«Адпачыла б, але буду працаваць над канцэпцыяй законапраекта...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Як беларусы збiраюцца праводзiць выхадныя апошняга месяца лета?
Iдзе апошнi месяц лета. Цёплых летнiх выхадных дзён застаецца не так шмат, таму многiя жыхары нашай краiны iмкнуцца паехаць на суботу i нядзелю адпачываць «на прыроду»... Як вы збiраецеся правесцi блiжэйшыя выхадныя? Сяргей ГЛIНСКI, вядучы спецыялiст аддзела iдэалагiчнай працы Валожынскага райвыканкама: — У Iнтэрнэце пiшуць, што ў блiжэйшыя выхадныя будуць дажджы. Таму буду дома рыхтавацца да здачы дыпломнай працы. Я вучуся ў Гродзенскiм дзяржаўным аграрным унiверсiтэце. А на наступныя выхадныя абавязкова паеду з сябрамi на прыроду. З начоўкай. Каб палавiць рыбу, зварыць юшку... Каб добра адпачыць. Вольга АБРАМАВА, член Камiсii па заканадаўству i судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу: — Я б з задавальненнем адпачыла, але зараз працую над канцэпцыяй закона, якi хачу прапанаваць. Неабходнасць дадзенага дакумента ўжо ўзгоднена з выканаўчай уладай. Гэта праект закона аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг... Такiм чынам, буду працаваць у выхадныя, каб гэты законапраект быў уключаны ў план законапраектнай дзейнасцi на наступны год. Якiя iдэi плануецца закласцi ў законапраект? Гэта пастаноўка пад кантроль грамадскага меркавання натуральных манапалiстаў. Гэта права грамадзян на атрыманне ўсебаковай iнфармацыi па пытаннях, якiя датычацца фармiравання тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугi... У цэлым гэта стварэнне сiстэмы грамадскага кантролю за сферай ЖКГ, а таксама (у iдэале) стварэнне спецыялiзаванай службы, якая будзе займацца не адпiскамi па прэтэнзiях грамадзян, а стане прадметна вырашаць усе пытаннi абслугоўвання ЖКГ з улiкам перш за ўсё iнтарэсаў грамадзян. Алена БРОК, намеснiк начальнiка ўпраўлення па фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнаблвыканкама: — Сёння (у пятнiцу, 4 жнiўня. — Аўт.) я планавала паехаць на Нарач, каб адпачыць на прыродзе. Але пятнаццаць хвiлiн таму патэлефанаваў начальнiк i сказаў, каб я пакуль нiчога не планавала, бо, верагодна, заўтра ў восем гадзiн ранiцы будзе нарада ў аблвыканкаме. Таму сяджу i чакаю... Дарэчы, нават накiроўваючыся адпачываць, я ўсё роўна iмкнуся па дарозе паглядзець, дзе нейкая новая турыстычная стаянка з’явiлася, як iдзе загрузка турыстычных баз i г.д. А ў Нарачанскiм краi мае самае любiмыя месцы — гэта Блакiтныя азёры i рака Страча.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як беларусы збiраюцца праводзiць выхадныя апошняга месяца лета?
|
|