А цi былi яны — бацькi?ЁСЦЬ ПЫТАННЕ Цiшыню дома ў той вечар парушыў працяглы тэлефонны званок — мiжгорад. Голас на тым канцы провада быў незнаёмы. Знаёмае — прозвiшча. Ды i клопат: для льготнай чаргi на жыллё хлопцу патрэбны былi: а) пасведчанне аб смерцi мацi, б) рашэнне суда аб пазбаўленнi правоў бацькi i в) даведка аб тым, што вырас у школе-iнтэрнаце.Тры дакументы, як тры прыступкi, якiя — з аднолькавым поспехам — маглi павесцi i ўнiз, i ўверх. ...Першае каханне яго матулi было падобным на птушку, якая нiколi не вяртаецца на тое дрэва, дзе дзёрзкая рука чалавека дакранулася да гнязда. Самае крыўднае, што ў яе выпадку рука была не чужая — свякроў, Бог ведае што пачуўшы i што падумаўшы, зрабiла ўсё, каб сямейнае жыццё ў сына, у яе не злажылася. Iсцi насуперак — маладзенькая нявестка не ўмела i не магла: яна цiха адступiла. Узнагародай за гэта — праз некалькi доўгiх гадоў — здалося новае каханне i нараджэнне сына. Але шчасце зноў пасвяцiла-пагрэла нядоўга: абранца яе больш цiкавiла выпiўка, чым дом i сям’я. Угаворвала, пераконвала, плакала, шкадавала, пагражала — усё дарэмна. Адступiла яшчэ раз. I яшчэ раз засталася адна. Дакладней — з малым дзiцем, з прыкаванай да ложка мацi, з iнвалiдам-сястрой. Да таго ж — з непамерна цяжкiм возам вясковых праблем. Трэба было перасыпаць хату, рамантаваць хлеў, касiць на зiму сена, ставiць платы, садзiць агарод, збiраць ураджай. Спраўлялася неяк. «Гора, — жартавала, — i не таму навучыць...» Але ж калi да яе, ужо далёка не дзяўчынкi, пасватаўся стары халасцяк, доўга не раздумвала i замуж пайшла — цеплiлася надзея, што i ў яе будзе поўная сям’я, муж i мужчына ў доме, будзе — хай не родны, але ж бацька ў яе дзiцяцi... З-за яго, напэўна, усё i пачалося. Сын хварэў, мацi — нi аб чым больш думаць не магла, а муж — стаў прыдзiрацца i крыўдзiцца, на кожным кроку падкрэслiваць сваю вучонасць, сваю прыналежнасць да кiруючага саставу i яе, чалавечую i жаночую нiкчэмнасць. Цярпець, ды штодзень, падобныя папрокi i знявагi сiл не было — i... яна зноў вярнулася ў родную хату. На гэты раз — ужо з двума сынамi. Сказаць, што ёй было цяжка, значыць, не сказаць нiчога. I ўсё ж, напэўна, каб не тая сустрэча... На трэцi дзень Вялiкадня яна вяла ў садок меншага сына i непадалёк убачыла свайго былога... Не раздумваючы — свята ж — у маленькую дзiцячую ручку палажыла чырвонае яечка, сказала: « Ты нiколi не бачыў яго, але ж гэта — твой тата. Iдзi, павiншуй...». Рэакцыя — нават для яе — была больш чым нечаканай. «Бацька» выхапiў з рук тую крашанку, адштурхнуў дзiця... У адрас мацi, як каменнi, паляцелi брыдкiя словы. Яна б, вiдаць, iх не вытрымала, калi б не малы — падхапiла на рукi яго спалоханае дрыжачае цельца i, нябачачы дарогi, пайшла прэч... А голас у вушах усё гучаў. Чуючы яго i праз дзень, i праз тыдзень, яна не магла падняць галавы. З вясёлай, заўжды аптымiстычна настроенай, добразычлiвай яна ператваралася ў хваравiта-зацятую, спалоханую, уразлiвую. З ёй ужо неяк не так трэба было размаўляць... Хоць бы нейкi перыяд... Калi супрацоўнiкi, аднавяскоўцы зразумелi гэта, было ўжо позна. У перадсмяротнай запiсцы, адрасаванай старэйшаму сыну, яна папрасiла яго не кiдаць вучобу, меншага здаць у iнтэрнат. Свой жа ўчынак патлумачыла кароткiм «...Я больш так жыць не магу». «Адмаўляцца ад жыцця пад уплывам нясцерпных унутраных калiзiй — на гэта здольныя толькi рэдкiя, выключна высакародныя людзi» — лiчыў Энштэйн. Да слоў яго можна аднесцiся па-рознаму. У тых выпадках, калi на дно, а потым да самагубства чалавека штурхае разбэшчанасць i наркотыкi — гэта, мо, i заканамерны вынiк, якi ў нейкай ступенi не выклiкае жалю. Калi ж суiцыд — гэта вынiк пакут i поўнага неразумення — сiтуацыя павiнна дэталёва аналiзавацца i праўдзiва ацэньвацца, вiнаватыя — несцi адказнасць... Зрэшты, у гэтым выпадку пра яе гаварыць ужо позна. Прайшлi гады. Большы сын, як прасiла мацi, не кiнуў вучобу. У iнтэрнаце вырас малодшы. Абодва, хоць i сiроты — прыстойныя людзi, у абодвух, дарэчы, вельмi многа ад мацi — у тварах, характарах. I нiчога, здаецца, ад бацькаў. Апроч прозвiшчаў. Нiна БУРКО, г. Беразiно.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цiшыню дома ў той вечар парушыў працяглы тэлефонны званок — мiжгорад. Голас на тым канцы провада быў незнаёмы. Знаёмае — прозвiшча. Ды i клопат: для л |
|