Псiхiчнае здароўе
Надзея НIКАЛАЕВА
У групе рызыкi — журналiсты i будаўнiкi...
...а самае спакойнае жыццё — у бiблiятэкараў i музейных работнiкаў Згодна з прагнозамi навукоўцаў, у ХХI стагоддзi сардэчна-сасудзiстыя захворваннi, якiя пакуль што займаюць першы радок сярод прычын смяротнасцi насельнiцтва на нашай планеце, могуць адысцi на другі план, а iх месца зойме...дэпрэсiя. Спецыялiсты паспелi ахрысцiць дэпрэсiю «забойцай нумар адзiн». Як вынiкае з праведзеных у эканамiчна развiтых краiнах свету эпiдэмiялагiчных даследаванняў (у Беларусi грунтоўных эпiдэмiялагiчных даследаванняў псiхiчнага здароўя нiколi не праводзiлася), сёння ад розных формаў псiхiчных расстройстваў пакутуюць ад 13 да 15 працэнтаў зямлян. Колькасць жа хворых на шызафрэнiю дасягае ў свеце 45 мiльёнаў чалавек, а ад дэпрэсii пакутуюць ад 7 да 10 працэнтаў насельнiцтва планеты. Менавiта дэпрэсiя i шызафрэнiя становяцца прычынамi 60 працэнтаў завершаных суiцыдаў. У Беларусi кожны год спецыялiстамi рэспублiканскай псiхiятрычнай службы выяўляюцца i рэгiструюцца больш за 50 тысяч чалавек з упершыню ў жыццi выяўленымi псiхiчнымi расстройствамi, а таксама расстройствамi паводзiнаў. Колькасць жа пацыентаў, якiя знаходзяцца пад наглядам псiхiятраў, вагаецца з году ў год ад 221 да 227 тысяч чалавек. Мiж iншым, галоўны псiхiятр Мiнiстэрства аховы здароўя нашай краiны Павел РЫНКОЎ сцвярджае, што распаўсюджанае сярод насельнiцтва меркаванне аб тым, што псiхiчныя захворваннi з’яўляюцца невылечнымi, не мае пад сабой нiякiх падстаў. Штогод з псiхiятрычнага ўлiку знiмаюцца больш за 55 тысяч пацыентаў... Пераважная большасць дзяцей i падлеткаў, што знаходзяцца пад наглядам, пакутуюць ад неўрозаў i неўратычных расстройстваў, а вось цяжкiя псiхозы распаўсюджаны пераважна сярод дарослага насельнiцтва. Замежнымi навукоўцамi была створана шкала, якая ўказвае на ступень адаптацыi i нашай рэакцыi на розныя жыццёвыя падзеi. Усяго iх зафiксавана 43, i кожнае з iх ацэньваецца ў адзiнках. Напрыклад, смерць мужа цi жонкi ацэньваецца ў 100 адзiнак. Калi чалавек, згодна з гэтай шкалой, набiрае на працягу года больш за 200 адзiнак, то рызыка атрымаць трывожна-дэпрэсiўныя цi псiхасаматычныя расстройствы павялiчваецца ў яго шматразова. Гэта тлумачыцца тым, што стрэсары (акалiчнасцi, якiя ўплываюць на чалавека) негатыўнага характару заўсёды сумiруюцца, у вынiку чаго звычайны канфiлікт у транспарце або чарзе можа стаць у шэрагу падзей апошняй кропкай i прывесцi да эмацыянальнага выбуху. Для першай стадыi стрэсу характэрна пачуццё трывогi. На другой стадыi, калi стрэсар працягвае дзейнiчаць на нас, мы пачынаем задзейнiчаць антыстрэсавыя сiстэмы аховы арганiзма або выкарыстоўваць сiстэмы аховы, якiя ўжо маем: гэта можа быць жыццёвы вопыт, атрыманыя раней веды i г.д. Адным словам, робiм канкрэтныя крокi, каб зменшыць адчуваемы дыскамфорт. Запас антыстрэсавай трываласцi ў кожнага асабiсты. Найбольш схільны да стрэсаў сацыяльна неўладкаваныя людзi: адзiнокiя маладыя жанчыны, старыя, нацыянальныя меншасцi, эмiгранты i людзi з нiзкай самаацэнкай. Мiж тым схiльнасць да стрэсаў напрамую залежыць i ад нашай з вамi работы. У шкале стрэсаў, складзенай псiхолагамi для больш чым паўтары сотнi прафесiй, першае месца займаюць шахцёры — 8,3 бала па 10-бальнай шкале, далей iдуць ахоўнiкi правапарадку — 7,7 бала. 7,5 бала набралi журналiсты i будаўнiкi, 7,3 бала — стаматолагi, 7,2 бала — акцёры, 7 — палiтычныя дзеячы, 6,8 — урачы, 5,4 — вадзiцелi грамадскага транспарту i 4,8 бала — дыпламаты. Схiльнасць да стрэсаў узрастае i пры чаргаваннi дзённых i начных рытмаў работы. А найбольш спакойна жывецца супрацоўнiкам бiблiятэк, выстаў i музеяў, якiя набiраюць па шкале стрэсаў усяго 2,8 бала. Варта патлумачыць, што стрэсавая шкала вызначалася спецыялiстамi па частаце сярод прадстаўнiкоў розных прафесiйных сфер сардэчных прыступаў, дарожных здарэнняў, скасавання шлюбаў, схiльнасцi да алкагалiзму i некаторых iншых фактараў. Магчыма, камусьцi гэта меркаванне падасца спрэчным, але спецыялiсты-псiхiятры лiчаць, што напружаная разумовая праца не можа стаць прычынай псiхiчных расстройстваў: усё залежыць ад таго, наколькi граматна яна арганiзаваная i ад яе прадукцыйнасцi «на выхадзе». У тым выпадку, калi стрэсар аказваецца надзвычай цяжкiм, ахоўныя механiзмы арганiзма могуць яму адмовiць. Чалавека ахоплiвае пачуццё бездапаможнасцi i безнадзейнасцi. У дэпрэсii i стрэсу iснуе шмат агульных сiмптомаў: гэта парушэннi сну, раздражняльнасць, унутраная трывога, прадчуванне непрыемных падзей, пачашчанае сэрцабiццё, павышаная патлiвасць, сухасць у роце цi, наадварот, павышанае слiнааддзяленне, замiранне сэрца, непрыемныя адчуваннi ў жываце. Праблема заключаецца ў тым, што пры дэпрэсiях большасць пацыентаў звяртаюцца да тэрапеўтаў цi гiнеколагаў са скаргамi на болi ў сэрцы, хуткую стамляльнасць, парушэннi менструальнага цыклу, гiнекалагiчны дыскамфорт, i ўрачы пачынаюць змагацца з вынiкамi, а не з прычынай хваробы. А вось звярнуцца па псiхiятрычную цi псiхатэрапеўтычную дапамогу лiчыцца для многiх ганебным. Негатыўныя адносiны да псiхiятрычнай дапамогi засталiся нам у спадчыну з савецкiх часоў, калi чалавек нават з непрацяглымi нервовымi i псiхiчнымi расстройствамi мог з лёгкасцю атрымаць кляймо «псiха» на ўсё жыццё i паставiць такiм чынам «крыж» на сваёй кар’еры. Вынiкi праве- дзеных навуковых даследаванняў сведчаць таксама аб тым, што ў старых людзей, якiя знаходзяцца ў дэпрэсiўным стане, рызыка развiцця анкалагiчных захворванняў узрастае на 88 працэнтаў, а ў мужчын, што знаходзяцца ў дэпрэсiўным стане, рызыка развiцця iшэмiчнай хваробы сэрца ўзрастае адразу ў тры разы. На канферэнцыi Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, прысвечанай праблемам псiхiчнага здароўя, былi агучаны наступныя факты i лiчбы: медыкi, у прыватнасцi, падлiчылi, што ад самазабойстваў на нашай планеце гiне больш людзей, чым ад усiх войнаў i ўзброеных канфлiктаў разам узятых. Штогод добраахвотна пакiдаюць жыццё каля аднаго мiльёна чалавек (адзiн чалавек — кожныя 40 секунд). Але гэта толькi, так бы мовiць, спробы, якiя ўдалiся. Колькасць жа няўдалых спробаў развiтацца з жыццём дасягае ў год 10—20 мiльёнаў. Суiцыдальную актыўнасць беларусаў медыкi характарызуюць як вельмi высокую. У абсалютных лiчбах колькасць самазабойстваў у нашай краiне быццам бы знiжаецца: калi ў 2000 годзе лятальным зыходам завяршылiся 3397 здзейсненых спроб развiтацца з жыццём, то ў 2004 годзе — 3295. Аднак за чатыры гады скарацiлася i колькасць жыхароў Беларусi. Такiм чынам агульны паказчык суiцыдаў па краiне не знiзiўся а, наадварот, павялiчыўся з 32 да 33,5 выпадкаў на 100 тысяч насельнiцтва. У скандынаўскiх краiнах, дзе раней таксама назiралася высокая суiцыдальная актыўнасць насельнiцтва, спецыялiстам удалося даказаць, што ўзровень суiцыдаў напрамую залежыць ад распаўсюджанасцi алкагалiзму. У прыватнасцi, скандынавы ўстанавiлi, што знiжэнне колькасцi спажываемага алкаголю на душу насельнiцтва на адзiн лiтр аўтаматычна знiжае ўзровень суiцыдаў на 5 адзiнак. Прасцей кажучы, калi б беларусам удалося зменшыць колькасць алкаголю на душу насельнiцтва ўсяго на адзiн лiтр (а ў нас на кожнага, уключаючы немаўлят, прыпадае больш за 9 лiтраў абсалютнага алкаголю), узровень суiцыдаў зменшыўся б у нас з 33 да 28 выпадкаў на 100 тысяч насельнiцтва. Заўважана, што мужчын сярод самазабойцаў прыкладна ўтрая больш, чым жанчын. Праўда, жанчыны робяць у 7—8 разоў больш спроб звесцi рахункi з жыццём. Аднак пры гэтым яны выкарыстоўваюць не вельмi надзейныя спосабы, таму далёка не ўсе iх спробы пакончыць жыццё дасягаюць пастаўленай мэты. Яшчэ менш завершаных суiцыдаў сярод падлеткаў i дзяцей. Значна больш сярод гэтай катэгорыi насельнiцтва так званых дэманстратыўных суiцыдаў, калi дзецi спрабуюць прыцягнуць да сабе i сваiх праблем увагу навакольных. А самы нiзкi па краiне ўзровень суiцыдаў назiраецца ў беларускай сталiцы. Медыкi тлумачаць гэту акалiчнасць даступнасцю для мiнчан псiхатэрапеўтычнай дапамогi i наяўнасцю ў сталiцы двух так званых тэлефонаў псiхалагiчнага даверу (для падлеткаў i дарослых). Да таго ж у Мiнску дзейнiчаюць i 23 кабiнеты псiхатэрапеўтычнай дапамогi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У групе рызыкi — журналiсты i будаўнiкi...
|
|