Спецыфiка прыгарада
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
УСЁ Ў ПАРАДКУ У Мiнскiм раёне за захаваннем парадку на зямлi ўважлiва сочаць прадстаўнiкi мясцовай улады i супрацоўнiкi адзялення экалагiчнага нагляду аддзела ДАI ўпраўлення мiлiцыi.Сувязi гэтыя ўсталявалiся даўно i з кожным годам толькi мацнеюць. Начальнiк адзела ДАI маёр Валерый Крэпскi гаворыць, што разам з супрацоўнiкамi рэгулярна выязджае на месцы. У асноўным туды, дзе ёсць праблемы, якiя датычацца санiтарнага стану населеных пунктаў, захавання нормаў i правiлаў узвядзення ўласных сядзiб iндывiдуальнымi забудоўшчыкамi, утрымання дарог, работы транспарту, асвятлення вулiц. Нядаўна разам з Мачулiшчанскiм Саветам прывялi ў належны стан пад’язную дарогу да пасёлка, у прыватнасцi, зрабiлi так званы ямачны рамонт, добраўпарадкавалi тэрыторыю паабапал. На першы погляд быцам бы дробязь, але аднаму пасялковаму выканкаму без падтрымкi ад-дзялення экалагiчнага нагляду ажыццявiць гэта было б не проста. Як, дарэчы, i навесцi парадак з паркоўкамi легкавога аўтатранспарту жыхароў пасёлка. Тут таксама iстотную дапамогу аказалi супрацоўнiкi экалагiчнай мiлiцыi. Цяпер у Мачулiшчах няма праблем з арганiзаванымi стаянкамi машын. А вось у Бараўлянах, дзе, дарэчы, базiруецца аддзяленне экалагiчнага нагляду, транспартныя праблемы, звязаныя ў першую чаргу з дэфiцытам парковак для легкавых машын, знаходзяцца ў стадыi актыўнага вырашэння. I не дзiўна. Па шчыльнасцi руху Бараўляны i суседнi пасёлак Лясны не адрознiваюцца ад Мiнска. У населеных пунктах сельсавета i iх наваколлях месцяцца раённая i абласная бальнiцы, шэраг iншых медыцынскiх устаноў, у тым лiку i рэспублiканскага значэння. Штодзень у Бараўляны прыязджае больш за тры тысячы чалавек. Тут створаны тры платныя i адна бясплатная паркоўкi. У планах на блiжэйшую перспектыву адкрыццё яшчэ адной паркоўкi. У цэлым населеныя пункты больш-менш забяспечаны стаянкамi для аўтатранспарту. Тым не менш не ўсе аўтаўладальнiкi жадаюць карыстацца паркоўкамi, а iмкнуцца паставiць сваё аўто, напрыклад, побач з цэнтральным уваходам у абласную бальнiцу. Хоць там на вiдным месцы вiсiць знак «стаянка забаронена», i ёсць бясплатная паркоўка насупраць будынка Савета i непадалёк дзве платныя стаянкi. Часам у зоне знака збiраецца столькi машын, што яны перашкаджаюць нармальнаму руху грамадскага транспарту. Па гэтай прычыне ўжо адбылося некалькi аўтааварый. З iншага боку, мушу заўважыць, пашырыць зону для бясплатнай паркоўкi каля абласной бальнiцы можна было б за кошт тэрыторыi рынку, якi знаходзiцца насупраць мед- установы. Прычым гэта, на мой погляд, можна зрабiць без асаблiвага ўшчамлення гандляроў. Iнспектар аддзялення Вiталь Шчэрба здзiўляецца сквапнасцi асобных вадзiцеляў, якiя шкадуюць тысячу рублёў i ставяць машыну пад знак, за што потым вымушаны плацiць значна большы штраф. Яшчэ адна вострая бараўлянская праблема — хуткасць руху на дарогах. Прычым злоўжываюць ёю пераважна тыя, хто нядаўна сеў за руль аўтамабiля. У асноўным маладыя людзi. Па iх вiне часцей за ўсё на тэрыторыi сельсавета адбываюцца дарожна-транспартныя здарэннi. Нядаўна сын мясцовага прадпрымальнiка ўзяў без дазволу бацькi яго новенькi BMW, не справiўся з кiраваннем i па злой iронii лёсу ўрэзаўся ў сцяну бацькавай крамы. Ад сур’ёзных траўмаў юнака выратавалi падушкi бяспекi. А вось выпадак, якi моцна ўразiў i iнспектараў ДАI, i супрацоўнiкоў Бараўлянскага сельвыканкама. Апошнiя, ранкам прыйшоўшы на працу, жахнулiся: прыгожая кветачнiца з металу, якую днямi ўладкавалi побач з будынкам Савета, скамечана магутным ударам. Па слядах было бачна, што пратаранiў прадмет малой архiтэктуры невядомы аўтамабiлiст. З месца здарэння вадзiцель знiк. Але мясцовае ДАI знайшло вандала, цi, дакладней, вандалку — ёю аказалася маладая жанчына з мiнiмальным вадзiцельскiм стажам i без правоў на кiраванне машынай. Яна iмчалася на такой хуткасцi, што нават пераадолела дарожны бардзюр вышынёй у 30 сантыметраў! Добра, што людзi не пацярпелi. Таму, каб абмежаваць хуткасны рэжым руху ў асаблiва шматлюдных месцах, у Савеце вырашылi пакласцi на некаторых дарогах дадатковыя так званыя «спячыя палiцэйскiя». Зладжанасць дзеянняў мясцовай улады i мiлiцыi ўвогуле ўласцiвая для раёна. Яшчэ летась райвыканкамам былi створаны пяць пастаянна дзеючых груп па кантролю за добраўпарадкаваннем населеных пунктаў i навядзеннем парадку на зямлi. Прыкладна па 10 чалавек у кожнай. Аб вынiках рэйдаў груп санiтарны ўрач раёна рэгулярна iнфармуе кiраўнiцтва райвыканкама. У склад кожнай групы ўваходяць супрацоўнiкi экалагiчнай мiлiцыi. Яны разам з работнiкамi сельскiх Саветаў, санстанцый, леснiкамi, прадстаўнiкамi iншых зацiкаўленых арганiзацый i ўстаноў вядуць настойлiвую i мэтанакiраваную работу па навядзенню парадку на зямлi, ахове навакольнага асяроддзя. Агульнавядома, што ў Мiнскiм раёне сельскiм Саветам з-за наблiжанасцi сталiцы даводзiцца працаваць у спецыфiчных умовах. Можна сказаць, што сёння раён — гэта працяг велiзарнага, амаль двухмiльён-нага, горада. Тысячамi нiцяў жыхары прыгарада звязаны са сталiцай i наадварот. Зразумела, экалагiчная нагрузка на тэрыторыю раёна, бадай, як нiдзе ў краiне, вялiкая. Прычым яна носiць сезонны характар. З вясны да сярэдзiны восенi дзесяткi тысяч мiнчан бавяць вольны час на ўлонні прыроды пад Мiнскам. У гэты перыяд зоны адпачынку падвяргаюцца масiраванаму нашэсцю. Таму галоўная задача прыгарадных Саветаў i супрацоўнiкаў экалагiчнага аддзялення заключаецца ў строгiм наглядзе за санiтарным станам гэтых тэрыторый. Адзiн з «гарачых» пунктаў — наваколлi возера Вяча. Сюды iмкнуцца тысячы аўтаўладальнiкаў. Пераважная большасць пакiдае сваiх «жалезных» коней на спецыяльна адведзеных паркоўках. Аднак iснуе нешматлiкая, але бесцырымонная катэгорыя аўтааматараў, якiя абавязкова хочуць бачыць свой аўтамабiль ледзь цi не на пляжы. I сунуцца туды насуперак усiм забаронам, дарожным знакам, шлагбаўмам, прафiлактычным траншэям. У адносiнах да такiх парушальнiкаў супрацоўнiкi экалагiчнай мiлiцыi прымаюць рашучыя меры. Самая распаўсюджаная — вялiкi штраф. Зiмой iншы клопат. Больш увагi ўдзяляецца нагляду за своечасовай ачысткай дарог ад снегу i лёду, апрацоўцы дарожнага пакрыцця спецыяльнымi пясчанымi сумесямi i г.д. Нярэдка праблема можа ўзнiкнуць на роўным месцы. На тэрыторыi раёна знаходзяцца шэсць буйных i 48 мiнi-палiгонаў па ўтылiзацыi i перапрацоўцы адходаў, куды штодзень накiроўваюцца сотнi грузавiкоў. I дастаткова некалькiм вадзiцелям дрэнна замацаваць тэнт на версе машыны, як за ёй па ходу руху пацягнецца шлейф пустых пластмасавых бутэлек, паперы i iншага смецця. Таму ў абавязкi экалагiчнай мiлiцыi ўваходзiць нагляд i за станам пад’язных дарог, за парадкам i правiламi перавозу смецця i адходаў. Паўнамоцтвы ў супрацоўнiкаў аддзялення экалагiчнага нагляду ўвогуле даволi шырокiя. Гэта не толькi права дзяржаўнага кантролю за захаваннем службовымi асобамi i асобнымi грамадзянамi прыродаахоўнага i санiтарнага заканадаўства, але i правядзенне прафiлактычнай работы ў працоўных калектывах, сярод насельнiцтва. У штаце аддзялення ўсяго дзевяць чалавек, амаль усе маюць вышэйшую адукацыю. Пагадзiцеся, што на такi вялiкi па плошчы раён гэта зусiм няшмат. Затое iнспектары аддзялення выдатна экiпiраваныя тэхнiчна: аўтамабiлi, маторная лодка, прыборы вымярэння таксiчнасцi адпрацаваных газаў, мабiльныя радыёстанцыi, прыбор начнога бачання, бiноклi, вiдэакамера, лiчбавыя фотаапараты, камп’ютары i, натуральна, зброя. Але гэта — на крайнi выпадак.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мiнскiм раёне за захаваннем парадку на зямлi ўважлiва сочаць прадстаўнiкi мясцовай улады i супрацоўнiкi адзялення экалагiчнага нагляду аддзела ДАI ў |
|