Больш БПМ. I менш двух «кошыкаў»
На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказвае дырэктар НДІ працы Святлана ШАЎЧЭНКА
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 3 кастрычніка.) — Статыстыка сведчыць, што сёння Беларусь мае самы высокi ўзровень сярэднiх пенсiй у СНД. Тым не менш, наколькi за апошнiя гады ўдалося вырашыць цi не галоўную праблему — скарачэнне колькасцi малазабяспечаных пенсiянераў? — З 2000 па 2005 год сярэднi памер пенсiй, з улiкам росту цэн на тавары i паслугi, павялiчыўся ўдвая, яго суадносiны з бюджэтам пражытачнага мiнiмуму пенсiянера — з 116 да 151 працэнта, а суадносiны з мiнiмальным спажывецкiм бюджэтам — з 67 да 98 працэнтаў. Пры гэтым амаль утрая скарацiлася ўдзельная вага асоб, што атрымлiваюць пенсiю, нiжэйшую за бюджэт пражытачнага мiнiмуму пенсiянераў. Хоць нельга не заўважыць, што такi малюнак атрымаўся ў цэлым па краiне. I ўзровень выплат у дадзеным выпадку шмат залежыць ад таго, якi канкрэтна вiд пенсii атрымлiвае той цi iншы чалавек. У прыватнасцi, паводле даных на канец мiнулага года, сярэдняя пенсiя па ўзросту ў Беларусi складала 221,4 тыс., пенсiя па выслузе гадоў — 288,9 тыс., а вось сацыяльная пенсiя — усяго 99,6 тыс. рублёў. I, да слова, апошняя лiчба адпавядала толькi 71,1 працэнта ад бюджэту пражытачнага мiнiмуму пенсiянера. Паказчыкi мiнiмальных i сацыяльных пенсiй пакрысе павышаюцца, але ўсё яшчэ застаюцца нязначнымi. На адзнаку бюджэту пражытачнага мiнiмуму пенсiянера выйшла толькi мiнiмальная пенсiя па ўзросту. I прычым адбылося гэта ўжо сёлета. — Па сваёй сутнасцi пенсiя — гэта «кампенсацыя» заробку, якi чалавек страцiў у вынiку непрацаздольнасцi. Наколькi «вартай» атрымлiваецца такая замена? — Гэта яшчэ адна вельмi сур’ёзная праблема. У цэлым суадносiны памiж сярэдняй пенсiяй i сярэдняй зарплатай у краiне складаюць 43 працэнты. Аднак калi ў нiзкааплатных пенсiянераў памер пенсii можа нават перавышаць памер ранейшай зарплаты, то ў высокааплатных пенсii часцяком аказваюцца ў 3—4 разы нiжэйшыя за мiнулыя заробкi. У вынiку асноўны даход большасцi пенсiянераў падроўнiваецца i вагаецца ад 1 бюджэту пражытачнага мiнiмуму да 2 мiнiмальных спажывецкiх бюджэтаў. Без улiку прадстаўнiкоў сiлавых структур (а, паводле даных статыстыкi, летась сярэднiя пенсiйныя выплаты па Мiнiстэрству абароны склалi 481,2 тыс., па Мiнiстэрству ўнутраных спраў — 423,6 тыс., Мiнiстэрству па надзвычайных сiтуацыях — 437,9 тыс. рублёў) планку ў 2 мiнiмальныя спажывецкiя бюджэты ў маi гэтага года пераадолеў толькi 1 працэнт пенсiянераў. Сапраўды, у маi 2005 года выплаты ў 2 i больш бюджэту пражытачнага мiнiмуму атрымлiвалi 0,5 працэнта пенсiянераў, а ў маi 2000 года такiя пенсiянеры адсутнiчалi ўвогуле. Тым не менш даводзiцца канстатаваць: колькасць адносна «багатых» пенсiянераў вельмi нязначная. Што, дарэчы, становiцца асноўнай прычынай жадання як мага больш не страчваць зарплату. Летась у краiне працягваў працаваць кожны пяты пенсiянер. I, у прыватнасцi, ва ўзросце ад 55 да 60 гадоў (у тым лiку тут маюцца на ўвазе так званыя «датэрмiноўшчыкi») працавалi 53 працэнты мужчын i 48 працэнтаў жанчын, ва ўзросце 60—65 гадоў — 41 i 29 працэнтаў, ва ўзросце ад 65 да 70 гадоў — 27 i 14 працэнтаў i нават ва ўзросце звыш 70 гадоў — 9 i 4 працэнты адпаведна. Дарэчы, каля 20 працэнтаў работнiкаў у пасляпенсiйным узросце былi занятыя ў прамысловасцi, 18 працэнтаў — у адукацыi, 12 працэнтаў — у ахове здароўя, 10 працэнтаў — у сельскай гаспадарцы, больш за 7 працэнтаў — у гандлi i грамадскiм харчаваннi, каля 6 працэнтаў — у будаўнiцтве i жыллёва-камунальнай гаспадарцы. — Такiм чынам, пенсiя — даход не адзiны? — Для асоб пажылога ўзросту пенсiя была i застанецца галоўным даходам. Паводле даных выбарачнага абследавання хатнiх гаспадарак, што было праведзена Мiнiстэрствам статыстыкi i аналiзу ў II квартале сёлета, на гэту крынiцу прыпадала 73,2 працэнта ад агульнай колькасцi паступленняў у сям’ю пенсiянераў. Аднак варта казаць, што пенсiя — крынiца на самай справе не адзiная. Так, у сярэднiм 11,7 працэнта ўсiх рэсурсаў сям’i пенсiянераў фармiравалася за кошт той жа зарплаты, 8,1 працэнта — за кошт даходаў ад прысядзiбнай гаспадаркi, 2,9 працэнта — за кошт продажу сельгаспрадукцыi, 2,2 працэнта — за кошт сацыяльных iльгот i датацый, 0,8 працэнта — за кошт матэрыяльнай дапамогi ад сваякоў, 0,3 працэнта — за кошт дапамог, а таксама за кошт даходаў ад прадпрымальнiцкай дзейнасцi, нарэшце, 0,1 працэнта — за кошт паступленняў ад продажу нерухомасцi цi ад здачы нерухомасцi ўнаём. — Мiж тым, цi не менш важны паказчык узроўню жыцця — колькасць i «якасць» расходаў. На што трацяць свае грошы беларускiя пенсiянеры? — Паводле вынiкаў выбарачнага абследавання хатнiх гаспадарак, з 2000 па 2005 год даходы сярэдняй сям’i пенсiянераў павялiчылiся ў 2,4 раза. I прыкладна на столькi ж узраслi расходы. Асноўным артыкулам апошнiх па-ранейшаму застаюцца прадукты харчавання. Прычым з 2000 года затраты на iх набыццё павялiчылiся ў 1,9 раза. А вось доля сродкаў, якiя выдаткоўвае сям’я пенсiянераў на харчаванне, наадварот, знiзiлася — з 74,1 да 57,2 працэнта. Менш прыемнае назiранне — рост долi расходаў на жыллёва-камунальныя паслугi (з 2,9 да 9,2 працэнта), на транспарт i сувязь (з 3,3 да 5,9 працэнта). Аднак з iншага боку нельга не заўважыць, што адначасова сем’i пенсiянераў могуць сабе дазволiць выдзяляць крыху большую частку ўласных рэсурсаў на адзенне, абутак i тканiны (з 2000 года ўдзельная вага гэтага артыкула павялiчылася з 3,8 да 4 працэнтаў), прадметы асабiстай гiгiены (з 1,1 да 1,4 працэнта), тавары культурна-бытавога прызначэння i мэблю (з 3,3 да 5,1 працэнта), адукацыю i культуру (з 0,4 да 1,3 працэнта). Нарэшце, нельга не сказаць, што з пачатку дзесяцiгоддзя змянiлася структура харчавання пенсiянераў. На iх стале стала менш хлеба, бульбы i цукру, затое больш — мяса, рыбы i садавiны. Гэта таксама станоўчая з’ява. Хоць няма сумненняў: каб падтрымаць цяперашнiя тэндэнцыi, важна павялiчваць тэмпы росту даходаў пенсiянераў. I ў першую чаргу гаворка iдзе аб тэмпах росту пенсiй. Гутарыў Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказвае дырэктар НДІ працы Святлана ШАЎЧЭНКА |
|