Поле суседа — тваё поле
Дзмiтрый АЛЬФЕР, Крупскi раён
У Крупскiм раёне падчас жнiва працуюць не толькi работнiкi гаспадарак, але i вайскоўцы, прадстаўнiкi калектываў усiх прадпрыемстваў раёна, школьнiкi i пенсiянеры. Апошнiм, акрамя грашовай аплаты, за дапамогу ва ўборцы гаспадаркi адпускаюць сена i збожжа, прадастаўляюць скiдкi на апрацоўку камбайнамi i трактарамi прысядзiбных участкаў. Жыхарам вёсак, якiя працавалi на полi, набытыя ў гаспадарках бульба i буракi прадаюцца па нiжэйшых расцэнках.
Паводле слоў выконваючага абавязкi начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Крупскага райвыканкама Iгара Пратасенi, мясцовых жыхароў прыцягваюць да ўборкi так званай «палеглiцы» — участкаў поля, якiя знаходзяцца ў нiзiнах або былi пашкоджаныя надвор’ем. Здаецца, колькi можа нажаць сямiдзесяцiгадовая пенсiянерка, тым больш толькi пры дапамозе «бацькоўскага» сярпа? Два-тры, ну, можа, чатыры мяхi... А вось i не, у мiнулым годзе такiм чынам у раёне было сабрана трыста тон хлеба! Такi ж аб’ём могуць перавезцi 75 машын, якiя адвозяць збожжа ад камбайна. Згодна з запланаваным, крупская зямля ў гэтым годзе павiнна сабраць 78 тысяч тон збожжа. Канешне, трыста тон у параўнаннi з гэтай лiчбай як кропля ў моры, аднак жа ва ўборачнай кампанii гэтага года стратаў, як нiколi раней, быць не павiнна. — Мы змянiлi i метады. Зараз за кожным камбайнерам замацоўваецца пэўная плошча, якую ён павiнен апрацаваць за адзiн дзень. Адпаведна паляпшаецца якасць, можна сачыць за працай кожнага. Кожная ўборачная — непаўторная, тут трэба не толькi выкананне планаў, але i творчая думка, пошук новых рашэнняў. Тады i будзе поспех. На дапамогу ў раён прыйшлi 60 новых камбайнаў беларускай i замежнай вытворчасцi. Калi ў нейкiх гаспадарках уборка скончыцца, тэхнiка, што працавала там, будзе накiравана на палi суседзяў — мы ўсе робiм адну агульную справу, таму няма такога — маё поле цi не маё, — кажа Iгар Пратасеня. Па ўсёй краiне работнiкам сельскай гаспадаркi дапамагаюць i ваеннаслужачыя — кантрактнiкi, прапаршчыкi, афiцэры. На мiнулым тыднi ў Крупскi раён на ўласнай тэхнiцы прыехалi сорак чалавек у пагонах. Яны будуць працаваць на адвозцы зерня, дастаўляць палiва, выконваць iншыя заданнi. — Я прыехаў з Полацка, на машыне сваёй вайсковай часцi, — паведамляе сяржант кантрактнай службы Васiль Куранок. — Ранiцай вазiў дровы для СВК «Старасельскае». Дарэчы, зернесушылка ў гаспадарцы свая, вытворчасцi мясцовага прадпрыемства. Увогуле мне тут падабаецца — вайскоўцаў пасялiлi ў асобнай хаце, з выгодамi. З харчаваннем i запраўкай усё цудоўна. Так i павiнна быць — падчас уборачнай усе, хто могуць, дапамагаюць сельскай гаспадарцы. Падабаецца яшчэ i таму, што ёсць адчуванне — працуеш на агульную карысць. А вось школьнiкам праца на зернетаках дае магчымасць вырашыць некалькi праблем — i заняць вольны час летам, i крыху падзарабiць, каб у бацькоў грошы не прасiць. Вучанiца адзiнаццатага класа вучэбна-педагагiчнага комплексу «Хацюхоўскi дзiцячы сад — агульнаадукацыйная сярэдняя школа» Наталля Патапёнак працуе вагаўшчыцай у СВК «Шчаўры». Прыйшла ў пачатку лiпеня i плануе закончыць працу ў вераснi — з наступленнем вучэбнага года яна будзе вучыцца ў другую змену: — У першы месяц я зарабiла каля 200 тысяч рублёў. Што куплю на гэтыя грошы? Да школы падрыхтуюся, ды i мабiльны тэлефон хачу набыць. Я лiчу, што дапамога на жнiве — найбольш удалы спосаб падзарабiць грошай для падлеткаў летам. Аднак неабходна ўлiчваць i тэхнiку бяспекi. Як паведамiў намеснiк старшынi Крупскага райвыканкама Уладзімiр Загорскi, за працай школьнiкаў на жнiве абавязкова назiраюць старэйшыя. Завальныя ямы абгароджаныя, з дзецьмi кожны дзень праводзяць iнструктаж. Акрамя таго, ад кожнага з бацькоў трэба пiсьмовая згода на працу iх сына або дачкi — толькi тады дзецi могуць пiсаць заяву на часовую працу ў гаспадарках. — Школьнiкi працуюць i на сельскагаспадарчых дварах — убiраюць смецце, а таксама на зернетаках, выконваюць пагрузачныя работы, канешне ж, тыя, якiя дазваляе iх фiзiчны стан. Вельмi строга распланаваны час працоў-нага дня, — падкрэслiвае Уладзiмiр Загорскi. — Падчас уборачнай да месца прыходзiцца любая дапамога, таму мы з ахвотай прымаем усiх. А для школьнiкаў вельмi прыемна, што i яны, i iх бацькi атрымаюць асабiсты падзячны лiст ад старшынi райвыканкама. Што ж датычыцца грошай, то зарабiць яны могуць нармальна для свайго ўзросту — прыблiзна 7—10 тысяч за дзень. Дадайце да гэтага павагу з боку бацькоў i аднагодкаў, прэмiю з рук старшынi сваёй гаспадаркi. Таму i працуюць усе старанна i з ахвотай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Крупскiм раёне падчас жнiва працуюць не толькi работнiкi гаспадарак, але i вайскоўцы, прадстаўнiкi калектываў усiх прадпрыемстваў раёна, школьнiкi i |
|