Немясцовае значэнне мясцовай прамысловасцi
Анатоль МЯСНIКОЎ
ЗЯМЛЯ I ЛЮДЗI МIНШЧЫНЫ Раёнаў, у якiх прамысловыя прадпрыемствы маюць, так бы мовiць, характар мясцовага значэння, у рэспублiцы даволi шмат. Аднак iх роля гэтым нiколькi не прынiжаецца. Бо прадукцыя, якую выпускаюць тыя ж садавiна-агароднiнныя i масласырзаводы, дрэва- i льноперапрацоўчыя прадпрыемствы, райбыткамбiнаты, лясгасы i торфабрыкетныя заводы i iнш., мае свае, прычым часта не толькi мясцовыя, рынкi збыту. Аб’ёмы ж яе вытворчасцi для гэтых рэгiёнаў таксама нярэдка значныя i важкiя...- Мясцовай прамысловасцю такiя вытворчыя падраздзяленнi называюць не выпадкова, бо працуюць яны звычайна на мясцовай сыравiне, — гаворыць намеснiк старшынi Крупскага раённага выканаўчага камiтэта — начальнiк аддзела эканомiкi, рынкавых адносiнаў i прыватызацыi Уладзiмiр Сiняк. — А тое што гэта для нас надзвычай важны накiрунак вытворчай дзейнасцi — факт! Найперш гэтыя прадпрыемствы патрэбны для, так бы мовiць, забеспячэння жыццядзейнасцi раёна; а, па-другое, iх прадукцыя запатрабаваная i ў насельнiцтва, прычым — i далёка за межамi раёна. Ды i тая акалiчнасць, што гэта — нямала стабiльных рабочых месцаў, для такiх рэгiёнаў, як наш, таксама мае вялiкае значэнне. Уладзiмiр Аляксеевiч бярэ ў рукi зводкi з паказчыкамi вытворчай дзейнасцi прамысловых прадпрыемстваў Крупскага раёна з пачатку гэтага года i прапаноўвае нам зрабiць па iх свайго роду экскурсiю... Сем вытворчых калектываў раёна за сем месяцаў 2006 года атрымалi 2 мiльярды 153 мiльёны рублёў чыстага прыбытку. Няшмат? Але ж для мясцовых умоў не так i мала. А паколькi ўсё пазнаецца ў параўнаннi, нагадаем, што за адпаведны перыяд мiнулага года гэты паказчык складаў усяго толькi 1 мiльярд 368 мiльёнаў рублёў. Выснова, такiм чынам, напрошваецца адна: прагрэс — вiдавочны! — Дынамiка росту вытворчасцi ўвогуле характэрна для апошнiх пяцi гадоў, — працягвае мой суразмоўца. — Аднак мы добра памятаем i папярэднi час, калi лiтаральна ўсе нашы прадпрыемствы кульгалi, што называецца, на абедзьве нагi. Асартымент вырабаў асаблiвай разнастайнасцю не вызначаўся, якасць прадукцыi таксама была не самай лепшай... Ды i самi вытворчыя калектывы развальвалiся лiтаральна на вачах... У той час на Крупшчыне адбылася змена мясцовай улады. Раённую «вертыкаль» тады ўзначалiў Аляксей Гарнак — iнiцыятыўны i энергiчны кiраўнiк. I хоць сам ён i па адукацыi, i па ранейшай сферы дзейнасцi — аграрый, Аляксей Сiлiвестравiч лiтаральна адразу ж убачыў i зразумеў: мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы патрабуюць не меншай увагi, чым асноўная, сельскагаспадарчая, галiна. Аляксей Гарнак успамiнае: — З той невялiкай па колькасцi i нязначнай па фiнансаваму ўкладу ў эканомiку раёна групы прадпрыемстваў некалькi гадоў назад больш-менш стабiльна працаваў толькi калектыў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Амкадор-Можа». Была i ёсць у гэтым i пэўная заканамернасць: яно перайшло на выпуск зернесушыльнага абсталявання, патрэбу ў якiм мае зараз практычна ўся сельскагаспадарчая вытворчасць нашай рэспублiкi. Гэтаму таварыству — i ўвага, i падтрымка... Iншыя ж прадпрыемствы — Халопенiцкi масласырзавод, торфапрадпрыемства «Туршоўка», ААТ «Лянок», лясгас i асаблiва — садавiна-агароднiнны завод i дрэваапрацоўчы камбiнат працяглы час былi, вобразна кажучы, то на ўзлёце, то стрымгалоў апускалiся ўнiз... Тады новае кiраўнiцтва Крупшчыны i пачало неадкладна ж шукаць выйсце з незайздроснага становiшча. Сiтуацыю на кожным з прадпрыемстваў дасканала вывучылi i падрабязна абмеркавалi на пашыраных пасяджэннях раённага выканаўчага камiтэта. Аляксей Гарнак, найперш сам глыбока ўнiкнуўшы ў становiшча i прычыны адставання, паставiў перад кiраўнiцтвам вытворчых калектываў строгую i неадкладную задачу: распрацаваць i абгрунтаваць планы i мерапрыемствы перспектыўнага развiцця кожнага прадпрыемства, вызначыць меры па рэалiзацыi задум на блiжэйшую i далёкую перспектыву. Там, дзе была патрэба, умацавалi кiраўнiчыя звёны, аказалi практычную дапамогу. Сiтуацыя ў кожным з сямi калектываў знаходзiлася пад строгiм i пастаянным кантролем з боку раённага кiраўнiцтва. ... I лёд з месца крануўся! — Становiшча, такiм чынам, змаглi не толькi палепшыць, але i выправiць у патрэбнае рэчышча, — уступае ў размову намеснiк старшынi райвыканкама — начальнiк аддзела эканомiкi, рынкавых адносiнаў i прыватызацыi Уладзiмiр Сiняк. — Дзякуючы набыткам апошнiх гадоў, папярэдняя пяцiгодка ў цэлым была выканана па ўсiх асноўных тэхнiка-эканамiчных паказчыках. Практычна ўсе вытворчыя калектывы зараз працуюць рытмiчна i стабiльна, без асаблiвых збояў, што, вядома ж, не можа не радаваць... Уладзiмiр Аляксеевiч зноў i зноў звяртаецца да лiчбаў, якiя, як вядома, часта гавораць самi за сябе... Выкананне прагнозных паказчыкаў за студзень—лiпень 2006 года (у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мiнулага года) па вытворчасцi прамысловай прадукцыi склала 116,7 працэнта. За выключэннем адкрытага акцыянернага таварыства «Крупскi садавiна-агароднiнны завод», крокi наперад зрабiлi ўсе прадпрыемствы, а найбольш значныя — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Амкадор-Можа», Крупскi лясгас i Халопенiцкi масласырзавод, дзе чысты прыбытак склаў адпаведна 1 мiльярд 319 мiльёнаў, 517 мiльёнаў i 437 мiльёнаў рублёў. Пераўзыдзены i iншыя прагнозныя паказчыкi за сем месяцаў. Так, вытворчасць спажывецкiх тавараў склала 112,1 працэнта, рознiчны тавараабарот — 118,3, iнвестыцыi — 176,2 працэнта. Выкананы i перавыкананы i планы па экспарту прадукцыi, аказанню платных паслуг насельнiцтву, энергазберажэнню. — Аднак не абыходзiцца пакуль што i без прыкрых зрываў, — прызнаецца Уладзiмiр Сiняк. — Нiяк не можа выйсцi з прарыву калектыў адкрытага акцыянернага таварыства «Крупскi садавiна-агароднiнны завод». Сiтуацыю на iм мы добра ведаем, трымаем на кантролi. Для пераабсталявання i перапрафiлявання тамтэйшай вытворчасцi патрэбны сродкi, прычым — немалыя. Не сумняваемся, што сiтуацыю ў блiжэйшы час выправiм i там... Што ж, мясцовая прамысловасць Крупшчыны, як бачым, на правiльным шляху. Значыць, у вытворчых калектываў наперадзе новыя набыткi i дасягненнi. Крупскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раёнаў, у якiх прамысловыя прадпрыемствы маюць, так бы мовiць, характар мясцовага значэння, у рэспублiцы даволi шмат |
|