«Калi б у Беларусi было мора i цёплы клiмат, я не паехала б адпачываць у iншае месца!»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
«Хто на мора, хто на Вячу, ну а дачнiкi на дачу. Хто на Вячу — я на дачу; з-за яе жыцця не бачу!» — усё менш беларусаў, да якiх гэтыя радкi з песнi «Сяброў» маюць непасрэднае дачыненне. Затое, як сцвярджаюць устрывожаныя сацыёлагi, усё большая частка нашых суграмадзян абыходзiцца без водпуску ўвогуле, «выгараючы» на працы. Што — праўда?
Дзе i як вы адпачылi гэтым летам? Якi адпачынак лiчыце найлепшым? I як вызначыць, што табе ўжо досыць, час з новымi сiламi вяртацца да работы? Дзянiс Кушнераў, старшыня Гомельскага клуба камп’ютарнага спорту, галоўны суддзя нацыянальных адборачных спаборнiцтваў на WCG-2006: — Так, я паспеў адпачыць. Быў у Парыжы. Засталiся выдатныя ўражаннi. У гэтым годзе найлепшым месцам адпачынку для мяне стаў Мазыр, а ўвогуле вельмi падабаецца ездзiць у Парыж, балазе, кожны год гэта атрымлiваецца. Пэўная прымета таго, што адпачынак атрымаўся? Маса ўражанняў. Бо нiшто так не цэнiцца ў старасцi, як уражаннi i ўспамiны. Аляксандра Бутар, рэжысёр, клiпмейкер: — У мяне столькi работы, што нiяк не атрымлiваецца вырвацца. I дачка, бедная, сядзiць разам са мной у Мiнску, у дзiцячым садку. Хацелася б, канешне, трапiць сёлета ў Турцыю, аднак пакуль не ведаю, цi атрымаецца. Асабiста я добра адпачываю толькi на моры — праўда, без рознiцы, будзе гэта ў Крыме, Балгарыi цi Турцыi, мора адно i тое ж, а прыгожыя месцы, думаю, можна знайсцi паўсюль. Дакладна ведаю, калi адпачыла добра i ўдосталь: тыдзень-два правяду без тэлефона i без тэлевiзара — адчуваю, што поўная сiл i гатовая прыступiць да новай работы. Вiталь Супрановiч, прадзюсар «BMAgroup»: — Не, я так i не паспеў адпачыць i нават не ведаю, калi ўдасца. Справы складваюцца так, што нiяк не магу вырвацца. Калi з’явiцца магчымасць, хацеў бы выбрацца ў Вiльнюс цi Беласток. Некалькi разоў бываў у Вiльнюсе: там нямала месцаў, шчыльна звязаных з Беларуссю, i там адчуваеш сябе як дома. Гэта, напэўна, i ёсць лепшае месца для адпачынку. Праўда, для мяне падыдзе любы варыянт — калi маю магчымасць кудысьцi паехаць, абавязкова выкарыстоўваю. Бо гэта толькi здаецца, што лета — так званы «мёртвы» сезон для музычных праектаў; насамрэч працы ўсё адно вельмi многа. Ганна Эйсмант, вядучая выпускаў спартыўных навiнаў на БТ: — Лiтаральна на тыдзень у мяне атрымалася вырвацца. На жаль, каб трапiць на мора, трэба было планаваць водпуск загадзя — калегi пра гэта паклапацiлiся, а я чамусьцi не... Вырашыла паехаць у Маскву, заадно трапiла ў старажытны рускi горад Суздаль, пагуляла там па прыгожых старых манастырах. Спадзяюся, крыху пазней усё ж з’езджу i да мора. Канешне, часам выдатна адпачыць у сямейным коле, з бацькамi, з братам, — але ў iдэале хочацца марской вады, паветра, сонца. Калi б у Беларусi былi не толькi цудоўныя азёры, але i адпаведны цёплы клiмат, я, напэўна, нiкуды адсюль не паехала б! Як я разумею, што адпачынак удаўся? Калi ўдалечынi ад Мiнска пачынаю крыху сумаваць або думаць пра работу... Дзякаваць Богу, вяртацца хочацца заўжды — значыць, адпачываю добра. Зараз i рэдакцыя «Звязды» падзялiлася на тых, хто ўжо (вярнуўся з адпачынку) i тых, хто яшчэ (збiраецца). Як без пяцi хвiлiн адпускнiца, жадаю ўсiм паспець адпачыць гэтым летам. Не важна, на моры цi на дачы — галоўнае, абавязкова з задавальненнем i ўдосталь. Ну, можа, толькi крышачку не дацягнуць — каб у першыя днi работы з лёгкiм сумам уздыхаць, як «там» было здорава...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе i як вы адпачылi гэтым летам? Якi адпачынак лiчыце найлепшым? I як вызначыць, што табе ўжо досыць, час з новымi сiламi вяртацца да работы?
|
|