Сустрэча працiўнiкаў
Прэзiдэнты ЗША i Iрана ў адзiн дзень звярнулiся да сусветнай супольнасцi з трыбуны ААН
У аўторак, 19 верасня, вакол штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку былi ўведзены надзвычайныя меры бяспекi. Зачыненыя для руху транспарту вулiцы, сотнi палiцэйскiх i супрацоўнiкаў спецслужбаў ЗША, кiнолагi з сабакамi, якiя даследавалi тэрыторыю ў пошуках выбуховых прыстасаванняў, верталёты, што патрулявалi раён... Так у Нью-Йорку праходзiў першы дзень выступленняў кiраўнiкоў многiх дзяржаў свету у рамках 61-й сесii Генеральнай асамблеi ААН. З асаблiвай цiкавасцю сотнi журналiстаў з розных краiн свету чакалi выступленняў дзвюх асоб — прэзiдэнта ЗША Джорджа Буша i кiраўнiка Iрана Махмуда Ахмадзiнежада, якiя апошнiм часам надзвычай жорстка крытыкуюць палiтыку адзiн аднаго. На думку Джорджа Буша, «самая вялiкая перашкода» на шляху да добрай будучынi Iрана — сённяшняе кiраўнiцтва краiны, якое, у прыватнасцi, «iмкнецца да валодання ядзернай зброяй». На думку iранскага лiдара, ЗША i Вялiкабрытанiя, якiя з’яўляюцца пастаяннымi членамi Савета бяспекi, выкарыстоўваюць гэтую структуру для дасягнення сваiх мэтаў. «Калi гэтыя краiны маюць спрэчку з нейкай дзяржавай, то яны выносяць спрэчку на разгляд Савета бяспекi» i пры гэтым, на думку Махмуда Ахмадзiнежада, самi вырашаюць, як пакараць краiну. Прэзiдэнт Iрана заклiкаў да рэфармавання Савета бяспекi ААН, якi «мае патрэбу ў законнасцi i справядлiвасцi». Кiраўнiк Iрана пракаментаваў сiтуацыю, якая склалася ў Iраку. Паводле слоў прэзiдэнта, апошнiя тры гады працягваецца акупацыя гэтай краiны. Пры гэтым «не праходзiць i дня», каб у Iраку не гiнула велiзарная колькасць людзей. «Захопнiкi не могуць стварыць бяспечную сiтуaцыю ў Iраку. Няма сведчанняў таму, што акупанты маюць палiтычную волю, каб лiквiдаваць крынiцы небяспекi. Шмат тэрарыстаў былi захоплены iракскiмi ўладамi, аднак iх пад рознымi нагодамi акупанты адпусцiлi. Здаецца, што актыўнасць тэрарызму з’яўляецца падставай для працягу прысутнасцi замежных сiл у Iраку». Звярнуўся ў сваiм выступе Махмуд Ахмадзiнежад i да сiтуацыi вакол ядзернай праграмы Iрана. «Iран — член МАГАТЭ. Наша краiна прытрымлiваецца Дагавора аб нераспаўсюджваннi. Уся наша ядзерная дзейнасць з’яўляецца транспарэнтнай, мiрнай i знаходзiцца пад кантролем iнспектараў МАГАТЭ. Чаму тады ёсць пярэчаннi супраць нашых законных правоў? Якiя ўрады выступаюць супраць нашых правоў? Тыя, што самi выкарыстоўваюць ядзерную энергетыку? Некаторыя з iх злоўжылi ядзернай тэхналогiяй для нямiрных мэтаў...» Сяргей КУЗНЯЦОЎ, штаб-кватэра ААН, Нью-Йорк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзiдэнты ЗША i Iрана ў адзiн дзень звярнулiся да сусветнай супольнасцi з трыбуны ААН
|
|