 да 27 разоў. Гавораць, калi пакiнуў у вядры ваду з водаправода, то на наступны дзень там будзе пунсовы асадак. Таму пiтную ваду ў Белай iмкнуцца браць толькi з калодзежаў, якiх у вёсцы да нядаўняга часу было ўсяго два — гэта на 600 жыхароў. Вось людзi i вырашылi выкапаць яшчэ адзiн.

Справа гэта нятанная — каштуе прыкладна 4 мiльёны рублёў. У вынiку калодзеж пабудавалi талакой — за кошт мясцовага падатку i агульнымi сiламi: хто капаў, хто кольцы вазiў.

— Гэта вада — наша здароўе, — тлумачыць старшыня Чэрнеўскага сельскага Савета Сяргей Глябко, якi i сам жыве ў Белай. — Вада з перавышэннем жалеза шкодзiць арганiзму. У нашым новым калодзежы вада сапраўды добрая, смачная. Будаўнiцтва станцыi абезжалезвання запланавана толькi ў 2008 годзе. Так што, калi атрымаецца, яшчэ адзiн калодзеж выкапаем.

Сяргея Глябко старшыня раённага Савета называе «сваiм будучым». Ён — адзiн з нямногiх маладых старшынь, яму ўсяго 33 гады. Сяргей нарадзiўся ў гэтых мясцiнах, вучыўся ў Мiнску i Магiлёве. Жонка захацела жыць у вёсцы, а ён не пярэчыў. Сяргей пасля службы ў войску атрымаў працу ў Савеце: спачатку быў землеўпарадчыкам, потым сакратаром, а цяпер яго абралi старшынёй. Гэта самы вялiкi сельсавет у Дрыбiнскiм раёне, на яго тэрыторыi — 24 вёскi. Старшыня iх аб’язджае на ўласным аўто: службовага няма, а працаваць трэба.

— Мне б хацелася, каб у будучым у Саветаў было больш незалежнасцi. Мой працоўны дзень напалову заняты справаздачамi ў розныя iнстанцыi. А я хачу прысвячаць сябе працы з людзьмi, а не з паперамi, каб нашы людзi не адчувалi сябе абдзеленымi.

Як пабудаваць альтанкi без грошай?




У Дрыбiнскiм раёне амаль ва ўсiх вёсках — перспектыўных альбо не — зрабiлi альтанкi. Каб там схавацца ад спякотнага сонца цi дажджу, калi чакаеш аўталаўку цi аўтобус.

— Мы часта бываем на выязных прыёмах у вёсках, — тлумачыць Гардзiйчук. — Я прыязджаю на машыне, а старыя вяскоўцы стаяць i абапiраюцца на палачкi... Ды i аўталаўка можа зламацца ў любы момант, — гэта ж жалеза. Прыгожая альтанка — месца, дзе можна прысесцi, пачакаць, падыхаць свежым паветрам...

У вёсцы Шастакi жыве тры дзесяткi чалавек — пераважна састарэлага ўзросту. Двойчы на тыдзень да iх прыязджае аўталаўка. У месцы гандлю ўсталявалi альтанку.

Альтанкi атрымлiваюцца амаль бясплатнымi, запэўнiвае старшыня Кароўчынскага сельскага Савета Уладзiмiр Данiленка. У сельсавеце ёсць свой трактар, матэрыялы бяруць з разабраных трухлявых дамоў, фарбу просяць у гаспадаркi: маўляў, змяшаем жоўтую i блакiтную, атрымаецца салатавая.

— Правiльна гавораць: калi не хочаш рабiць — шукаеш прычыну, а калi хочаш — шукаеш выйсце, — гаворыць Гардзiйчук. — Калi б было дастаткова грошай, можа i лепей атрымалася б. А з iншага боку, у неперспектыўных вёсках няма сэнсу iсцi на капiтальныя выдаткi. I разам з тым, трэба для старых зрабiць так, каб яны дажывалi век у камфорце i радасцi.

У Кароўчынскiм сельскiм Савеце лiчаць, што можна невялiкiмi выдаткамi пабудаваць для вяскоўцаў патрэбныя рэчы. Яшчэ адзiн прыклад — дваравая спартыўная пляцоўка ў цэнтры сельсавета. Гэта была iнiцыятыва мясцовых падлеткаў, i Уладзiмiр Данiленка iдэю падтрымаў. Пляцоўку пабудавалi на закiнутым домаўладаннi. На пляцоўцы для гульнi ў футбол i валейбол з’явiцца яшчэ i бегавая дарожка.

— На будаўнiцтве працавалi самi хлопцы: малодшаму працаўнiку было 6 гадоў, старэйшаму — 17, — патлумачыў Уладзiмiр Данiленка. — Iм залiчылi працу як вытворчую практыку, i нават заплацiлi грошы. А спонсарам выступiў iндывiдуальны прадпрымальнiк. Фарбу зэканомiлi з мiнулага года, а сетку для футбольных варотаў зрабiлi з рыбалоўнай.

Супраць паказухi

Барыс Фёдаравiч — не кабiнетны работнiк. Ездзiць па раёну шмат, амаль штодня. Лiчыць, што з паперамi трэба працаваць толькi ў сувязi з сесiямi i пасяджэннямi, а ўвесь астатнi час — з народам.

У Юраўцы, расказвае старшыня раённага Савета, цiкавая гiсторыя: паводле падання, шмат стагоддзяў таму лiтоўскi князь пабудаваў каля прыгожага гаю храм, але аднойчы яго сына Юрыя ў час вандроўкi па гэтых мясцiнах укусiла змяя, i ён памёр. Князь у адчаi загадаў спалiць драўляны храм, але пабудаваў на яго месцы вёску, якую назвалi ў гонар княжаскага сына Юраўкай. А вось вёска Сонечная раней называлася Чартаўшчынай...

Барыс Гардзiйчук распавядае гiсторыю вёсак i адначасова дэманструе здабыткi сённяшнiх часоў. Iмкнецца паказаць, што ўсё зроблена для людзей, а не для паказухi. На яго думку, клопат пра чалавека павiнен быць канкрэтным. I над усiм павiнны пераважаць сумленне i якасць.

У сувязi з гэтым Барыс Фёдаравiч лiчыць, што Саветы вельмi патрэбныя людзям.

Аб праблемах i не толькi...

— Дэпутаты нясуць маральную адказнасць за сваiх выбаршчыкаў i ўлiчваюць iх iнтарэсы пры прыняццi любых рашэнняў улады, — тлумачыць старшыня раённага Савета. — Гэта i ёсць форма грамадскага самакiравання. — Але для таго, каб дайсцi да кожнага чалавека i вырашаць яго праблемы, патрэбны большыя паўнамоцтвы, людзi i грошы. Ну як рэальна старшыня без аўтамабiля i мабiльнага тэлефона можа дабрацца да гэтага чалавека? Дрыбiнскi раён дрэнна пакрыты мабiльнай сеткай: з-за гэтага тэлефоны маюць толькi 3 з 6 старшынь сельскiх Саветаў, астатнiм няма сэнсу. А службовыя аўтамабiлi ёсць толькi ў двух.

Але няправiльна казаць толькi пра праблемы. Поспехi i здабыткi ў Дрыбiнскага раёна вiдавочныя. На вачах Гардзiйчука станавiўся раён i яго цэнтр, умацоўвалася яго база. Вытворчасць малака i мяса тут расце з кожным годам.

У невялiкiх вёсках трэба дапамагаць старым, а ў аграгарадкi — прыцягваць моладзь: даваць жыллё i крэдыты, каб маладыя ўладкоўвалiся i заставалiся там жыць, лiчыць Гардзiйчук.

— Праблема пасёлкаў i аграгарадкоў — беспрацоўе, — гаворыць Барыс Фёдаравiч. — Я i сам раней казаў: хто хоча працаваць — працу знойдзе. А калi яе сапраўды няма? Трэба ствараць малыя прадпрыемствы, каб людзi працавалi. Былi ў нас у планах вуцiная фабрыка i чарапiчны завод. Але не пабудавалi. Ды i ў сельскiх гаспадарках тэхнiка цяпер такая, што iм шмат людзей, як гэта было раней, i не трэба. Так што занятасць людзей — гэта галоўнае пытанне ў сельскай мясцовасцi.

Дэпутаты на сваiх сесiях прымаюць праграмы i кантралююць iх выкананне. Яны iмкнуцца спрыяць развiццю бытавых паслуг i сельскага турызму. Хочуць, каб лепей працавалi нарыхтоўчыя канторы — у чыстым раёне збiранне грыбоў, ягад, бярозавiку, усiх дароў лесу можа таксама стаць крынiцай прыбытку.

Наперадзе — новыя выбары ў мясцовыя Саветы. Гардзiйчук хоча, каб яны былi альтэрнатыўнымi, таму што такiм чынам людзi выбiраюць найбольш актыўнага чалавека. Практыка паказала, што там, дзе мандат быў атрыманы ў барацьбе, i стаўленне дэпутата да сваёй працы зусiм iншае.

Дрыбiнскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падарожжа па Дрыбiншчыне са старшынёй раённага Савета дэпутатаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика