Рашэтнiкавы са «Звязды-2003»
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Першакласнiк Лёнiк напярэдаднi сёлетняга навучальнага года агарошыў сваiх бацькоў заявачкай: тата i мама, хачу хадзiць у школу ў такiм касцюме, як у Вiктара Мiкалаевiча. Купiце мне яго. Як у Вiктара Мiкалаевiча Рашэтнiкава, удакладнiлi бацькi. Менавiта так, пацвердзiў сямiгадовы нашчадак. А чаму, яшчэ больш зацiкавiлiся. Таму што ён добры, i яго ўсе любяць. Калi я вырасту, буду такiм, як ён, адказаў хлопчык. Дырэктарам.
Аб гэтым факце мне расказала сакратар Залескага сельсавета Чачэрскага раёна Валянцiна Маслава, зазначыўшы пры гэтым, што ў прыродзе пустога месца не бывае, а ў вёсцы ўсё навiдавоку. Ва ўсiх, нават, здавалася б, у такой малечы, як той жа Лёня. Бацькi яго працуюць жывёлаводамi, i зусiм зразумела, што справы гаспадаркi ў той цi iншай меры абмяркоўваюцца, як кажуць, у хатняй абстаноўцы. I на першым плане, вiдаць, з iх вымалёўваецца асоба кiраўнiка. I Вiктар Мiкалаевiч тут паўстае як чалавек, якога паважаюць людзi. Вось гэта i ўцямiў Лёня. Калi б я ў гутарцы з Рашэтнiкавым агучыў указаны факт, то, упэўнены, той бы запярэчыў прывесцi яго на старонках газеты. З-за сцiпласцi, з-за празмернай увагi да яго персоны. Бо так ён выхаваны ў шматдзетнай сялянскай сям’i (бацька Мiкалай Рыгоравiч усё жыццё круцiў руль у мясцовым калгасе «Звязда», а мацi Зiнаiда Аляксееўна працавала тут жа ў паляводстве), у якой сямёра хлопца i дзяўчынак з дзяцiнства спазнавалi мудрую iсцiну: толькi старанная i пачэсная праца i дастатак у дом прынясе, i павагу, i прызнанне людзей дасць. I яшчэ: не будзь ганарыстым, не стаў сябе ў паводзiнах вышэй за ўсiх, разумей кожнага чалавека, якi сустрэнецца на тваёй жыццёвай дарозе, якую б пасаду ты нi займаў. А яны, тыя пасады, у Вiктара Рашэтнiкава пасля заканчэння Рэчыцкага сельскагаспадарчага тэхнiкума i службы ў армii былi розныя: старшы ветэрынарны ўрач у сваiм калгасе, а затым i ў раённай ветлячэбнiцы, а пасля — заатэхнiкам i там, i там. Без адрыву ад вытворчасцi закончыў Вiцебскую ветэрынарную акадэмiю. I вось нечаканая прапанова старшынi Чачэрскага райвыканкама Васiля Максiменкi ўзначалiць калгас «Звязда», дзе ўсё жыццё працавалi яго бацькi, дзе i ён хадзiў на праполку буракоў у час летнiх канiкулаў, пералапачваў зерне на збожжатаку, выконваў iншыя работы i дзе пачыналася яго працоўная бiяграфiя. Было гэта ў 2000 годзе, i Вiктару ў гэты час нядрэнна працавалася ў ветлячэбнiцы. Пра справы ў калгасе ён ведаў добра. Сутачныя надоi ад каровы — казiныя: 1,4 лiтра. 75 працэнтаў рагуль — ялаўкi, выхад цялят ад ста буронак — усяго 25. Не было чым пахвалiцца i ў паляводстве. Зарплату людзi не атрымлiвалi па тры i больш месяцаў. Ды i якая там зарплата, калi калгас ходзiць у вялiзных даўгах. Прызнацца шчыра, дык Васiль Мiхайлавiч чакаў, што Вiктар, прабачце, не палезе ў гэты хамут, пачне знаходзiць розныя прычыны, каб адмовiцца. Але — памылiўся. Бо той адразу згадзiўся. На сходзе калектыву старшыня райвыканкама сказаў людзям, прадстаўляючы Рашэтнiкава, што той не нейкi там «кот у мяшку», якога нiхто не ведае, а ваш мясцовы чалавек, аўтарытэтны i паважаны спецыялiст, якi добра зарэкамендаваў сябе ў раёне i якi рашуча настроены выцягнуць гаспадарку з балота. Пярэчыць на сходзе кiраўнiку раёна нiхто не стаў, але i асаблiвага энтузiязму народ не выказаў. Бо, пэўна, на крэсле старшынi праўлення калгаса ўжо бачыў не аднаго, хто абяцаў змянiць курс яго, даць людзям зарплату. Вiктар Мiкалаевiч разумеў сiтуацыю насцярожанасцi землякоў i рабiў усё, каб зняць яе. Канчаткова ён упэўнiўся ў тым, што яго прынялi, у яго паверылi пасля таго, як наведаўся ў майстэрню i ўбачыў, што механiзатары без нiякай каманды зверху пачалi наводзiць парадак на мехдвары, ставiць тэхнiку на зiму. Працоўныя буднi новага старшынi былi вельмi напружанымi. Гiрамi на нагах вiсела ранейшая запазычанасць гаспадаркi ў 400 мiльёнаў рублёў. Якi тут стымул у працы, калi чым больш працуеш, тым больш трэба вяртаць даўгоў? А тут яшчэ такiя тармазы, як дысцыплiна ў калектыве, што кульгае на дзве нагi, членства ў калгасе, статутам якога (а гэта па ўсёй рэспублiцы) вызначана, што чалавек павiнен адпрацаваць за год не менш як 270 працадзён, а значыць, яму трэба даць работу. Будзе ён працаваць праз пень-калоду — звольнiць нельга, змянiць структуру кiравання гаспадаркай — таксама. I гэтак далей. Тым не менш справы ў калгасе паступова пачалi наладжвацца. Былi ўзятыя крэдыты, здадзена збожжа, зроблены першыя крокi ў павелiчэннi надояў, задзейнiчаны iншыя меры павышэння эфектыўнасцi вытворчасцi, такiя, як лячэнне кароў, строгае захаванне тэхналогii ў паляводстве i жывёлагадоўлi. Усё гэта прывяло да таго, што праз сем месяцаў старшынёўства Рашэтнiкава народ пачаў рэгулярна атрымлiваць заработную плату, а праз паўтара года калгас разлiчыўся з ранейшай сваёй запазычанасцю. Аб тым, што справа кранулася з мёртвай кропкi, сведчыць i такi факт: калгас падставiў плячо суседняму адстаючаму саўгасу «Бяляеўскi», якi апынуўся ў гаротным становiшчы. А калi дакладней, дык у вынiку рэфармавання той улiўся ў склад «Звязды». Так бы яно iшло i далей, калi б не новыя перамены, не новыя павевы ў рэфармаваннi сельскай гаспадаркi. У Чачэрскiм раёне ўпершыню на Гомельшчыне замест калгасаў ствараюцца прыватныя сельскагаспадарчыя ўнiтарныя прадпрыемствы, канцэпцыя якiх была распрацавана вучонымi. Аб гэтым наша газета расказвала ў 2003 годзе, таму падрабязнасцi яе мы апусцiм, а больш увагi ўдзелiм рабоце ў гэтым напрамку ПСУП «Звязда-2003» (так цяпер стала называцца гаспадарка, якую ўзначалiў дырэктар-прадпрымальнiк Вiктар Рашэтнiкаў). Дарэчы, гэту пасаду заняць ён згадзiўся толькi на пятым сходзе калектыву — вось такiя перыпетыi былi вакол новай формы гаспадарання, калi ўласнасць прадпрыемства замацоўваецца за яго работнiкамi, а ўласнiкам з’яўляецца калектыў у асобе кожнага члена прадпрыемства са сваiм паем. Тут трэба адразу сказаць, што па ўсiх нарматыўных дакументах кiраўнiкi ПСУПаў маюць вялiкую самастойнасць у гаспадарчых справах, бо на поўную сiлу пачынаюць працаваць новыя вытворчыя адносiны: прадпрыемствы ж прыватныя. Дык вось, Рашэтнiкаў меў магчымасць (i гэтым ён скарыстаўся) запрашаць на працу высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў i плацiць iм за гэта куды большую зарплату. Так было, дарэчы, з галоўным аграномам i галоўным заатэхнiкам. Адначасова правёў рэарганiзацыю структур кiравання прадпрыемствам, у два разы скарацiўшы колькасць начальнiкаў. З работнiкамi былi заключаны кантракты, якiя прадугледжваюць правы i абавязкi двух бакоў, створана новая каманда аднадумцаў па павышэнню эфектыўнасцi вытворчасцi. У яе, дарэчы, побач з iншымi кiраўнiкамi структурных падраздзяленняў увайшлi i браты Вiктара Мiкалаевiча: Аляксандр, якi i раней працаваў тут на пасадзе галоўнага iнжынера, i Мiкалай, загадчык майстэрняў, iнжынер па тэхнiцы бяспекi, а ў час нарыхтоўкi кармоў i ўборкi збожжавых яшчэ i камбайнер. Пасля заканчэння Рэчыцкага сельскагаспадарчага каледжа вярнуўся з дыпломам ветэрынарнага фельчара Аляксей Рашэтнiкаў, якi вучыўся там па накiраванню гаспадаркi. Два гады таму, паступiўшы на завочнае навучанне ў той жа тэхнiкум, заняла пасаду тэхнiка-асемянатара родная сястра Рашэтнiкавых Марына, сям’я якой у Залессе пераехала з Гомеля, бо там цяжка было з жыллём. Сёлета яна была першай у раёне па сваёй спецыяльнасцi, а яе муж Пятро даглядае ў гаспадарцы цялят. Пра ўсiх Рашэтнiкавых толькi добрыя водгукi. — Можа хто i крыўдзiцца на мяне, — дзелiцца сваiмi думкамi Вiктар Мiкалаевiч. — Але паверце, секчы, як кажуць, з пляча не ў маiм характары. Што заслугоўваеш — тое i атрымай. Заўсёды маю прывычку пагаварыць з чалавекам, падказаць яму нешта, параiць, а калi трэба — патрабаваць як след. Бо народ у нас розны. Адны стараюцца, другiя — лынды б’юць на працы. Крадзеж, п’янства — вось гэтага я не цярплю ў людзях, хоць яны i мае землякi, аднавяскоўцы. Таму i давялося развiтацца з тымi, хто пасля растлумачальных гутарак не зрабiў належных вывадаў. На першапачатковым этапе дзейнасцi прыватнага прадпрыемства нямала было i такiх радавых работнiкаў, якiя не старалiся выконваць умовы кантрактаў, прывыкшы па-ранейшаму працаваць спусцiўшы рукавы. А тут трэба было напругчыся, аддаць працы ўсе сем гадзiн, як гэта i было прадугледжана. Таму хто-нiхто не пажадаў вытрымлiваць такi рытм, звольнiўся. Праўда, чалавек пятнаццаць папрасiлiся назад, упэўнiўшыся, што «там добра, дзе нас няма». Прыватная форма гаспадарання прывучае людзей працаваць гэтак жа, як i на сваiм прысядзiбным участку, адвыкаць ад таго заганнага прынцыпу «вакол усё калгаснае — вакол усё маё». У вынiку шмат добрых змен адбылося ў «Звяздзе-2003» як у вытворчых працэсах, так i паляпшэннi бытавых умоў, заробках людзей i г.д. Гэта i рэканструкцыя фермаў пад бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы на глыбокай подсцiлцы, i перазалужэнне пашы, i стварэнне трывалай кармавой базы, будаўнiцтва сталовай, аднаўленне душавых i да т.п. У вынiку сутачныя надоi малака ўзраслi ад кожнай каровы да 11,4 лiтра, сярэдняя зарплата жывёлаводаў — 400 тысяч рублёў, а механiзатараў — у паўтара раза больш. Прадпрыемства дапамагае насельнiцтву ў нарыхтоўцы сена, пасадцы бульбы, абмалоце збожжа, а сельсавету — праводзiць розныя мерапрыемствы, выдзяляючы для гэтага грашовыя сродкi. А цi ёсць праблемы ў «Звязды-2003»? А дзе iх няма? Галоўнае, што прадпрыемства iдзе наперад паступальным рухам i пераадольвае iх. ...А што можна сказаць першакласнiку Лёнiку? Хiба што ён хоча браць правiльны жыццёвы арыенцiр. Дык няхай збудуцца яго мары...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першакласнiк Лёнiк напярэдаднi сёлетняга навучальнага года агарошыў сваiх бацькоў заявачкай: тата i мама, хачу хадзiць у школу ў такiм касцюме, як
|
|