А ў Аношках «жэняць Цярэшку»...
А ў Аношках «жэняць Цярэшку»...
«Край жоўтых гарлачыкаў i сiвых валуноў» — адзiн з першых «зялёных» турысцкiх маршрутаў Вiцебшчыны — паспеў атрымаць прызнанне еўрапейскiх экспертаў Унiкальныя прыродныя аб’екты, чароўныя азёры… Па словах кiраўнiка iнiцыятыўнай групы па развiццi агратурызму ў Лепельскiм раёне Вольгi Маханенка, новы праект увасобiў усе багаццi паўночнай Беларусi. — Iдэя лунала ў паветры даволi даўно, — распавядае яна. — Даходзiлi цiкавыя звесткi з другiх абласцей. А патрапiўшы на спецыяльны семiнар, якi праходзiў на Гарадоччыне, зразумела — справа вартая. Пачала шукаць падтрымкi ў знаёмых, сяброў. Высветлiлася, што ў нашай мясцовасцi вялiкая колькасць неабыякавых да свайго рэгiёна людзей. Створаны маршрут ахоплiвае тэрыторыi, сумежныя з Бярэзiнскiм бiясферным запаведнiкам. Жадаючым, зразумела, не адмовяць у экскурсii, але наперадзе чакаюць мясцiны не менш цiкавыя, хоць i не такiя вядомыя. Шлях пралягае не ад аб’екта да аб’екта, а, хутчэй, ад чалавека да чалавека. Вёска Стары Лепель, дзе Нiна Бабровiч даглядае свой дом-музей. Сабраныя ў iм рэчы — рарытэты беларускага побыту — засталiся ад бацькоў. А Зiнаiда Мiрановiч з Окана займела незвычайных суседзяў — шэрых чапляў. Пабачыць iх — вялiкая рэдкасць. Звычайна яны не надта горнуцца да людзей, будуючы гнёзды ў лясах ды балотах. А тут часам птушаняты вывальваюцца з гнязда i прыходзяць на падвор’е Зiнаiды Пятроўны — па дапамогу. Вёска Аношкi не можа без песнi. I ў полi, i ў хаце — спяваюць усюды. Не для турыстаў — такi тут лад жыцця. А яшчэ аношкаўцы да гэтай пары «жэняць Цярэшку». Да сённяшнiх дзён захаваўся гэты старажытны язычнiцкi абрад. — Пашанцавала нам з людзьмi! — прызнаецца Вольга Мiкалаеўна. — Яны з такiм захапленнем расказваюць пра свае мясцiны — проста дзiву даешся! Радасна сустракаюць гасцей. Для iх гэта хобi, а не дадатковы заробак. Мiж тым «раскрутка», павышэнне якасцi турыстычных паслуг патрабуюць сродкаў, i немалых. На тое, каб адрамантаваць дом, правесцi каналiзацыю, у звычайнага селянiна няма нi часу, нi грошай. Грамадская iнiцыятыва не засталася па-за ўвагай мясцовых улад. Так, райвыканкам забяспечыў транспартам дэлегацыю, запрошаную на адкрыццё маршрута. Зразумела, не ўсе пытаннi можна вырашыць раённымi сiламi. Вядзецца пошук iнвестараў i аднадумцаў. Перыядычна з’яўляюцца новыя iдэi, дзеля рэалiзацыi якiх патрэбна падтрымка на рэспублiканскiм узроўнi. — Крайнiм пунктам мяркуем зрабiць сялянскую гаспадарку ў Люкшыне, — гаворыць Вольга Маханенка. — Скарыстаем вопыт нашых дзядоў i прадзедаў. Некалi адносiны да зямлi былi зусiм iншымi: вырошчвалi тое, што сапраўды магло вырасцi. Зараз фальварак не ў лепшым стане, хоць раней тут разводзiлi авечак i збiралi багата садавiны. Але, на думку Вольгi Мiкалаеўны, вярнуць сядзiбу да жыцця нескладана. Зямля ў Люкшыне не вельмi ўрадлiвая, аднак яе не абавязкова засяваць залiшне патрабавальнымi культурамi. Прышчапiць здзiчэлыя яблынi i грушы, зноў узяцца за авечкагадоўлю — глядзiш, колiшняя пустэча пачне прыносiць прыбытак. «Край жоўтых гарлачыкаў i сiвых валуноў» — назва агратурыстычнага маршрута невыпадковая. Паўночныя азёры вельмi чыстыя. Многiя з iх амаль не «цвiтуць». А незвычайныя камянi i сёння ў вялiкай пашане сярод людзей. Праект з’яднаў аматараў i прафесiяналаў, якiя цiкавяцца сваёй мiнуўшчынай i дбаюць аб будучынi рэгiёна. Вiцебшчына — сапраўдная скарбнiца старажытных беларускiх абрадаў. Багата тут традыцый, пакiнутых нашымi продкамi, якiя пiльна прыслухоўвалiся да голасу прыроды, не забываючы, што яны — яе часцiнка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|