Хвароба, якой саромеюцца. а дарэмна
«Вось гемарой...» — кажам мы ў паўсядзённым жыццi пра нейкiя сур’ёзныя цяжкасцi. Так, назва адной з хвароб даўно ўжо стала сiнонiмам вялiкiх непрыемнасцяў. «Вось дык хвароба — нi сабе паглядзець, нi iншым паказаць», — жартуюць дасцiпнiкi. Аднак тым людзям, якiя пакутуюць ад яе, на самай справе не да жартаў.
Што ж гэта за хвароба? Адзiн з энцыклапедычных слоўнiкаў дае такое азначэнне гэтага захворвання: «Гемарой — балючае расшырэнне вен задняга праходу i прамой кiшкi, у асноўным у выглядзе асобных шышак, вузлоў прадаўгаватай або шарападобнай формы, якiя размешчаны кольцам унутры кiшкi (унутраны) або звонку адтулiны задняга праходу (вонкавы)». Пры развiццi хваробы ў вобласцi ануса з’яўляецца зуд, гарачыня, узнiкае адчуванне iншароднага цела ў прамой кiшцы, а пры наяўнасцi запалення або трэшчын слiзiстай — павышэнне тэмпературы, боль, асаблiва падчас стулу. Для гемарою таксама характэрны крывацёкi да, падчас або адразу пасля стулу. Калi ўзнiкае? Кожны з нас, рана цi позна, можа сутыкнуцца з праблемай гемарою, бо прычын для з’яўлення гэтай непрыемнасцi даволi шмат. Сярод iх такiя процiлеглыя з’явы, як маларухомы лад жыцця i цяжкая фiзiчная праца. Недастатковая актыўнасць не стымулюе кровазварот, а фiзiчныя перагрузкi выклiкаюць затрымку крывi ў венах, павышаюць вянозны цiск, што ўрэшце прыводзiць да страты вянознымi сценкамi эластычнасцi. Фактарамi рызыкi таксама з’яўляюцца хранiчныя запоры, злоўжыванне алкаголем або вострай ежай, празмернае прымяненне антыбiётыкаў, цяжарнасць i роды. Усё гэта садзейнiчае развiццю застойных з’яў у малым тазе, знiжэнню маторнай функцыi кiшэчнiка, перапаўненню гемараiдальных вен крывёю, што, у сваю чаргу, выклiкае iх балючае перарасцяжэнне i выпiнанне ў прасвет прамой кiшкi. Як жыць з гемароем? Звярнiце ўвагу на сваё харчаванне. Нармальны, збалансаваны сутачны рацыён абавязкова павiнен змяшчаць дастатковую колькасць вадкасцi (2—3 лiтры) i прадуктаў, якiя аказваюць дабратворнае ўздзеянне на кiшэчную перыстальтыку (чорны i вотруб’евы хлеб, агароднiна i садавiна, чарнаслiў, аўсяныя, грэцкiя, ячныя крупы, грубавалакнiстыя сарты мяса i г.д.). Калi ёсць схiльнасць да запораў, варта адмовiцца ад пастаяннага ўжывання слабiцельных сродкаў. Замест iх перыядычна ўключайце ў свой рацыён бiяактыўныя кiсламалочныя прадукты, якiя падтрымлiваюць нармальную работу кiшэчнiка. Старайцеся не злоўжываць спiртнымi напоямi, а таксама празмерна вострымi, рэзкiмi, смажанымi, вэнджанымi стравамi. Займiцеся гiгiенай. Важную ролю ў прафiлактыцы абвастрэнняў гемарою адыгрывае гiгiена стулу. Неабходна пазбягаць як празмернага натужвання пры яго ажыццяўленнi, так i доўгага сядзення на стульчаку — абодва фактары правакуюць развiццё гемараiдальных крызаў. Акрамя таго, хвораму трэба старацца па магчымасцi праводзiць не «сухi», а «вiльготны» туалет перыанальнай вобласцi пасля стулу. Калi ж гэта немагчыма, варта выкарыстоўваць увiльгатняльныя мяккiя сурвэткi. Нармалiзуйце рухальную актыўнасць. Калi ваша работа адносiцца да катэгорыi «сядзячай», абавязкова вазьмiце сабе за правiла правядзенне 5—10-хвiлiнных перапынкаў пасля кожнай гадзiны, праведзенай на крэсле — офiсным, аўтамабiльным або стаматалагiчным. Дарэчы, для чалавека, хворага на гемарой, больш падыходзяць паўцвёрдыя або цвёрдыя сядзеннi. Падчас перапынку (толькi калi няма абвастрэння хваробы) можна выканаць некалькi нескладаных практыкаванняў: 1. Зыходнае становiшча: стоячы. Скрыжаваць ногi, рытмiчна напружваць мышцы ягадзiц i задняга праходу. 2. Зых. стан.: седзячы на крэсле, спiна прамая, корпус крыху нахiлены наперад. Рытмiчна напружваць мышцы задняга праходу. (Заўвага: сядзенне крэсла павiнна быць цвёрдым.) Кожнае практыкаванне паўтарыць 10 разоў. Для людзей, якiя пакутуюць ад гемарою, не падыходзяць заняткi сiлавымi практыкаваннямi (падыманне цяжару), процiпаказаны язда на веласiпедзе, конны спорт. Народная медыцына рэкамендуе наступныя рэцэпты для лячэння гемарою: * Абмытыя лiсты асiны накладваць на гемараiдальныя шышкi на 1—2 гадзiны. * Са спелага гарбуза выцiснуць сок, працадзiць праз марлю, пiць па 50—75 г нашча ранiцай i вечарам перад ядой. Курс лячэння 2—4 тыднi. Сок трэба гатаваць штодзень. * Спарыш (драсён птушыны). Засыпаць у тэрмас 2 ст. лыжкi здробненай сыравiны, залiць 2 шк. кiпеню, настойваць 1—2 гадзiны, працадзiць. Прымаць па 1 ст. лыжцы 4 разы на дзень да яды. * Стальнiк калючы. 30 г сыравiны залiць лiтрам вады, кiпяцiць у закрытай пасудзiне да змяншэння аб’ёму на палову. Затым адвар працадзiць, далiць гатаванай вадой да зыходнага аб’ёму. Пiць па 1/4 шклянкi 3 разы на дзень да яды i на ноч перад сном. * Шчаўе конскае. 2 ст. лыжкi здробненых карэнiшчаў залiць 1 шк. кiпеню, адварваць на вадзяной лазнi 20 хвiлiн, настойваць 10 хвiлiн. Прымаць па 0,3 шклянкi 2—3 разы на дзень да яды. * Збор: трава медунiцы, лiсце трыпутнiку, лiсце шалфею, трава цвiнтарэю, трава палыну — усё бярэцца роўнымi часткамi. 1 ст. лыжку збору залiць 1 шк. кiпеню, дадаць 1 ст. лыжку мёду, кiпяцiць 10 хвiлiн. Працадзiць. Далiць гатаванай вадой да аб’ёму 1 шклянкi. Прымаць па 1 ст. лыжцы 2 разы на дзень перад ядой. Вялiкую карысць пры лячэннi гемарою прыносяць сядзячыя ванны з настоямi лекавых раслiн. * Дуб звычайны. 4—5 ст. лыжак здробненай кары залiць 2 шк. кiпеню, гатаваць 30 хвiлiн, настойваць 10 хвiлiн, працадзiць. * Кара дуба, трава вятроўнiку, лiсце гусялапкi, трава палыну, пупышкi хвоi — роўнымi часткамi. * Кветкi рамонку, трава крапiвы, лiсце трыпутнiку — па 1 частцы, кара дуба — 3 часткi, лiст падбелу — 2 часткi. Прыгатаваны настой разбаўляецца цёплай вадой да 4—5 лiтраў. Ванна павiнна быць гарачай, але цярпiмай. Працэдуру праводзяць на працягу 15—20 хвiлiн. Многiя лiчаць, што гемарой — бяскрыўднае захворванне, таму не спяшаюцца лячыць яго. На самай справе, наступствамi гэтай хваробы могуць быць астэнiя, сiндром хранiчнай стомленасцi, захворваннi мочапалавой сiстэмы, апорна-рухальнага апарату, скуры. Але самае страшнае: гемарой — адна з прычын узнiкнення раку прамой кiшкi. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Вось гемарой...» — кажам мы ў паўсядзённым жыццi пра нейкiя сур’ёзныя цяжкасцi. Так, назва адной з хвароб даўно ўжо стала сiнонiмам вялiкiх непрыемна |
|