Марына ЕЛIНСКАЯ: «Пры распрацоўцы гербаў Гродзеншчыны былi выкарыстаны унiкальныя геральдычныя сiмва
Сяргей РАСОЛЬКА
(Заканчэнне. Пачатак у нумары ад 26 жнiўня.)
Барочны шчыт, у сярэбраным полi якога на зялёнай аканечнасцi адлюстравана чырвоная вавёрка, над якой — залатая дваранская карона. Гэта прагучала ўжо апiсанне герба гарадскога пасёлка Вялiкая Бераставiца i Бераставiцкага раёна. Доказы таго, што ў Вялiкай Бераставiцы iснавала магдэбургскае права i герб, былi знойдзены ў фондах Нацыянальнага гiстарычнага архiва ў Гродне беларускiм даследчыкам, кандыдатам гiстарычных навук, дацэнтам Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта Генадзем Семянчуком. Менавiта са зместу знойдзеных iм дакументаў было зроблена заключэнне аб дараваннi 2 жнiўня 1754 года Аўгустам III жыхарам Вялiкiх Бераставiц магдэбургскага права i герба. На гарадской пячатцы прысутнiчала яго адлюстраванне: у авальным картушным шчыце сядзiць вавёрка на зямлi, над шчытом — шляхетная карона. Унiкальнасць знаходкi была вiдавочнай. Архiўныя матэрыялы сталi асновай для рэканструкцыi гiстарычнага герба, кажа Марына Елiнская. Менавiта такая праца — ад даследаванняў гiсторыкаў да аднаўлення мастакамi-прафесiяналамi гiстарычнага сюжэту з улiкам сучасных эстэтычных патрабаванняў i правiлаў геральдыкi — i з’яўляецца найбольш каштоўнай. Што ўяўляе сабоў герб гарадскога пасёлка Воранава i Воранаўскага раёна? Звернемся зноў да апiсання. Гэта iспанскi шчыт, якi перасечаны зубчатым дзяленнем. У верхняй блакiтнай частцы шчыта знаходзiцца ўзыходзячы залаты леў, якi трымае ў лапах сярэбраную лiтару «W». У нiжняй, чырвонай, — адлюстраванне герба «Сцiпiён» блакiтнага колеру. Воранава было вядомым па беларускiм пiсьмовым крынiцам з XVI стагоддзя. У той час населены пункт знаходзiўся ў саставе Вялiкага княства Лiтоўскага. Старажытная назва пасёлка — Балотна (Блотна) — паходзiць ад назвы ракi Балатнянка (цяпер гэта толькi ручай). У польскiх i рускiх крынiцах мястэчка называлась Weronon, Воранаў. Тады яно было прыватнаўласнiцкiм мястэчкам: належала шляхетнаму роду Гаштольдаў. Уладальнiкамi мястэчка пазней становяцца прадстаўнiкi старажытнага iтальянскага роду дэ Кампа Сцiпiёнаў, пры iх Воранава было цэнтрам стараства. З 1795 года — знаходзiлася ў саставе Расiйскай iмперыi. Як бачна, гiсторыя шматвекавая, аднак, не вельмi багатая на важныя гiстарычныя падзеi. Тым не менш пры стварэннi герба Воранава было ўлiчана, што яго развiццё ў папярэднюю эпоху вызначалася яго ўладальнiкамi, у першую чаргу — Гаштольдамi i Сцiпiёнамi. Выкарыстанне прыватнаўласнiцкай геральдыкi пры стварэннi новых гарадскiх гербаў, як мы ўжо неаднойчы пiсалi раней, вельмi прадуктыўны прыём. Ён дазваляе пашырыць геральдычную сiмволiку, i разам з тым, аднавiць шляхетныя гербы, аддаючы своеасаблiвую данiну павагi нашым папярэднiкам. Паколькi працяглы час Воранавым валодалi Гаштольды, у верхняй, найбольш ганаровай частцы афiцыйнага геральдычнага сiмвала размешчаны элементы герба гэтага роду, а менавiта ўзыходзячы залаты леў, якi трымае ў лапах лацiнскую лiтару «W». Гаштольды валодалi гербам «Абданк», шырока распаўсюджаным на тэрыторыi Беларусi — два сярэбраныя страпiлы са зрэзанымi донцамi, злучаныя памiж сабой нiбыта лацiнская «W». З iншага боку, гэта лiтара можа разглядацца як пачатковая ў назве гарадскога пасёлка (у заходняй частцы краiны, як вядома, шырока распаўсюджаны каталiцкiя традыцыi i ўплыў заходнееўрапейскай культуры). Менавiта па гэтай прычыне i была ўжыта лацiнская, а не кiрылiчная лiтара. Гэты нюанс зрабiў герб фактычна «гаворачым». Дзяленне ў гербе зубчастае. Яно выкарыстоўваецца ў тых гарадскiх гербах, дзе былi розныя фундаментальныя пабудовы з камня. Падобныя зубцы, лiчаць распрацоўшчыкi, маглi прысутнiчаць у дэкоры i касцёла, i будынка калегiума пiараў. Таму нiжняя частка герба ўяўляе сабой чырвонае поле, у цэнтры якога адлюстраваны радавы герб Сцiпiёнаў. Дарэчы, заўважыла аўтар герба i флага Воранава i Воранаўскага раёна Марына Мiхайлаўна, гэты герб пры распрацоўцы выкарыстаны ўпершыню, што цяперашнi афiцыйны геральдычны сiмвал робiць унiкальным. Нарэшце, апошняя кропка нашага «падарожжа» — герб вёскi Гальшаны Ашмянскага раёна. Яна вядомая па летапiсных крынiцах яшчэ з 1280 года. У ХIII стагоддзi тут iснаваў замак, валоданне якiм звязваюць з родам князёў Гальшанскiх i яго заснавальнiкам — легендарным князем Гольшам. Гэта старажытны княжацкi род, прадстаўнiкi якога займалi высокiя дзяржаўныя пасады ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Гальшанскiя карысталiся гербам «Гiпацэнтаўр». Гэта мiфiчная iстота, што мела галаву i торс чалавека, астатнiя часткi тулава ад каня, а замест хваста — пашчу дракона. Яго ўсхвалялi яшчэ паэты Грэцыi i Рыма. Бо высакародны i мудры кентаўр Хiрон выхаваў такiх герояў, вядомых сваiмi подзвiгамi, як Ясон i Ахiл. З часоў грэчаскай антычнасцi людзi, народжаныя пад знакам Стральца, надзялялiся мэтанакiраванасцю, энергiяй, цягай да сiлы i ўлады. Выходзiць, гэта адзiн са старажытных геральдычных знакаў на тэрыторыi Беларусi. З ХVI стагоддзя Гальшаны знаходзiлiся пад уладаннем буйных беларускiх землеўладальнiкаў Сапегаў. Яны валодалi гербам «Лiс», што ўяўляў сабой сярэбранае кап’ё цi стралу, перакрыжаваную дзвюма перакладзiнамi (пра гэты герб, якi выкарыстоўвалi многiя шляхетныя сем’i, мы ўжо пiсалi). Сучасны герб i флаг вёскi Гальшаны быў створаны спалучэннем двух прыватнаўласнiцкiх гербаў колiшнiх уладальнiкаў — Гальшанскiх i Сапегаў. Прычым, герб першых займае больш ганаровае i вялiкае па плошчы месца. Вышэй мы ўжо фактычна далi апiсанне герба, таму не будзем зноў на iм спыняцца падрабязна. Адзiнае, падкрэслiла на заканчэнне Марына Елiнская, трэба адзначыць характэрную асаблiвасць у адлюстраваннi галоўнай геральдычнай фiгуры: нягледзячы на першапачатковае паходжанне герба «Гiпацэнтаўр», мастак-геральдыст Вiктар Ляхар надаў гэтай iстоце славянскiя рысы твару i светлы колер валасоў, чым падкрэслiў нацыянальны каларыт беларускай геральдыкi. P.S. Наўздагон лiтаральна два словы. Указ № 455 быў падпiсаны ў той дзень, калi Марына Елiнская ў саставе мiжнароднай экспедыцыi, арганiзаванай Пасольствам Лiтоўскай Рэспублiкi ў Беларусi, падарожнiчала па Нёману. Удзельнiкi якраз завiталi ў Гродна. Суразмоўца кажа, што гэта было вельмi сiмвалiчна, уражаннi засталiся незабыўныя. Нарэшце, больш падрабязна аб гербах Беларусi чытачы хутка змогуць даведацца самастойна: праз некаторы час убачыць свет уласная кнiга Марыны Мiхайлаўны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марына ЕЛIНСКАЯ: «Пры распрацоўцы гербаў Гродзеншчыны былi выкарыстаны унiкальныя геральдычныя сiмва Барочны шчыт, у сярэбраным полi якога на зялёнай аканечнасцi адлюстравана чырвоная вавёрка, над якой — залатая дваранская карона. Гэта прагучала ўжо а |
|