Другое жыццё Вялiкiх Бакштаў
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
(ЗАКАНЧЭННЕ. ПАЧАТАК Ў НУМАРЫ ЗА 20 ВЕРАСНЯ.)
Турысты Цяпер з кожным турыстам гаспадары сядзiбы «Панскi куток» заключаюць тыпавы дагавор. Узор дагавора быў разасланы ўсiм членам грамадскага аб’яднання «Агра- i экатурызм» з прыпiскай: «Просiм тых з вас, хто трапляе пад катэгорыю гаспадароў вясковых сядзiб (гэта той, хто мае сельскую прапiску i зарэгiстраваўся ў сельсавеце як гаспадар сядзiбы — В.М.), якiм, згодна з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 372 «Аб мерах па развiццю агра- i экатурызму ў Рэспублiцы Беларусь» даюцца льготы, абавязкова зарэгiстравацца ў сельсавеце i пачаць афармляць дагаворы з турыстамi. Iльготы дадзены як мiнiмум на пяць гадоў, таму давайце выкарыстаем iх i будзем працаваць у адпаведнасцi з законам. У дапаўненне да Указа членам нашага грамадскага аб’яднання даецца права рэгiстраваць замежных турыстаў у сваiх сядзiбах. Рэкамендуем вам звярнуць увагу на тое, што Беларусь становiцца членам ЕСЕАТ (Еўрапейскi цэнтр агра- i экатурызму), i тыя з вас, хто жадае атрымаць «зялёны сертыфiкат» гэтай арганiзацыi, звяртайцеся па тлумачэннi да нас. Сертыфiкаваныя сядзiбы будуць мець магчымасць прымаць у будучым «зялёных» еўрапейскiх турыстаў i быць прадстаўленымi ў каталогах i сайтах гэтай прэстыжнай мiжнароднай арганiзацыi...». «Зялёныя турысты» — гэта тыя, дзеля каго «вясковы турызм» i быў створаны. Па вялiкаму рахунку, людзi, якiя вырашаюцца пускаць у свой, часта зроблены ўласнымi рукамi, з вялiкiмi намаганнямi i любоўю дом чужых, разлiчваюць на «цывiлiзаванасць» гасцей. Да таго ж, гэта звычайна не проста прадастаўленне дома, а ўпусканне людзей у сваё жыццё. А значыць, непазбежныя змены ў гэтым жыццi, карэкцiроўкi. Таму зусiм не абыякава — каго пускаць. Аднак у нас у першую чаргу вясковы турызм аказаўся запатрабаваны для так званага «карпаратыўнага адпачынку». У вёску iмкнуцца з’ехаць вялiкiя шумныя кампанii, для якiх галоўная ўмова — магчымасць разняволiцца, сумясцiць рэстаран з гатэлем i лазняй. Калi ўсё гэта яшчэ i ў «каларытным» антуражы, ды недалёка ад горада — зусiм добра. I многiя сядзiбы, як бы клопатна гэта нi было, на пачатку свайго развiцця вымушаныя такiя кампанii прымаць. Бо менавiта кампанii прыносяць адчувальныя грошы (хай i разам з адчувальнымi стратамi ў выглядзе пабiтага посуду i запэцканых шпалераў). Некаторыя сядзiбы нават робяць стаўку на карпаратыўны адпачынак. Але ўсё роўна кожны гаспадар (калi гэта сапраўды вясковая сядзiба) спадзяецца, што гэта — часова. Што галоўны яго i сапраўдны турыст — наперадзе. Калi дзякуючы «шумным кампанiям» будуць створаны адпаведныя ўмовы для людзей цiхiх, культурных, сямейных, якiя едуць у вёску за чысцiнёй паветра, прыгажосцю краявiдаў, натуральнай ежай, цiшынёй i спакоем. Вось i Наталля, гаспадыня «Панскага кутка» кажа, што з задавальненнем прымае моладзь, студэнтаў. Бо з iмi проста. Праўда, у такiя ночы яны з мужам зусiм не спяць, хоць знаходзяцца ў асобнай хатцы: прыслухоўваюцца да галасоў. «Калi смяюцца, настрой добры, значыць усё iдзе хораша», — расказвае Наталля. Нешта падобнае мне расказвалi i гаспадары iншых сядзiб. Адны праз сценку слухаюць гукi бiльярда (якi, дарэчы, таксама пастаўлены, каб адцягнуць людзей ад чаркi), другiя цiхенька сочаць за курцамi на падпiтку — каб не нарабiлi пажару, трэцiя пад выглядам «падкiнуць у камiн дровы» кантралююць, у якiм стане застолле. Акрамя таго, у кожнага гаспадара ёсць свае спосабы трымаць кампанiю ў прыстойным выглядзе. Гэта на самай справе сапраўднае мастацтва, бо трэба рабiць так, каб госцi i не здагадалiся пра заклапочанасць гаспадароў, каб усiм усё спадабалася. Трэба ведаць момант, калi прапанаваць перацягванне каната, калi — купанне ў палонцы цi аблiванне халоднай вадой, а калi пусцiць па кругу гiтару цi гармонiк... — Пакуль што мы нiкому не адмаўляем, — кажа Наталля. — Прымаем усiх гасцей з задавальненнем. Але як толькi давядзём сядзiбу да ладу, тады ўжо падымем цану, каб адсеяць «неспакойныя кампанii». Бо грошы для нас — не галоўная мэта. Зараз у сядзiбы едуць тры катэгорыi турыстаў. Акрамя кампанiй, яшчэ закаханыя пары i сем’i. Колькасць айчыннага «зялёнага турыста» паступова павялiчваецца. Ён больш патрабавальны, чым тыя ж кампанii. Гэта для яго Наталля збiраецца вясной завесцi курачак, каб былi свае яйкi. Прывесцi ў парадак (расчысцiць ад зараснiку) падмуркi панскага дома. I зрабiць асобны двор па другi бок хаткi, каб лiшнi раз не трапляцца гасцям на вочы. Але што датычыцца турыста па лiнii ЕСЕАТ, то гэта ўвогуле iншы ўзровень экалагiчнай, калi можна так сказаць, свядомасцi. Напрыклад, «зялёным» не абыякава, куды гаспадары вылiваюць ваду пасля мыцця бялiзны (не дай Бог прама на зямлю!), якую энергiю яны выкарыстоўваюць, адкуль бяруць дровы (не дай Бог з суседняга лесу!), як i з чаго пабудаваны дом (лепш каб па традыцыйнай тэхналогii). Гасцям з замежжа важна, каб у беларускай вёсцы ўсё было беларускае (а не iмпартнае), каб у доме выкарыстоўвалiся рэчы, зробленыя на мясцовых заводах i ў майстэрнях. Каб гаспадары прадастаўлялi iм поўную экалагiчную iнфармацыю i (!) не прымалi шумныя кампанii, якiя могуць прынесцi шкоду навакольнай прыродзе. Дарэчы, бацькi мае, хоць былi i не па лiнii ЕСЕАТ, але ж траплялi пад «зялёных» амаль цалкам. Калi шчыра, я перажывала, адпраўляючы iх у вёску да незнаёмых людзей. Думала, за пяць дзён напэўна засумуюць. Але гэтага не адбылося. Мацi з татам тры днi хадзiлi па грыбы. На Кубанi няма лясоў. Дык яны душу адвялi. Потым грыбы тыя перабiралi, частку Наталля вельмi смачна смажыла, частку замарынавала, частку замарозiла i яшчэ засушыла (у яе ёсць для гэтай мэты спецыяльная сушылка). Адзiн дзень бацькi прысвяцiлi скупцы крамы пры радашковiцкiм керамiчным заводзе. Павезлi ў Краснадарскi край беларускiя збаны, гарлачыкi, наборы для рыбака i проста талеркi для супу («Зусiм не дарагiя!»). У перадапошнi дзень яны проста гулялi па наваколлю, хадзiлi глядзець лебедзяў (не пашанцавала), i зноў набралi грыбоў. Вечарамi сядзелi ля камiна i размаўлялi. Дзе яшчэ i калi ў iх была такая магчымасць? Да таго ж мацi не стаяла ля плiты, не мыла посуд, а абслугоўвалi iх «як каралёў». Адным словам, спадабалася, i за пяць дзён не засумавалi. А сын мой, калi мы прыехалi праведаць бабулю з дзядулем, сказаў: «Я б хацеў тут застацца жыць». Можна было б i сапраўды купiць якую хатку ў вёсцы i прыязджаць туды. Але ж гэта будзе адно i тое ж месца. Дзякуючы вясковаму турызму можна не проста ўбачыць, а адчуць усю Беларусь, з усiмi яе туманамi, перакуленым у азёры небам, багатымi лясамi i шчырымi людзьмi. Такiмi рознымi i такiмi добрымi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер з кожным турыстам гаспадары сядзiбы «Панскi куток» заключаюць тыпавы дагавор
|
|