Вiктар МАРОЗАЎ: «Выкараненне карупцыi i арганiзаванай злачыннасцi застаецца адным з прыярытэтных нак
Мiкола ДЗЯБЁЛА
За многiя стагоддзi чалавецтва выпрацавала розныя спосабы барацьбы з карупцыяй, ад прэвентыўных мераў да жорсткай крымiнальнай адказнасцi. Напрыклад, яшчэ ў старажытнай Вiзантыi чыноўнiкам плацiлi вельмi вялiкiя заробкi, каб не ўзнiкала спакуса браць хабар, а ў сучасным Кiтаi буйныя карупцыянеры рызыкуюць трапiць пад «расстрэльны» артыкул Крымiнальнага кодэкса. Аднак нi шчодрая аплата чыноўнiкаў, нi празмерная жорсткасць да ахвочых «браць на лапу» не з’яўляюцца панацэяй ад карупцыi. Таму ў Беларусi не сталi пераймаць гэты вопыт. Наша краiна пайшла iншым «антыкарупцыйным» шляхам, сканцэнтраваўшы асноўную ўвагу на лiквiдацыi ўмоў для дзейнасцi прадажных чыноўнiкаў. I дасягнула пэўных поспехаў. З усiх постсавецкiх краiн Беларусь — адна з найменш карумпаваных дзяржаў, што пацвярджаюць i замежныя эксперты. Праўда, гаварыць аб поўнай перамозе над карупцыйным злом заўчасна.
Аб тым, як выкараняецца ў нашым грамадстве гэтая злачынная з’ява, аглядальнiк «Звязды» гутарыць з начальнiкам упраўлення па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю i карупцыяй Пракуратуры Беларусi Вiктарам МАРОЗАВЫМ. — Вiктар Iванавiч, статыстычныя паказчыкi сведчаць, што сёлета ў параўнаннi з аналагiчным перыядам года мiнулага праваахоўнымi органамi выяўлена менш хабарнiкаў i iншых «нячыстых на руку» службовых асоб. Цi азначае гэта, што карупцыя ў нашым грамадстве мiнiмiзавана? Бо, улiчваючы, што гэтая злачынная з’ява мае латэнтны характар, сухiя лiчбы можна трактаваць па-рознаму: як поспех i, наадварот, як паражэнне на фронце барацьбы з карупцыяй. — Сапраўды, у такой сферы, як барацьба з карупцыяй, нельга фармальна ацэньваць сiтуацыю толькi па статыстычных паказчыках. Так, за 8 месяцаў гэтага года выяўлена 775 фактаў хабарнiцтва, што на 176 менш, чым за аналагiчны леташнi перыяд. Зарэгiстравана 977 выпадкаў злоўжывання ўладай i службовымi паўнамоцтвамi i 666 фактаў крадзяжоў шляхам злоўжывання службовым становiшчам. Для параўнання, за названы мiнулагоднi перыяд было выяўлена адпаведна 1378 i 808 такiх злачынстваў. Мы дэталёва прааналiзавалi сiтуацыю i прыйшлi да высновы, што змяншэнне колькасцi злачынстваў карупцыйнага характару не сведчыць аб знiжэннi актыўнасцi праваахоўных органаў, а з’яўляецца вынiкам своечасова прынятых мераў па прафiлактыцы такiх парушэнняў закона. Толькi за першае паўгоддзе пракуратурай было праведзена 295 праверак выканання мiнiстэрствамi, арганiзацыямi i ўстановамi антыкарупцыйнага заканадаўства. Па вынiках гэтых праверак было ўнесена 135 прадстаўленняў i 68 прадпiсанняў, афiцыйна папярэджана 92 службовыя асобы. Да адмiнiстрацыйнай i матэрыяльнай адказнасцi прыцягнуты 116 чалавек. Але галоўны сакрэт поспеху ў тым, што процiдзеянне карупцыi ў Беларусi з’яўляецца адным з прыярытэтаў палiтыкi нашай дзяржавы. Толькi карнымi метадамi эфектыўна змагацца з карупцыяй немагчыма. Таму ў нашай краiне барацьба з карупцыяй вядзецца па ўсiх напрамках. Вялiкую ўвагу гэтай праблеме ўдзяляе Прэзiдэнт Беларусi, якi прыняў шэраг вельмi важных захадаў для выкаранення карупцыi. Так, напрыклад, у Беларусi пры Савеце бяспекi дзейнiчае Мiжведамасная камiсiя па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй i наркаманiяй. Рэалiзуецца зацверджаная Прэзiдэнтам Дзяржаўная праграма па ўзмацненню барацьбы з карупцыяй. Нагадаю, што гэтым дакументам прадугледжаны цэлы комплекс антыкарупцыйных мерапрыемстваў. Сам факт таго, што ў рэалiзацыi палажэнняў праграмы задзейнiчаны 33 рэспублiканскiя органы ўлады i кiравання, сведчыць аб мабiлiзацыi вялiкiх рэсурсаў дзяржавы на барацьбу з гэтым злом. Апошнiм часам удалося лiквiдаваць многiя ўмовы для ўзнiкнення карупцыi ў некаторых установах. Напрыклад, укараненне прынцыпу «аднаго акна» дало магчымасць значна зэканомiць не толькi час нашых суграмадзян, але i выбiла глебу з-пад ног дробных хабарнiкаў. Нагадаю, што прэзiдэнцкiм указам № 152 ад 16 сакавiка 2006 года зацверджаны дакладны пералiк адмiнiстрацыйных працэдур, якiя павiнны выконваць дзяржорганы падчас звароту грамадзян, i ўрэгуляваны парадак дзеяння чыноўнiкаў пры выдачы даведак i iншых дакументаў. У нашай краiне створана добрая заканадаўчая база для прафiлактыкi i процiдзеяння карупцыi. Прычым антыкарупцыйнае заканадаўства ўвесь час удасканальваецца. — Вы маеце на ўвазе прыняты летам гэтага года новы Закон «Аб барацьбе з карупцыяй»? Якiм чынам ён паўплывае на эфектыўнасць барацьбы з названым вiдам злачыннасцi? — Так. Зазначу, што гэты Закон носiць сiстэмаўтваральны характар i больш скiраваны на лiквiдацыю умоў для дзейнасцi карупцыянераў. У прыватнасцi, Законам акрэслены дадатковыя абмежаваннi для дзяржаўных службовых асоб i членаў iх сем’яў, пашыраны пералiк дзеянняў, якiя варта аднесцi да карупцыйных. Хачу звярнуць увагу яшчэ на некалькi важных, на мой погляд, артыкулаў Закона. Напрыклад, кiраўнiкi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый у межах сваёй кампетэнцыi абавязаны прымаць меры па барацьбе з карупцыяй, прыцягваць нядобрасумленных падначаленых да адказнасцi i своечасова iнфармаваць праваахоўныя органы аб фактах парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства. Не павiнны стаяць у баку ад выкаранення крупцыi i асобныя грамадзяне. Законам прадастаўлены гарантыi асобам, якiя садзейнiчаюць выяўленню карупцыi. — I ўсё ж гаварыць аб поўнай перамозе над карупцыяй яшчэ рана. На сёння якiя сферы нашага грамадства найбольш карумпаваныя? — Праведзены намi аналiз аператыўнай абстаноўкi сведчыць, што апошнiм часам найчасцей праявы карупцыi назiраюцца ў адукацыйных i медыцынскiх установах, у органах выканаўчай улады, на прамысловых прадпрыемствах палiўна-энергетычнага комплексу. — Але нават пры самым дасканалым заканадаўстве нядобрасумленны чыноўнiк знойдзе зачэпку, каб патрабаваць хабар. Да таго ж апошнiм часам узрастае i спакуса ў службовых асоб. Памеры «карупцыйных ганарараў» дасягаюць ужо сотнi тысяч, а падчас i мiльёны долараў. Вас не трывожыць такая тэндэнцыя? — Кожны факт карупцыi, незалежна ад сумы хабару, наносiць даволi адчувальны ўдар па аўтарытэту ўлады, па маральных i эканамiчных устоях нашага грамадства. Нiхто ж так моцна не падрывае iнвестыцыйны клiмат дзяржавы, як карумпаваныя чыноўнiкi. Немалыя страты нясуць ад любой карупцыі i радавыя грамадзяне. Неабходна ўсвядомiць, што ўсе выдаткi на подкуп чыноўнiка ў рэшце рэшт закладваюцца ў сабекошт прадукцыi, тавараў цi паслуг. Безумоўна, карупцыя ў эканомiцы i ва ўладных структурах нясе найбольшую пагрозу. Таму на выяўленне менавiта такiх злачынстваў i скiраваны апошнiм часам супрацоўнiкi антыкарупцыйных падраздзяленняў праваахоўных органаў. Увогуле карупцыянеры наносяць урон на мiльярды рублёў. Але, у рэшце рэшт, iм даводзiцца расплачвацца за свае грахi. Толькi за першае паўгоддзе гэтага года падчас расследавання карупцыйных спраў удалося канфiскаваць матэрыяльных каштоўнасцяў i прымусiць нядобрасумленных службовых асоб кампенсаваць урон на агульную суму 3 мiльярды 835 тысяч рублёў. Апроч таго, накладзены арышт на маёмасць коштам больш за 2 мiльярды рублёў. — Раней з вуснаў вашых калег даводзiлася чуць нараканнi на мяккасць судовых прыгавораў у адносiнах да карупцыянераў, а некаторым хабарнiкам i казнакрадам увогуле ўдавалася выйсцi сухiмі з вады. Цi застаюцца зараз беспакаранымi такiя злачынцы? — Недатыкальных асоб у нашай краiне, як вядома, няма. Пра гэта сведчыць шэраг «гучных» спраў, узбуджаных супраць чыноўнiкаў даволi высокага рангу. Суддзi таксама займаюць прынцыповую пазiцыю ў адносiнах да такiх парушальнiкаў закона. Напрыклад, зараз у месцах пазбаўлення волi знаходзяцца 442 чалавекi, асуджаныя за хабарнiцтва. Для параўнання, у 2004 годзе за кратамi адбывалi пакаранне 97 хабарнiкаў, летась — 170. — Сусветны вопыт сведчыць, што нязменнай спадарожнiцай карупцыi з’яўляецца арганiзаваная злачыннасць. Як часта беларускiя чыноўнiкi апошнiм часам аказвалi паслугi айчынным «мафiёзi»? — Удакладню, што ў Беларусi няма мафii ў, так бы мовiць, «класiчным» значэннi гэтага слова. У нашай краiне крымiнал не распаўсюдзiў свайго ўплыву на органы дзяржаўнай улады i кiравання. Так званыя «аўтарытэты» фактычна вымушаны спынiць сваю актыўную злачынную дзейнасць: многiя адбываюць пакаранне за кратамi, некаторыя прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi. Усяго ж за перыяд з 1991 па 2005 год была спынена дзейнасць каля 1500 арганiзаваных злачынных груп, арганiзацый i бандаў. — Але ж «злачыннае месца» доўга не пустуе. З’яўляюцца цэлыя злачынныя арганiзацыi, некаторыя з iх, як, напрыклад, тыя ж гомельскiя «Пажарнiкi», даволi працяглы час наводзiлi жах на цэлыя гарады. — Вядома ж, сам факт стварэння i тым больш працяглай дзейнасцi злачыннай арганiзацыi сведчыць аб недапрацоўках праваахоўных органаў. Аднак наўрад цi мэтазгодна драматызаваць сiтуацыю. На працягу апошнiх 5 гадоў колькасць зарэгiстраваных у Беларусi злачынстваў, учыненых арганiзаванымi фармiраваннямi, застаецца практычна на адным узроўнi. Гэта азначае, што на фоне агульнага росту злачыннасцi праваахоўныя органы трымаюць сiтуацыю пад кантролем. Парушэннi закона, якiя здзяйсняюць арганiзаваныя групы, складаюць не больш за 0,5 працэнта ад агульнай колькасцi ўсiх злачынстваў. Летась, напрыклад, выяўлена 793 падобныя злачынствы, у 2004 годзе — 787, у 2003-м — 780, у 2002-м — 867, у 2001-м — 950 злачынстваў. Што датычыцца злачынных арганiзацый, то, сапраўды, апошнiм часам зафiксаваны рост iх колькасцi. Так, у мiнулым годзе было зафiксавана 28 падобных злачынстваў, у 2004 годзе — 21, у 2003-м — 5, у 2002-м — 3, у 2001-м — 8 злачынстваў. Але ж праваахоўныя органы актыўна змагаюцца з арганiзаванай злачыннасцю. У мiнулым годзе за злачынствы, учыненыя ў складзе арганiзаваных груп i арганiзацый, асуджаны адпаведна 117 i 12 асоб, за першую палову гэтага года — 53 i 3 злачынцы. Зусiм нядаўна была выяўлена злачынная арганiзацыя, якая дзейнiчала ў Рэчыцкiм раёне i ў самiм горадзе. Злачынцы займалiся вымаганнем грошай у iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Бiзнэсменаў, якiя адмаўлялiся плацiць «аброк», збiвалi, падпальвалi iх маёмасць. Усяго па справе гэтай злачыннай арганiзацыi праходзяць больш за 40 пацярпелых. — Якiя асноўныя крынiцы даходаў беларускай арганiзаванай злачыннасцi? — Зараз эканамiчную аснову беларускай арганiзаванай злачыннасцi складаюць крадзяжы маёмасцi, крымiнальны аўтабiзнэс, вымаганне, гандаль людзьмi, а таксама незаконная прадпрымальнiцкая дзейнасць. На барацьбу з гэтымi «непрацоўнымi» даходамi арганiзаваных злачынных груп i скiраваны зараз асноўныя намаганнi адмысловых падраздзяленняў праваахоўных органаў. — Наколькi актуальная для Беларусi праблема адмывання грошай? Цi спрабуюць лiдары арганiзаваных злачынных груповак укласцi «брудныя» грошы ў легальны бiзнэс? — Пачну з адказу на другое пытанне. Арганiзаваныя злачынныя групоўкi, у адрозненне, скажам так, ад зладзеяў-адзiночак, маюць значна большы «апетыт», спрабуюць стварыць нейкую сiстэму атрымання злачынных прыбыткаў i iх легалiзацыi. Таму няма нiчога дзiўнага ў тым, што арганiзаваная злачыннасць спрабуе далучыцца да нейкага звышпрыбытковага бiзнэсу, цi нават узяць яго пад свой кантроль. Найперш крымiнальныя групоўкi цiкавiць сфера абарачэння акцызнай прадукцыi: алкаголь, тытунь, нафта. Што датычыцца адмывання грошай, то гэтая праблема актуальная для ўсiх краiн свету. У Беларусi, паводле нашых звестак, арганiзаваная злачыннасць не мае вялiкiх капiталаў i аб’ёмы не тыя, як у Расii цi на Захадзе. Тым не менш мы актывiзавалi барацьбу з легалiзацыяй злачынных даходаў. За 8 месяцаў гэтага года зарэгiстравана 19 фактаў легалiзацыi матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам, 13 падобных крымiнальных спраў ужо накiраваны ў суды. Прычым ёсць выпадкi адмывання даволi буйных, па беларускiх мерках, сум грошай. Напрыклад, рэспублiканскай Пракуратурай узбуджана крымiнальная справа супраць дырэктара аднаго з начных клубаў сталiцы, якi разам са сваiм кампаньёнам па бiзнэсу займаўся адмываннем злачынных даходаў. За 2 гады iмi было «адмыта» больш за 1,2 мiльярда рублёў. Увогуле выкараненне карупцыi i арганiзаванай злачыннасцi застаецца адным з прыярытэтных накiрункаў дзейнасцi пракуратуры.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вiктар МАРОЗАЎ: «Выкараненне карупцыi i арганiзаванай злачыннасцi застаецца адным з прыярытэтных нак За многiя стагоддзi чалавецтва выпрацавала розныя спосабы барацьбы з карупцыяй, ад прэвентыўных мераў да жорсткай крымiнальнай адказнасцi
|
|