Беларускае слова загучыць сёлета на ўвесь голас у Паставах
Таццяна ШУПЕНЬКА
Прайшоў год, i вось мы амаль дачакалiся ўжо трынаццатага па лiку Дня беларускага пiсьменства. Дачакалiся гэтага прыгожага светлага свята беларускага слова, друкаванага i не толькi, беларускай паэзii i песнi, беларускай культурна-асветнiцкай спадчыны. Гасцей Дня беларускага пiсьменства сёлета будзе прымаць Вiцебшчына ў прыгожым мястэчку Паставы, гiсторыя якога адлiчвае ўжо пятае стагоддзе. Да свята, якое пройдзе 2—3 верасня, застаецца яшчэ крыху больш тыдня, i арганiзатары ўжо раскрываюць некаторыя «козыры» сёлетняга фэсту.
Але перш пра самiх арганiзатараў. Разам з гаспадарамi — Пастаўскiм райвыканкамам i Вiцебскiм аблвыканкамам рыхтуюць свята мiнiстэрствы iнфармацыi, культуры i адукацыi, а ўзначальвае аргкамiтэт намеснiк прэм’ер-мiнiстра Аляксандр Косiнец. Паводле слоў першага намеснiка мiнiстра iнфармацыi Лiлii Ананiч ужо добрай традыцыяй свята стала адраджэнне культурна-гiстарычнай спадчыны тых мясцiн, дзе яно праводзiцца. Так i сёлетнiя Паставы адкрыюць перад гасцямi i жыхарамi горада дзверы адбудаванага Дома культуры, новага рэтра-кафэ, Палаца Тызенгаўза (помнiка класiцызму першай паловы ХIХ ст.), на тэрыторыi якога 2 верасня будзе адкрыты помнiк Канстанцiну Тызенгаўзу. — У аснове канцэпцыi сёлетняга Дня беларускага пiсьменства, — адзначае Лiлiя Ананiч, — будзе своеасаблiвая справаздача выдаўцоў, палiграфiстаў, журналiстаў перад грамадствам. Таму што друкаванае слова — гэта ў першую чаргу тое, што знiтоўвае нас з гiсторыяй, тое, што ўпiсвае свой яскравы след у сучаснасць, тое што i праз стагоддзi будуць чытаць нашчадкi пра нас i нашу краiну. Менавiта беларускiя выдаўцы, лiтаратары, журналiсты, беларускiя кнiгi i выданнi традыцыйна будуць галоўнымi гасцямi гэтага свята. Вялiкую цiкавасць да Дня беларускага пiсьменства мы адзначаем з боку грамадства, дзяржаўных органаў улады, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў нашай краiне (удзел у свяце пацвердзiлi звыш 20-цi пасольстваў). Гэта падзея падштурхне ў развiццi не толькi культурна-асветнiцкае жыццё Пастаўшчыны, але i, мы спадзяёмся, турыстычную галiну краю. З добрых навiн трэба адзначыць, што ў гэтым годзе ўпершыню рэспублiканскi конкурс «Мастацтва кнiгi» набывае статус нацыянальнага. Пераможцы ў 19 намiнацыях будуць адзначаны ганаровымi знакамi-сiмваламi «Залаты фалiянт». А калi закранаць традыцыi свята, то яно не абыдзецца без сваёй равеснiцы — навукова-творчай экспедыцыi «Дарога да святыняў». — Сёння кнiгавыданню Беларусi лёгка трымаць справаздачу на Днi беларускага пiсьменства, — працягвае Лiлiя Станiславаўна, — таму што апошнiя гады мы адзначаем высокi ўзровень выдання беларускай кнiгi. Сведчаннем таму сталi вынiкi 3-га Мiжнароднага конкурсу «Мастацтва кнiгi» краiн СНД, якi праходзiў у Маскве. Тут беларускiя выданнi атрымалi 7 дыпломаў i ў тым лiку Гран-пры конкурсу за фотаальбом «Чарнобыль» выдавецтва «Рыфтур». На выдавецкай глебе Беларусi сёння працуе, акрамя 6 дзяржаўных выдавецтваў, больш як 200 выдаўцоў розных формаў уласнасцi. У першым паўгоддзi гэтага года ў краiне выдадзена больш за 6,5 тысячы кнiг i брашур агульным тыражом 28,7 мiльёна экземпляраў, што больш на 16 працэнтаў па назвах i на 41,6 працэнта па тыражу за мiнулагоднiя паказчыкi. 421 найменне кнiг было выдадзена на беларускай мове, з iх больш за 75 працэнтаў — камерцыйнымi выдавецтвамi, што гаворыць аб трывалым попыце на беларускае друкаванае слова. Асобна трэба адзначыць тую вялiкую дзяржаўную падтрымку, якая аказваецца сацыяльна значным праектам кнiгавыдання. Сёння са сродкаў рэспублiканскага бюджэту выдзяляюцца субсiдыi на выпуск 30 лiтаратурна-мастацкiх, навукова-метадычных, маладзёжных, дзiцячых, спецыялiзаваных, грамадска-палiтычных выданняў. Ад сябе хачу дадаць, што ў нашай газеце, шаноўныя чытачы, вы яшчэ не раз прачытаеце пра Дзень беларускага пiсьменства, у якiм «Звязда» традыцыйна прыме актыўны ўдзел. Так што да сустрэчы ў Паставах! Мы будзем вельмi рады вас бачыць каля стэнда нашай газеты!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прайшоў год, i вось мы амаль дачакалiся ўжо трынаццатага па лiку Дня беларускага пiсьменства |
|