З выдачай будматэрыялаў крыху замарудзiлi, бо не ведалi iх цану
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 З вёскi Слабада-Кучынка Капыльскага раёна звярнулася сямейная пара — работнiкi сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крынiца» ААТ «Мiнскпрамбуд». Як маладая сям’я летась яны, згодна з прэзiдэнцкай праграмай, атрымалi домiк. Жывуць у iм ужо без малога год, аднак, скардзiлiся заяўнiкi, адна праблема (адначасова выдзялялiся чатыры дамы) не вырашана. У прыватнасцi, на ўчастку адсутнiчаюць хлеў, склеп, без якiх вясковаму жыхару, пагадзiцеся, жыць цяжка. «Па плану забудовы яны былi, сам бачыў», — сцвярджаў гаспадар, — але куды нi звяртаўся, нiякай дапамогi няма».Насамрэч усё аказалася крыху iначай, чым расказалi вяскоўцы. У прыватнасцi, кропкi над «i» расставiў выконваючы абавязкi дырэктара сельгаспрадпрыемства (гэту пасаду ён займае толькi два месяцы) Аляксей Бажко. — Па-першае, трэба сказаць, што напачатку дамы сапраўды будавалi з усiмi гаспадарчымi пабудовамi. Аднак затым была пастаўлена ўмова — такое жыллё не павiнна каштаваць больш за 18 тысяч долараў. Дамы пачалi здаваць без гаспадарчых пабудоў, аднак з умовай, што потым яны таксама будуць узведзены, — патлумачыў Аляксей Адамавiч. Па-другое, галоўнае. Каля двух тыдняў таму адбылася размова заяўнiка з кiраўнiком гаспадаркi, якая праходзiла ў прысутнасцi многiх сведак. Гаспадару жылля было сказана: ад гаспадаркi бясплатна выдзяляецца тэхнiка (для рыцця катлавана, пагрузачна-разгрузачных работ, балазе, на ёй i працуе наш заяўнiк), да 1 кастрычнiка прадастаўляюцца (зноў жа бясплатна) 7 «кубоў» блокаў, цэмент. Згодна з падлiкамi, праца па ўзвядзенню гаспадарчых пабудоў была ацэнена ў 600 тысяч рублёў. Гаспадару дома прадаставiлi выбар: або будуйся сам, або прыцягвай наёмных работнiкаў, але ў абодвух выпадках гэтыя 600 тысяч будуць пералiчаны або самому забудоўшчыку, або прыцягнутым збоку будаўнiкам. Паводле слоў Аляксея Бажко, заяўнiк дадаткова (ужо за свой кошт) пачаў рабiць на ўчастку яшчэ i гараж. Словам, работа iшла. Чаму ж тады вясковец выклаў нам не зусiм дакладную, скажам так, iнфармацыю? Пасля дадатковай размовы кiраўнiка гаспадаркi з заяўнiком высветлiлася, што прараб крыху прамарудзiў з выдачай матэрыялаў (у наяўнасцi яны былi, а iх цана яшчэ канчаткова не высветлiлася). Аляксей Бажко тут жа даў каманду выдзелiць патрэбныя будматэрыялы. Але i ў яго, i ў нас, калi шчыра, засталося пытанне: цi нельга гэтую праблему было вырашыць на месцы, проста яшчэ раз звярнуцца да кiраўнiцтва гаспадаркi?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З вёскi Слабада-Кучынка Капыльскага раёна звярнулася сямейная пара — работнiкi сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крынiца» ААТ «Мiнскпрамбуд» |
|