21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вiктар Iўчанкаў: «Газета «Звязда» была эксперыментальнай пляцоўкай новай рэдакцыi правiл беларускай

25.08.2009 22:02 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

Вяртаемся да тэмы

Цi перашкодзiць роднай мове новая рэдакцыя «Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi»?

З гэтым пытаннем мы звярнулiся да доктара фiлалагiчных навук, прафесара, загадчыка кафедры стылiстыкi i лiтаратурнага рэдагавання БДУ, саветнiка мiнiстра адукацыi па сувязях са СМI i грамадскасцю Вiктара IЎЧАНКАВА.

— Нi ў якiм разе не перашкодзiць, якраз наадварот! Новая рэдакцыя правiл беларускай арфаграфii распрацавана ў адпаведнасцi з сучасным развiццём беларускай навукi.

Сучасны беларускi правапiс у сваёй аснове правiльна адлюстроўвае асаблiвасцi i заканамернасцi развiцця беларускай мовы. Але разам з тым, з’яўляючыся рэгламентуючым сродкам жывой мовы, правапiс не можа працяглы час заставацца нязменным. Бесперапыннае развiццё i ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагiчнага, сiнтаксiчнага характару i асаблiва ў абнаўленнi лексiчнага складу мовы, выклiкае неабходнасць удакладняць правапiс, прыводзiць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускi правапiс, якi ў значнай ступенi пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асаблiва адчувальны да гэтых змен у мове, таму таксама павiнен перыядычна ўдасканальвацца. Асаблiва актуальным гэта стала ў канцы ХХ ст., у 90-я гады.

Хаця, адзначу, у свеце ёсць прыклады, вопыт, калi доўгi час, цэлымi стагоддзямi не пераглядаецца правапiс. Напрыклад, англiчане з XIV ст. iстотных, кардынальных змен у правапiс англiйскай мовы не ўносiлi.

— Дык, можа, гэта не самы горшы вопыт?

— Як сказаць... Невыпадкова ж ёсць жарт: напiсана — Манчэстэр, чытаецца — Лiверпуль... Гэта справа грамадства. Але такая сiтуацыя ўносiць пэўныя нязручнасцi ў карыстаннi мовай.

...У канцы ХХ ст., калi ў сiстэме беларускай мовы i моўнай практыцы адбылiся значныя змены, абнавiўся слоўнiкавы склад, з’явiлiся шматлiкiя запазычаннi, на старонках беларускамоўнага друку атрымалi пашырэнне ненарматыўныя арфаграфiчныя варыянты. У сувязi з гэтым надзённым стала неадкладнае ўпарадкаванне правапiсу — каб пазбегнуць разнабою ў пiсьмовай беларускай мове, забяспечыць адзiнства яе правапiсных норм i аблегчыць навучанне роднай мове ў школе.

Узнiкла неабходнасць удакладнення iснуючых «Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi», якiя былi выдадзены ў 1959 годзе. I ў 1957-м, калi выйшла пастанова, у адпаведнасцi з якой было дадзена даручэнне Акадэмii навук распрацаваць новы звод правiл арфаграфii, — там таксама не было нiякай рэформы. Рабiлiся частковыя ўдакладненнi, дапаўненнi, якiя мелi на мэце выключыць спрэчныя пункты, унiфiкаваць. Такая ж задача стаяла i зараз.

Правiлы 1959 г. былi падрыхтаваны калектывам выдатных навукоўцаў, супрацоўнiкаў Iнстытута мовазнаўства пад кiраўнiцтвам Кандрата Крапiвы i Пятра Глебкi. На працягу некалькiх гадоў народны паэт Беларусi, акадэмiк Якуб Колас узначальваў арфаграфiчную камiсiю i ўнёс вялiкi ўклад у вырашэнне многiх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапiсу.

Самi Правiлы 1959 г. даўно сталi бiблiяграфiчнай рэдкасцю, не ў кожнай чытальнай зале нават ВНУ можна iх знайсцi. Але асноўнае — там амаль па кожным правiле iдуць адсылкi (дзе, у якiм параграфе што чытаць), устарэлi некаторыя iлюстрацыi. I што самае важнае — вельмi шмат выключэнняў з правiл. Наша задача была — спрасцiць гэтыя выключэннi, бо яны ўжо перажылi сябе. Гэта i зроблена.

У 1993 г. была створана Дзяржаўная камiсiя па ўдакладненнi правапiсу беларускай лiтаратурнай мовы, якая разгледзела агульныя праблемы правапiсу, тэарэтычна абгрунтавала характар i мэтазгоднасць унясення прапануемых удакладненняў. Камiсiя i тады яшчэ прызнала, што iснуючыя правiлы ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне мовы i не патрабуюць глабальных змен. Разам з тым было рэкамендавана НАНБ i Мiнiстэрству адукацыi падрыхтаваць да выдання праект новай рэдакцыi правiл арфаграфii. Навуковы калектыў у складзе дактароў фiлалагiчных навук акадэмiка А. Падлужнага (ён на той час быў дырэктарам Iнстытута мовазнаўства), прафесараў А. Мiхневiча, М. Яўневiча, П. Шубы, кандыдата навук А. Крывiцкага на працягу 1997—1998 гг. падрыхтаваў праект новай рэдакцыi правiл. Калi яны трапiлi ў Мiнадукацыi, было вырашана стварыць рабочую групу, якая на завяршальным этапе падрыхтоўкi новай рэдакцыi магла б унесцi канчатковыя змены.

— Чаму была створана такая рабочая група, якой кіравалі вы і доктар фiлалагiчных навук, прафесар, дырэктар Iнстытута мовазнаўства Аляксандр Лукашанец?

— У праекце, якi паступiў у Мiнадукацыi, былi спрэчныя моманты. Напрыклад, прапанова пiсаць адажыЁ, трыЁ i г.д. (праз ё) не магла быць прымальнай...

Рабочая група дапрацавала праект новай рэдакцыi. Дарэчы, у склад групы ўвайшлi свежыя, маладыя сiлы вучоных, а таксама метадысты, настаўнiкi беларускай мовы — менавiта яны i ўнеслi шмат прапаноў, якiя знайшлi месца ў праекце новай рэдакцыi, падрыхтаваным з улiкам заўваг i пажаданняў, якiя выказвалiся ў час шматлiкiх абмеркаванняў.

Газета «Звязда», якую лiчу найаўтарытэтнейшай беларускамоўнай газетай, неаднаразова прысвячала свае матэрыялы гэтай дыскусii. Скажу больш. Калi мы лiквiдоўвалi рознага тыпу выключэннi цi нешта змянялi, то абавязкова звяралi свае дзеяннi з вашай традыцыяй — традыцыяй газеты «Звязда». Вы памянялi апошнiм часам маўленчую практыку. У вас даўно ўжо ў запазычаных словах ужываецца пасля галосных у нескладовае; вы перайшлi на формы выканкАм, райкАм... Усё гэта, дарэчы, замацавана ў новай рэдакцыi правiл.

— Чым яшчэ вызначаецца новая рэдакцыя «Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi»?

— Iстотна ўдакладнены фармулёўкi, абноўлены iлюстрацыйны матэрыял, па-новаму згрупаваны правiлы, што робiць iх больш зручнымi для ўспрымання i засваення. Па прапанове прафесара А. Мiхневiча ўведзены раздзел «Правапiс некаторых марфем». Не трэба будзе шукаць па часцiне мовы, якi суфiкс (прыстаўка i г.д.) пiшацца ў прыметнiку, назоўнiку... Дастаткова знайсцi гэты раздзел — i адразу ёсць адказ на пытанне.

Я ўжо гаварыў: у адпаведнасцi з сучаснай моўнай практыкай iстотна зменшана колькасць выключэнняў. Гэта самае асноўнае. Многiя напiсаннi падпарадкаваны агульным правапiсным правiлам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове ў школе.

Унесеныя змены не закранаюць асноўныя палажэннi дзеючага правапiсу. Яго ўвядзенне не запатрабуе дадатковых фiнансавых выдаткаў. Лiчу, увядзенне ў дзеянне новай рэдакцыi правiл будзе садзейнiчаць стабiлiзацыi правапiсных норм сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы, забяспечыць захаванне адзiнага моўнага рэжыму ў школьным навучаннi i адзiнства друкаваных беларускамоўных выданняў. Што, у сваю чаргу, павысiць прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы краiны.

— Менавiта па прапанове акадэмiка Падлужнага наша газета пайшла на своеасаблiвы эксперымент — каб паглядзець, як будзе ўспрынята грамадскасцю унiфiкацыя гучання i правапiсання ў iншамоўных словах. Напрыклад, мы сталi пiсаць не лiдЭр, а лiдАр; не экзЕмпляр, а экзЭмпляр; не сЕкс, а сЭкс; не камп’ютЭр, а камп’ютАр i г.д. Цiкава, вы ў гэтым прыслухалiся да «Звязды»?

— Абсалютна так. Калi шаноўны акадэмiк рэкамендаваў газеце пайсцi на такi эксперымент, ён меў рацыю. Сапраўды, усе названыя вамi прыклады ўнармаваны: маецца на ўвазе, што вымаўленне адлюстроўваецца ў правапiсе.

У пэўным сэнсе «Звязда» была эксперыментальнай пляцоўкай для беларускай мовы. Газета зрабiла вельмi добрую справу: падрыхтавала грамадства i навуковую грамадскасць да такiх змен. Гэта яшчэ раз падкрэслiвае, што нельга нiчога рабiць рэвалюцыйна, усё павiнна адбывацца эвалюцыйна.

— Вiктар Iванавiч, чаму ўвага кiраўнiка дзяржавы была спынена на «моўнай» праблеме?

— Гэта заканамерна, бо беларуская мова — мова тытульнай нацыi краiны — адыгрывае вялiкую ролю ў жыццi грамадства.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi перашкодзiць роднай мове новая рэдакцыя «Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi»?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика