Шмат яблыкаў i грыбоў, а журавiн мала
Iлона IВАНОВА
У Магiлёўскай вобласцi поўным ходам iдуць нарыхтоўкi дароў лесу i прысядзiбных участкаў вяскоўцаў — журавiн, грыбоў i яблыкаў.
У сiстэме аблспажыўсаюза цяпер нарыхтавана каля 15 тысяч тон яблыкаў, i гэта амаль удвая больш за леташнi ўзровень. Збор яшчэ не завяршыўся i, паводле слоў начальнiка ўпраўлення нарыхтовак спажыўсаюза Нiны Лындовай, у вобласцi ёсць шанц пераўзысцi рэкордную нарыхтоўку 2004 года: у тым сезоне спажывецкая кааперацыя набыла ў вяскоўцаў каля 18 тысяч тон яблыкаў. Праўда, спецыялiсты гавораць, што ўраджай гэтага года ўсё ж не параўнаць з пазалеташнiм, бо сёлета яблыкi не ўрадзiлi ва ўсходнiх раёнах Магiлёўшчыны. Асноўныя надзеi нарыхтоўшчыкi звязваюць з Бабруйскiм, Глускiм, Кiраўскiм, Клiчаўскiм i Асiповiцкiм раёнамi. Цяпер за кiлаграм яблыкаў для патрэб гандлю плацяць 600—800 рублёў, 100 рублёў — за апад. Асобная цана ўстаноўлена для «антонаўкi», якую знялi з дрэва, — 400 рублёў. Гэтыя яблыкi будуць мачыць, а астатнiя — адпраўляць на перапрацоўчыя прадпрыемствы, у асноўным для патрэб вiнаробаў. Удвая больш сёлета нарыхтавана i грыбоў. Частку з нарыхтаваных 37 тон згатавалi ў салёнай вадзе i цяпер накiруюць на перапрацоўчыя прадпрыемствы, а iншую — замарозiлi. Менавiта замарожаныя грыбы карыстаюцца попытам на знешнiм рынку. Замежнiкi найбольш цiкавяцца баравiкамi i лiсiчкамi. Хоць ранейшага ажыятажнага попыту ў замежнiкаў на беларускiя лiсiчкi зараз не назiраецца: рынак памяняўся. Аднак спажывецкая кааперацыя Магiлёўшчыны ўсё ж плануе прадаць за мяжу пэўную колькасць грыбоў. На нарыхтоўчых пунктах белыя грыбы прымаюцца першым гатункам за 7—10 тысяч за кiлаграм, другiм — за 5 тысяч рублёў. Лiсiчкi — 4—5 тысяч, падасiнавiкi — 1,5—2 тысячы, апенькi — 1 тысяча рублёў. Цяпер пiк збору грыбоў прайшоў, актыўна здаюць толькi апенькi, але спажывецкая кааперацыя будзе прымаць i восеньскiя грыбы. Грыбы прымаюцца ў чыстых ад радыяцыi раёнах — у асноўным у Глускiм, Клiчаўскiм, Бабруйскiм, Асiповiцкiм. Цяжка сёлета iдзе нарыхтоўка журавiн. Нягледзячы на тое, што iх збор у Магiлёўскай вобласцi быў дазволены яшчэ з 2 верасня, удалося нарыхтаваць толькi 20 тон, што ў 15 разоў менш за мiнулагоднi вынiк. Як растлумачыла таваразнаў-ца аблспажыўсаюза Ала Панцакова, тут паўплывалi ўмовы надвор’я: моцныя дажджы залiлi балоты, дзе расце гэтая ягада. Вяскоўцы гавораць, што журавiны ёсць, але падступiцца да iх цяжка. Па-другое, не заахвочвае людзей i сёлетняя цана на журавiны: кiлаграм вiтамiннай ягады каштуе толькi 1900 рублёў. Нават менш на 300 рублёў, чым летась. Справа ў тым, што замежныя камерсанты набываюць замарожаныя журавiны даволi танна: за кiлаграм пляцяць толькi 1 долар. I летась, калi аблспажыўсаюз даваў за кiлаграм 2200 рублёў, нiякага прыбытку ад нарыхтоўкi i продажу журавiн атрымаць не ўдалося, таму i давялося знiзiць цану. Вяскоўцы не разумеюць, чаму за мяжой журавiны цэняцца нiжэй, чым тыя ж чарнiцы. У нас журавiны лiчацца вельмi карыснымi, ягадамi здароўя. Але на знешнiм рынку менавiта за замарожаныя чарнiцы пляцяць больш: кiлаграм сёлета каштаваў 3 еўра, i адпаведна чарнiцы прымалi ў людзей па 5 тысяч рублёў. Гавораць, што сёлета зборшчыкi чарнiц няблага зарабiлi на зборы гэтай лясной ягады. У Магiлёўскай вобласцi спажывецкая кааперацыя набыла 155 тон чарнiц. Нарыхтавалi б i больш, але не хапае маразiльных установак. Чарнiцы — ягады капрызлiвыя, марозiць iх трэба хутка. Таму да будучага сезона аблспажыўсаюз будзе ставiць маразiльнiкi прама ў тых раёнах, дзе больш за ўсё збiраюць чарнiцы — у Глуску, Клiчаве i Асiповiчах. Увогуле сёлетнi сезон нарыхтовак спецыялiсты называюць вельмi нядрэнным. Ён яшчэ не завяршыўся, i на продажы кааператарам яблыкаў, грыбоў i журавiн можна зарабiць грошы. Спадзяваннi ёсць на Клiчаўскi раён, якi з’яўляецца самым «таварным» у нарыхтоўцы журавiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскай вобласцi поўным ходам iдуць нарыхтоўкi дароў лесу i прысядзiбных участкаў вяскоўцаў — журавiн, грыбоў i яблыкаў
|
|