21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Як зэканомiць час? З дапамогай пластыкавай карткi...

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iгар ШЧУЧЭНКА

Усё больш беларусаў становяцца ўладальнiкамi пластыкавых картак. Пераважная большасць атрымлiвае iх прама на працы — на «пластык» пералiчваецца зарплата. Для кагосьцi гэта вельмi зручна: няма неабходнасцi пастаянна трымаць пры сабе значныя сумы грошай, рызыкуючы iх страцiць.

У рэспублiцы пластыкавыя карткi эмiтуюць больш за 20 банкаў. Пры гэтым найбольшая ўдзельная вага ў агульным аб’ёме эмiсii за ААБ «Беларусбанк». Ёсць у нас i нацыянальная сiстэма разлiкаў на аснове банкаўскiх плацежных картак «БелКарт». Дарэчы, такiя сiстэмы дзейнiчаюць у Вялiкабрытанii, Францыi, Нарвегii i iншых краiнах. Са з’яўленнем «пластыку» мы адвыклi ад вялiзных чэргаў да касы, калi выдаецца зарплата, але часам даводзiцца пастаяць у чэргах да банкаматаў... Пра плюсы i мiнусы банкаўскiх картак падчас прамой лiнii на Беларускiм радыё, у якой разам з журналiстам Максiмам Углянiца ўзяў удзел карэспандэнт «Звязды», i iшла размова з дырэктарам разлiковага цэнтра пластыкавых картак ААБ «Беларусбанк» Анатолем БАГАВIКОМ i начальнiкам упраўлення маркетынгу, развiцця i суправаджэння плацежнай сiстэмы ЗАТ «Плацежная сiстэма «БелКарт» Аляксандрам ГЛУШКОВЫМ.

— Сёння банкi рэкламуюць перавагi пластыкавых картак. Не маглi б вы папулярна патлумачыць, у чым менавiта яны заключаюцца?

А. Багавiк: — У першую чаргу — гэта зручна для трымальнiка пластыкавай карткi, таму што ён не залежыць ад мноства абставiнаў. Атрымлiваючы зарплату, прэмiю або аванс, уладальнiку пластыкавай карткi не важна, дзе ён знаходзiцца — у якiм пункце горада цi краiны. Ён у любы момант зможа скарыстаць грашовыя сродкi, якiя залiчаны яму на каррахунак. Гэта значыць, чалавеку не трэба, як раней, спяшацца ў касу на прадпрыемства цi ў аддзяленне банка, дзе выдаюць грошы. Па-другое, уладальнiк карткi можа хутка атрымаць грошы па дастаткова вялiкай iнфраструктуры ААБ «Беларусбанк». Акрамя таго, гэта бяспечна. Усе цудоўна ведаюць, што страцiўшы картку, яе карыстальнiк не губляе свае грашовыя сродкi: у такiм выпадку ў яго ёсць магчымасць атрымаць грошы непасрэдна ў банку са свайго рахунка, ёсць магчымасць перавыпусцiць картку. Якiя яшчэ перавагi? Напрыклад, уладальнiк карткi пры жаданнi можа аформiць дадатковую картку да свайго рахунка i даць магчымасць карыстацца грашовымi сродкамi любому чалавеку, якому давярае. У першую чаргу, канешне, сваякам. Калi яго сваякi знаходзяцца ў iншым горадзе, то, маючы дадатковую картку, яны таксама могуць скарыстацца грашамi. У выпадку, калi iм патрэбна дадатковая сума, то трымальнiк карткi можа папоўнiць у рэжыме рэальнага часу свой рахунак у любым аддзяленнi банка.

А. Глушкоў: — Картка эканомiць час чалавека, а час — тыя ж грошы. Калi раней неабходна было выхадзiць паўдня, каб аплацiць усе паслугi, то зараз аплацiць тыя ж камунальныя паслугi, тэлефон можна ў любы зручны час: вы выконваеце гэту працэдуру ў любым банкамаце цi iнфакiёску — з карткi грошы спiсваюцца на рахунак атрымальнiка. Такiм чынам, грошы не адцягваюцца з абарачэння, яны застаюцца ў банку, яны працуюць, а вы эканомiце час. Тут прысутнiчае двайны iнтарэс — i ў дзяржавы, i ў трымальнiка карткi.

— Як чалавеку правiльна выбраць картку, якой ён збiраецца карыстацца, а галоўнае, як правiльна выбраць банк, у якiм ён будзе абслугоўвацца?

А. Глушкоў: — На жаль, на сёння няма заканадаўчай базы, каб чалавек мог запатрабаваць ад свайго наймальнiка пералiчэння грошай у той банк, якi ён хацеў бы выбраць. Як правiла, на цяперашнiм этапе развiцця пластыкавага рынку выплата зарплаты праходзiць цэнтралiзавана, гэта значыць прадпрыемства заключае дагавор зарплатнага абслугоўвання з тым або iншым банкам, i супрацоўнiкi гэтага прадпрыемства атрымлiваюць зарплату па адной i той жа картцы. Тым не менш, банкi прапануюць нават у межах зарплатнага абслугоўвання набор паслуг, набор картак для розных катэгорый работнiкаў, для розных прадпрыемстваў. У прыватнасцi, некаторыя банкi прапануюць дадатковыя валютныя карткi, дадатковыя крэдытныя карткi, калi можна ў iншай сетцы аформiць у крэдыт пакупку, а потым з зарплаты гэта сума будзе пагашана. Што датычыцца чалавека, якi працуе сам на сябе (напрыклад, прадпрымальнiк), то яму, перш чым выбiраць картку, я параiў бы азнаёмiцца з тарыфамi банкаў, з паслугамi, якiя прапануюцца па таму цi iншаму вiду картак. Выбiраць трэба тое, што яму найбольш падыходзiць. Тым больш што сёння наш рынак дастаткова развiты.

— Часам даводзiцца чуць прэтэнзii ад уладальнiкаў картак наконт таго, што не ва ўсiх прадпрыемствах гандлю прымаецца да аплаты «пластык». Як тут будзе мяняцца сiтуацыя?

А. Глушкоў: — Зараз асноўная мэта, што стаiць перад намi, — павелiчэнне долi безнаяўных разлiкаў з выкарыстаннем пластыкавых картак. Як узгадвалася раней, кожная аперацыя, што праводзiцца па картцы, не адцягвае рэсурсы з банкаўскай сiстэмы, яна бяспечная i больш эфектыўная эканамiчна. Гэтым летам прынята дзяржаўная праграма па развiццю iнфраструктуры прыёму банкаўскiх пластыкавых картак да абслугоўвання, якой прадугледжана на працягу 2006—2010 гадоў забяспечыць да 30 працэнтаў абарот безнаяўнасцi па картках у агульным аб’ёме гандлёвых аперацый. Гэта дастаткова высокi паказчык. Калi сёння гэтыя лiчбы хiстаюцца ад 3 да 5 працэнтаў, то падняць да 30 працэнтаў — гэта сур’ёзная задача. З другога боку, дзяржаўная праграма мае на ўвазе не толькi нарматыўныя паказчыкi, але i спосабы вырашэння задач. У прыватнасцi, у Беларусi арганiзоўваецца выраб айчынных тэрмiналаў, банкаматаў, iнфармацыйных кiёскаў, пластыкавых картак. У праграме распiсаны нарматывы для кожнай вобласцi, кожнага рэгiёна па колькасцi плацежных тэрмiналаў, якiя павiнны ўстанаўлiвацца на прадпрыемствах гандлю i сэрвiсу. Ужо зараз дзейнiчае нарматыў, згодна з якiм гандлёвае прадпрыемства плошчай абслугоўвання больш за 650 кв. м абавязана мець у сябе плацежны тэрмiнал па абслугоўванню банкаўскiх плацежных картак. Новыя прадпрыемствы, якiя ўво-дзяцца ў эксплуатацыю, тыя ж супермаркеты, адразу абсталёўваюцца неабходнымi тэрмiналамi.

— Цiкава, а як доўга можна пражыць без наяўных грошай, калi расплачвацца толькi пластыкавай карткай?

А. Глушкоў: — Я хацеў бы папярэдзiць усiх ад процiстаўлення наяўных грошай i безнаяўных разлiкаў з дапамогай картак. Нават калi ў кожнага чалавека будзе пластыкавая картка i яна ўсюды будзе прымацца да абслугоўвання, наяўных грошай пластыкавая картка не заменiць. Яна проста павiнна заняць нiшу, у якой працуе больш эфектыўна. Нельга абысцiся без наяўнасцi пры выпадковых пакупках. Напрыклад, калi чалавек пастаянна карыстаецца асабiстым аўтатранспартам, але яму спатрэбiлася праехаць на маршрутцы, то ў любым выпадку некалькi тысяч рублёў у кiшэнi заўсёды неабходна трымаць. Сёння, на жаль, нельга аплацiць пластыкавай карткай, напрыклад, i той жа штраф у ДАI.

— Насельнiцтва карыстаецца ў асноўным дэбетнымi карткамi, а крэдытныя не так распаўсюджаны, хоць у iх ёсць свае перавагi.

А. Багавiк: — Спадзяюся, крэдытныя карткi стануць такiмi ж папулярнымi ў нашага насельнiцтва, як i дэбетныя. ААБ «Беларусбанк» ужо прапануе сваiм клiентам падобны прадукт. Калi казаць аб перавагах крэдытнай карткi, то ў параўнаннi са звычайным крэдытам на яе працэнты налiчваюцца толькi з таго моманту, як вы на нейкiм прадпрыемстве гандлю або сэрвiсу яе скарыстаеце або знiмiце наяўныя грошы. Да таго ж працэнты налiчваюцца менавiта на тую суму, якую вы выкарыстаеце.

А. Глушкоў: — Дадам, што ў рамках iснуючых сiстэм разлiкаў банкi шырока практыкуюць овердрафт — прадастаўленне кароткатэрмiновых крэдытаў — крэдыт у лiк будучай зарплаты. Зразумела, гэта паслуга платная.

— Як правiльна карыстацца карткай за мяжой? Справа ў тым, што за мяжой бяруць вялiкiя камiсiйныя пры зняццi наяўных з карткi.

А. Глушкоў: — Пры выездзе за мяжу неабходна не толькi прадумаць маршрут паездкi, вiд транспарту, тэрмiны, але i паклапацiцца аб фiнансавых рэсурсах, якiя вам могуць спатрэбiцца. Тут дзейнiчае залатое правiла — не класцi яйкi ў адзiн кошык. Не бярыце з сабой толькi наяўныя грошы, якiя проста могуць украсцi, або вы iх можаце згубiць. Не бярыце з сабой толькi пластыкавую картку, якая банальна можа зламацца. Лепш за ўсё пры паездцы выкарыстоўваць некалькi iнструментаў перавозкi грошай: наяўныя грошы, якiя ў шляху неабходныя; картку для разлiкаў безнаяўным спосабам — за гасцiнiцу, харчаванне i г.д.; дарожныя чэкi, якiя можна абмяняць на наяўныя ў любой краiне свету пад прымальны працэнт, якi некалькi нiжэйшы, чым атрыманне наяўнасцi ў банкаматах па пластыкавай картцы.

А. Багавiк: — Дарэчы, каб пазбегнуць праблем у сiтуацыi, калi картка зламалася, мы прапануем сваiм клiентам пры афармленнi адной мiжнароднай пластыкавай карткi другую бясплатна. Да таго ж другая картка — iншай плацежнай сiстэмы. Яна будзе прывязана да вашага рахунка: калi адна зламалася або згубiлася, вы можаце скарыстаць другую.

— На жаль, часам картку можна згубiць, яе могуць выкрасцi. Што рабiць у такiм выпадку?

А. Багавiк: — У першую чаргу неабходна закрыць доступ да вашага каррахунка. Для гэтага трэба паведамiць неабходную iнфармацыю ў кругласутачную сэрвiсную службу i правесцi блакiроўку аперацый па сваёй картцы. Пасля гэтага вы можаце быць абсалютна спакойнымi: нiякiх расходаў па вашаму рахунку не будзе зроблена.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё больш беларусаў становяцца ўладальнiкамi пластыкавых картак
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика