21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Зноў пра Лысую гару. I яшчэ пра сёе-тое

25.08.2009 21:54 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зыгмусь ВЯДЗЬМАК-ЛЫСАГОРСКI

Паэма-пародыя

Тлумачэнне

Шаноўныя чытачы!

Гэтая паэма з’явiлася вынiкам абурэння значнай часткi дасведчанай грамадскасцi, а таксама непасрэдных сведак лiтаратурнага працэсу 70-х гадоў, заявай вядомага народнага паэта наконт яго аднаасобнага аўтарства паэмы «Сказ пра Лысую гару». Абгрунтаванне шукайце ў прапанаваным нiжэй творы.

З павагаю — Зыгмусь ВЯДЗЬМАК-ЛЫСАГОРСКI.

Мiколу Якаўлевiчу Аўрамчыку
Ад аўтара


Даўно гiсторыя прывыкла
I мае прыклад не адзiн:
То раптам з’явiцца Лжэдзмiтрый,
То лейтэнанта Шмiдта сын,

А то ў Мiнску па праспекце,
Насупраць цырка, дзе рака,
Ў злыселай футравай гаржэтцы
Шпацырыць Ленiна дачка.

Заўсёды нехта ўзбiцца хоча
Вышэй за шэранькiх братоў —
Туды, дзе ўлада, слава, грошы
Цi ўсенародная любоў.

А што за тое хтосьцi мусiць
Запэцкаць добрае iмя,
Дык гэта дробязь: хто ж не хлусiць?
Заўсёды ў бiзнэсе хлусня.

Таму не надта й маскiруе
Свае ганебныя трукi —
Вось я, дарэчы, i спрабую
Раскрыць адзiн падман такi.

1. Прадмова

Няма ўжо тых, хто жыў калiсьцi
На Лысагорскае зямлi,
Хто хаты ставiў, грады чысцiў,
Хто сеяў кветкi на раллi.

Даўно сышлi ўжо тыя кветкi,
Другiя тут гаспадары:
Унукi нават, а не дзеткi
Тых першых з Лысае гары.

Бывай, пiсьменнiцтва былое!
Няма нашчадкаў сярод нас,
Хто б мог паважнаю хадою
За вамi крочыць на Парнас,

Хто меў якую садавiну
Выключна толькi для таго,
Каб не губляць нi на хвiлiну
Уздыму творчага свайго.

Вядома ж, што спачатку трэба
Пад’есцi Музе добра даць:
Няхай увалiць бульбы, хлеба,
Ну й сала фунтаў, можа, з пяць.

Таму штогод ля ўласнай хаты
Меў кожны класiк на градзе
I кроп, i рэпу, i салату,
I нават збожжа дзе-нiдзе.

Для Музы памiдоры спелi
I пеставалiся гуркi,
Для Музы срэбрам зiхацелi
Турнэпсаў зграбныя радкi,

Бо толькi як яна нажрэцца,
Тады i думкi забурляць —
I проза рэчкаю пальецца,
I вершы спрытна затрашчаць.

Так сутнасць творчага натхнення
Калiсьцi Ставер маляваў,
Маё ж не прагне пакаленне
Нiякiх паэтычных страў.

Не рыфма гонiць харчавацца,
Ужо даўно той знiк запал,
Абы напiцца ды напхацца —
Такi вось новы iдэал.

Тым больш нiхто з уласнай прозай
Не параўнае ўласны гной.
Дзе погляд той — жывы, цвярозы,
Дзе вечны творчы неспакой?

На Лугавой, на Нехаёўцы,
На Пракурорскiм хутарку,
I на Астрэйкавай пляцоўцы.
I ў Калачынскiм тупiку —

Нiхто не пэцкае паперы
На схiлах Лысае гары.
Цяпер тут сеюць iнжынеры,
Цяпер тут полюць дактары.

2. Родныя дзецi

Няўжо бацькоўскае багацце —
Вясёлы дух эпохi той —
Мы не ўтрымалi, любы браце,
Ушчэнт збяёдалi з табой?

Цi ж нас усiх не аб’яднае
Адзiн агульны успамiн:
Як мы раслi ў гэтым краi
Сярод бяроз, сярод асiн,

Сярод бацькоўскiх хат-гародаў,
На добра ўгноенай зямлi,
Дзе маткi з роўнай асалодай
Нас цалавалi i дзяўблi!

Памiж траскучых, тлумных дзён,
Магчыма, знойдзеш ты хвiлiну
I ў тыя зойдзеш успамiны,
Як у чароўны даўнi сон,

Дзе дрэвы пелi маладыя,
Дзе шчэ бацькi былi жывыя,
I дзе, здавалася, ўвесь час
Любiць i песцiць будуць нас.

Праз столькi год мой край цудоўны
Заве i вабiць невымоўна —
I той смалiсты пах бароў,
I звон iмклiвых ручаёў,

I кветак лiпеньскiх цвiценне,
I зорак цiхае мiгценне,
I куст малiны ля варот,
I каля сажалкi чарот.

Ад гэтай прыгажосцi дзiўнай
Штодзень хацелася тварыць.
Дарэчы, мы даўно ўжо вiнны
На хаты шыльдачкi прыбiць:

Каб добра помнiлi i госцi,
I сёй-той з новых жыхароў,
Што заснавальнiк тут не «хтосьцi»,
А цвет народных песняроў,

Што мiж лясоў, у полi чыстым
Не шкадавалi ўласных рук
Паэты, крытыкi, лiнгвiсты
I дактары усiх навук.

Тут жыў Сцяпан Александровiч,
А там — Кiрэенка Кастусь:
Як кожны марыў хоць аднойчы
Наведаць гэтакi хаўрус!

А вось той дом, што Досiн ўзрухаў:
Радок маленечкiх вакон...
А тут аднойчы Семяжон

Язмiн вясновы ўпотай нюхаў
I сарамлiва неяк слухаў,
Як штосьцi пеў акардэон.

О, тыя спевы лугавыя
Ля цёплай чырванi кастроў!
Любiў iх моцна Гарулёў,
Аднак любiлi i другiя,

Таму, як толькi разгарыцца
Александровiчаў касцёр,
Бягуць Шыловiч i Зарыцкi,
Iмчыць Няхай ў суседскi двор,

Ляцiць Мiкола Сергiевiч,
Ўздымае пыл на баразне,
За iм — Аўрамчык, Агiевiч,
Астрэйка, Вольскi, Валасевiч —
Ну й шчэ Навуменка прымкне.

Не згонiць хеўру тую часам
Нi гучны гром, нi шпаркi дождж.
Пра што спяваюць? А пра Яся
I пра таўстую тую Стасю,
Тады — пра Жораў макiнтош...

Спяваюць цешчы, сёстры, жонкi
Пакуль не зоймецца зара,
Спяваюць елкi ды сасонкi,
Спявае Лысая гара.

Плыве напеў той песнi звонкай,
Нi спаць, нi думаць не дае.
Ляжыць-варочаецца Звонак —
Дый нечакана падпяе.

Але i сёння на прасторы,
Пад зорным купалам нябёс
Гучыць пра радасць i пра гора,
Гучыць пра беларускi лёс

Матыў той песнi дзiўнай, вольнай,
Бацькоўскай спадчыны матыў,
Гучыць на той цудоўнай мове,
Якой Купала гаварыў.

Няма ў нас песнi даражэйшай,
Цяпер ёй мы гаспадары:
Народ карэнны, наш, тутэйшы —
Нашчадкi Лысае гары.

3. Як мы пiсалi «Сказ пра Лысую гару»

Калi яшчэ зусiм нiчога
У наваколлi не было —
Нi дрэўца, нi куста якога,
Нi нават кветкi не расло,

Калi луналi толькi мары
Аб складзе будучых дамоў
I раскiдалiся гектары
Неабараных дзiрваноў,

Рапухi вольныя скакалi
Ды вiскаталi камары,
Буслы па полi выдыбалi,
Задраўшы дзюбы дагары,

Калi ад копанкi да бору
Тарчма тырчэлi хмызнякi
I грэў вужака на ўзгорку
Свае стракатыя бакi, —

Ужо тады, у той пустэчы
Таленавiты верш гучаў
Пра творчы плён, ну i, дарэчы,
Пра плённасць агародных спраў.

Здаецца, так знарок сплялося,
Каб не маглi разблытаць мы,
Што там наперад узнялося:
Цi тыя вершы, цi дамы.

I хто тут мае дачыненне:
Цi той, хто ўчасткi межаваў,
Хто ўсе падзеi i здарэннi
На ўласнай шкуры адчуваў,

Цi хто па лакавым паркеце
У тапках шморгаў скураных,
Збiраў, як кажа сам, сюжэты,
Гавэнду, плёткi — розны жмых,

А потым хуценька i жвава —
Праз нейкiх трыццаць з лiшнiм год —
Ступiў у аўтарскiя правы,
Як ва ўласны агарод.

Калi дагэтуль не спыталi,
Цяпер спытайце, сябрукi:
Куды накiды пазнiкалi?
Хто бачыў з вас чарнавiкi?

Вось гэты твор — хоць ён i дробны,
А колькi з iм было нуды!
Раслi на палiцы асобнай
Нататкаў цэлыя пуды.

Урэшце, я i довад маю
З той старадаўняе пары,
Калi захоплена складалi
Паэму Лысае гары.

Бо толькi тут, на глебе гэтай
Сказанне слаўнае ўзрасло —
Як быццам сатварэнне свету,
Дзе Слова перш за ўсё было,

Дзе мова родная мацнела,
Цякла магутнаю ракой,
Звiнела, грукатала, пела
Над нiў спрадвечнай цiшынёй.

Адсюль i ўзнiкла тая мара
Дый пачала расцi-буяць:
Каб не раскiдваць словы марна,
А рупна ў летапiс складаць,

Уславiць вершам паўнагучным
Братэрства лепшую пару,
I разнастайных дзён цякучасць,
I нашу Лысую гару.

Штодзень пра летапiс пра гэты
Упарта думалi яны,
Бо сапраўды былi паэты,
Мастацтва верныя сыны.

З’яднаны талент, як вядома,
Мацней бывае ў сто разоў,
Таму ля кожнага ля дома
Вялася спрэчка мiж тварцоў.

I шматпраблемна высвятлялась
Любая дробязь тэмы той:
Бо справай важнай тут займалiсь,
А не абы-якой лухтой.

Удакладнялi ў час той даўнi
I як стаўлялi прыбiральнi,
I ўчасткаў тлумную дзяльбу,
I бульбы першую сяўбу,

I хто спачатку дом адгрукаў,
I хто ў Астрэйкi чарку нюхаў,
(Пра Цвiрку Вольскi падказаў,
Пра чарку Звонак нашаптаў.)

Што ж, важны побыт у Астрэйкi
Наогул вабiў шмат каго:
Канiстра гары, кус карэйкi —
Хто б не жадаў сабе таго?

А што там сам чырванадрэўшчык
Цягнуў употай пакрысе, —
Не знаў нiхто, не чуў пра гэта,
Бо мала што сёй-той вярзе.

Але ж пра грук пiялаў звонкi
Астрэйка раiў напiсаць,
Бо важна тут было адпомсцiць:
Было ж канiстраў цэлых пяць!

Аб тым, што не пабудаваны
Адзiн застаўся толькi дом,
Паэты доўга разважалi,
Пiсаць цi не, усiм гуртом.

А мы, малыя, як страчалi
Любы аб’ёхлены будан,
То разам шчыра меркавалi,
Што ён завецца «палтаран».

I, каб вы зналi, гной слановы
Прааналiзаваны быў,
Калi глядзець маёнтак новы
Суседзяў Кучар запрасiў.

Прайшлi спачатку па гародзе:
Сядзеў часнок, буяў бурак,
Вышэў курганам пры дарозе
Магутны шчодры каравяк.

Тут глянуў Досiн вострым вокам,
Нюхнуў паветра, пробу зняў
I, азiрнуўшыся навокал,
Нарэшце так рэзюмаваў:

«Не, гэты гной не з-пад каровы,
Бо ён, напэўна, з-пад слана.
Кажу, як сталы майстар слова
I знаўца рознага г...а!»

Вось так, няспешна, па-суседску,
На Лысагор’i мастакi
Тварылi летапiс сумесна,
Складалi ў скарбнiцу радкi.

А хто займаўся апрацоўкай,
Хто ўзводзiў церам з тых радкоў, —
Знаў толькi нехта на пляцоўцы
Ды, можа, хтосьцi з тупiкоў.

I, памiж iншым, анiкога
У той апошняй варажбе —
Свайго паэта цi чужога —
Яны не звалi да сябе.

4. Дом пiсьменнiкаў

Хто помнiць, братцы, дом той любы,
Што ў Мiнску некалi стаяў,
Той дом, дзе гаўляйтар Кубэ
Бясслаўна свой канец аддаў?

Было там добра сустракацца,
Было там добра жыць-расцi.
I ў буднi шэрыя збiрацца,
I ў святы светлыя гусцi.

Кафэ, кiно, бiблiятэка —
I Дуся Краўчанка з дачкой.
Скажыце, хлопцы-недарэкi,
Хто не любiў з вас дзеўкi той?

Ах, Оля, мiлая дзяўчына,
Ў якой ты радасцi-журбе?
Амаль што кожны тут хлапчына
Калiсьцi марыў аб табе.

Ды ўсе пiсьменнiцкiя людзi,
Увесь якi тут быў народ
Нiколi тога не забудзе,
Як святкавалi Новы год,

Як мы чакалi тых банкетаў,
Як шчыра верылi тады,
Што гэта шчасце, радасць гэта
Нам застанецца назаўжды!

I цацак бляск, i гукаў хвалi —
Не апiсаць мне тых забаў!
О, як з Навуменкавай Валяй
Сяргей Гiлевiч выдыбаў!

Малая ўнучка Калачынскiх
Спявала нейкi дзiўны спеў,
А Сашка Гурскi недатычны,
Як сыч, у прыцемку сядзеў.

Там каля елкi навагодняй
Кагал вясёлы гаманiў:
Скакаў, як в..., маленькi Гроднеў,
Сяргей Зуёнак рытмы бiў,

Бы Прыпяць, што з глыбiнь Палесся
Данiну пышную нясла,
Дачка Шамякiна Алеся
У карагод павольна йшла.

Там шнарыў неяк нехлямяжа,
Нягледзячы на тонкi густ,
Збянтэжаны i няўважны
Чытач-аматар Дракахруст.

Марына з прозвiшчам Шыловiч
Насупраць, пэўная была,
Таму што ў час у свой дзявочы
Яна, як ружа, расцвiла.

А што былi за падарункi,
Мы так любiлi iх тады:
Мультфiльмы, гульнi ды ласункi
I мора сельтэрскай вады!

Ў той час прысмакаў не хапала —
Цукерак цi спакус другiх,
Здань дэфiцыту вандравала
Па крамах голых ды пустых.

Але ў Лiтфондзе тыя зданi
Цяснiлi прэч з усiх бакоў,
Нам здабываючы ў змаганнях
Цукеркi «Птичье молоко».

Цяпер няма ўжо дома тога,
Хавальнiка цяпла былога:
Застаўся толькi дым гадоў.

Але ж хiба хто мог забыцца
Пра час той светлы, час дзяцiнства,
Найлепшы час з усiх часоў.

5. Каралiшчавiчы

Мiлей не маю ўспамiну,
Як гэты сцiплы цiхi край,
Не здраджу, не аддам, не кiну,
Хоць мне што хочаш абяцай,

Не зразумею я нiколi
Таго, хто мог яго прадаць,
Хто здолеў гэткае раздолле
За тую «Iслач» згандляваць.

Тут родны, першы край маленства —
Яшчэ дашкольнае пары,
Калi не мелася й ў праекце
Нiякай Лысае гары.

Таму i гэтыя мясцiны —
Бацькоў асобны запавет,
Дзесь тут расце мая шыпшына:
Зялёны лiст, чырвоны цвет.

Усё тут дзiўна, незвычайна:
Маўклiвасць елак векавых,
Лугоў вячэрняе згасанне,
Вiльготны дух палян грыбных,

Люстэрка возера ляснога —
Глядзiцца месяц з вышынi,
I жудасць гушчару начнога:
Здалёк, з балота тарфянога,
Мiгцяць вядзьмарскiя агнi...

Тут летам нешта шэпчуць травы,
А ўзiмку з труб вiецца дым,
Тут пераможна i ўладарна
I родным дзецям, i чужым.

Тут Мележ колiсь думаў плённа,
Тут Колас некалi пiсаў,
I, можа, верш якi з ягоных
Пад гэтым небам выспяваў.

Былi тут Брыль i Караткевiч,
А часам цёплаю парой
У лес Алена Васiлевiч
Хадзiла цiхаю хадой.

Шамякiн быў i Адамовiч,
Бялевiч, Гурскi, Гарулёў,
Зарыцкi, Вольскi, Паслядовiч,
I Сачанка, i Бугаёў.

Быў Хведаровiч, Калачынскi,
Лужанiн, Свiрка i Няхай,
I Макаёнак, i Вярцiнскi,
I Танк, i Лойка, i Макаль.

Быў Барадулiн i Аўрамчык,
Бураўкiн, Вiтка, Куляшоў,
Былi Чыгрынаў i Адамчык,
Пястрак, Хадкевiч i Лынькоў.

Не разбiраючы пагонаў,
Не параўнаючы iмён,
У край маленства незабвёны
Вам шлю сыноўнi свой паклон...

Але ж усё багацце гэта —
Пашану, гордасць, прыгажосць —
Збылi камусьцi за бясцэнак,
Ўсё роўна што кату пад хвост.

Таму я i смуткую часам
Па тым, што люба мне было,
Па тым, што люба мне i зараз:
Яно ж нiкуды не пайшло.

Мой дзiўны кут, прыстанак першы!
Як мне хацелася, каб вершы
Ты й мне таксама нашаптаў!

Каб пелi птушкi ў iх лясныя,
Квiтнелi кветкi лугавыя
I чуўся цiхi шолах траў.

Узяць бы потым вершы тыя,
Ў бары прынесцi залатыя —
Ды там пакiнуць да вясны.
Хай сцерагуць iх лесуны,

Янтарным бляскам дораць хвоi,
А неба — цiхай вышынёю,
I гулкiм гоманам вятроў,
I дыхам лёгкiх аблакоў.

Няхай ручай з-пад глебы чыстай
Нясе iм свой струмень празрысты,
Каб пахлi водарам зямлi
I каб званчэйшыя былi.

6. Зноў пра Лысую гару
Замест эпiлога

Наш век наогул вельмi цьмяны,
Нялёгка зразумець яго.
Iнтрыгi, плёткi ды падманы —
Не пералiчыш усяго.

Сярод пiсьменнiцкiх фальваркаў —
Дамы шматлiкiх чужакоў.
Прайшла пара былых арлоў:

Не тая ўжо вядзецца сварка,
Не тая ўжо сквiрчыць i скварка —
Сумней сягоння мiж лугоў.

Хоць час той слаўны безумоўна
Пакiнуў свой яскравы след,
Часцей тут чуецца не мова,
А яраслаўскi дыялект.

Ды шчэ ў дадатак i трасянка
Свярбiць, бы ў з...цы нарыў, —
«Вар’янт сталiчна-кабылянскi»,
Як Караткевiч гаварыў.

Узнiклi й новыя пытаннi:
Гавораць, дачны старшыня
Ўсе сродкi трацiць на змаганне:
За ўладу тут грымiць вайна.

Гуляюць чуткi i другiя
Па Лысагорскае зямлi:
Як быццам бачылi малыя
Ды i бацькам перадалi,

Што сёй-той з дачнага народу
Ганяе нiзкi iнтарэс,
Паскудзiць родную прыроду:
Спраўляць патрэбы прэцца ў лес.

А потым на няўдалы розум
Загады лезе аддаваць:
Каму тут пiлаваць бярозу,
Каму мяжу сваю раўняць.

Адзiн ратунак ад нахабства:
На мове чыстай, як струмень,
Саромiць новае мяшчанства,
Калi спатрэбiцца, штодзень —

Каб не паўзлi ў гароды нашы,
Не падглядалi за платы,
А цiха енчылi, паджаўшы
Свае куртатыя хвасты.

Але ж вышэй за ўсе нягоды,
За веку тлум, за часу грук,
Дзяцiнства мiлыя прыгоды,
Жыцця эпiчны, моцны рух.

Мо з вышынi арлiнай гэтай
Ляцець было б не трэба нам —
Ды прымушае чэсць паэта
Абвергнуць брыдкi той падман.

Бо ён да многiх з нас датычыць,
I перш за ўсё, вiдаць, да тых,
Каго сёй-той дурнымi лiчыць —
Нас, лысагорцаў маладых:

Няздатных, быццам, ды лайдацкiх,
Ну i бязмоўных заадно,
Каму не трэба спраў мастацкiх,
А толькi п’янак ды кiно.

Маўляў, прырода спачывае
На дзецях талентаў былых:
Не любiць, не дапамагае,
Нiчым не адзначае iх.

Няма нiводнага паэта
(Шайбак, вядома ж, не паэт),
Дарма штампуе iх штолета
Фiлалагiчны факультэт.

Чаму ж аднойчы i не ўкрасцi
Таго, што дрэнна сцерагуць?
Няхай тады бушуюць страсцi,
Хай чуткi розныя паўзуць,

Хай сведкi нема лямантуюць,
Хай патлы рвуць з дурных галоў.
Хто iм паверыць? Хто пачуе?
Каму ёсць справа да аслоў?

Пiар патрэбен нам, дарэчы,
Калi пачаў агонь марнець,
I хоць, напэўна, шчэ не вечар —
Не лiшне ўперад паглядзець.

К таму ж, наш творца разважае,
Што ты, маўляў, нi гавары,
А стыль ягоны супадае
З паэмай Лысае гары.

Хто параўнаць, урэшце, здужыць
Няроўных рытмаў частакол?
Хiба што Пушкiн?
Дзе ж той Пушкiн?
Няма нiкога навакол.

На тым я кропку мушу ставiць,
Далей iсцi няма куды:
Наўрад цi здолею прыбавiць
Яшчэ што вартае сюды.

А хто паэмы гэтай аўтар,
Калi ўзнiк ён i адкуль,
Маэстра ён альбо аматар,
Цi мо якi другi пiцкуль,

I што за дзiўнае жаданне —
Той даўнi час успамiнаць? —
Нiхто не вырашыць пытання,
Нiхто не зможа адказаць.

Бо цi магчыма, каб пiсака
Быць знакамiтым пазбягаў,
Хаваўся, нiбы ў дождж сабака,
Каб ганарару не шукаў?

Другi наш век — другая хваля,
Цяпер не ў модзе ананiм:
Уласных вершаў не хапае —
Дык падсiлкуешся чужым.

Калi ж не ўхопiш — здуе вецер
Або другiя звалакуць.
Дарэчы, хай сабе iдуць
I тыя бурбалкi ў Леце.

Я ж не чакаю ўзнагароды,
Таму й змаўкаю да пары.
Жадаю, каб цвiло заўсёды
Жыццё на Лысае гары,

I каб нiхто не здолеў скемiць
Iмя i прозвiшча майго:
Нi Нiл Сямёнавiч Гiлевiч,
Нi знаўцы творчасцi яго.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика