Анатоль БАЙДАЧНЫ: «У школе па фiзкультуры меў «4»
Iрына ПРЫМАК
Хоць Анатоль Байдачны — вядомы футбольны спецыялiст (зараз ён з’яўляецца саветнiкам старшынi Асацыяцыi «Беларуская федэрацыя футбола»), але i акрамя гульнi № 1, падчас нашай сустрэчы яму было аб чым узгадаць. Напрыклад, аб тым, што меў у школе «4» па фiзкультуры, нiколi не паставiць унука ў кут i лiчыць, што рэкламаваць трэба толькi карысныя рэчы.
— Калi ў Мiшэля Плацiнi спыталi, чым адрознiваецца сучасны футбол ад футбола мiнулых гадоў, француз адказаў жартам: «Калi раней дзяўчына даведвалася, што я футбалiст, яна збягала, а зараз — з задавальненнем выйшла б за мяне замуж». Анатоль Мiкалаевiч, як па-вашаму: футбол вельмi змянiўся? — Я разумею, чаму Плацiнi сказаў менавiта так, бо тады заробкi ва ўсiх былi прыблiзна роўныя. Можна было жыць нармальна i з iнжынерам, а зараз дзяўчаты, якiя жадаюць дастатку, сапраўды мараць аб шлюбе з вядомым футбалiстам. Як бы на тое пытанне адказаў я? (Задумаўся) Раней адносiны iграка да зборнай былi iншымi: мы атрымлiвалi малыя грошы, але выступленне за сваю краiну лiчылася святой справай i гонарам. Магчыма таму, што гэта быў час з моцнай iдэалогiяй, ды i ўвайсцi ў зборную СССР пры тым вялiкiм выбары (11 чалавек з 15 рэспублiк) было цяжка. Лягчэй у космас паляцець. Дарэчы, у савецкi час, каб гуляць у клубе вышэйшай лiгi, на адну пазiцыю было каля дзвюх тысяч кандыдатаў. Селекцыя iснавала каласальная. На матчы прыходзiла 55 тысяч балельшчыкаў, а зараз на зборную столькi не збiраецца на трыбунах. Што ж датычыцца развiцця футбола, то ён стаў больш хуткiм. Знiкае ўсярэдненасць, назiраецца ўнiверсалiзацыя, уменне згуляць на любой пазiцыi. На мой погляд, футбол вельмi iндывiдуалiзаваўся, бо трэнеры патрабуюць ад сваiх падначаленых iндывiдуальнага майстэрства. Дарэчы, на развiццё гульнi вельмi паўплывалi бразiльцы, калi на чэмпiянат-1958 прывезлi новую тактычную схему — 4-2-4: да атакi сталi падключацца крайнiя абаронцы, з’явiлiся прыкметы калектыўнага футбола. У 1974-м галандцы пазнаёмiлi з татальным футболам: iгракi сталi дапамагаць адзiн другому адбiраць мяч у сапернiкаў i пазбаўлялi iх прасторы. Прайшло 16 гадоў, i чэмпiянат свету быў самым невiдовiшчным, бо назiралася нiзкая вынiковасць, i тады ФIФА вырашыла, што трэба нешта змянiць. У вынiку з’явiлiся новыя тактычныя схемы i футбол зноў «скочыў» наперад. Зноў прайшло 16 гадоў, i чэмпiянат у Германii аказаўся самым нiзкiм па вынiковасцi. Напэўна, настаў час нешта змянiць, хоць футбол вельмi кансерватыўны. — Вы не так даўно пабывалi на кангрэсе ФIФА ў Берлiне, дзе абмяркоўвалiся вынiкi сёлетняга мундзiяля ў Германii. Аб чым iшла размова? — Аб тым, што матчы наведала самая вялiкая колькасць балельшчыкаў. Размаўлялi i аб далейшых шляхах развiцця футбола на розных кантынентах, асаблiва на афрыканскiм, а вы ведаеце, што наступны турнiр адбудзецца менавiта там. Трэнеры дзялiлiся сваiмi ўражаннямi, расказвалi аб тактыцы, падрыхтоўцы каманд. Выступаў i Марчэла Лiпi, настаўнiк чэмпiёнаў. — Напэўна, ён раскрыў сакрэт, як стаць чэмпiёнамi свету? — Лiпi асаблiва новых рэчаў не назваў: патрэбна наяўнасць iгракоў высокага ўзроўню i трэнера-лiдара, а таксама лепшых, чым у клубах, умоў у нацыянальнай зборнай. Калi ўсе гэтыя кампаненты супадаюць, тады зборная можа дасягнуць поспеху. — Цiкава, што вы i нават ваш сын гулялi толькi ў «Дынама». Чым растлумачыце такую адданасць? — Сын трэнiраваўся ў дзiцяча-юнацкай школе мiнскага «Дынама», а што датычыцца мяне, то за маскоўскае «Дынама» я гуляў з 16 гадоў. Нават калi перайшоў у iншы клуб, iм зноў аказалася «Дынама». Толькi ўжо мiнскае. Чаму выступаў толькi за «бела-блакiтных»? У мой час iснавала адданасць клубу: футбалiсты гулялi толькi ў адной камандзе дзесяцiгоддзямi, шанавалi яе традыцыi i адчувалi сябе адказнымi перад ёй. I такую адданасць я лiчу правiльнай. Напрыклад, вельмi паважаю Мальдзiнi, якi выступаў за «Мiлан». Зразумела, мне i зараз неабыякава маскоўскае «Дынама», бо гэта мой родны клуб. Я заўжды перажываю, што апошнiя гады ён выступае не надта добра, бо ў мае часы каманда ўваходзiла ў сусветную элiту, а ў варотах стаяў лепшы галкiпер свету Леў Яшын. — Унука таксама ў «Дынама» аддадзiце? — Магчыма. Яго неяк спыталi, кiм хоча працаваць у будучым, i пачулi: «Футбалiстам». Праўда, пакуль ён больш цiкавiцца Iнтэрнэтам, хоць яму яшчэ чатыры гады. — Не забараняеце? — Гэта на полi я магу быць строгiм, а дома... Усе родныя кажуць, што дзед унука толькi разбэшчвае, бо ўсё яму дазваляе. А я лiчу, што выхоўваць дзяцей з пазiцыi дыктатарства няправiльна, таму што гэта перашкаджае развiвацца. Можна толькi растлумачыць, як лепей зрабiць. Я сына нiколi не бiў i папракаю яго за тое, што ставiць унука ў кут. — Аднак вернемся да дынамаўскай тэмы. Што вы адчулi, калi сталi галоўным трэнерам мiнскiх «бела-блакiтных», сярод якiх самi калiсьцi гулялi? Псiхалагiчна гэта складана? — У некаторых людзей так складваецца ў жыццi, што даводзiцца трэнiраваць тых, з кiм разам гуляў. У такiх выпадках цяжка, але ў мяне такога не было, ды i я застаў каманду зусiм не той, што iснавала пры мне. Наогул лiчу, што гэта — зусiм ужо не тое «Дынама», а каманда з iншымi позiркамi. — Вам давялося працаваць у арабскiм футболе. Спадабалася? — Там я адчуваў сябе вельмi ўтульна, асаблiва ў Сiрыi, калi ўзначальваў маладзёжную зборную, i мы выйгралi чэмпiянат Азii. Да мяне ставiлiся з вялiкай павагай. На вулiцу не мог выйсцi, бо ўсе пазнавалi. Сустрэўся нават з прэзiдэнтам Сiрыi. Мне падарылi машыну. — Якiмi вам запомнiлiся арабскiя футбалiсты? — Яны даверлiвыя i эксцэнтрычныя. У экстрэмальнай сiтуацыi нават не могуць узяць сябе ў рукi. Напрыклад, на маладзёжным чэмпiянаце свету давялося сустрэцца са зборнай Бразiлii. Гулялi ў першым тайме па схеме з адным нападаючым i да 40-й хвiлiны нам не маглi забiць гол, але пасля спрэчнага пенальцi Раналда адкрыў-такi лiк. У раздзявалцы я даю ўстаноўку камандзе: «Працягваем гуляць, як раней. Чакаем моманту», а футбалiсты плачуць, бо за тры гады нiкому не прайгравалi. Тлумачу, што нашы сапернiкi — бразiльцы i нiчога дрэннага пакуль не здарылася. Тут падыйшлi мясцовыя спецыялiсты, нешта сказалi iгракам, i ў другiм тайме мае футбалiсты як пабеглi ў атаку. Я падумаў: «Ну, канец». Бразiльцы злавiлi нас на контратаках i забiлi 6 мячоў. Напэўна, пашкадавалi, бо магло быць яшчэ болей. Дарэчы, узгадваю яшчэ цiкавы выпадак. Трэнiравалася каманда адзiн раз у дзень, вечарам. Памятаю, як iгракi раптам усё кiдалi, бо наступаў час малiтвы. Прыйшлося пераносiць час трэнiроўкi, каб займацца без такiх «перапынкаў». — А як вы ставiцеся да такой з’явы, як мнагажонства? — У нас iншыя рэлiгiйныя прынцыпы, менталiтэт, таму ў нас яно наўрад цi прыжылося б, а там мнагажонства — нармальная з’ява. Гэта не проста так прыдумалi: адбывалася шмат войнаў, не хапала мужчын, патрэбна было працягваць род. У большасцi нашых людзей няправiльнае ўяўленне аб мнагажонстве. Дарэчы, iслам жа гарэм не шануе, а чатыры жонкi мець дазваляецца, але кожную патрэбна забяспечыць асобным домам i г. д. — Раз мы закранулi тэму шлюбаў, дазвольце пацiкавiцца: чым вы растлумачыце, што футбалiсты зараз усё часцей звязваюць жыццё са спявачкамi? Вы, калi не памыляюся, выбралi ў жонкi — матэматыка-iнфарматыка... — У мой час былi папулярныя шлюбы з гiмнасткамi. Напрыклад, Блахiн i Дзяругiна. Спорт i шоу-бiзнэс вельмi звязаныя, таму некаторыя iгракi i жэняцца на спявачках. Цяжка прадказаць, чым скончыцца такi шлюб. У каго як заладзiцца. — Вас цяжка ўявiць з пыласосам. I ўсё ж у вас ёсць абавязкi па дому? — Шчыра скажу, што нiколi нiчога не ўмеў рабiць, а жонка — на ўсе рукi майстар. Праўда, хатнiмi справамi ў нас па-сапраўднаму займаецца хатняя работнiца. А жонка — сабой, унукам i з задавальненнем вандруе па свеце. — А вы не складаеце ёй кампанiю? — У мяне такая прафесiя, што даводзiцца шмат ездзiць, таму я лепей дома адпачну. — Футбол сёння — не толькi гульня, але i бiзнэс. Многiя вядомыя iгракi здымаюцца ў рэкламе. А вы маглi б прарэкламаваць нейкi тавар? — Не ведаю. Нешта добрае, магчыма б. Толькi не спiртныя напоi, а тое, што iдзе на карысць. — Вы закончылi школу з сярэбраным медалём. Раскажыце, калi ласка, чаму ж не было «золата»? — Я ж атрымаў дзве «4» — па хiмii (яе вельмi не любiў) i па фiзвыхаванню. — Як так? — Я тады шмат ездзiў на спаборнiцтвы ў складзе юнацкай зборнай, таму часу наведваць заняткi не было, а тым больш выступаць за школьную каманду, вось i раззлаваўся на мяне настаўнiк i паставiў «4». Адзiным прадметам, якi мне тады падабаўся, была руская лiтаратура. Магчыма таму, што ў нас выкладала цудоўная настаўнiца, якая шмат ведала, прайшла блакаду. Яна нас навучыла разумець Маякоўскага i сфармавала добры лiтаратурны густ. З той пары люблю паэзiю Ясенiна. — Магчыма любоў да лiтаратуры i прывяла вас на факультэт журналiстыкi БДУ, якi вы скончылi завочна? — Я не марыў быць трэнерам, а жадаў працаваць спартыўным аглядальнiкам. Было на каго раўняцца — Панядзельнiк, Маслачэнка. Сябры, сярод iх быў i Павел Якубовiч, неяк прапанавалi мне напiсаць аб матчы i ўсё быццам бы атрымлiвалася, але лёс змянiў мой жыццёвы накiрунак. Адбыўся няшчасны выпадак: у 27 гадоў атрымаў цяжкую траўму, якая не дазволiла гуляць далей. Футбол снiўся па начах, вось i прыйшлося стаць трэнерам, каб працягваць «гуляць». Дарэчы, мае творчыя здольнасцi праявiлiся яшчэ ў школе, калi ўзяў удзел у конкурсе сачыненняў на ўсесаюзную тэму «Ёсць у рэвалюцыi пачатак — няма ў рэвалюцыi канца» i заняў трэцяе месца: раскрыў яе вельмi арыгiнальна — праз расказ аб краiне ранiшняй свежасцi Карэi, у якой пабываў... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць Анатоль Байдачны — вядомы футбольны спецыялiст (зараз ён з’яўляецца саветнiкам старшынi Асацыяцыi «Беларуская федэрацыя футбола»), але i акрамя г
|
|