Якога колеру вайнаГенадзь БУРАЎКIН — Якога колеру вайна? —Мая дачка ў мяне спытала. I я падумаў, што яна — Пад колер шэрага металу, Пад колер шэрых шынялёў, Пад колер шэрых папялiшчаў, Пад колер пылу тых палёў, Дзе ў гiльзы злосна вецер свiшча. Ды вочы я закрыў на мiг — I мне прыпомнiўся чырвоны, Чырвоны колер сноў маiх I ран салдацкiх незагойных, Агонь чырвоны ў вокнах хат, Сцягоў святы чырвоны колер, Чырвоны водсвет кананад, Што не забудуцца нiколi. Якога ж колеру вайна? Уладна ў памяцi ўсплывае Бiнтоў шпiтальных белiзна, Матулi галава сiвая, I страху пабялелы твар, I белы колер маскхалата, I снег, што ўжо не раставаў На вуснах паўшага салдата. А я ж у памяцi нясу Яшчэ жахлiвы колер чорны — Заледзянелы чорны сум Удоў i сiрат незлiчоных... I чорны дым парахавы, Дзе чорны воран на магiле, I чорны колер у травы, Што агнямётамi палiлi... Якога колеру вайна? Я б расказаў дачцэ нямала. Ды на руках маiх яна Ужо даўно спакойна спала. КОНЬ НЕЗАЦУГЛЯНЫ Там, дзе вечар на зямлю Сыпле зор манiсты, Я злаўлю цябе, злаўлю, Конь мой наравiсты. Праз палеткi i лясы, Праз лугi, паляны Ты нясi мяне, нясi, Конь незацугляны. Азiрнуся ля сяла, Падлячу да ганка, Дзе чаромха расцвiла, Дзе жыве каханка. Да расплеценай касы I да губ румяных Ты нясi мяне, нясi, Конь незацугляны. Капытом каля вакон Сон разбiць дазволю I пасля цябе, мой конь, Адпушчу на волю. Праз палеткi i лясы, Праз лугi, паляны Ты ляцi, мой конь, ляцi, Конь незацугляны. 28 жнiўня паэт Генадзь Бураўкiн адзначыць 70-гадовы юбiлей. Вiншуем!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Якога колеру вайна? — Мая дачка ў мяне спытала |
|