Мы — iванаўскiя
Яўген ПЯСЕЦКI
Не баючыся перабольшыць, прапаную вам, шаноўныя чытачы, сваю выснову, якую зрабiў пасля гутаркi са старшынёй Савета дэпутатаў Iванаўскага раёна Васiлём Пятровiчам Кунiцкiм. Гутарылi мы пра жыццё-быццё землякоў-iванаўцаў, пра тое, якiя знакамiтасцi выйшлi з гэтых мясцiн i якiя тут засталiся. Гутарылi аб тым, што многiя з вядомых усёй краiне асоб калiсьцi працавалi ды набiралiся вопыту менавiта на iванаўскай зямлi. Прыгадвалi тых, хто па сёння працуе ў раёне i таксама мае добрую славу. Урэшце ў размове акрэслiўся, так бы мовiць, абрыс мясцовага характару: iванаўцы — людзi iнiцыятыўныя, гарачыя да працы, рызыкоўныя, чулыя. Выснова ж мая ў тым, што менавiта спалучэнне гэтых якасцяў характэрнае для чалавека, якi прайшоў iванаўскую школу. Школу працоўную i жыццёвую. Я папрасiў назваць канкрэтнага прадстаўнiка iванаўскай школы, i мой субяседнiк, не вагаючыся, назваў Кацярыну Мiкалаеўну Лушчык, старшыню Снiтаўскага сельскага Савета. Дарэчы, былi ўзгаданы яшчэ некалькi iмён, але я «зачапiўся» за першае i адразу ж прапанаваў — давайце раскажам пра яе чытачам... Паўтары сотнi квадратных кiламетраў (тэрыторыя, што належыць Снiтаўскаму сельсавету) гранiчаць з ваколiцай райцэнтра, але характэрных прыгарадных прымет тут не ўбачыш. Усе тры вёскi сельсавета дагэтуль не страцiлi сваёй простай, адвечнай прыгажосцi, а тая, што завецца Трудавая, нават назвай сваёй падкрэслiвае далучанасць да звычайнай штодзённай працы. — Людзi ў нас вельмi працалюбiвыя, — пачынае расповед пра сваю малую радзiму Кацярына Лушчык. — Ад маленькага калектыву вясковага дзiцячага садка да буйнога сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Снiтава-Агра» — усюды ёсць прыклады плённай працы. Гаспадарка лiчыцца лепшай у раёне па ўраджайнасцi цукровых буракоў, тут вельмi высокi ўзровень вытворчасцi малака, курыных яек. Не менш адказна працуюць вяскоўцы i ў мясцовых установах адукацыi, гандлю, медыцыны, культуры, сувязi. Цiкаўлюся ў субяседнiцы, якое ж месца ў гэтай адладжанай сiстэме вытворчасцi займае мясцовая ўлада i як садзейнiчае яна далейшаму паляпшэнню жыцця вяскоўцаў. У адказ старшыня сельскага Савета называе шэраг фактаў, якiя сведчаць пра тое, што мясцовымi дэпутатамi i старастамi вёсак зроблена ўжо шмат. Але ў першую чаргу просiць назваць у газеце свайго земляка, якi толькi што па стану здароўя пакiнуў давераную яму пасаду старасты: дзевяць гадоў выдатна спраўляўся з гэтымi няпростымi клопатамi Васiль Шпiгун — пра яго аўтарытэт сведчыць тое, што землякi ў свой час абралi яго дэлегатам на Другі Усебеларускi народны сход. Такiя неабыякавыя людзi тут — сапраўдныя праваднiкi дзяржаўнай палiтыкi па адраджэнню вёскi. Узяць хоць бы такi прыклад: побач з вёскай Снiтава праходзiць чыгуначная магiстраль, а самы блiзкi прыпынак быў размешчаны за некалькi кiламетраў. Сельвыканкам вывучыў, цi магчыма стварыць дадатковы прыпынак дзеля зручнасцi вяскоўцаў i даручыў «прабiць» гэта пытанне ў адпаведных iнстанцыях свайму актывiсту Леанiду Галаўчуку. Расказы пра яго «паходы» па ведамствах сёння гучаць амаль як паданнi, але ўсе гэтыя жартаўлiвыя ўспамiны снiтаўцы завяршаюць аднагалосным прызнаннем: малайчына, дабiўся свайго (гэта значыць нашага, агульнага), цяпер ёсць у вёсцы свой прыпынак. Або яшчэ: старыя людзi памятаюць, што раней была на ўзгорку царква. Не выстаяў яе стары будынак пад вятрамi перамен. Але ж патрэба ў духоўным цэнтры засталася, таму вырашылi ўсёй грамадой пабудаваць новы храм. Сельвыканкам абыякавым не застаўся, пасадзейнiчаў у дапамозе з боку мясцовага сельгаскааператыва. Цяпер беласценная царква амаль пабудаваная — адбылося гэта дзякуючы ахвяраванням месцiчаў, iх працы, арганiзаванай старастам царкоўнага савета Рыгорам Лагодзiчам, зараз ён яшчэ i стараста вёскi Снiтава. Трэба ўзгадаць пра яшчэ адну вялiкую справу, распачатую на тэрыторыi сельсавета. Гэтыя мясцiны звязаны з iмем сусветна вядомага мастака, кампазiтара, падарожнiка Напалеона Орды. Мiжнародны камiтэт ЮНЕСКО назваў наступны год годам Орды, а землякi вырашылi стварыць вялiкi музейны комплекс. Пасля рэстаўрацыi старога будынка школы i будаўнiцтва яшчэ некалькiх аб’ектаў у маляўнiчых мясцiнах каля сажалкi размесцiцца карцiнная галерэя, школа для адоранай дзятвы, невялiчкая гасцiнiца, лазня, кафэ i, безумоўна, мемарыяльны пакой знакамiтага земляка. З узнiкненнем новага комплексу сельскi Савет разлiчвае на новыя рабочыя месцы, адкрыццё тут турыстычных маршрутаў, што таксама паспрыяе далейшаму развiццю суседнiх вёсак. Пра што б нi iшла размова — пра поспехi мясцовых самадзейных артыстаў, будаўнiцтва царквы i музейнага комплексу, добраўпарадкаванне вясковых вулiц, клопаты пра шматдзетныя сем’i — усюды мая субяседнiца Кацярына Лушчык выказвала не толькi высокую службовую кампетэнтнасць, але i свой погляд, заснаваны на веданнi кожнага жыхара даверанага ёй сельсавета. Вакол яе гуртуецца творчы, працавiты актыў з лiку паважаных на вёсцы асоб. Аўтарытэт улады для iх азначае перш за ўсё ўдзел у штодзённых справах вяскоўцаў, сувязь i ўзаемаразуменне з кожным. Кацярына Лушчык з лiку тых кiраўнiкоў, якiя прыйшлi ў мясцовае самакiраванне з вытворчасцi. Пасля працы ў гаспадарцы на пасадзе ветурача ёй давялося набываць новыя веды, пашыраць iх услед за патрабаваннямi часу. Цяпер з вышынi свайго дванаццацiгадовага «саветаўскага» стажу яна здольная трапна расставiць акцэнты ў любой размове пра падрыхтоўку i дзейнасць кадраў. Шмат цiкавых думак у яе пра наспеўшую неабходнасць рыхтаваць кiраўнiкоў Саветаў у вышэйшай навучальнай установе, пра ўвядзенне ў штаты сельвыканкама адзiнак землеўпарадчыка i юрыста — менавiта iх так не хапае сёння ў штодзённай працы з наведвальнiкамi. Для карысцi той жа канкрэтнай працы з вяскоўцамi неабходна тэрмiнова спынiць паток даведак, справаздач, якiя па патрабаванню розных iнстанцый з ранiцы да вечара ствараюцца ў сценах сельвыканкама (пацвярджаю яе словы прыкладам: у адным з сельскiх Саветаў Iванаўскага раёна за паўгода зафiксавалi выдачу больш за тысячу даведак!) Як i многiя iншыя яе калегi, Кацярына Лушчык марыць пра тое, каб сельвыканкамы былi аснашчаны сучаснай аргтэхнiкай, добрымi памяшканнямi, надзейнай аўтатэхнiкай... Дарэчы, аўтамабiль у Снiтаўскiм сельскiм Савеце ёсць — пабачыўшая ўсе дарогi чырвоная «Нiва», якая ў свой час служыла раённым медыкам. Сёння гэты аўтамабiль па-ранейшаму дапамагае забяспечваць жыццё людзей. Такое выпадковае супадзенне фактаў яшчэ раз дае падставу назваць штодзённыя клопаты сельскага Савета клопатамi дзеля жыццядзейнасцi падуладнай тэрыторыi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не баючыся перабольшыць, прапаную вам, шаноўныя чытачы, сваю выснову, якую зрабiў пасля гутаркi са старшынёй Савета дэпутатаў Iванаўскага раёна Васiлё |
|