Адметнасць у стылi «барака»
Ларыса ЦIМОШЫК
Карэспандэнт выехаў на месца Што можа ўпрыгожыць цэнтр старажытнага беларускага горада? Архiтэктурны помнiк, модны сучасны бiлдынг, музей цi храм, скажаце вы. У легендарным горадзе Оршы знайшлi арыгiнальны адказ на гэтае пытанне: у самым цэнтры iндустрыяльнага горада на Дняпры больш за паўстагоддзя стаiць аварыйны жылы дом, жыхары якога носяць дровы ў бярэмях з пакасiўшыхся павецяў i карыстаюцца дашчанай прыбiральняй на вулiцы.Падарожжа ў пасляваеннае мiнулае пачынаецца з паўгнiлых драўляных прыступак двухпавярховага жылога дома на вул. Астроўскага, 11. Дом у нейкiм сэнсе гiстарычны. Ён быў пабудаваны ў 1949 годзе палоннымi немцамi. Але тут усё цiкавае ў яго гiсторыi i прыпыняецца. Таму што жыць у iм было зусiм нецiкава людзям, якiя адчувалi на сабе прывабнасць пасляваеннага будаўнiцтва. Больш позняга клопату пра сябе сцены дома не ведалi. Нiводнага (!) капiтальнага рамонту ў доме не было з тых самых часоў. Дом будавалi з таго, што было пад рукой. А выбiраць не было з чаго. Перакрыццi драўляныя, сцены зроблены са шлаку-смецця. Пасля вайны быў такi ратавальны матэрыял. Цiкава паглядзець на гэты цуд будаўнiчага майстэрства. Калi вы паспееце своечасова прыгнуцца i не праломiце галаву аб нiзкi дзвярны праём адразу на ўваходзе, то патрапiце да аблезлых дзвярэй кватэр. Такiмi звычайна паказвалi баракi ў пасляваенных фiльмах. Бясплатную экскурсiю з парадамi выжывання ў экстрэмальных умовах вядзе 46-гадовая жыхарка дзяржаўнай кватэры № 4 Святлана Кароткiна. У двухпакаёвай кватэры на першым паверсе за жыццё яна змагаецца разам з мужам, сынам, дачкой i двума ўнукамi-немаўляткамi — гэта ўжо пятае пакаленне, якое нарадзiлася ў доме, каб з маленства навучыцца быць стоiкамi. У малых гэта пакуль не атрымлiваецца — замест загартоўкi яны з-за пастаяннай сырасцi падхопліваць iнфекцыi. «Данiлка зiмой моцна хварэў на пнеўманiю, яму не было i паўгода. Я ў роспачы чакаю наступную зiму, бо цяпер у мяне два ўнукi», — уздыхае Святлана. Хiба не роспаччу прадыктавана яе настойлiвасць пiсаць лiсты ў самыя розныя iнстанцыi — а раптам якая-небудзь павернецца тварам да iх праблем? Усе яны бачныя няўзброеным вокам. Чорная столь у кухнi — гэта не новая мода. Святлане падабаецца белая столь, яна перыядычна яе i робiць такой. Але старая напаўразбураная печка не пакiдае выбару — яна капцiць так, што даводзiцца выбiраць: альбо ўзiмку акалець з белай столлю, альбо грэцца як ёсць. Дровы i брыкет сям’я штодня носiць з павецяў, што месцяцца насупраць. Зрэшты, вусцiшныя малюнкi печкi — гэта першае, аднак не самае моцнае ўражанне ад кватэры. Святлана праводзiць нас у пакой, якi называецца спальняй. Тут свае малюнкi стварае не сажа, а вада, якая цурком бяжыць па бакавой сцяне. Гэты крайнi пакой кепска праграваецца печкай, а таму зялёная плесень на сценах тут не выводзiцца нi ўзiмку, нi ўлетку. Пад Новы год на вiльготных сценах Дзед Мароз без праблем малюе свае адмысловыя ўзоры. Паводле слоў жыхароў, сцены прамярзаюць наскрозь i дакрануцца да iх немагчыма. Унук Данiлка спрабуе гойсаць на падлозе, але бабуля iмгненна яго спыняе. Дошкi на падлозе згнiлi i месцамi правалiлiся. Падмурак дома ўрос у зямлю, якая i ратуе дошкi ад поўнай катастрофы. Святлана асцярожна адхiнае фiранку i паказвае на трухлявыя аконныя рамы, якiя падзяляюць горкi лёс падлогi, сцен, столi. Не трэба гадаць пра тое, што можа здарыцца з драўлянымi перакрыццямi дома больш за паўстагоддзя. Трэба проста зайсцi ў кватэру № 1, дзе столь ужо пачала абвальвацца i з яе маляўнiча звiсае дранка. У гэтай кватэры ўжо нiхто не жыве — жыхары, стамiўшыся змагацца, уцяклi ў лепшае месца. Добра, што было куды збегчы. А калi няма куды i ты разумееш, што гэтыя 37 метраў кватэры — твой лёс? Гэты лёс iмкнуцца час ад часу расквецiць. Мясцовыя службы знайшлi-такi спосаб «стварыць цукерку» — фасадны бок дома рэгулярна падфарбоўваюць моднымi колерамi. З вулiцы — дык i нiчога, церамок. Такi клопат толькi павялiчвае раздражненне жыхароў 8 кватэр, што працягваюць тут жыць i пiсаць скаргi ва ўсе магчымыя iнстанцыi. Святлана Кароткiна паказвае велiчэзны стос папер, што сведчаць пра багацейшую гiсторыю перапiскi жыхароў з мясцовым гарвыканкамам, якая цягнецца дзесяцiгоддзямi. Высвятляецца, што яшчэ ў 1990 годзе Аршанскi гарвыканкам прызнаў: дом аварыйны, не падлягае рамонту. Тады людзi актыўна абмяркоўвалi рашэнне пра поўны знос. Але нават i спадзявацца не смелi... I правiльна: нездарма пра цярплiвасць савецкiх людзей хадзiлi легенды, здаецца, яе наўмысна загартоўвалi. Пры гэтым заставалася надзея хоць бы на капiтальны рамонт. Гадалi: а як жа гэта будзе?.. Ды нiяк. Прасцей час ад часу нешта падрабляць — гэта той шлях, па якiм цягнуць жыццё будынка. Спробы рэанiмраваць нябожчыка iдуць па сёння. У дом правялi ваду i знеслi водную калонку. Аднак узiмку вада i каналiзацыя натуральным чынам замярзаюць. Людзi з кватэр зноў вымушаны бегчы на двор. Калонку давялося аднавiць. Чарговая навацыя аказалася больш небяспечнай. Газавае ацяпленне павiнна было аблягчыць быт жыхароў. Iм прапанавалi правесцi яго за свой кошт. Некаторыя на гэта пайшлi. Тут высветлiлася, што драўляныя перакрыццi не вытрымлiваюць гэткага цяжару. Столi пачалi правальвацца, а жыхары кватэры № 1 атрымалi ўсе шанцы прыняць суседнюю сям’ю з другога паверха на сталае жахарства. Дом служыў, пакуль мог. Але i дамы, як людзi, пасля пэўнага тэрмiну службы, патрабуюць лячэння. У савецкiя часы iснавалi стандарты, раз якiх капiтальныя рамонты павiнны праводзiцца раз у дваццаць пяць гадоў. Гэта павiнны ведаць у Аршанскiм гарвыканкаме, тым больш што дом стаiць насупраць яго. Але выканкам выглядае пры гэтым акуратна i сучасна... Улады паводле зваротаў жыхароў павiнны ведаць пра iх праблемы. На жаль, ведаць — яшчэ не значыць нешта мяняць. Людзi так i працягваюць з надзеяй чакаць увагi. «Нам увесь час даюць стандартны адказ — няма сродкаў. Аднак няўжо яны знойдуцца, калi дом рухне?» — у роспачы разводзiць рукамi Святлана. Дарэчы, на поўную рэканструкцыю з адсяленнем суседняга трохпавярховага дома № 9 па вул. Астроўскага сродкi былi знойдзеныя яшчэ ў «лепшыя часы»... перабудовы. Апошнiя адказы на свае звароты да прадстаўнiкоў улады Святлана Кароткiна даслала на адрас «Звязды». Разам з ёй такiя ж адказы былi накiраваныя на iмя старшынi гарадскога Савета дэпутатаў Сiвакова, намеснiка Аршанскага гарвыканкама Хурбатава, дэпутата гарадскога Савета па Аршанскай выбарчай акрузе № 2 Казлова. Карацей, усе, хто павiнен быў ведаць пра сiтуацыю, былi iнфармаваныя пра яе. Праўда, адказы на запыты прыйшлi з адной структуры. Адказ ад генеральнага дырэктара камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства «Оршакамгас» Г. Цуранкова жыхары дома атрымалi 13 лiпеня 2006 г. Ён, напэўна, павiнен быў гучаць для простых грамадзян вельмi пераканаўча: «З-за адсутнасцi фiнансавання выканаць работы ў гэтым годзе не ўяўляецца магчымым». Усё вельмi проста. Звяртаюся па тлумачэннi ў тую самую арганiзацыю. Супрацоўнiца аддзела будаўнiцтва Алена Мордзiч гаворыць: — У нас маецца праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнiзацыю гэтага дома з падключэннем яго да сетак прыроднага газу. Была праведзена экспертыза. Дом уключаны ў Тытульны спiс капiтальнага рамонту на 2006 год. Усе дакументы маюцца, але няма фiнансавання. Што вы думаеце, мы не хочам дапамагчы людзям?.. Вось летась мы зрабiлi iншы дом па вулiцы Мiру, 10. Гэты зробiм, калi будуць сродкi. А сёлета яны ў нас пайшлi на перакрыццё дахаў. Такiя ж дажджы былi ў жнiўнi... Так што трэба пачакаць. I ўсё-такi я не разумею. Адказ, што няма фiнансавання, людзi атрымалi ў лiпенi, яшчэ калi жнiвеньскiмi дажджамi i не пахла. Значыць, фiнансавання на гэты дом проста чамусьцi няма. Быццам бы няма i гэтых людзей, якiя дзесяцiгоддзямi чакаюць дапамогi. Не год, не два. Чакалi б, напэўна, па звычцы, i далей, калi б не маленькiя дзецi. Але ж iх голас, на жаль, нiхто не ўлiчвае, акрамя мамы i бабулi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што можа ўпрыгожыць цэнтр старажытнага беларускага горада? Архiтэктурны помнiк, модны сучасны бiлдынг, музей цi храм, скажаце вы. У легендарным горадз |
|