Аўтааматар
Аўтаадказчык
НЯТАННА БЫЦЬ МАЛАДЫМ Цi праўда, што пры заключэннi дагавора страхавання аб абавязковай грамадзянскай адказнасцi будуць улiчвацца ўзрост вадзiцеля i стаж кiравання транспартным сродкам? Аляксей Лазоўскi, г. Мiнск. Праўда. Паводле прэзiдэнцкага ўказа № 530 ад 25 жнiўня 2006 года, усе ўладальнiкi транспартных сродкаў падзелены на 4 катэгорыi. Самая «дарагая» катэгорыя — вадзiцелi да 25 гадоў i са стажам менш 2 гадоў. Iм пры заключэннi «аўтаграмадзянкi» давядзецца плацiць надбаўку да страхавога ўзносу ў памеры 30 працэнтаў. Для вадзiцеляў з такiм жа невялiкiм стажам, але ва ўзросце больш за 25 гадоў, надбаўка складзе 20 працэнтаў. Вадзiцелi да 25 гадоў, якiя маюць вадзiцельскi стаж больш за 2 гады, таксама будуць даплачваць за маладосць 10 працэнтаў. Як паведамiлi ў Беларускiм бюро па транспартным страхаваннi, падобныя змены выклiканы тым, што маладыя i нявопытныя вадзiцелi здзяйсняюць значна больш аварый, чым iх больш сталыя калегi. Таму вадзiцелям, старэйшым за 25 гадоў i са стажам больш за 2 гады, надбаўкi плацiць не давядзецца. Варта таксама адзначыць, што ўказ зняў абмежаваннi тэрмiну звароту для кампенсацыi ўрону. Раней адпаведную заяву неабходна было падаць не пазней як праз тры месяцы пасля дарожна-транспартнага здарэння. Аўтаўладальнiкi, якiя спазнiлiся, павiнны былi звяртацца ў суд i з яго дапамогай шукаць справядлiвасцi. Аўтаапытанне НАПЕРАДЗЕ ЕЎРОПЫ ЎСЁЙ Самыя недысцыплiнаваныя вадзiцелi ў Еўропе — расiяне. Да такой высновы прыйшлi спецыялiсты кампанii Goodyear i агенцтва KRC Research, правёўшы апытанне вадзiцеляў у 15 краiнах Старога свету. Як сведчаць вынiкi даследавання, 36 працэнтаў расiйскiх вадзiцеляў рэгулярна перавышаюць хуткасць, 30 працэнтаў — хоць бы раз у жыццi кiравалi аўтамабiлем у нецвярозым стане, 23 працэнты — робяць рызыкоўныя манеўры з выездам на сустрэчную паласу, а 60 працэнтаў — не звяртаюць увагi на зношаныя шыны. Аўтапрам АРЫГIНАЛЬНЫ «МАЗ» Адразу два беларускiя аўтапоезды «МАЗ» атрымалi на Маскоўскiм мiжнародным аўтамабiльным салоне спецыяльны прыз за арыгiнальнасць канструкцыi. Беларускiя грузавiкi ўкамплектаваны рухавiкамi Daimler Chrysler i каробкай перадач ZF. А на кабiне i шасi сядзельнага цягача «МАЗ-544019» устаноўлены нават шумапаглынальныя экраны. Аўтастаянка ПАРКУЙСЯ ПРАВIЛЬНА! Увесь асабовы састаў сталiчнай мiлiцыi зараз вядзе бескампрамiсную барацьбу з вадзiцелямi, якiя пакiдаюць свае транспартныя сродкi ў забароненых для прыпынку i стаянкi месцах. Пра гэта паведамiў на нарадзе ў мэрыi намеснiк начальнiка мiлiцыi грамадскай бяспекi i спецыяльнай мiлiцыi ГУУС Яўген Полудзень. Апроч супрацоўнiкаў ДАI, з парушальнiкамi правiлаў паркоўкi змагаюцца i ўчастковыя iнспектары, i мiлiцыянеры патрульна-паставой службы. Толькi за мiнулы тыдзень у цэнтральнай частцы Мiнска былi аштрафаваны 11 тысяч вадзiцеляў, якiя парушылi Правiлы дарожнага руху. ПIШЫЦЕ СКАРГI I ПРАПАНОВЫ У пералiк месцаў, дзе абавязкова павiнна быць кнiга скаргаў i прапаноў, днямi ўключаны аўтамабiльныя стаянкi.Цяпер уладальнiкi транспартных сродкаў, незадаволеныя сэрвiсам на аўтастаянках, могуць пакiдаць свае заўвагi ў адмысловай кнiзе. Гаспадары стаянак павiнны рэагаваць на крытычныя «сiгналы». Аўтаэксперымент ГРУЗАВАЯ ПАГРОЗА Мiнiстэрства транспарту Бельгii забаранiла вадзiцелям грузавых аўтамабiляў выязджаць у рэйс у дажджлiвае надвор’е. Гэтая мера накiравана на скарачэнне колькасцi дарожна-транспартных здарэнняў, паколькi бельгiйскiя чыноўнiкi лiчаць, што менавiта грузавiкi нясуць самую вялiкую пагрозу ў непагадзь. Эксперымент з забаронай руху грузавога транспарту будзе доўжыцца да канца верасня. Палiцыя абяцае прымяняць да парушальнiкаў самыя жосткiя штрафныя санкцыi. Аўтарэйтынг «PORSCHE» — ПЕРШЫ Аўтамабiль «Porsche 911 Carrera S» з магутнасцю рухавiка 355 конскiх сiл прызнаны лепшым сярод спартыўных машын. У вынiку выпрабаванняў на хуткасць, надзейнасць, зручнасць i камфорт гэтаму «кару» не было роўных сярод спартыўных аўто. Больш магутны «Chevrolet Corvette Z06» (пад яго капотам 505 «коней») апынуўся на другiм месцы. «Бронза» — у самага хуткага аўтамабiля «Dodge Viper», якi разганяецца да 100 км у гадзiну ўсяго за 4,2 секунды. Аўтакур’ёз ЗНАКАВЫ ПАДМАН Амерыканскi вадзiцель, якога палiцыя некалькi разоў спыняла на адным i тым жа ўчастку дарогi за перавышэнне хуткасцi, стамiўся плацiць штраф i ...падмянiў дарожны знак. Замест знака, якi абмяжоўваў рух хуткасцю не больш за 20 мiль у гадзiну, хiтрун павесiў iншы, якi дазваляў iмчаць да 40 мiль у гадзiну. Аднак палiцэйскiм удалося выкрыць падманшчыка. Хiтраму вадзiцелю давялося выплацiць буйны штраф, а таксама прыйдзецца адседзець за кратамi 56 дзён. Аўтажарт Звонiць «добразычлiвец» у ДАI i гаворыць: — Па шашы «Брэст—Мiнск» з хуткасцю 240 кiламетраў у гадзiну iмчыць чорны «BMW», у салоне на заднiм сядзеннi персiдскi кот i блакiтнавокая бландзiнка з дыяментавымi завушнiцамi, запiшыце дзяржнумар i прымiце меры ў адносiнах да злоснага парушальнiка Правiлаў дарожнага руху. — Дзякуй за сiгнал! Скажыце, калi ласка, як вы на такой хуткасцi паспелi заўважыць такiя падрабязныя прыкметы аўтамабiля i пасажыраў? — здзiўляецца «даiшнiк». — А я еду следам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi праўда, што пры заключэннi дагавора страхавання аб абавязковай грамадзянскай адказнасцi будуць улiчвацца ўзрост вадзiцеля i стаж кiравання транспар
|
|