З’еў летам 10 кiлаграмаў ягад — i ўсю зiму не ўспамінаеш пра ўрачоў
Як вядома, многiя харчовыя пладова-ягадныя раслiны, грыбы валодаюць лекавымi ўласцiвасцямi i на працягу многiх гадоў выкарыстоўваюцца насельнiцтвам як традыцыйныя прадукты харчавання, з якiмi ў арганiзм уносяцца амiнакiслоты, вiтамiны, мiкраэлементы, неабходныя для жыццядзейнасцi арганiзма. А некаторыя вiды грыбоў (такiя, як апенькi асеннiя, вешанка звычайная, белы грыб, лiсiчка звычайная) выводзяць з арганiзма канцэрагенныя рэчывы i цяжкiя металы, тым самым выконваючы прафiлактычную i лячэбную ролю ва ўзнiкненнi ракавых, сардэчна-сасудзiстых i iншых захворванняў. Лiчыцца, што трэба за лета з’есцi 10 кiлаграмаў ягад i зiмой можна будзе практычна забыцца на ўрачоў.
Значэнне свежых ягад чарнiц цяжка пераацанiць. Плады чарнiц утрымлiваюць дубiльныя рэчывы, арганiчныя кiслоты, цукры, вiтамiны С, В1, В2, РР, карацiн. Чарнiцы займаюць першае месца сярод ягад i садавiны па ўтрыманню марганцу. Як сцвярджае народная i сучасная медыцына, чарнiцы выключна карысныя пры страўнiкава-кiшачных расстройствах, парушэннях абменных працэсаў, малакроўi, камянях у нырках, рэўматызме, скураных i iншых захворваннях. Аднак варта мець на ўвазе, што пры парушэннях работы жоўцевыводзячых шляхоў, пры захворваннях падстраўнiкавай залозы, пры вялай перыстальтыцы страўнiка празмернае ўжыванне пладоў чарнiц можа выклiкаць часовае пагаршэнне стану хворага чалавека. Чарнiцы таксама валодаюць здольнасцю знiжаць узровень цукру ў крывi, таму яны карысныя для хворых на дыябет. Рэкамендуюцца чарнiцы i тым, чыя работа звязана з пастаянным напружаннем зроку, паколькi яны ўтрымлiваюць рэчывы, якiя паляпшаюць яго. Звонку свежыя адвары чарнiц прымяняюць пры лячэннi язваў i апёкаў. Ягады буякоў утрымлiваюць цукры, арганiчныя кiслоты, пекцiн, пратапекцiн i iнш., вiтамiны А, С, мноства карысных для здароўя мiкраэлементаў, найперш такiх, як марганец i медзь. Па багаццю вiтамiну С буякi пераўзыходзяць чарнiцы. Дзякуючы высокаму ўтрыманню пекцiнавых кiслот ягады буякоў адносяцца да каштоўнага лячэбнага сродку пры атручваннях солямi цяжкiх металаў. Ягады буякоў дапамагаюць у рэгуляваннi ўзроўню халестэрыну ў крывi. Плады бруснiцы ўтрымлiваюць цэлы шэраг арганiчных кiслот — такiх, як лiмонная, шчаўевая, яблычная. Акрамя таго, у ягадах брусніц ёсць аскарбiнавая кiслата, цукар, карацiн, эфiрнае масла. У эфiрным масле бруснiцы iдэнтыфiкавана каля 70 арганiчных злучэнняў. Па ўтрыманню карацiну бруснiцы пераўзыходзяць журавiны, лiмоны, грушы, яблыкi, вiнаград i чарнiцы. Таксама бруснiцы адрознiваюцца самым высокiм утрыманнем вiтамiну В2. Усе ягады сямейства бруснiчных багатыя на медзь, асаблiва бруснiцы i журавiны, што робiць iх карыснымi пры лячэннi цукровага дыябету. У медыцыне бруснiцы выкарыстоўваюцца як дапаможны сродак пры лячэннi гiпертанiчнай хваробы i гастрытаў з панiжанай кiслотнасцю. Водны настой ягад (морс) добра спаталяе смагу, яго часта рэкамендуюць хворым з высокай тэмпературай. Дубiльныя рэчывы, якiя ўваходзяць у састаў пладоў i лiсцяў бруснiц, садзейнiчаюць умацаванню сценак крывяносных сасудаў, рэгулююць мiнеральны абмен рэчываў у арганiзме, звязваюць i абясшкоджваюць некаторыя таксiчныя рэчывы (соль кальбiту, цэзiю i свiнцу). Ягады бруснiц садзейнiчаюць павышэнню апетыту, паляпшаюць страваванне i павышаюць агульны тонус арганiзма. Бруснiцы спеюць у жнiўнi—вераснi i становяцца асаблiва карыснымi пасля першых замаразкаў. Яны адрознiваюцца ад iншых ягад тым, што працяглы час захоўваюцца свежымi i не змiнаюцца пры перавозцы. Яны доўга захоўваюцца, засыпаныя цукрам або залiтыя вадой у халодным месцы. Журавiны ўтрымлiваюць многа каштоўных рэчываў — арганiчных кiслот, пiгментаў, пекцiнаў. У гэтай кiслай ягадзе унiкальнае спалучэнне фруктозы i кiслот, у тым лiку вельмi карыснай лiмоннай кiслаты. Ягады ўтрымлiмваюць вiтамiны С, Р, карацiн, шэраг карысных мiкраэлементаў — такiх, як кальцый, жалеза, калiй, фосфар, марганец, ёд. У састаў скуркi ўваходзяць воскавыя рэчывы. Дзякуючы наяўнасцi ў журавiнах бензойнай кiслаты вiтамiны i харчовыя ўласцiвасцi ягад захоўваюцца працяглы час. Ягады журавiн карысныя пры авiтамiнозах, для лячэння i прафiлактыкi розных захворванняў нырак i мочавыводзячых шляхоў. Свежыя журавiны павышаюць сакрэцыю страўнiкавага соку, у сувязi з чым ягады прымяняюць для лячэння гастрытаў з панiжанай кiслотнасцю. Журавiны павышаюць трываласць крывяносных сасудаў, садзейнiчаюць засваенню вiтамiну С у арганiзме, звязваюць i абясшкоджваюць злучэннi цяжкiх металаў. Сок журавiн з мёдам дапамагае пры прастудных захворваннях з высокай тэмпературай, пры ангiне, рэўматызме, малакроўi. Iх рэкамендуюць пры ацёках, пры варыкозным расшырэннi вен. Сок з журавiн ачышчае гнойныя раны, апёкi, паскарае зажыўленне. Не рэкамендуюцца журавiны пры захворваннях печанi, павышанай кiслотнасцi i язвавых працэсах. Найбольш пладаносныя журавiнавыя мясцiны знаходзяцца на поўначы Беларусi. Журавiны паспяваюць у вераснi. Найлепш збiраць iх глыбокай восенню, пасля першых замаразкаў. Можна збiраць журавiны i ранняй вясной. Ядомыя грыбы вядомыя не толькi як смачны i карысны прадукт харчавання; многiя з iх шмат стагоддзяў таму выкарыстоўвалiся ў якасцi лекавага сродку ад рознай немачы. Харчовая каштоўнасць грыбоў абумоўлiваецца ўтрыманнем у iх розных арганiчных злучэнняў i мiнеральных соляў. Асноўнай часткай сухiх рэчываў грыбоў з’яўляюцца бялкi. Напрыклад, у сушаных белых грыбах бялкоў больш, чым у мясе. Асаблiвае значэнне мае лецыцiн, якi перашкаджае адкладанню халестэрыну ў арганiзме чалавека. Грыбы багатыя на розныя ферменты. Сто грамаў апенек дастаткова для задавальнення сутачнай патрэбнасцi чалавека ў цынку i медзi, якiя адыгрываюць вялiкую ролю ва ўтварэннi крывi. Акрамя таго, у грыбах выяўлены вiтамiны. Так, па ўтрыманню вiтамiну В1 грыбы не саступаюць збожжавым культурам. У падасiнавiках i падбярозавiках шмат вiтамiну РР, амаль столькi ж, колькi ў дражджах i пячонцы, а вiтамiну Д у грыбах не менш, чым у сметанковым масле. У белых грыбах, рыжыках i лiсiчках ёсць вiтамiн А. Ёсць у грыбах солi i кiслоты. У грыбах знаходзяцца i экстрактыўныя рэчывы, якiя садзейнiчаюць узмоцненаму выдзяленню страўнiкавага соку i больш якаснаму пераварванню стравы. Грыбы раздзяляюцца па катэгорыях у залежнасцi ад iх харчовай каштоўнасцi. Напрыклад, да першай катэгорыi адносяцца такiя грыбы, як белы грыб, грузд сапраўдны, рыжык; да другой катэгорыi — грузды, маслякi, падасiнавiкi, шампiньёны; да трэцяй — ваўнянкi, лiсiчкi, махавiкi, апенькi, падбярозавiк, польскi грыб, смаржкi, страчкi, сыраежкi; да чацвёртай катэгорыi адносяцца вешанка звычайная, гаварушкi, радоўка i iнш. Цяпер усталявалася iдэальнае для плоданашэння грыбоў надвор’е. Трэба сказаць, што мяжа ўзросту ў падбярозавiка, лiсiчкi, апенек i валуя — адна дэкада, а ў белага грыба i падасiнавiка жыццё цягнецца на адзiн дзень больш — 11. Калi хочаце атрымаць ураджай грыбоў на гэтым жа месцы ў наступным годзе, то стары чарвiвы грыб — семяннiк-споранос — трэба не выкiдваць, а нанiзаць шляпку на сук дрэва, на галiнку куста, каб высахлi споры. Тады вецер рассее грыбное семя — залог будучага ўраджаю. У апошнiя гады ўстаноўлена, што ядомыя грыбы назапашваюць цяжкiя металы i iншыя хiмiчныя злучэннi, здольныя выклiкаць атручваннi ў чалавека. Каб гэтага пазбегнуць, не збiрайце грыбы ўздоўж аўтамабiльных дарог i ў прыгарадных лясах, асаблiва ў раёне прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя таго, збiрайце толькi добра вядомыя вам грыбы, не збiрайце старыя i пашкоджаныя шкоднiкамi i хваробамi. Таццяна МАЛЯЎКА, галоўны спецыялiст аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай i выкарыстаннем раслiннага свету, лясоў i ландшафтаў Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, многiя харчовыя пладова-ягадныя раслiны, грыбы валодаюць лекавымi ўласцiвасцямi i на працягу многiх гадоў выкарыстоўваюцца насельнiцтвам як
|
|