Соткi прыватныя, але клопат — агульны
Барыс ПРАКОПЧЫК
На гэтым тыднi ў СВК «Абухава» Гродзенскага раёна павiнна фiнiшаваць жнiво на кааператыўных палетках (сярэдняя ўраджайнасць перавышае 60 цэнтнераў з гектара) i тэхнiка гаспадаркi адразу ж накiруецца на прысядзiбныя ўчасткi. Паводле слоў старшынi Абухаўскага сельскага Савета Алены Пiхун, уборка там будзе праведзена за два — максiмум тры днi i, такiм чынам, нiхто не застанецца пакрыўджаным. Трэба толькi падаць заяўку загадчыку ўчастка.
— Кожны жыхар сельсавета мае права на атрыманне 35 сотак зямлi ў полi, — расказвае Алена Аляксандраўна. — У гэтых межах могуць вырошчвацца i бульба, i ячмень, i кукуруза. Хочаш — увесь ураджай забiрай сабе, а хочаш, як гэта ў асноўным i бывае — гаспадарка купiць тваё збожжа. Таму мы заўсёды заклапочаны тым, якая будзе ўраджайнасць ячменю i кукурузы, паколькi ад гэтага залежыць i аплата. Такое задавальненне, канешне, не бясплатнае. Аднак пераважную частку клопатаў аб прыватных сотках бярэ на сябе гаспадарка. Мяркуйце самi. Сотка пад ячмень для насельнiцтва сёлета каштуе 4457 рублёў, пад бульбу — 8082 i пад кукурузу — 9531 рубель. Заплацiў, прадаставiў квiтанцыю i не абавязкова нават ведаць, дзе знаходзяцца твае сельгаскультуры, бо i пасадку, i апрацоўку раслiн, i ўборку ўраджаю выконвае кааператыў. Затым чалавек прыходзiць у сельскi Савет, бярэ даведку, што ў яго пасаджана, дапусцiм, 20 сотак кукурузы, 10 — бульбы i 5 — ячменю. Бульбу ты атрымаў, а за астатняе гаспадарка плацiць табе грошы, зразумела, утрымлiваючы за расходы на апрацоўку прыватных сотак. Вось так у кааператыве клапоцяцца аб матэрыяльным дабрабыце сваiх людзей. I не толькi камбайнераў цi даярак, але i настаўнiкаў, медыкаў, работнiкаў культуры, якiя маюць такiя ж правы на соткi ў полi, як i спецыялiсты вытворчай сферы. А для пенсiянераў — iльгота: у межах тых жа 35 сотак кожны чалавек можа атрымаць 15 сотак бясплатна. I калi ў калгасе працавалi муж i жонка, то пры жаданнi яны атрымаюць бясплатна 30 сотак. — Тэрыторыя нашага сельсавета вялiкая, але мы стараемся, каб нiхто не адчуваў сябе забытым, — гаворыць Алена Пiхун. — У вёсцы Котра, да прыкладу, жыве шмат пенсiянераў, якiя раней працавалi не ў нашай гаспадарцы, а на iншых прадпрыемствах. Аднак мы не лiчым гэтых людзей чужымi, выдзяляем iм пяць гектараў (на ўсiх) пад бульбу. Старасты толькi збiраюць грошы, здаюць квiтанцыю аб аплаце за гэтыя соткi, а ўсё астатняе — за кааператывам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэтым тыднi ў СВК «Абухава» Гродзенскага раёна павiнна фiнiшаваць жнiво на кааператыўных палетках (сярэдняя ўраджайнасць перавышае 60 цэнтнераў з г
|
|