Неба i зямля свяшчэнніка Iгнатушкi
Алена КАЗЛОВА
Нечакана У гэтага мастака ёсць карцiна, якая так i называецца: «Неба i зямля». Звычайны крычаўскi пейзаж — Сож i поплаў. Але ўверсе, у аблоках — анёл у ззяннi, якi з неба глядзiць на зямлю. Крычавец Iгнатушка малюе свае зямлю i неба, бо ён — мастак у духоўным сане, свяшчэннiк.Трэба толькi выйсцi ў сад з дома крычаўскага свяшчэннiка i мастака Андрэя Iгнатушкi, i тут жа вачам адкрываецца цудоўны вiд на петлi ракi Сож, поплаў на другiм беразе ракi, якi вянчае блакiтная перспектыва лесу. На гэтым месцы 35-гадовы гаспадар толькi за апошнiя гады напiсаў ужо некалькi дзесяткаў жывапiсных палотнаў. Але ўсё ж куды больш важнай i адказнай справай, чым стварэнне мастацкiх твораў, Андрэй лiчыць напiсанне абразоў. — Гэта багаслоўе ў фарбах i вобразах, — разважае iканапiсец. — Абраз — гэта акно ў духоўны свет. Андрэй пачаў маляваць у 13 гадоў. Неяк дзеля забавы ўзяў у рукi аловак i на паперы намаляваў свайго бацьку, калi той глядзеў тэлевiзар. Атрымалася добра. Сам малюнак потым згубiўся, але вызначыў далейшую адукацыю падлетка: мастацкая школа ў Крычаве, мастацкая вучэльня ў Мiнску, Беларуская акадэмiя мастацтваў, дыпломная праца «Праваслаўны абраз Беларусi XVI—XVIII стагоддзяў» у Мiнскай духоўнай семiнарыi... Нават у войску Андрэй праслужыў два гады мастаком. — Звычайны мастацтвазнаўца не заўсёды адрознiць абраз ад карцiны на рэлiгiйную тэму. Ён будзе корпацца ў лiнiях, фарбах, кампазiцыi, асаблiвасцях мазка... Але тут трэба заўважыць галоўнае — духоўнасць, — так лiчыць Iгнатушка. — Гэта як, напрыклад, англiйская мова, якую не зразумець, калi не ведаеш. Духоўнаму чалавеку рознiца памiж абразам i карцiнай вiдавочна. Свой першы абраз Андрэй напiсаў у Духоўнай семiнарыi. Часам раiўся з мiнскiмi iканапiсцамi, але асноўныя сакрэты майстэрства спасцiгаў сам — усё ж такi да таго часу атрымаў вышэйшую мастацкую адукацыю. I яшчэ год Iгнатушка працаваў у iканапiснай майстэрнi, якую арганiзаваў пры Доме мiласэрнасцi айцец Фёдар Поўны. — Нельга проста ўзяць фарбы i напiсаць абраз. На iканапiсцы, акрамя ўсяго iншага, ляжыць вялiкая адказнасць, — тлумачыць мастак. — I невыпадкова Андрэй Рублёў быў прылiчаны да святых. Каштоўнасць яго абразоў не ў старажытнасцi альбо ў манеры пiсьма. Рублёў быў чалавекам з чыстым сэрцам, таму здолеў убачыць i намаляваць боскае. I ў гэтым яго таямнiца. Андрэй Iгнатушка аддае перавагу лiпавым, сасновым дошкам цi з алешнiку. Працуе яйкавай тэмперай паводле старажытнай тэхналогii. Такiя фарбы разбаўляюцца на жаўтку i таму больш даўгавечныя. Калi абраз напiсаны, ён пакрываецца пакостам. Пасля гэтага яго можна смела працiраць, мыць без усякай шкоды для твора. Крычаўскi iканапiсец напiсаў каля пяцi дзесяткаў розных абразоў. Напрыклад, у мясцовым Свята-Уваскрэсенскiм храме можна пабачыць яго трохметровую «Галгофу». Ёсць такiя ж у адной з цэркваў Мiнска i Брэста. Увогуле з Брэста Iгнатушку замовiлi паўтара дзесятка вялiкiх абразоў. Але здараюцца i не зусiм звычайныя заказчыкi. Да мастака звярнулася па дапамогу жыхарка Магiлёва. Аднойчы, калi жанчына была ў Быхаве, яна даведалася, што сын атрымаў сур’ёзную траўму i знаходзiцца ў цяжкiм стане, памiж жыццём i смерцю. Яна тут жа пайшла ў мясцовую царкву i пачала малiцца за здароўе сына ў Баркалабаўскага абраза Божай Мацi. Сын застаўся жывы, i яго мацi, на знак вялiкай удзячнасцi, замовiла свяшчэннiку Андрэю копiю знакамiтага абраза з Быхава i потым падаравала яе аднаму з крычаўскiх храмаў. Як увогуле нараджаюцца iдэi намаляваць той цi iншы святы лiк? Андрэй Iгнатушка прызнаецца, што некаторыя абразы ён капiруе, iншыя ж з’яўляюцца аўтарскiмi. Напрыклад, для адной са сваiх дачок ён напiсаў абраз «Святая Марыя, мучанiца Персiдская», i пры гэтым карыстаўся канонам i толькi слоўным апiсаннем вобраза твора. Таму што арыгiнала так нiдзе i не здолеў знайсцi. Адна з апошнiх работ крычаўскага iканапiсцы — «З’яўленне абраза Божай Мацi князю Сямёну Альгердавiчу» — выканана на сюжэт стварэння Пустынкаўскага манастыра ў Мсцiслаўскiм раёне. — Перад пачаткам работы заўсёды малюся i, калi ёсць магчымасць, прытрымлiваюся паста, — расказвае мастак. — Ды i ў працэсе малявання, калi чытаеш сам сабе малiтву, то праца iдзе спарней. Ужо напiсаны абраз свяшчэннiк абавязкова павiнен асвяцiць. Андрэй рукапаложаны ў сан iерэя, i ўсе неабходныя таiнствы можа зрабiць сам: «Малiтва прыклiкае боскую ласку, каб абраз гэты божы дар перадаваў тым, хто каля яго будзе малiцца». г. Крычаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтага мастака ёсць карцiна, якая так i называецца: «Неба i зямля». Звычайны крычаўскi пейзаж — Сож i поплаў. Але ўверсе, у аблоках — анёл у ззяннi, |
|