Гэта не чорны КВЗ i не тэатр мiнiяцюр
Iрына ПРЫМАК
У Мiнску з’явiцца фiлiял маскоўскага «Камедзi Клаб»
Днямi ў сталiчным клубе «Алькатрас» праходзiў адбор у беларускi «Camedy Club». Гледачы расiйскага тэлеканала «ТНТ» маглi бачыць гэты праект, да якога мае дачыненне наш зямляк Вадзiм Галыгiн па мянушцы Рэмба, вядомы ў КВЗшным асяроддзi як прадстаўнiк каманды БДУ. Менавiта дзякуючы яго iнiцыятыве ў нас неўзабаве з’явiцца свая тэлеверсiя «Камедзi Клаб» на «АНТ». Аднак аб усiм па парадку. Калi б у мяне не было з сабой журналiсцкага пасведчання, то прарвацца праз удзельнiкаў кастынгу, якiя чакалi сваёй чаргi, наўрад цi ўдалося б, бо кожны меў пэўны рэгiстрацыйны нумар. Тыя ж, хто выпадкова даведваўся аб наборы ў «Камедзi Клаб», былi вымушаны прапусцiць спачатку людзей, якiя былi пазначаны ў спiсе, ды i ўваходзiць без дазволу журы забаранялася. Праўда, настолькi строга ўсё выглядала звонку, а ўнутры памяшкання гаспадарыў смех. У асноўным жартавалi аб жаночым i мужчынскiм розуме, адносiнах памiж абодвума паламi. Паказвалiся мiнiяцюры на тэму алкагалiзму i выпускi навiнаў з дзiўным зваротам да карэспандэнта «Сарафан Сарафаныч». Iнтарэс выклiкалi тры бутэлькi гарэлкi ў руках аднаго з удзельнiкаў: няўжо ўсё вып’е? А на самай справе ён стаў жанглiраваць iмi. Праўда, здавалася, журы мала што магло зацiкавiць: анекдоты, якiя расказвалi ўдзельнiкi, прадстаўнiкi Фемiды заканчвалi за iх самi, бо патрабавалi аўтарскага. Калi ж гучала аўтарскае, вельмi часта журы перапыняла: «Хопiць, хопiць. Стыль зразумелы». Жанглiраванне бутэлькамi не выклiкала станоўчай рэакцыi, бо гэта, як выказалiся спецыялiсты, больш падыходзiць для цыркавых выступленняў. Дык што тады патрабуецца? Як растлумачыў мне прадзюсар Вiктар Лабковiч, некаторыя з удзельнiкаў не могуць зацiкавiць журы, бо не разумеюць фармату праекта, памылкова лiчаць, што «Camedy Club» — тэатр студэнцкiх мiнiяцюр, чорны КВЗ, а гэта — шоу ў жанры стэнд-ап камедзii, дзе нiколi не бывае паўтораў, а галоўнае, выступаюць яркiя персанажы з парадаксальным мысленнем. Чалавек павiнен расказваць аб набалелым як мага весялей i пры гэтым адчуваць публiку. Толькi так магчыма «парваць» залу. Сярод членаў журы быў i Iлья Мiцько, салiст гурта «Лепрыконсы»: — Якiм чынам тут апынуўся я? — усмiхаецца спявак. — Буду прадзюсарам. Ды мне наогул можна сказаць «дзякуй» за з’яўленне «Камедзi Клаб» у Мiнску. Вадзiк Галыгiн — адзiн з удзельнiкаў маскоўскага «Камедзi», мой вялiкi сябра. Аднойчы, седзячы з iм у рэстаране, я прапанаваў стварыць такую ж тэлеперадачу ў Мiнску. Як бачыце, спрабуем. Каб пачаць, нам спачатку неабходна 8 рэзiдэнтаў, а зарэгiстравалася чалавек 200. Разумееце, як нам складана? Нават аднаго дня, як планавалi, не хопiць для прагляду. У ходзе нашай гутаркi высветлiлася, што першыя тэлевыпускi прысвецяць датам. Акрамя паказу перадачы па «АНТ» па аналагу з маскоўскiм «Камедзi» будуць праходзiць вечарынкi ў клубах. У сталiцы iм стане «Бронкс». Пасля майго пытання, чым беларускi варыянт будзе адрознiвацца ад маскоўскага, Iлья Мiцько адзначыў, што ў нашых жартах будзе менш пошласцi, а больш свежага гумару i беларускага каларыту. Тэлеверсiяй праекта будзе займацца Уладзiмiр Максiмкаў, якi таксама ўваходзiў у склад журы. Зразумела, захацелася пачуць i яго меркаванне наконт кастынгу. «Усё вельмi аптымiстычна, — адразу запэўнiў ён. — Канешне, 90 працэнтаў — гэта выпадковыя людзi, а вось з дзесяццю працэнтамi можна працаваць. Гэта нармальна. Не пужайцеся, што так мала. У нас ужо ёсць патэнцыяльныя персанажы. Напрыклад, той жа Вадзiм Галыгiн. Ён жа нарадзiўся ў нас, як гумарыст у тым лiку». «Чым растлумачыце такую невялiкую колькасць дзяўчат, якiя вырашылi паспрабаваць сябе?» — цiкаўлюся. «Яны павiнны быць прыгожымi i маўклiвымi», — жартуе замест адказу Уладзiмiр Максiмкаў. Пасля мiнскага адбору павiнен адбыцца другi тур, дзе сваё гучнае слова наконт кандыдатур у беларускi «Камедзi Клаб» скажуць маскоўскiя калегi. Дарэчы, адзiн з iх, вядучы маскоўскага «Камедзi» Арташэс «Таш» Саркiсян, змог-такi прыехаць на мiнскi кастынг. Паводле яго слоў, у гэты год узнiкла каля 40 рэгiянальных прадстаўнiцтваў клуба, таму такому цэнтру гумару, як беларуская сталiца, нельга адставаць. Калi нiчога не паўплывае, то першую тэлеверсiю «Камедзi Клаб» мы зможам ацанiць у вераснi. Да Новага года запланаваны чатыры выпускi. У выпадку iх поспеху перадача стане цыклiчнай. Каб зразумець, што прадстаўляе гумар «Камедзi Клаб», прапануем вытрымкi з маналога Вадзiма Галыгiна аб вопратцы: КАЛЬЧУГА. З дзiркамi. Прыдумалi старадаўнiя асiлкi-героi, каб цела ў час бою дыхала. Здаралася, цела асiлка дыхае, а сам асiлак — ужо не! ТАПКI. Махровыя. Прыдумаў сабака. Прынёс аднекуль. А вось белыя тапкi прыдумаў сабака, с..., якi спазнiўся! КАЛГОТКI. Парвалiся! Носяць жанчыны, Лявонцьеў i дзецi ва ўзросце да 6 гадоў незалежна ад полу. ШКАРПЭТКI. А дзе другая? Чыстыя шкарпэткi з’явiлiся пазней звычайных, а звычайныя нiхто не прыдумаў — iх знайшлi пад ложкам разам з бялiзнай. РУКАВIЧКI. Першапачаткова задумвалiся як упрыгажэнне для дзяцей. Перавязаныя памiж сабой сведчаць, што дзiця чыёсьцi. ШАЛIК. Прыдумала п’яная бабуля, якая вязала шкарпэтку i заснула. А наогул, зусiм няважна, хто ў што апрануты. Галоўнае — гэта хто як распранаецца!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мiнску з’явiцца фiлiял маскоўскага «Камедзi Клаб»
|
|