Чароўная сiла... дастаткуПростая мова Для таго, каб ведаць, што зараз цвiце, не абавязкова жыць на лецiшчы цi ў вёсцы. Можна — i далёка ад iх, у Мiнску. Адно — на працу тады ездзiць у метро, праз вакзал. А ўжо туды нашы нястомныя бабулi заўсёды падвязуць i першых пралесачак, i пiвонь з васiлькамi, i рамонкаў-вяргiнь... Вось толькi прадаць...— Бабушки, я вас предупреждал, — расцяжна грымiць аднекуль здалёк, — не положено здесь торговать, не по правилам... Жанкi мiгам хаваюць букеты — зрываюцца ўцякаць. Не маўчыць пры гэтым толькi адна: — Бач, «правiльшчык» знайшоўся! Рэгулiроўшчык. Хай бы да станка дзе iшоў. Во гэта было бы па правiлах. ...У кожнага, заўважце, яны свае, нажытыя... ўласным жыццём. I часта, на жаль, адрозныя — ад «пiсаных», «спушчаных зверху»...
У абутковым натоўп. Жнiвеньскi: да школкi — рыхтуюцца дзецi, да заняткаў — студэнты i (гэта асобна...) студэнткi. Адна вось (убачце!) — прыгожая: бялявая, босая — у цэнтры на банкетцы сядзiць; мацi — ад вiтрын — цi не сотыя туфлi паказвае. — Ну, что за цвет? Тут же каблук! — па чарзе моршчыцца дачка. — А зачем открытые? Менавiта iх (жаночая логiка!) потым прымярае, нават дамярае, любуецца, але... — Нет, брать не будем. Ноготь у меня некрасивый. В них заметно... — Ага! — на злосць зрываецца мацi, стамiўшыся, вiдаць, да стану «нiякасцi». — Абуеш, на заняткi ў iх прыйдзеш, а там — ну проста штабялямi ўсе — палягуць i давай на пазногаць глядзець. Так? — Не-е, — чырванее дачка. — Но я-то — буду чувствовать себя неуверенно... Правiла жыцця — сваё самаадчуванне (i цi не кожнага?) хвалюе больш. Чым чужое. ЯКIЯ ДЗЕТКI... У цырульнi чарга... Невялiчкая, але дачнiц знаёмых разам звяла — селi поплеч, гамоняць. Спачатку — даверлiва-цiха, потым, захапiўшыся — усё гучней i гучней. Пра што? Ды пра справы жыццёвыя. Кшталту, дзе як пасеяна i што ўрадзiла, колькi трохлiтровiкаў «закручана», а што яшчэ добра было б «закруцiць»... Нягледзячы на тое, што ў адной — нарыхтоўкi зусiм «не iдуць» (у сэнсе не з’ядаюцца), а ў другой — якраз наадварот: колькi нi зрабi — ўсёроўна мала («да Каляд нi слоiчка...»). Тут як тут i прычына — сын. 34 гады яму... Нi дня не працаваў. Дома. Дзень пры днi. — Вой, а як жа гэта? Чаму? — жахаецца прыяцелька. — Можа, хворы ён? — Ды не. Здаровы — як лось! Не хоча. — Дык хай бы вы што рабiлi?.. — А што, бабачка? I прасiлi яго, i малiлi, i прымушалi — вухам не вядзе!.. Па знаёмству, па блату якiх работ нi знаходзiлi — нi да адной не дайшоў. Сiднем сядзiць. I што ты яму зробiш? Гэта ж не малы. Тады — мы з iм гора не зналi. Падумаеш — у садок цi ў школу не хоча... Праз калена перагнуў па с...цы надаваў ды выправiў. А цяпер? Пад два метры росту... Кабета лапатала нешта яшчэ. Людзi — слухалi i (ну напэўна ж!) нехта з iх лiчыў (i гатовы быў даказаць), што бiлi таго хлопчыка ўсё-такi мала. Нехта — наадварот — што нельга, не трэба было наогул. А вось таго, што з iм зараз рабiць, не ведаў, мусiць, нiхто. КАЛI ЁСЦЬ АСНОВА ...Тралейбус з паўпрыпынка праехаў i, цi не зламаўшыся, стаў. Што... добра, бо ў прыватным сектары якраз, а значыць, можна паглядзець на спелыя сады за вокнамi, на асобныя дамы i домiкi. Адзiн спадабаўся... Першапачаткова — ён, вiдаць, хацiнкай тут стаў: пяць на пяць не болей, два акенцы да вулiцы... Потым, вiдавочна, у сям’i з’явiлiся дзецi i, дзякаваць Богу, грошы. Да хацiны — адпаведна — прыбудавалi яшчэ адну, ужо значна большую, на тры вакны. А не так даўно (мяркуючы па матэрыялах) — падраслi-пажанiлiся ўнукi. Для iх — ужо з цэглы прыбудову зрабiлi: у два паверхi, пад чырвонай чарапiцай, з еўравокнамi, кветкамi... А ўсё чаму? Ды па Коласу — помнiце: Зямля не зменiць i не здрадзiць, Зямля паможа i дарадзiць, Зямля дасць волi, дасць i сiлы, Зямля паслужыць да магiлы, Зямля дзяцей тваiх не кiне, Зямля — аснова ўсёй айчыне. А ўжо ў горадзе яна цi за межамi — не так i важна. Галоўнае, каб свая. ЧАРОЎНАЯ СIЛА... ДАСТАТКУ Вечар. Горад. Холад. Паўпусты прыпынак... Паўз яго (гэта — як частка «пейзажу») «кулямi», лятуць яркiя, шматлiкiя аўто. Адно прытармазiла... Стала здаваць назад... «Вiдаць, вадзiцель дарогу, не ведае, хоча спытаць» Не згадала: той, прылёгшы на пярэдняе сядзенне, пiхануў дзверцу, дабразычлiва гукнуў: — Сядайце! Падвязу... — Дзякуй, — пакруцiла галавой. — З незнаёмымi не езджу. — А хто, хто тут незнаёмы? Дзе вы iх бачыце? — блiснуўшы белазубай усмешкай, спытаў вадзiцель, ужо выйшаўшы з машыны i здымаючы нахаду акуляры. Вачам не веру: — Ва-сiль?.. Гадоў пяць-шэсць назад быў ён (хай даруе! — Аўт.) нейкiм разгубленым, бездапаможна-худым, нават гарбаватым; пакутлiва шукаў i нiяк не знаходзiў сябе. Гэта значыць — кiнуў завод, потым — гандаль на рынку, адкрываў i закрываў майстэрнi, разоў колькi «гарэў»... Але ж — як аказалася, i нечаму вучыўся, бо зараз — фiрма ў яго. Невялiкая, але свая. Свабодную нiшу знайшла, прыбыткi з’явiлiся. У дырэктара — адпаведна — грошы. А з iмi (тут цяжка сказаць, што спачатку, што трохi пазней... — Аўт.) дыхтоўныя рэчы, новая кватэра, машына, упэўненасць у сабе, добрыя манеры, нават, што зусiм нечакана, уменне жартаваць... Капейка... Яна, як продкi казалi, i камень куе. Пра iх (камянi) — не скажу, «каваных», прынамсi, не бачыла. А вось людзей... Зрэшты, яно ж i тут — з якой званiцы глядзець. Калi з пазiцый развiтых дзяржаў (не бедна жыве той, хто мае добры дом цi кватэру з патрэбнай тэхнiкай, мэбляй, адну-дзве машыны на сям’ю, да кожнага сезона — гэта само сабой — можа абнавiць гардэроб, годна адпачыць...), то, на жаль, няшмат. Калi ж з нашай (багаты — не той, хто мае шмат, а той — каму дастаткова) то — мора. УРОК У школе клас iх самым дружным быў. Ды i пасля... Рашылi, напрыклад, штогод сустракацца, — то кроў з носу — у апошнюю суботу чэрвеня хоць дзесяць чалавек ды заўжды прыязджала. Не дзiва — праз 5 гадоў. Не дзiва — праз 10... Ледзь не ўсе з’явiлiся ў школе праз... 40! Шчаслiвыя — любiмы класны сустрэў. Старэнькi ўжо. 80... I нават з гакам, але ў першай частцы свята — рэй вёў сам i годна: слова трымаў, бутэльку «Хенэсi» яму прывезлi — адпiў, з «хлопцамi» — паталкаваў, з «дзяўчынкамi» — пажартаваў, нават трохi патаньчыў. Сфатаграфаваўся яшчэ. А потым (разгулялiся «дзецi») — цiха, па-англiйску сышоў... Мусiць, праўду кажуць, што настаўнiк — былым не бывае? КУДЫ ЛЮДЗI... Сябрук у даўгах. Па самую шыю — кватэру збудаваў, пераехаў. Лiчы, у пустую. А супакою, кажа, няма. Не толькi з-за даўгоў. Суседзi абжываюцца: сцены свiдруюць, разеткi пераносяць, плiтку кладуць... «Ну, пачакайце, — уздыхае ён, — некалi ж i я... Быць не можа — выплачу крэдыт, аддам даўгi, узаб’юся на грошы, — ... адпомшчу. ЯК МАЕ БЫЦЬ? Тая вёска, нядаўна, звычайнай была... Зараз, пад назвай, надпiс з’явiўся: «Агрогородок». I далей — ад уезду ўсё ў iм як мае быць — навюткi асфальт, гэткiя ж пяць домiкаў (праўда, на глiне. Са «шпакоўнямi» замест хлявоў i, здаецца, пустыя), дыхтоўныя платы, «Кафе», «Комплексный приемный пункт», «Магазин»... Як заўважыў адзiн з нашых падпiсчыкаў: Пачакаем толькi сродкаў I жыць будзем, мужыкi! Замест вёсак нашых продкаў Будуць аграгарадкi! ГОРА ГОРКАЕ Сумная вестка — аўдавела сваячка. Галоўнае — чалавек яе i не хворы быў, не стары, а ўжо добры... Напярэдаднi цэлы дзень гаспадарку пынiў, увечары — сустрэў з аўтобуса. Разам павячэралi, посуд прыбралi, пагаварылi. Распарадзiўся яшчэ: ты, маўляў, спаць кладзiся, а я — навiны пагляджу. Ранiцай яна прачнулася — ў печы запалiла, зрабiла снеданне, паклiкала, а ён не iдзе... — Сэрца, — потым сказалi. ...З iм, — а тым больш яшчэ i добрым — жыць зараз цяжка. Навiны глzядзець — таксама. Валянцiна ДОЎНАР. АД ЯЕ Ж... Тэлефанавала ў адзiн з райцэнтраў. Начальнiку вузла паштовай сувязi. Па iншых пытаннях... Спытала заадно, цi прадавалася ў iх кнiжка са звяздоўскай «Простаю мовай», цi раскупiлася? Пачула, што паступiла ў iх раён аж 10 асобнiкаў. Усе 10 ляжаць. ... Не «сеяць на скалы»?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для таго, каб ведаць, што зараз цвiце, не абавязкова жыць на лецiшчы цi ў вёсцы. Можна — i далёка ад iх, у Мiнску. Адно — на працу тады ездзiць у метр
|
|