Вяртанню чэкаў у апошнi момант перашкодзiлi новыя патрабаваннi
Сяргей РАСОЛЬКА
Пытальнiк Звяртаюся да вас паўторна наконт вяртання маiх чэкаў з «ПРIФа» (пiсала аб гэтым у канцы мая). Адказалi вы мне тады праз газету, спасылаючыся на начальнiка Мiнскай гарадской iнспекцыi Камiтэта па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Вiктара Амельяновiча: я павiнна паўторна выслаць пакет дакументаў i чэкi мне вернуць. З цяжкасцямi (сертыфiкат мой знаходзiўся ў Капыльскiм банку) я сабрала ўсе паперы. Выслала iх заказным пiсьмом. Вось ужо другi месяц на зыходзе, а чэкаў няма. Цi не маглi б вы зноў патэлефанаваць туды? Бо i першы раз (а гэта было гады таму) я выслала ўсё патрэбнае. Цяпер усё паўтараецца? Тут ужо не столькi чэкi, колькi прынцыпы. Пiсьмова праз газету мне нiчога паведамляць не трэба.Лiлiя Пятроўна Маргелава, п/а Мажа Капыльскага раёна.
Але напачатку неабходная перадгiсторыя. У перыяд абарачэння чэкаў «Маёмасць» грамадзяне, якiя маюць права на вяртанне гэтых чэкаў пры лiквiдацыi спецыялiзаваных iнвестыцыйных фондаў (СIФаў), што акумулявалi iмянныя прыватызацыйныя чэкi «Маёмасць», але не атрымалi iх у перыяд работы лiквiдацыйных камiсiй, могуць звяртацца за вяртаннем чэкаў «Маёмасць» у iнспекцыi па каштоўных паперах па месцазнаходжанню лiквiдаваных СIФаў. Так, чэкi, укладзеныя ў згаданы чытачкай СIФ «ПРIФ», вяртае Мiнская гарадская iнспекцыя Камiтэта па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь (220002 г. Мiнск, вул. Крапоткiна, 44). Пры звароце грамадзянiн павiнен прадаставiць наступныя дакументы: дакумент, якi сведчыць асобу (у выпадку асабiстага звароту); заяву аб вяртаннi чэкаў «Маёмасць» з указаннем даных (прозвiшча, iмя, iмя па бацьку грамадзянiна, паштовага адраса, колькасці чэкаў, нумар спецыяльнага (чэкавага) рахунка); адзiн з дакументаў, якi пацвярджае валоданне акцыямi (дагавор куплi акцый, сертыфiкат акцый, выпiска з рэестра акцыянераў); копiю сертыфiката чэкаў «Маёмасць». Дарэчы, звяртацца можна ў iнспекцыю як асабiста, так i па пошце з высылкай заявы i копiй усiх пералiчаных вышэй дакументаў. Так i зрабiла наша чытачка. Чаму ж не дачакалася чэкаў? Вось што патлумачылi на наш паўторны запыт супрацоўнiкi Мiнскай гарадской iнспекцыi Камiтэта па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, праверыўшы базу даных. Лiст Лiлii Пятроўны дайшоў i чэкi ўжо рыхтавалiся да адпраўкi, калi... — 5 чэрвеня гэтага года памiж ААБ «Беларусбанк» i Камiтэтам па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь было заключана пагадненне аб вяртаннi чэкаў, згодна з якiм з’явiлася новае патрабаванне: грамадзянiн павiнен указваць у сваёй заяве апроч iншага (прозвiшча, адраса i iнш.) яшчэ i iншыя пашпартныя даныя, у тым лiку i асабiсты нумар, i дату нараджэння, — патлумачылi рэдакцыi. — Без гэтых звестак Мiнгармаёмасць не прымае ў нас гатовыя спiсы на вяртанне грамадзянам чэкаў. Усяго такiх людзей, якiя даслалi дакументы да з’яўлення пагаднення, аказалася каля 300. Таму зараз, каб яны мелi магчымасць усё ж атрымаць свае чэкi, iм давядзецца даслаць на наш адрас яшчэ i ксеракопii старонак уласных пашпартоў (старонкi 22, старонак 31—33). Як высветлiлася, гэтыя змяненнi былi ўнесены ў тыпавы бланк заявы, якiм трэба цiкавiцца ў аддзяленнях банкаў па месцы жыхарства (гэта для тых, хто яшчэ толькi збiраецца падаваць заяву наконт вяртання чэкаў «Маёмасць»). Гэтым жа 300 грамадзянам, як мы ўжо сказалi вышэй, будзе дастаткова даслаць толькi ксеракопii ўказаных старонак пашпарта (зразумела, гэта чарговая нязручнасць, але што зробiш). Дарэчы, не было б лiшнiм, напэўна, каб людзям аб гэтым паведамiлi адтуль, дзе знаходзяцца iх дакументы? Увогуле, на сёння, як паведамiлi нам у Мiнскай гарадской iнспекцыi Камiтэта па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, прыкладна з 60 тысяч акцыянераў вярнулi назад свае чэкi толькi каля 10 тысяч. Нагадаем, што чарговай пастановай урада летась тэрмiн абарачэння iмянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць» быў падоўжаны да 30 чэрвеня 2007 года.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звяртаюся да вас паўторна наконт вяртання маiх чэкаў з «ПРIФа» (пiсала аб гэтым у канцы мая). Адказалi вы мне тады праз газету
|
|