Хочаш скiдак — вучыся на «выдатна»
Надзея ДРЫЛА
У гэтым навучальным годзе ў Белдзяржунiверсiтэце павысiлася аплата за навучанне. I гэта навiна стала падставай для шматлiкiх тэлефанаванняў як самiх студэнтаў, так i iх бацькоў у рэдакцыю «Звязды». За кампетэнтнымi адказамi мы накiравалiся да прарэктара па вучэбнай рабоце БДУ Вiктара САМАХВАЛА.
— Вiктар Васiльевiч, скажыце, калi ласка, ад чаго залежыць кошт навучання? — У мiнулым навучальным годзе кошт навучання залежаў ад спецыяльнасцi i формы навучання. Сёння ж ён вызначаецца ў залежнасцi ад курса, на якi перайшоў студэнт. Самы танны кошт для першакурснiкаў роўны прыблiзна 2 493 300 беларускiх рублёў за год, для студэнтаў 2—4-х курсаў — 2 100 000, для пяцiкурснiкаў — 1 759 000. Самая вялiкая аплата за навучанне для першакурснiкаў складае каля 3 654 500 беларускiх рублёў, для студэнтаў 2—4-х курсаў — 3 503 000, для пяцiкурснiкаў — 3 115 600. Самымi таннымi, а значыць даступнымi, з’яўляюцца прыродазнаўчыя факультэты. Самымi ж дарагiмi — факультэт мiжнародных адносiнаў, мiжнароднага права, сусветнай эканомiкi, мытнай справы, правазнаўства. — На колькi працэнтаў павялiчылася аплата за навучанне? — А гэта нескладана падлiчыць. Для пяцiкурснiкаў, напрыклад, павелiчэнне нязначнае, усяго два працэнты. Студэнтам 2—4-х курсаў давядзецца плацiць прыкладна на 10 працэнтаў больш. Толькi першакурснiкам пашчасцiла менш за ўсё: аплата павялiчылася прыблiзна на 40 працэнтаў. — З чым звязана павелiчэнне аплаты? — З павелiчэннем выдаткаў. Кожны студэнт, якi хоча працягнуць навучанне ў вядучым ВНУ краiны, заключае дадатковае пагадненне да дагавору. Згодна з адным з пунктаў гэтага пагаднення, кошт навучання карэктуецца пры змяненнi па рашэнню Урада Рэспублiкi Беларусь тарыфнай стаўкi першага разраду для работнiкаў бюджэтнай сферы, умоў аплаты працы гэтых работнiкаў, росту тарыфаў на камунальныя паслугi i iншыя выдаткi, неабходныя для забеспячэння працэсу навучання. Дарэчы, раней рэктарат сам вызначаў кошт аплаты, зараз жа iнiцыятыву ў свае рукi ўзяло Мiнiстэрства адукацыi. — Калi ж бацькi не змогуць адразу заплацiць вызначаную суму, цi дазваляецца працягнуць тэрмiн аплаты? — Безумоўна, для аплаты ўстанаўлiваюцца тэрмiны: вучоба аплачваецца чатыры разы на год. Але па заяве студэнта, якая павiнна быць напiсана на iмя рэктара, тэрмiн аплаты можа быць працягнуты. Дарэчы, у сувязi з павелiчэннем аплаты, студэнты могуць заплацiць першую суму грошай да 30 верасня. Для параўнання, у мiнулым годзе гэта трэба было зрабiць да 15 верасня. — Што рэальна можа зрабiць студэнт-платнiк, каб знiзiць кошт свайго навучання? — Ён можа ўзяць залiкоўку i падлiчыць сярэднi бал за мiнулы год. Бо прадугледжваюцца скiдкi тым студэнтам, якiя маюць сярэднi бал 7,46 i вышэй. Але гэта яшчэ не падстава для знiжэння. Па-першае, студэнт павiнен мець 50 працэнтаў «дзесятак» i «дзевятак». Па-другое, астатнiя адзнакi павiнны быць не нiжэйшыя за «шэсць». Гэта датычыцца менавiта студэнтаў, якiя жадаюць знiзiць аплату ад 20 да 60 працэнтаў. Таксама маюцца сацыяльныя скiдкi, якiя складаюць 40 працэнтаў. Але гэта не значыць, што студэнты, якiя апынулiся ў складаным матэрыяльным становiшчы, могуць вучыцца абы-як. Яны павiнны мець сярэднi бал не нiжэй за «шэсць». — Вiктар Васiльевiч, а якiя адзнакi павiнны быць у залiкоўцы, каб поўнасцю пазбавiцца аплаты? — Для таго каб перавесцiся на бюджэт, неабходна мець 75 працэнтаў «дзесятак» i «дзевятак», а астатнiя адзнакi не нiжэйшыя за «сем». Да таго ж у ВНУ павiнны быць свабодныя месцы. Так што, паважаны студэнт, калi ты маеш у залiкоўцы хоць адну «пяцёрку» сярод «дзесятак» i «дзевятак», то ў гэтым навучальным годзе шлях да знiжэння аплаты зачынены. А калi хочаш скiдак — вучыся на «выдатна».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым навучальным годзе ў Белдзяржунiверсiтэце павысiлася аплата за навучанне. I гэта навiна стала падставай для шматлiкiх тэлефанаванняў як самiх с
|
|