«Дажынкi-2006» пачаліся
Iлона IВАНОВА
Бабруйск, прыбраны да свята, сустракае сваiх гасцей. Мяркуецца, што ў горад прыедзе больш за 10 тысяч чалавек, а агульная колькасць удзельнiкаў i гасцей свята складзе аж паўсотню тысяч чалавек!
Сёння ранiцай у Бабруйск прыбываюць афiцыйныя дэлегацыi абласцей. А 9-й гадзіне ранiцы на вулiцы Сацыялiстычнай i плошчы Перамогi пачалi працаваць «Падворкi Магiлёўшчыны». Iх называюць першай адметнасцю сёлетнiх «Дажынак»: усе раёны, абласны цэнтр i, натуральна, Бабруйск прадставiлi свае падворкi як арыгiнальныя вiзiтоўкi. Напрыклад, Дрыбiн паказвае сваё шапавальства, Касцюковiчы — розныя пароды гусакоў, Мсцiслаўшчына — коней i свiней разам з парсюковымi скачкамi, Бялынiчы — паляўнiцтва... Горад майстроў «i рук, i сэрца шчодры дар» выставiў на продаж лепшыя творы народных рамёстваў. А фонды музеяў вобласцi паказваюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва даўнiны «Скарбы магiлёўскiх куфраў». — Мы робiм усё для таго, каб дзесятыя па лiку, юбiлейныя «Дажынкi» запомнiлiся, каб свята было прыгожым, — сказаў намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз. У фестывалi бяруць удзел больш за 1,5 тысячы артыстаў. Акрамя беларускiх, выступяць i расiйскiя «зоркi» — Аляксандр Сяроў, Мiкалай Гнацюк, Валянцiна Талкунова i ансамбль «Добры моладцы». Адметнасцю сёлетняга свята таксама будуць выступленнi калектываў з краiн-суседак — Лiтвы, Польшчы, Расii i Украiны. Гандлёвыя арганiзацыi выставiлiся загадзя, i сёння ад ранiцы запрацавалi гандлёвыя рады. Iх працягласць на цэнтральных вулiцах Бабруйска — больш за 5 кiламетраў. З вопыту папярэднiх «Дажынак» вырашылi паставiць гандлёвыя рады з аднаго боку вулiц, каб не было натоўпу, якi рухаецца ў розных напрамках i каб было месца для столiкаў. Увогуле на фестывалi працуе больш за 3 тысячы гандлёвых работнiкаў. Гандляры маюць намер уразiць удзельнiкаў свята не толькi прымальнымi коштамi (з мiнiмальнымi гандлёвымi надбаўкамi), але i знешнiм выглядам сваiх палатак. Горад упрыгожаны кветкамi, лозунгамi i бiгбордамi з выявамi пераможцаў рэспублiканскага спаборнiцтва — лепшымi ў краiне камбайнерамi. Дарэчы, паводле магiлёўскай традыцыi, пераможцам будуць уручаны партрэты — зразумела, не бiгборды, а карцiны, напiсаныя ўдзельнiкамi мiжнароднага пленэра па жывапiсу iмя В. Бялынiцкага-Бiрулi. Асвятляць рэпублiканскi фестываль-кiрмаш будуць тры сотнi журналiстаў. Напярэдаднi кiраўнiцтва Магiлёўскай вобласцi заявiла: усе арганiзацыйныя пытаннi падрыхтоўкi «Дажынак» вырашаны, i цяпер трэба толькi спадзявацца на Божую дапамогу, каб было добрае надвор’е, якое б дазволiла гасцям убачыць свята ва ўсёй яго прыгажосцi i атрымаць асалоду. Анатоль Глаз паведамiў журналiстам, што чуткi наконт увядзення строгай прапускной сiстэмы ў Бабруйску на час «Дажынак» моцна перабольшаныя. Паводле яго слоў, рух гасцей i бабруйчан будзе бесперашкодным, а грамадскi транспарт у Бабруйску будзе працаваць у рэжыме працоўнага дня. За невялiкiм выключэннем, асноўныя транспартныя магiстралi горада будуць свабодныя для руху, i кожны, хто пажадае, можа прыехаць на свята. Свае аўтамабiлi людзi могуць паставiць на паркоўкi: у горадзе арганiзавана 9 бясплатных ахоўваемых стаянак, iх пакажа любы iнспектар ДАI. Бабруйск, якi яшчэ колькi тыдняў таму быў падобны на муравейнiк будаўнiкоў, памяняў сваё аблiчча. Тое, што зрабiлi тут да «Дажынак», улады называюць вялiкiм падарункам для гэтага горада. У яго добраўпарадкаванне ўкладзена, паводле першых ацэнак, больш за 200 мiльярдаў беларускiх рублёў. Зрабiлi нават больш, чым планавалi: у добраўпарадкаваннi i асфальтаваннi. Мясцовы стадыён пераўтварыўся, як тут кажуць, у «цацку», цэнтральныя вулiцы сталi прыгожымi, а двары ўтульнымi, перакладзены дзесяткi кiламетраў цеплавых i водаправодных сетак, адбудавана сучасная гасцiнiца «Турыст», тэрапеўтычны корпус гарадской бальнiцы хуткай дапамогi здадуць у гэтым месяцы. Карацей, пра падрыхтоўку да «Дажынак» бабруйчане будуць узгадваць яшчэ не адзiн дзесятак гадоў як пра значную падзею ў жыццi iх горада. Менавiта бабруйскi каларыт сёлетнiм «Дажынкам» надасць вобраз бабра. Ён у шматлiкiх варыянтах увасоблены ў сувенiрнай прадукцыi. I арганiзатары абяцаюць, што нават у неба ўзляцiць вялiзны паветраны шар з выявай бабра. Сёння а 15-й гадзiне на цэнтральных вулiцах Бабруйска пройдзе святочнае тэатралiзаванае шэсце. Такога не было яшчэ нi на адным фестывалi-кiрмашы. На ўрачыстым адкрыццi свята будуць сёння ўшанаваны пераможцы рэспублiканскага спаборнiцтва, якiя занялi другiя i трэцiя месцы. Увечары адбудзецца гала-канцэрт «Майстры мастацтва — працаўнiкам сяла» i завершыцца першы святочны дзень феерверкам. Заўтра на «Дажынках» працягнецца свята. З удзелам Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi адбудзецца ўшанаванне працаўнiкоў, якiя перамаглi ў рэспублiканскiм спаборнiцтве па вынiках уборкi ўраджаю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бабруйск, прыбраны да свята, сустракае сваiх гасцей. Мяркуецца, што ў горад прыедзе больш за 10 тысяч чалавек, а агульная колькасць удзельнiкаў i гасц |
|