Заключэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, законам i iншым актам заканадаўства Рэспублiкi Беларусь пастановы ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, памерах i парадку выключэння расходаў з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб», прынятай мiнiстэрствамi па падатках i зборах, эканомiкi, фiнансаў, статыстыкi i аналiзу, культуры Рэспублiкi Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З. з удзелам прадстаўнiкоў бакоў: Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Унучкi Р.I., Старшынi Пастаяннай камiсii па грашова-крэдытнай палiтыцы i банкаўскай дзейнасцi; Буравай Г.М., намеснiка Старшынi Пастаяннай камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтву, гандлю i прыватызацыi; Марахiна В.I., намеснiка Старшынi Пастаяннай камiсii па бюджэту, фiнансах i падатковай палiтыцы; Чупракова А.У., саветнiка-кансультанта ўпраўлення грамадзянскага, працоўнага i сацыяльнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу; мiнiстэрстваў па падатках i зборах, эканомiкi, фiнансаў, статыстыкi i аналiзу, культуры Рэспублiкi Беларусь — Дарашэнкi А.А., намеснiка Мiнiстра па падатках i зборах; Сялiцкай Э.А., начальнiка юрыдычнага ўпраўлення Мiнiстэрства па падатках i зборах; Грыгарчук М.А., начальнiка аддзела вылiчэння маёмасных падаткаў, дэкларавання даходаў i маёмасцi ўпраўлення падаткаабкладання фiзiчных асоб Мiнiстэрства па падатках i зборах; Хлабардова У.А., начальнiка юрыдычнага ўпраўлення Мiнiстэрства эканомiкi; Федаракi Д.I., намеснiка начальнiка юрыдычнага ўпраўлення Мiнiстэрства фiнансаў; Шчаснага М.Б., намеснiка начальнiка ўпраўлення па датковай палiтыкi Галоўнага ўпраўлення падатковай палiтыкi i даходаў бюджэту Мiнiстэрства фiнансаў; Мiхно В.Г., намеснiка Мiнiстра статыстыкi i аналiзу; Гарбайчука Д.Я., галоўнага юрысконсульта ўпраўлення навучальных устаноў i кадраў Мiнiстэрства культуры, разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, законам i iншым актам заканадаўства Рэспублiкi Беларусь пастановы ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, памерах i парадку выключэння расходаў з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб», прынятай мiнiстэрствамi па падатках i зборах, эканомiкi, фiнансаў, статыстыкi i аналiзу, культуры Рэспублiкi Беларусь». У судовым пасяджэннi ўзялi ўдзел: Вышкевiч В.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Тушынскi I.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь. Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 27 чэрвеня 2006 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5, 6 i 27 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» i артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда. Праверцы падлягала пастанова Мiнiстэрства па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, памерах i парадку выключэння расходаў з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб» (далей — пастанова ад 5 студзеня 2002 г.) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 10, 8/7697). У прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу адзначана, што згодна з дзеючым да 1 студзеня 2006 г. заканадаўствам iмянныя прыватызацыйныя чэкi «Жыллё» (далей — чэкi «Жыллё») маглi быць выкарыстаны для прыватызацыi займаемых грамадзянамi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду або выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнiчым кааператыве цi пагашэння крэдыту (пазыкi), узятага на гэта будаўнiцтва. У такiх выпадках вартасць аднаго чэка «Жыллё» вызначалася з улiкам iндэкса росту кошту будаўнiцтва жылля i, напрыклад, у 2005 годзе складала 10—13 тысяч беларускiх рублёў. У далейшым, як адзначае Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, у сувязi са змяненнямi ў сярэдзiне 2005 года заканадаўства, што ўстанавiлi новыя правiлы абарачэння чэкаў «Жыллё», грамадзяне сталi прадаваць iх па цане 0,7 — 2 тысячы беларускiх рублёў. Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу лiчыць, што Мiнiстэрства па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь пры абкладаннi падаходным падаткам даходаў грамадзян ад продажу чэкаў «Жыллё» паступiла незаконна, прымянiўшы пры падаткаабкладаннi такiх даходаў для вызначэння расходаў iндэкс спажывецкiх цэн замест iндэкса росту кошту будаўнiцтва жылля, прадугледжанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399 «Аб зацвярджэннi Палажэння аб прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, iх эксплуатацыi i рамонце i Палажэння аб iндэксацыi жыллёвай квоты (сумы квот)». Заслухаўшы паведамленне суддзi-дакладчыка Бойка Т.С., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае. 1. У Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь замацавана права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на жыллё. Яно забяспечваецца развiццём дзяржаўнага i прыватнага жыллёвага фонду, садзейнiчаннем грамадзянам у набыццi жылля (артыкул 48). У адпаведнасцi з Законам «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь» прыватызацыя жыллёвага фонду ажыццяўляецца на выплатнай, бязвыплатнай або змешанай аснове (артыкул 9), прычым бязвыплатная прыватызацыя жылых памяшканняў ажыццяўляецца шляхам надзялення грамадзян Рэспублiкi Беларусь жыллёвай квотай у грашовай форме, што сведчыцца чэкамi «Жыллё» (артыкулы 10, 11). Чэкi «Жыллё» ў першую чаргу выкарыстоўваюцца для прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага i грамадскага жыллёвага фонду. Не выкарыстаныя па мэтаваму прызначэнню чэкi «Жыллё» могуць быць накiраваны на iншыя мэты, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь (артыкул 12 Закона «Аб раздзяржаўленнi i прыватызацыi дзяржаўнай уласнасцi ў Рэспублiцы Беларусь»). Згодна з артыкулам 16 Закона «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь» пры немагчымасцi выкарыстання чэкаў «Жыллё» часткова або поўнасцю для прыватызацыi займаемых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду яны выкарыстоўваюцца для: выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнiчым кааператыве цi пагашэння крэдыту (пазыкi), узятага на гэта будаўнiцтва; фiнансавання iндывiдуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўнiцтва, рэканструкцыi аднакватэрных, блакiраваных жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўнiцтве, пры набыццi жылля шляхам яго куплi, а таксама для пагашэння запазычанасцi па крэдытах банкаў i пазыках юрыдычных асоб, узятых i выкарыстаных на ўказаныя мэты; прыватызацыi дзяржаўнай уласнасцi; абмену на каштоўныя паперы. Акрамя таго, да 1 студзеня 2006 г. чэкi «Жыллё» можна было прадаваць (артыкул 16 Закона «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь» i артыкул 11 Закона «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублiкi Беларусь»). 2. У адпаведнасцi з Законам «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб» у рэдакцыi Закона ад 9 сакавiка 1999 г. даходы грамадзян ад продажу каштоўных папер з 1 студзеня 1999 г. сталi аб’ектам абкладання падаходным падаткам (падпункт 1.11 пункта 1 артыкула 3 дадзенага Закона). Паколькi згодна з артыкулам 1 Закона «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублiкi Беларусь» чэк «Жыллё» з’яўляецца дзяржаўнай iмянной каштоўнай паперай Рэспублiкi Беларусь, то даходы грамадзян ад продажу гэтых чэкаў пачалi абкладацца падаходным падаткам. Для фiзiчных асоб, якiя атрымалi даходы ад выплатнага адчужэння маёмасцi, да якой адносяцца i каштоўныя паперы, уключаючы чэкi «Жыллё», абкладаемы даход змяншаўся на суму дакументальна пацверджаных расходаў, звязаных з атрыманнем гэтых даходаў (артыкул 16 Закона «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб»). Склад такiх расходаў, парадак iх вызначэння i выключэння з даходаў, згодна з часткай трэцяй пункта 1 артыкула 19 Закона «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб», зацвярджалiся Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаным iм органам. Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на падставе дэлегаваных яму заканадаўцам паўнамоцтваў пастановай ад 9 чэрвеня 1999 г. № 863 «Аб складзе расходаў, звязаных з атрыманнем даходаў фiзiчнымi асобамi» вызначыў такiя ўпаўнаважаныя органы. Загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта, мiнiстэрстваў эканомiкi, фiнансаў, статыстыкi i аналiзу, прадпрымальнiцтва i iнвестыцый, культуры ад 28 лiпеня 1999 г. № 185/73/204/174/102/262 было зацверджана Палажэнне аб складзе, памерах i парадку выключэння расходаў з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб. Дадзеным Палажэннем устанаўлiвалiся розныя методыкi iндэксацыi расходаў, прымяненне якiх залежала ад вiду адчужальнай маёмасцi. У адпаведнасцi з пунктам 11 Палажэння аб складзе расходаў i парадку iх выключэння з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб у рэдакцыi пастановы ад 5 студзеня 2002 г. (далей — Палажэнне 2002 г.) (страцiла сiлу з 27 сакавiка 2006 г.) расходы па набыццю маёмасцi вызначалiся зыходзячы з фактычна зробленых i дакументальна пацверджаных расходаў па яе набыццю (частка першая); у расходы па набыццю маёмасцi ўключаўся кошт гэтай маёмасцi на момант набыцця, павялiчаны на каэфiцыент, якi ўлiчвае змяненне iндэкса спажывецкiх цэн (частка другая). Такiм чынам, падатковымi органамi пры падаткаабкладаннi даходаў ад продажу чэкаў «Жыллё» стаў прымяняцца каэфiцыент, якi ўлiчваў змяненне iндэкса спажывецкiх цэн, што было прадугледжана пунктамi 11 i 14 Палажэння 2002 г., выкарыстоўваючы якi па датковыя органы праводзiлi разлiк расходаў, гэта значыць сум, што не ўключаюцца ў падаткаабкладаемую базу. Мiж тым, як вынiкае з тлумачэнняў прадстаўнiкоў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, выкарыстанне iндэкса росту кошту будаўнiцтва жылля было б найлепшым i ў падатковых праваадносiнах, у сувязi з тым што памер расходаў, якiя вылiчваюцца з падлягаючых падаткаабкладанню сум даходаў, атрыманых ад продажу чэкаў «Жыллё», быў бы вышэй, чым у выпадку выкарыстання iндэкса спажывецкiх цэн, а значыць, зменшыўся б i памер падаходнага падатку. Аднак iндэкс росту кошту будаўнiцтва жылля, устаноўлены заканадаўствам аб прыватызацыi, пры падаткаабкладаннi даходаў ад продажу чэкаў «Жыллё» не прымяняўся ў сувязi з прыняццем адпаведнымi мiнiстэрствамi на аснове дэлегаваных iм паўнамоцтваў Палажэння 2002 г. У дадзеным выпадку забароны на прымяненне iндэкса спажывецкiх цэн актамi, якiя валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай, не было. Iндэкс росту кошту будаўнiцтва жылля падлягаў прымяненню толькi пры ўмове выкарыстання чэкаў «Жыллё» ў адпаведнасцi з iх мэтавым прызначэннем, устаноўленым заканадаўствам аб прыватызацыi (частка чацвёртая артыкула 11 i частка першая артыкула 21 Закона «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь»). Згодна з указаным Законам вызначэнне парадку iндэксацыi чэкаў «Жыллё» з улiкам росту кошту будаўнiцтва жылля было аднесена да кампетэнцыi Урада Рэспублiкi Беларусь. Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь пастановай ад 21 верасня 2001 г. № 1399 зацвердзiў Палажэнне аб прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, iх эксплуатацыi i рамонце (далей — Палажэнне аб прыватызацыi жылых памяшканняў) i Палажэнне аб iндэксацыi жыллёвай квоты (сумы квот) (далей — Палажэнне аб iндэксацыi). (Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 1 верасня 2005 г. № 968 Палажэнне аб iндэксацыi прызнана страцiўшым сiлу.) Канстытуцыйны Суд адзначае, што ва ўказаных палажэннях вырашалiся пытаннi iндэксацыi чэкаў «Жыллё» толькi пры выкарыстаннi iх па мэтаваму прызначэнню, перш за ўсё для прыватызацыi жылля. Прадугледжаныя ў гэтых палажэннях iндэксы не ўстанаўлiвалiся для продажу чэкаў «Жыллё» i вырашэння пытанняў падаткаабкладання. Зыходзячы са зместу часткi чацвёртай артыкула 11 Закона «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь» i часткi першай пункта 4 Палажэння аб iндэксацыi, у выпадках продажу чэкаў «Жыллё» права на iх iндэксацыю з улiкам змянення кошту будаўнiцтва жылля пераходзiць да асобы, якая купiла дадзеныя чэкi i выкарыстоўвае iх у далейшым па мэтаваму прызначэнню. На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лiчыць, што iндэкс росту кошту будаўнiцтва жылля, прадугледжаны нарматыўнымi прававымi актамi аб прыватызацыi, прымяняўся толькi ў выпадках выкарыстання грамадзянамi чэкаў «Жыллё» пры прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду цi пры ажыццяўленнi грамадзянамi i членамi iх сем’яў, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, iндывiдуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўнiцтва, у тым лiку шляхам долевага ўдзелу ў iм, рэканструкцыi аднакватэрных, блакiраваных жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўнiцтве, або ўступiлi ў арганiзацыю грамадзян-забудоўшчыкаў, а таксама пры пагашэннi запазычанасцi па крэдытах банкаў i пазыках юрыдычных асоб, узятых i выкарыстаных на ўказаныя мэты. 3. Канстытуцыйны Суд, разглядаючы пытанне аб правамернасцi прыняцця адпаведнымi мiнiстэрствамi пастановы ад 5 студзеня 2002 г., адзначае наступнае. Часткай першай артыкула 55 Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь» прадугледжана, што нарматворчы орган (службовая асоба) мае права дэлегаваць частку сваiх нарматворчых паўнамоцтваў iншым нарматворчым органам (службовым асобам), калi гэта не супярэчыць Канстытуцыi i iншым заканадаўчым актам Рэспублiкi Беларусь. Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 19 Закона «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб» пастановай ад 9 чэрвеня 1999 г. № 863 «Аб складзе расходаў, звязаных з атрыманнем даходаў фiзiчнымi асобамi» перадаў вырашэнне ўказаных пытанняў Дзяржаўнаму падатковаму камiтэту (у цяперашнi час — Мiнiстэрства па падатках i зборах), мiнiстэрствам эканомiкi, статыстыкi i аналiзу, фiнансаў, культуры i iншым зацiкаўленым органам Рэспублiкi Беларусь. Канстытуцыйны Суд, зыходзячы са зместу нарматыўных прававых актаў, якiя маюць адносiны да разглядаемага пытання, прыйшоў да вываду, што пастанова ад 5 студзеня 2002 г. была прынята ў адпаведнасцi з актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, што валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай. Такiм чынам, нормы Палажэння 2002 г., зацверджанага гэтай пастановай, у частцы вызначэння расходаў з мэтай iх выключэння з даходаў, якiя абкладаюцца падаткам пры продажы чэкаў «Жыллё» з выкарыстаннем iндэкса спажывецкiх цэн, не супярэчаць Канстытуцыi, законам «Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь», «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублiкi Беларусь», iншым заканадаўчым актам Рэспублiкi Беларусь, а таксама пастанове Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399 «Аб зацвярджэннi Палажэння аб прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, iх эксплуатацыi i рамонце i Палажэння аб iндэксацыi жыллёвай квоты (сумы квот)». Канстытуцыйны Суд у сваiх рашэннях, прадметам разгляду якiх з’яўлялiся нормы падатковага заканадаўства, што змяшчаюцца ў падзаконных нарматыўных прававых актах мiнiстэрстваў, мясцовых прадстаўнiчых, выканаўчых органаў, звяртаў увагу на неабходнасць вызначэння асноўных элементаў падаткаабкладання (плацельшчыкi, аб’ект падаткаабкладання, падатковая база, падатковы перыяд, падатковая стаўка (стаўкi), парадак вылiчэння, парадак i тэрмiны выплаты) на ўзроўнi заканадаўчых актаў. Указаная пазiцыя датычыцца таксама рэспублiканскiх падаткаў, у прыватнасцi прававога рэгулявання спагнання i вылiчэння падаходнага падатку з фiзiчных асоб, i атрымала пацвярджэнне ва Указе Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 3 лiстапада 2005 г. № 520 «Аб удасканальваннi прававога рэгулявання некаторых адносiнаў у эканамiчнай сферы». Разгляд дадзенай справы таксама сведчыць аб тым, што пры дэлегаваннi Парламентам i Урадам паўнамоцтваў iншым органам па пытаннях, якiя закранаюць правы, свабоды i абавязкi грамадзян, мэтазгодна вызначаць межы прававога рэгулявання падзаконнымi актамi. Гэта дазволiць выключыць выпадкi прыняцця рашэнняў, якiя не ў поўнай меры адпавядаюць мэтам заканадаўчага рэгулявання. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ва ўмовах сфармiраванага прававога рэгулявання парадку iндэксацыi чэкаў «Жыллё» дзеяннi Мiнiстэрства па падатках i зборах у цэлым не супярэчылi заканадаўству. Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што чэкi «Жыллё» былi выдадзены грамадзянам бязвыплатна з улiкам iх працоўнага ўкладу ў стварэнне жыллёвага фонду, якi да прыватызацыi з’яўляўся дзяржаўным. Хоць чэкi «Жыллё» i адносяцца да каштоўных папер, аднак з прычыны спецыфiкi надзялення iмi грамадзян i iх мэтавага прызначэння прававы рэжым дадзеных чэкаў можа мець асаблiвасцi. У сувязi з гэтым у сваiх шматлiкiх зваротах у Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу грамадзяне выказвалi пярэчаннi наконт таго, што заробленыя iмi чэкi «Жыллё» пры iх першасным продажы падлягалi падаткаабкладанню. У такой сiтуацыi Канстытуцыйны Суд станоўча ацэньвае пазiцыю Мiнiстэрства па падатках i зборах, калi ў выпадку несвоечасовай выплаты падатку падатковыя органы пры першасным продажы чэкаў «Жыллё» абмяжоўвалiся толькi вынясеннем папярэджанняў замест накладання штрафаў. Разам з тым, паводле наяўнай iнфармацыi, многiя грамадзяне былi прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi ў выглядзе штрафу. Канстытуцыйны Суд не мае права разглядаць пытаннi аб пераглядзе прынятых рашэнняў аб прыцягненнi грамадзян да адказнасцi. Магчымасцi канстытуцыйнага правасуддзя маглi б быць больш эфектыўнымi пры ўмове своечасовай пастаноўкi пытанняў перад Канстытуцыйным Судом упаўнаважанымi суб’ектамi аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў, у тым лiку прынятых у развiццё i ў мэтах выканання законаў, што дазволiла б Канстытуцыйнаму Суду своечасова ў перыяд дзеяння такiх актаў уздзейнiчаць на iснуючую прававую сiтуацыю ў межах наяўных у Суда паўнамоцтваў. На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд В Ы Р А Ш Ы Ў: 1. Прызнаць адпавядаючай Канстытуцыi, законам i iншым актам заканадаўства Рэспублiкi Беларусь прынятую Мiнiстэрствам па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам статыстыкi i аналiзу Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь пастанову ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, памерах i парадку выключэння расходаў з сум аўтарскiх узнагароджанняў i iншых даходаў фiзiчных асоб» у частцы вызначэння расходаў з выкарыстаннем iндэкса спажывецкiх цэн для iх выключэння з даходаў, якiя абкладаюцца падаткам пры продажы чэкаў «Жыллё». 2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь i Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь пры дэлегаваннi паўнамоцтваў па пытаннях, якiя закранаюць правы, свабоды i абавязкi грамадзян, вызначаць межы прававога рэгулявання падзаконнымi актамi, што дазволiць выключыць прыняцце рашэнняў, якiя не ў поўнай меры адпавядаюць мэтам заканадаўчага рэгулявання. 3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у газетах «Звязда» i «Народная газета», а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i «Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь». 4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае. Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ 21 верасня 2006 г., г. Мiнск № З-195/2006 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, законам i iншым актам заканадаўства Рэспублiкi Беларусь пастановы ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 «Аб унясеннi змяненн |
|