«У магазiнах лягчэй вырашаюцца пытаннi, звязаныя з гарантыяй на тавары...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
А на мой погляд... Якiя тавары беларусы iмкнуцца набываць на рынках?Якiя тавары вы iмкняцеся набываць на рынках? За якiмi прадуктамi харчавання i нехарчовымi таварамi вы накiроўваецеся толькi ў магазiны? На гэтыя пытаннi адказваюць жыхары Мiнска i Браслава. Уладзiмiр НЕКРАШ, юрысконсульт магазiна «Медыцынская тэхнiка» (Мiнск): — Прадукты харчавання я набываю на рынках. Толькi хлеб набываю ў магазiнах. Агароднiна ж звычайна ў мяне са свайго прысядзiбнага ўчастка. Праўда, калi агароднiна неабходна тэрмiнова i сваёй дома няма, то я магу набыць яе на рынку... Таксама на рынках я набываю трыкатаж. Абутак i бытавую тэхнiку я купляю толькi ў магазiнах. Справа ў тым, што абутак на рынках надзвычай нiзкай якасцi. Добры абутак не можа каштаваць 20 долараў, як гэта часта бывае на рынках... А тэхнiка патрабуе спецыяльных умоў захоўвання, якiя на рынках не заўсёды iснуюць — яна павiнна захоўвацца пад дахам падчас гандлю. Акрамя таго могуць узнiкнуць праблемы з гарантыяй на абутак i тэхнiку, якiя набываеш на рынках. Нават калi прадавец дасць табе чэк, у якiм будзе ўказаны яго ўлiковы нумар плацельшчыка, потым можа быць цяжка знайсцi гэтага прадаўца. А ў магазiнах значна лягчэй вырашаюцца пытаннi, звязаныя з гарантыяй на тавары, з iх вяртаннем i абменам. Напрыклад, летась я набыў абутак у адным з мiнскiх магазiнаў, аднак праз некаторы час адзiн з каблукоў трэснуў, бо быў няякасна зроблены вытворцам. Гарантыя, якая складала 60 дзён, ужо скончылася. Аднак згодна з заканадаўствам, калi брак з’яўляецца вытворчым, то прэтэнзii можна прад’яўляць прадаўцу на працягу двух гадоў. Я пайшоў у магазiн i мне без праблем вярнулi грошы. На iх я ў тым жа магазiне адразу набыў сабе новы абутак... Што датычыцца рынкаў, якiя я наведваю часцей за ўсё, то часцей я бываю на Камароўскiм рынку. Бо ён знаходзiцца блiзка ад маёй працы. Наталля ЛЯХ, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы Браслаўскага райвыканкама: — У Беларусi шмат вытворцаў, якiя выпускаюць добры абутак, а таксама верхняе адзенне (палiто, касцюмы). I я iмкнуся набываць такiя тавары ва унiвермагах. Але, напрыклад, ва унiвермагу Браслава асартымент не надта вялiкi. Верагодна з-за таго, што мясцовае спажывецкае таварыства не надта заможнае... Аднак калi я бываю ў Мiнску, то заўсёды наведваю такiя магазiны, як Гандлёвы дом «На Нямiзе», ГУМ i ЦУМ, дзе набываю сабе якасныя касцюмы цi абутак. Што датычыцца харчавання, то малако, смятану, курыную прадукцыю, хлеб я часта бяру ва унiверсаме Браслава. У той жа час некаторыя прадукты харчавання я набываю i на рынках. Напрыклад, марскую марожаную рыбу. Набываю мясныя вырабы на рынку, якiя прывозяцца з Пастаў, з Глыбокага... Наогул, я больш давяраю беларускаму харчаванню. I калi мне трэба набыць шакалад унуку, то я лепш набуду шакалад «Камунаркi», чым «Марс». Агароднiна ж у мяне свая. У мяне ёсць дом у вёсцы з прысядзiбным участкам i я вырошчваю бульбу, капусту, агуркi, памiдоры... Толькi перац на рынку набываю, бо яго не вырошчваю. Наогул, жыхары Браслава iмкнуцца не ў магазiнах, а на рынках набываць агароднiну i садавiну. Бо там яны больш свежыя, чым у магазiнах спажывецкай кааперацыi. Думаю, над гэтай праблемай нашаму гандлю трэба працаваць... Анжэла МАШАРА, начальнiк аддзела статыстыкi па Браслаўскаму раёну Вiцебскага абласнога ўпраўлення статыстыкi: — Апошнiм часам я стала больш увагi звяртаць на дзяржаўныя магазiны. Пэўны час таму даводзiлася набываць маленькаму дзiцяцi трыкатажнае адзенне i ў магазiне такое адзенне беларускай вытворчасцi было больш таннае, чым на рынку ў Браславе. Якасць дзiцячых шкарпэтак у магазiне лепшая... Прадукты харчавання ў асноўным я набываю на рынку. Набываю харчаванне ад вытворцаў з Мiёраў, Пастаў, Глыбокага. Аднак такiя тавары як хлеб, малако я набываю ў магазiне... Амаль усю агароднiну я вырошчваю на сваiм прысядзiбным участку. Бульбу, моркву i iнш. I на зiму нарыхтоўкi наша сям’я робiць абавязкова. За важнымi пакупкамi для сям’i мы iмкнёмся паехаць у iншы, буйны населены пункт. Бо браслаўскi магазiн, якi належыць спажывецкай кааперацыi, сёння не надта забяспечаны таварамi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiя тавары беларусы iмкнуцца набываць на рынках? |
|