Святлана ВЫСОЦКАЯ: «Прадпрымальнiк павiнен быць крыштальна чысты»
Ала МАЧАЛАВА
Некалi слова «бiзнэс» было ледзь не лаянкавым, а тых, хто iм займаецца, лiчылi хцiвымi, пранырлiвымi. У масавай свядомасцi паняцце «бiзнэсмен» азначала «махляр», «ашуканец». Сёння сiтуацыя iншая: змянiлiся адносiны дзяржавы да прадпрымальнiкаў (прымаюцца праграмы падтрымкi такой дзейнасцi), ды i ў грамадстве змянiлася стаўленне да бiзнэсменаў — людзi разумеюць, чым больш прыватных прадпрыемстваў з’яўляецца, тым мацнейшая сярод iх канкурэнцыя, а значыць — вышэйшая якасць прадукту i нiжэйшы кошт. Можа, i бiзнэсмены сталi iншыя: iнтэлiгентныя, працалюбiвыя, сумленныя, як гераiня гэтага матэрыялу — бiзнэс-лэдзi Святлана Высоцкая. Аднак негатыўны вобраз прадпрымальнiка па-ранейшаму застаецца стэрэатыпам. Наша задача — разбураць стэрэатыпы, што ж пачнём! Адказ бiзнэс-вумен на маё першае пытанне аказаўся вельмi нечаканым, спадзяюся, не пакiне раўнадушнымi i вас.
З ДАСЬЕ: ВЫСОЦКАЯ Святлана Мiкалаеўна, 1971 года нараджэння. Адукацыя: вышэйшая, эканамiчная. 5 гадоў у бiзнэсе, тры накiрункi працы — будаўнiцтва, гандаль i Iнтэрнэт-праект. 7 гадоў за рулём, асабiсты аўтамабiль — Mazda-6. Дзецi: 8-гадовая Дзiана i 12-гадовы Жэня. Захапленнi: танец жывата, ёга. — Без чаго не абысцiся прадпрымальнiку? — Без сумленнасцi, прыстойнасцi(!), — упэўнена Святлана Мiкалаеўна. — Пэўна, калi хочаш падзарабiць грошай, падманеш некага i атрымаеш выгаду, але калi займаешся бiзнэсам, робiш кар’еру, патрэбна рэпутацыя. Кожны крок важны, бо ўплывае на ўсё. Калi хоць адну справу зробiш неахайна, несумленна, гэта потым табе ж i перашкодзiць. Бiзнэсмен павiнны быць крыштальна чысты. — У якi момант наспела рашэнне «Усё, адкрываю сваю справу!»? — Рашэнне пачаць свой бiзнэс было вымушаным — 5—6 гадоў таму я знаходзiлася на ростанях: з мужам развялася, на руках — двое малых дзяцей, уласнага жылля няма. На той момант я працавала на прыватным прадпрыемстве намеснiкам дырэктара па эканомiцы. Абавязкаў было шмат: працавала i з фiнансамi, i з аналiтыкай. Зарабляла я нядрэнна, аднак для таго, каб мець уласнае жыллё, гэтага не хапала. Тады я вырашыла паспрабаваць сябе ў бiзнэсе. Першы год прыбытку не было анiякага, жылi вельмi сцiпла. Вельмi хацелася пакiнуць гэту справу, аднак страт было шмат i грошы трэба вяртаць. За мной нiкога не было, нi ў кога не папросiш. Калi я зарабiла столькi, каб вярнуць i нават больш, зразумела, што ў мяне атрымлiваецца, i пайшла наперад. Так мае няўдачы сталi палiвам майго поспеху! — не без гордасцi кажа Святлана Высоцкая. — Святлана, раскажыце, калi ласка, падрабязней пра свой бiзнэс. — Пачынала я з аптовага гандлю электратэхнiчнымi вырабамi. Цяпер на гэтым прадпрыемстве ў мяне ёсць свой прадстаўнiк, выканаўчы дырэктар, я непасрэдна кiрую двума новымi прадпрыемствамi: «ГарантIнвестСтрой» i Iнтэрнэт-партал www.belbud.biz. Абодва яны звязаны з будаўнiчай сферай: супрацоўнiкi першага займаюцца капiтальным рамонтам будынкаў, аздабленнем памяшканняў, дызайнам, мiж iншым, сярод нашых заказчыкаў ёсць нават Мiнiстэрства абароны; а другi праект — будаўнiчы сервер Беларусi, дзе створана iнфармацыйная база гэтай галiны, адзiная для ўсёй краiны, тут мы iнтэгруем iнфармацыйныя патокi памiж удзельнiкамi будаўнiчага рынку. Любое будаўнiчае прадпрыемства можа мець свой сайт у структуры партала. Гэта пэўная палёгка, бо стварэнне сайта, яго ўтрыманне, забеспячэнне, падтрымка, хосцiнг — усё гэта дарагiя мерапрыемствы, да таго ж знешне простая Iнтэрнэт-рэклама патрабуе спецыяльных ведаў. — Чаму абралi менавiта будаўнiцтва ды яшчэ i ў спалучэннi з iнфармацыйным бiзнэсам? — Будаўнiцтва — цiкавая галiна, якая апошнiм часам вельмi iнтэнсiўна развiваецца. У некаторай ступенi зараз назiраецца будаўнiчы бум, гэта накладвае свой адбiтак на агульную сiтуацыю на рынку: вiдавочны дэфiцыт рабочых будаўнiчых спецыяльнасцяў i нават некаторых матэрыялаў, напрыклад, сёлета было практычна нерэальна набыць аконнае шкло. А партал — унiкальны iнструмент для будаўнiчага рынку. Iнфармацыйны бiзнэс — зусiм новая сфера, што спалучае мноства ведаў, якiмi трэба валодаць, i гэта вельмi актуальна ў iнфармацыйным грамадстве. — У чым ваш рэцэпт поспеху? — Iсцi ў бiзнэс, думаючы толькi пра сябе i сваю выгаду, няправiльна. Гэта калi i прынясе поспех, то кароткачасовы. Я iшла да поспеху, думаючы аб тым, якую карысць я магу прынесцi людзям, i я дакладна ведаю, што калi несцi карысць i даброты iншым, нейкая часцiнка гэтага дастанецца i мне. — Што вам прыносiць праца? — Маральнае i матэрыяльнае задавальненне. Я адчуваю сябе карыснай людзям i ... свабоднай. Заўважу, што як працаўнiк будаўнiчай сферы, Святлана часта ўжывае спецыфiчныя метафары: «Свабода асобы — своеасаблiвы фундамент, — кажа яна, — на якiм усё трымаецца, а фiнансавая свабода — адна з цаглiнак таго фундаменту». — Як падбiраеце персанал, Святлана? — Першы i галоўны крытэрый — матывацыя, — адказала яна не раздумваючы. — Я бяру на працу толькi тых людзей, якiм яна неабходна, якiя з запалам да яе адносяцца — яны будуць рабiць усё, для iх няма нiчога немагчымага. Вопыт, эмацыянальныя якасцi таксама важныя, але яны другасныя. Асноўная праблема, з якой я сутыкаюся пры прыёме на работу, заключаецца ў тым, што чалавек, якi валодае вопытам, як правiла, не жадае вучыцца новаму, а вынiк — адсутнасць мабiльнасцi, гэта недапушчальна. Бiзнэс развiваецца вельмi iмклiва, мы жывём у эпоху iнфармацыйнай рэвалюцыi: тыя веды, што працавалi ўчора, сёння ўжо не прыносяць карысцi. Таму вучыцца, вучыцца i яшчэ раз вучыцца! — заклiкае Святлана. Магчыма, вопытны чалавек можа шмат зрабiць для кампанii, аднак яшчэ большае па сiлах таму, хто прагне новага, з гатоўнасцю гэта ўспрымае. Сама бiзнэс-лэдзi — выдатны таму прыклад, паводле прызнання Святланы, яна кожны дзень пачынае, нiбы з чыстага лiста: ацэньвае сiтуацыю так, быццам бачыць яе ўпершыню. Пэўна, гэта дае плён. — Святлана, а як вы ставiцеся да канкурэнцыi? — Канкурэнцыя — справа добрая, — задаволена ўсмiхаецца бiзнэс-лэдзi. — У нашым менталiтэце ёсць нейкае адценне лаяльнасцi, ляноты. Таму канкурэнцыя — ледзь не адзiны рухавiк беларускага бiзнэсу. Без яе, я ўпэўнена, наш бiзнэс не развiваўся б. Я вельмi ўдзячная сваiм канкурэнтам: калi мяне ў нечым абыходзяць, я пачынаю думаць пра тое, як палепшыць свой прадукт, што яшчэ можна даць спажыўцу. Нейкi час працаваць у сферы iнфармацыйнага бiзнэсу было лёгка — канкурэнты вялыя. Апошнiм часам сталi з’яўляцца цiкавыя праекты i мы цалкам перагледзелi ўласную стратэгiю, палiтыку, змянiлi накiрунак развiцця, увялi новыя дадатковыя паслугi, магчымасцi для карыстальнiкаў. Напрыклад, з’явiлася магчымасць азнаёмiцца з усёй нарматыўнай дакументацыяй у галiне будаўнiцтва i завесцi замежныя кантакты. Справа ў тым, што нарматыўная база будаўнiчага рынку надзвычай вялiкая, а на нашым сайце ўсе гэтыя разрозненыя дакументы сабраны разам, што вельмi зручна для спецыялiстаў у галiне будаўнiцтва, тым больш iснуе магчымасць пошуку па ключавому слову. Акрамя таго, наш партал зарэгiстраваны ў мностве сусветных пошукавых сiстэм, дзякуючы гэтаму замежныя прадпрыемствы, якiя шукаюць супрацоўнiцтва ў нашай краiне, могуць выйсцi на наш партал i размясцiць тут сваю заяўку, а кожны наведвальнiк у сваю чаргу можа азнаёмiцца з прапановамi i завязаць патрэбныя сувязi. На аўтаномным сайце ўсё гэта зрабiць значна цяжэй. — Што адрознiвае вас ад канкурэнтаў? — Мы арыентаваныя не на тое, каб зарабiць, а каб даць спажыўцу. Амаль год наш партал функцыянаваў бясплатна, бо мы скiраваны на тое, каб прынесцi карысць будаўнiчай галiне прамысловасцi. Зараз мы сфармiравалi базу i ўвялi некаторыя платныя паслугi, зарабляем за кошт банераў (рэкламныя аб’явы на сайце — заўв. аўт.). — Як бавiце вольны час? — Пастаянна шукаю нешта новае: танцы, ёга, разнастайныя сiстэмы аздараўлення, бодзi-флекс. Упэўнена, для прадуктыўнай працы адпачываць трэба некалькi разоў за год, абавязкова. Восенню добра бываць у Карлавых Варах, летам — цешыцца сонцам у Турцыi цi Балгарыi, зiмой — катацца на лыжах у гарах. Святлана — аматар актыўнага адпачынку: мора i пляжу для яе недастаткова — неабходна пазнаёмiцца з гiсторыяй, культурай i выдатнымi мясцiнамi той краiны, якую наведвае. — Каб развiвацца, iсцi наперад, трэба ўмець адасобiцца ад таго, у чым варышся кожны дзень, — працягвае Святлана. — Нельга ўвесь час спяшацца, некуды бегчы, гэта ледзь не так жа безвынiкова, як бяздзейнасць. Трэба паспяваць i папрацаваць, i адпачыць. Бiзнэс-лэдзi ўпэўнена, што пастаянны рух i мiтусня шкодныя, таму пэўны час у сваiм напружаным графiку адводзiць для медытацыi. Маўляў, гэта дапамагае ўсталяваць кантакт з самой сабой i палепшыць iнтуiцыю, якая таксама патрэбна ў бiзнэсе. Бiзнэс-вумен сiнтэзуе ў сабе сузiральнасць усходняй культуры i дынамiзм заходняй. Знешнiя змены ў жыццi Святланы Высоцкай за 5 гадоў яе прадпрымальнiцкай дзейнасцi вiдавочныя: уласная кватэра, аўтамабiль, неблагi ўзровень забяспечанасцi. А як з унутранымi зменамi? — Я стала больш упэўненай у сабе, — прызнаецца Святлана, — спакайнейшай, больш гiбкай i ўраўнаважанай, менш эгаiстычнай. Я адчуваю сябе гаспадыняй уласнага жыцця, i гэта выдатна. Планаў на будучае вельмi шмат: усё распiсана ледзь не на 100 гадоў наперад. Хачу працаваць над сваiмi праектамi, укараняць iх, выводзiць на новыя i новыя ўзроўнi. — Што б вы параiлi прадпрымальнiку, якi толькi пачынае ўласную справу? — Не спужацца старту. Пачатковы беспрыбытковы перыяд — мiнiмум год. Памятайце, калi з чыстымi намерамi ўкладваць сваю энергiю ў бiзнэс, ён спаўна верне. Ён нiбы жывы: усё адчувае, яго не падманеш. — А грошы лёгка трацiце? — Вельмi. Больш за ўсё люблю рабiць падарункi, прычым не дарослым людзям, якiя могуць самi набыць тое, што iм дорыш, а дзецям. Мы крыху дапамагаем дзiцячаму дому сямейнага тыпу ў Серабранцы. Ведалi б вы, наколькi гэта прыемна — глядзець у шчаслiвыя дзiцячыя вочы! Мы не пералiчвалi грошы, а куплялi iм адзенне, абутак. Яны ўжо ў падлеткавым узросце — якраз у гэты час не хочацца хадзiць у аднолькавым, з’яўляецца жаданне выдзелiцца. Павезлi дзетак у магазiн, дзе яны самi выбралi тое, што iм спадабалася, а мы аплацiлi i прывезлi. Якiя яны былi задаволеныя! Самы маленькi з iх зрабiў для нас падзелку. Гiпсавая талерачка з намаляванымi каляровымi кветкамi стаiць у офiсе Святланы на вiдным месцы, i захоўваецца з такой жа ашчаднасцю, што i ўзнагароды, атрыманыя на конкурсах, сапраўды, дзiцячая ўдзячнасць — самая каштоўная.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалi слова «бiзнэс» было ледзь не лаянкавым, а тых, хто iм займаецца, лiчылi хцiвымi, пранырлiвымi. У масавай свядомасцi паняцце «бiзнэсмен» азначал
|
|