Пушчанская гармонiя
Галiна РАМАНЧУК
Жывуць жа людзi! Яўген Барэль — ляснiчы Броўскага ляснiцтва, што раскiнулася ў паўночнай частцы Белавежскай пушчы, — чалавек «лясны» змалку. Родам з суседняй пушчанскай Дабраволi, ён усё жыццё прысвяцiў лесу, скончыўшы Маскоўскi лесатэхнiчны iнстытут. I нават дыпломны праект абрысаваў у свой час з перспектывай, быццам прадбачыў будучыню ў родных мясцiнах: «Стварэнне лясных культур на добра дрэнажаваных глебах у Броўскiм ляснiцтве». Вось так!Хоць лёс двойчы выпрабоўваў настойлiвага добраахвотнiка на адданасць пушчы. У першы раз, калi пасля iнстытута накiроўвалi ляснiчым у аб’яднанне «Рускi лес» Маскоўскай вобласцi, а ў другi — калi ледзь не стаў... штурманам авiяцыi. «У iнстытуце была ваенная кафедра, — успамiнае, — 60 гадзiн налятаў». Здольнасцi ў пушчанскага хлопца былi, i здароўем Бог не абдзялiў... Двойчы выклiкалi куды трэба, зарплатай заманьвалi, кватэрай. Але лес перацягнуў. А лес гэты, тым больш пушча, акрамя прыгажосцi некранутай, — праца штодзённая, да сёмага поту. Па плошчы сярод 17 ляснiцтваў Белавежскай пушчы Броўскае сярэдняе — каля 11 тысяч гектараў, у яго лясной ахове — каля 40 чалавек. Хоць i не закрануў асаблiва жук-караед лясныя ўгоддзi (тут усё больш сасна пераважае), але штогод вясной садзяць па некалькi дзесяткаў гектараў лесу. Для зiмовай падкормкi дзiкiх жывёл звычайна летам нарыхтоўваюць кармы. Сёння на тэрыторыi ляснiцтва 200—220 дзiкiх кабаноў, у сярэднiм 180 аленяў, жывуць казулi, iншыя дзiкiя жывёлы. Да прыкладу, мiнулым летам для iх падкормкi нарыхтавалi 60 тон сена, 30 тон збожжа. Ва ўраджайны на жалуды год сабралi iх цэлых пяць тон. (Зноў жа давялося ў iншыя ляснiцтвы наведвацца, таму што ў сваiм дуброў няма.) Ужо з восенi звычайна пачынаецца паляўнiчы сезон. I зноў клопат. У пушчу з’язджаюцца немцы, аўстрыйцы, французы, свае паляўнiчыя. Iншаземцы палююць дзеля задавальнення i трафея — рагоў ды iклоў. А вось на глушца палявання няма. Знiкае вада з балот, знiкаюць журавiны — любiмы ласунак птушкi, а з iмi i глушэц. Усё ў прыродзе ўзаемазвязана. Акрамя сезонных клопатаў у пушчы, ляснiцтва чым можа дапамагае жыхарам Дабравольскага сельсавета, на тэрыторыi якога яно знаходзiцца. — Ляснiчы — наш дэпутат, — гаворыць старшыня Савета Таццяна Ярашэвiч, — працуем у адной запрэжцы. Выдзяляюць дровы для насельнiцтва, старым, зразумела, блiжэй да дома. Дапамаглi таксама ва ўстаноўцы агароджы ў вёсцы Цiхаволя. Шмат нашых жыхароў маюць у ляснiцтве пастаянную працу... Два працэнты ўгоддзяў у Броўскiм ляснiцтве — абсалютна запаведная зона, святая святых пушчы. Тут не дазваляецца паляванне, не вядзецца ўлiк жывёл, тут усё адбываецца па законах прыроды. Яўген Iванавiч, якi аддаў пушчы амаль 30 гадоў (у працоўнай кнiжцы толькi адзiн запiс), гадзiнамi можа расказваць аб дзiўнай пушчанскай гармонii. У ляснiцтве, напрыклад, расце дуб, якому пад 500 гадоў, чатыры хвоi па 300—350 гадоў, гняздуюцца некалькi чорных буслоў, а ў сярэдзiне лета зацвiтае непаўторны венерын чаравiчак — раслiна, занесеная ў Чырвоную кнiгу... Ляснiчы кожную сцяжынку ў сваiх валоданнях, па якой не аднойчы хадзiў за гэтыя гады, ведае. Дбайны гаспадар лесу, ён патрабуе гаспадарлiвых адносiнаў да яго i ад сваiх падначаленых. Нездарма тры яго былыя памочнiкi сёння ўзначальваюць ляснiцтвы, а само Броўскае называюць кузняй лясных кадраў. Яднанне з пушчай Яўгена Iванавiча было б няпоўным без трывалага тылу, яго надзейнай i вернай спадарожнiцы жыцця — Марыi Фёдараўны. Яна таксама тутэйшая — з прыгранiчнай Тушэмлi, яшчэ са школьных гадоў сябравалi, i вось ужо трыццаць гадоў як разам. Вырасцiлi траiх дзяцей, дачакалiся ўнукаў. Марыя Фёдараўна працуе цяпер у ляснiцтве бухгалтарам, але не адмаўляецца i ад добраўпарадкавання гэтага дзiўнага куточка зямлi белавежскай. Тэрыторыя каля будынка ляснiцтва — драўлянага церама — з ранняй вясны да позняй восенi патанае ў кветках. Не так даўно з’явiлiся разныя вароты з вычварнымi фiгурамi лясных звяроў, а над iмi — штучнае гняздо з такiмi ж бусламi. — Журавы, якiя вярнулiся ў родныя мясцiны, паўдня над iмi кружылi, знаёмiлiся, цi што? — гаворыць Марыя Фёдараўна. I гэта таксама гармонiя. Пушчанская. Свiслацкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акрамя сезонных клопатаў у пушчы, ляснiцтва чым можа дапамагае жыхарам Дабравольскага сельсавета, на тэрыторыi якога яно знаходзiцца |
|