Лiст да мацi...
Андрэй САСОНКА
На конкурс апавяданняў Эсэ студэнта Белдзяржпедунiверсiтэта iмя М. Танка Андрэя Сасонкi кранае шчырасцю i чысцiнёй, непадробнасцю маладых пачуццяў, якiя ён iмкнецца выказаць, данесцi да мацi.Парадуемся ж за яе i яе сына. Вiктар КАЗЬКО. Ён ляжаў на ложку ў сваiм невялiчкiм пакоi i пiльна ўзiраўся ў столь, якая пачынала трэскацца i дзе-нiдзе была замазана тынкоўкай. На стале сумаваў падручнiк, якi Ён узяў у сябра, каб падрыхтавацца да практычных заняткаў. Але нiшто не магло прымусiць Яго прачытаць хоць некалькi радкоў. Ён быў далёка ад пакоя з гэтым сталом i падручнiкам на iм, ад унiверсiтэта, нават ад горада. Пакой знаходзiўся на другiм паверсе, таму вельмi добра было чутна, як па вулiцы ходзяць аўтобусы i тралейбусы, шморгаюць туды-сюды аўтамабiлi. Раптам звонкi дзявочы смех перарваў Яго забыццё. Ён паволi падняўся i падышоў да акна, гэтак жа нетаропка нахiлiўся, каб разглядзець тых, хто парушыў Яго самоту. Ля ўваходу ў iнтэрнат няўрымслiвыя дзяўчаты абкiдалi двух хлопцаў снежкамi, а тыя не знайшлi нiчога iншага, як пасадзiць адну з iх у самую вялiкую гурбу. Ён прымусiў i сябе ўсмiхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая крывая i найграная, таму амаль у тое ж iмгненне знiкла з Яго вуснаў. Тымi ж няспешнымi рухамi вярнуўся Ён на ложак i зноў задумаўся. Ён думаў пра мацi. На вулiцы вусцiшна i густа падаў снег. I ў такiя часы Ён нiколi i нi пра што болей не думаў, толькi аб Ёй. Выразна прыпомнiўся першы дзень у школе. Яны iшлi туды разам: шасцiгадовы хлопчык i Яна. У той светлы i святочны ранак першага верасня Ён хваляваўся, як хвалююцца, напэўна, усе першакласнiкi, а Яна супакойвала. Супакойвала так, што Ён ужо нiчога не баяўся: нi тых разумных i страшных настаўнiкаў, якiмi цэлы вечар жартуючы палохаў бацька, нi той невядомай школы, дзе ўсё такое цiкавае i таямнiчае, нi тых загадкавых урокаў, якiя так любiлi прагульваць Яго старэйшыя сябры. Цяпер Яго нiшто не магло спынiць: Ён быў з Ёй. I душу напаўняла лёгкасць, хацелася не iсцi, а ляцець i як мага хутчэй. А як прыемна было Ёй, калi Яго першы верш надрукавалi ў раённай газеце. Нават цяпер перад iм уваччу стаiць той далёкi малюнак з дзяцiнства: стол засланы чыстай белай сурвэткай, а на ёй стаiць ваза з шакаладнымi цукеркамi, купленымi за атрыманы ганарар. Якi гонар распiраў Яго ад таго, што Ён, менавiта Ён частуе яе зараз «сваiмi ўласнымi цукеркамi». Гэта было непараўнальна нават з той павагай, якая з’явiлася пасля публiкацыi з боку аднагодкаў i сяброў. Прыпамiнаецца i тое, як Ён першы раз пакiдаў бацькоўскi дом i родныя мясцiны, ехаў у Мiнск паступаць ва унiверсiтэт. — Не падвядзi! — сказала Яна. I Ён не падвёў. Але чаго гэта каштавала iм абоiм. За кожны iспыт Яна хвалявалася болей, чым Ён сам. I менавiта з Яе падтрымкай Ён паспяхова здаў усе экзамены, стаў студэнтам. Радавалiся абое, але Яна ў шмат разоў мацней за Яго. I вось Ён ужо на трэцiм курсе. Яны разам адзначалi Яго дасягненнi, разам перажывалi цяжкiя хвiлiны расчараванняў. Ён крыўдзiў Яе, не задумваючыся i не лiчачы свой учынак крыўдай, калi ў дрэнным настроi адмаўляўся размаўляць з Ёй па тэлефоне i выслухоўваць вясковыя навiны. Апошнiм часам Ён нават рэдка ездзiў да Яе, бо вучоба давала няшмат вольнага часу. Але асноўная прычына была ў другiм, гэта разумеў i Ён, i Яна, але нiхто з iх адкрыта нiчога не гаварыў, — у Яго з’явiлася дзяўчына. Цяпер Яму было больш прыемна знаходзiцца разам з каханай. Але Яна ўсё разумела i даравала. I зараз Ён таксама разам з Ёй ... у думках. «Колькi не бачыў Яе? — задаў сабе пытанне i сам жа адказаў. — Два месяцы». Гэта адносна невялiкi тэрмiн, але толькi не для Яго. Цi змянiлася Яна за гэты час? Апошнi раз, калi быў у вёсцы, заўважыў, што пастарэла трохi. А можа, здалося?.. Можа, Яна такая ж як i тады, калi iшоў у першы клас: той жа просценькi i незабыўны твар, той жа ласкавы позiрк, тыя ж мяккiя i пяшчотныя рукi, якiх, напэўна, нi ў кога болей няма... — Мама! — раптам ускрыкнуў Ён. За сваiмi думкамi-мроямi Ён i не заўважыў, як заснуў. Але вакол нiчога не было. Ён схапiў з палiцы мабiльны тэлефон, але, хвiлiну пачакаўшы, неяк па iнарцыi выключыў i паклаў назад. «Паеду, зараз жа паеду»,— працiнала Яго iмгненная думка. Ён хутка ўстаў, апрануў куртку i выйшаў на вулiцу. Моцны парыў ветру са снегам крыху асадзiў гарачку. Ён глянуў на гадзiннiк. «Ужо не паспею. Заўтра... Заўтра абавязкова паеду»,— падумаў Ён i вярнуўся ў пакой. Ён быў як п’яны: галава iшла кругам, рукi i сэрца калацiлiся, нiбыта ў лiхаманцы. Не спяшаючыся, падобна старому дзеду, апусцiўся на ложак. А праз некалькi хвiлiн Ён ужо моцна спаў, накрыўшыся коўдрай з галавой. «Аппарат абонента выключен или находится вне зоны действия сети»,— пачулася ў трубцы, калi Яна набрала яго нумар...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эсэ студэнта Белдзяржпедунiверсiтэта iмя М. Танка Андрэя Сасонкi кранае шчырасцю i чысцiнёй, непадробнасцю маладых пачуццяў, якiя ён iмкнецца выказаць |
|