Паскораны чыгуначны рух дойдзе да Брэста
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
6 жнiўня — Дзень чыгуначнiка
У недалёкай будучынi рух паскораных цягнiкоў плануецца ажыццяўляць не толькi ад Масквы да Мiнска (днямi па гэтаму маршруту пачаў курсiраваць паскораны цягнiк «Славянскi экспрэс»), але i да Брэста. Аб гэтым на прэс-канферэнцыi, прысвечанай Дню чыгуначнiка, паведамiў начальнiк Беларускай чыгункi Уладзiмiр Жарало. Ва ўпраўленнi Беларускай чыгункi паведамiлi, што сёлета назiраецца рост пасажыраабароту на мiжнародных рэйсах, а таксама на рэйсах унутрырэспублiканскiх мясцовых зносiнаў. Так, за першае паўгоддзе на мiжнародных рэйсах рост склаў 105,5 працэнта ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Разам з тым сёлета назiраецца знiжэнне пасажыраабароту ў прыгарадных зносiнах. У першым паўгоддзi гэты паказчык склаў прыкладна 85 працэнтаў у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Ва ўпраўленнi Беларускай чыгункi лiчаць, што на сiтуацыю, у прыватнасцi, паўплывала «павышэнне дабрабыту насельнiцтва, што дазволiла ажыццяўляць паездкi на прысядзiбныя ўчасткi i ў месцы масавага адпачынку ў больш камфортных умовах. Напрыклад, на маршрутных таксi»... Што датычыцца мiжнародных пасажырскiх перавозак, то сёння беларускiя цягнiкi iдуць у Франкфурт-на-Майне, Берлiн, Кёльн, Варшаву, Прагу, Брацiславу, Варну, Бухарэст, Вену, Сафiю, а таксама ў сталiцы i адмiнiстрацыйныя цэнтры Расii, Украiны, Лiтвы, Латвii, Казахстана i Малдовы. Сярод новаўвядзенняў апошняга часу — абарачэнне на працягу ўсяго года бесперасадкавага вагона Мiнск—Сургут, а таксама абарачэнне на працягу ўсяго года электрацягнiка палепшанага дызайну па маршруту Мiнск—Смаленск. Сёння Беларускай чыгункай арганiзавана курсiраванне 14 фiрменных цягнiкоў (8 з iх — у мiжнародных зносiнах, 6 — на ўнутрырэспублiканскiх маршрутах). У такiх цягнiках пасажырам прапануюць пашыраны асартымент паслуг (прадуктаў харчавання, перыядычнага друку i мастацкай лiтаратуры i iнш.) У цягнiках Мiнск—Масква, Мiнск—Санкт-Пецярбург, Мiнск—Кiеў i Мiнск—Варшава маюцца «сотавыя таксафоны», якiя ўстаноўлены ў службовых купэ начальнiкаў цягнiкоў i скарыстацца iмi могуць за адпаведную плату ўсе пасажыры. Апошнiм часам у Беларусi вядзецца актыўная работа па рэканструкцыi вакзалаў i пасажырскiх платформаў. У прыватнасцi, зараз iдзе рэканструкцыя вакзальных комплексаў станцый Баранавiчы-Палескiя, Пiнск, пасажырскiх платформаў станцыi Гродна. У рамках падрыхтоўкi чыгуначных аб’ектаў да «Дажынак-2006» вядзецца рэканструкцыя пасажырскiх платформаў i рамонт вакзала станцыi Бярэзiна. Уладзiмiр Жарало адзначыў, што «на рынку транспартных паслуг сёння чыгунка выжывае. I выжывае няблага». Пры гэтым ён прывёў лiчбы па прыбытках. За першае паўгоддзе сёлета даходы ад перавозкi грузаў i пасажыраў склалi 118 працэнтаў да адпаведнага перыяду мiнулага года (заданне на ўвесь 2006 год — 115 працэнтаў).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым на прэс-канферэнцыi, прысвечанай Дню чыгуначнiка, паведамiў начальнiк Беларускай чыгункi Уладзiмiр Жарало |
|