Магазiн закрыць нельга пакiнуць
Святлана ЯСКЕВIЧ
АДВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ У карпункт нашай газеты звярнулiся жыхары вёскi Тэўлi Кобрынскага раёна. Людзi просяць, каб не зачынялi магазiн на чыгуначнай станцыi, да якога ўсе прывыклi, якi мае багаты асартымент, тавары ў якi завозяць з Брэста. Тэўлi — вёска вялiкая, на станцыi Тэўлi спыняюцца нават некалькi хуткiх цягнiкоў, адсюль без перасадак можна заехаць, скажам, у Маскву. Таму лагiчным выглядае iснаванне на станцыi магазiна, якi належыць да сiстэмы чыгуначнага сэрвiсу.Асартымент там (гэта я ўбачыла на свае вочы), вельмi блiзкi да гарадскога. Адных цукерак налiчыла 16 вiдаў, 10 вiдаў шакаладак. Малако, смятана, каўбасы, мяса, куры, паўфабрыкаты — усё можна купiць у гэтым маленькiм магазiнчыку. «Тое, што вы бачыце, — частка нашага ранейшага асартыменту, — заўважыла прадавец Нiна Балабушка. — Нас папярэдзiлi пра хуткае закрыццё, мы вельмi мала заказваем тавару. I завозяць яго цяпер раз на тыдзень, а яшчэ зусiм нядаўна палiцы i халадзiльнiкi папаўнялiся два разы». У вёсцы ёсць яшчэ два магазiны сiстэмы спажыўкааперацыi. Але асартымент там, мякка кажучы, на некалькi парадкаў бяднейшы. Каму ж перашкаджаў магазiн на чыгуначнай станцыi? А нiкому. Проста ў канцы мiнулага года, у адпаведнасцi з дакументам, якi ведае на памяць кожны гандлёвы работнiк, было забаронена прадаваць вiнна-гарэлачныя вырабы ва ўстановах плошчай менш за 50 квадратных метраў. За выключэннем магазiнаў спажывецкай кааперацыi. Пасля таго, як гарэлка i вiно знiклi з палiц, выручка тэвельскага чыгуначнага магазiна скарацiлася ўдвая i гандлёвы пункт стаў стратным. I Брэсцкi «Чыгуначны сэрвiс» прыняў рашэнне магазiн закрыць, дарэчы, не толькi ў Тэўлях. Яно i зразумела, кожны зараз лiчыць грошы, i названае прадпрыемства — не дабрачынная арганiзацыя, не аддзел сацыяльнага забеспячэння, каб дбаць аб гандлёвым абслугоўваннi вясковых пенсiянераў. Гандлёвыя пункты ў першую чаргу думаюць пра сваю рэнтабельнасць, пра зарплату сваiх работнiкаў. Сiтуацыю з магазiнам намеснiк дырэктара па гандлю ГВРДУП «Чыгуначны сэрвiс» Людмiла Хмара пракаментавала так: «Мы вельмi шкадуем, што даводзiцца iсцi на крайнiя меры, але iншага выйсця няма. Мы не маем магчымасцi ўтрымлiваць стратныя прадпрыемствы. Мы ведаем, якой папулярнасцю карыстаецца магазiн у вяскоўцаў. Зразумейце, сваёй рукой знiшчаць свае ж шматгадовыя напрацоўкi ўдвая непрыемна, але жыццё так павярнулася. Тут яшчэ што? У Тэўлях ёсць два сельскiя магазiны. А вось на станцыi Дубiца Брэсцкага раёна, дзе мы таксама вымушаны спынiць гандаль, няма магазiна наогул. Там раённыя ўлады будуць неяк выпраўляць сiтуацыю». Усё як быццам бы зразумела. Але такiя тлумачэннi зусiм не задавальняюць жыхароў вёскi Тэўлi. Калi даведалiся, з якой нагоды прыехала карэспандэнт, на вулiцы сабралася цэлая група пажылых жыхарак Тэўляў. Нiна Аляксандраўна Валасюк, Нiна Пракопаўна Каляда, Надзея Сiльвестраўна Кiрысюк i iх суседкi ў адзiн голас выказвалi абурэнне тым, што магазiна не будзе. «Мы ўжо старыя, кароў не трымаем, — гаварылi жанчыны, — а тут малако свежае, смятану прывязуць, усё, што трэба, ёсць. А пад заказ што толькi хочаш i з прамтавараў могуць даставiць». А напярэдаднi Новага года, напярэдаднi Вялiкадня тарты, мясныя далiкатэсы — свежыя, прама з брэсцкiх прадпрыемстваў, вязуць да нас, — успамiналi жанчыны ўсе перавагi iснавання гэтага магазiна. Ужо каля самой станцыi, дзе ўтварылася новая група людзей па абмеркаванню надзённага для вёскi пытання, адна маладзiца кiнула: «I што вы тут мiтынгуеце? Дадуць каманду з раёна, усё прывязуць у сельскiя магазiны». — А чаму зараз не вязуць? Хiба без каманды не могуць? — не супакойваўся дасцiпны пенсiянер. — Нам тлумачаць, — працягваў мужчына, — што тут гарэлку прадаваць больш нельга, а мы не можам зразумець, чаму. Чаму аднаму можна, а другому — не? Тут жа прапаноўвалiся кампрамiсныя рашэннi. Пенсiянерка i наша актыўная чытачка Клаўдзiя Iванаўна Лiтвiнчук лiчыць, што аб’ём выручкi магазiна здольна выратаваць аднаўленне продажу, скажам, марачных вiнаў, каньякоў, шампанскага. Але ж усiм вядома, што i гэта немагчыма — ёсць строгiя iнструкцыi. Словам, людзi хацелi б пачуць лагiчнае тлумачэнне, а iм прапануюць толькi радыкальнае. Старшыня Тэвельскага сельскага Савета Пётр Назарук таксама дзвюма рукамi за тое, каб магазiн пакiнулi. Пётр Сяргеевiч сказаў, што нядаўна давялося адкрываць новыя магазiны i аднаўляць работу закрытых у вёсках Вострава, Мацы, Завужоўе, i на сваiм вопыце адчуў, як цяжка вяртаць страчанае. А тут закрываюць магазiн, лепшы па асартыменту, з вельмi зручным рэжымам работы з 8 да 20 гадзiн, без выхадных. Такая вестка нiкога не абрадуе. Нельга адкiдваць значэнне гандлёвага пункта для чыгуначнай станцыi. У выхадныя на кожную электрычку збiраецца каля сотнi пасажыраў, а летам яшчэ больш. I нават купiць вады на самой станцыi стане немагчыма. Больш за ўсё супраць закрыцця магазiна пажылыя людзi. Яно i зразумела, маладзейшыя часцей бываюць у Брэсце, у Кобрыне, дзе могуць набыць патрэбнае. Магазiн, хутчэй за ўсё, закрыюць. Кропка будзе пастаўлена пасля другога слова (глядзi загаловак). Не выйграе ад гэтага нiхто. А пацерпяць найбольш яны, старыя, нямоглыя, тыя, хто ўсё жыццё працаваў на гэтай зямлi, i каму зараз нават у другi канец вёскi дайсцi нялёгка... Кобрынскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У карпункт нашай газеты звярнулiся жыхары вёскi Тэўлi Кобрынскага раёна. Людзi просяць, каб не зачынялi магазiн на чыгуначнай станцыi, да якога ўсе пр |
|