«Ураджай» са спартыўнай Элады
У Грэцыi прайшоў чэмпiянат Еўропы па вадналыжнаму спорту. Беларускiя спартсмены заваявалi 1 залаты, 2 сярэбраныя i 1 бронзавы медалi. Расказвае спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Анатоль МЯСНIКОЎ.
У Афiны ўдзельнiкi беларускай зборнай у прамым i пераносным сэнсах слова зляталiся з усяго свету. З Францыi, дзе ў апошнiя гады жыве i трэнiруецца, ехаў на еўрапейскi чэмпiянат шматгадовы лiдар нацыянальнай каманды, выхаванец Наваполацкай школы вадналыжнага спорту iмя М. Гянова, заслужаны майстар спорту Алег Дзевятоўскi... З-за акiяна, з горада Манро, што ў амерыканскiм штаце Луiзiяна, дзе вучацца i трэнiруюцца ў тамтэйшым унiверсiтэце, спяшалiся да ўзбярэжжа Эгейскага мора неаднаразовыя пераможцы i прызёры сусветных i еўрапейскiх чэмпiянатаў i самых буйных мiжнародных турнiраў, майстры спорту мiжнароднага класа Аляксей Жарнасек i Наталля Берднiкава, дарэчы, таксама выхаванцы горада Наваполацка... З Галандыi, дзе напярэдаднi закончыўся чэмпiянат свету па водных лыжах за электрычнай цягай, ехала на падмогу нашаму калектыву стаўшая там у чарговы раз пераможцай сусветнага першынства, заслужаны майстар спорту мiнчанка Iрына Турэц... Яшчэ два спартсмены: мiжнародныя майстры спорту Марыя Верамчук з Наваполацка i мiнчанiн Дзмiтрый Аксiневiч, а таксама адзiн з настаўнiкаў зборнай Беларусi, старшы трэнер Наваполацкай спецыялiзаванай дзiцяча-юнацкай школы алiмпiйскага рэзерву iмя Мiкалая Гянова, заслужаны трэнер рэспублiкi Аркадзь Гяноў i ваш пакорны слуга прыляцелi ў грэчаскую сталiцу з Мiнска. Ужо толькi адзiн пералiк гэтых адрасоў уважлiваму чытачу засведчыць: спартсмены нацыянальнай зборнай Беларусi — самыя сапраўдныя патрыёты! Абраўшы адзiн раз i на ўсё жыццё свой любiмы вiд спорту, насамрэч стаўшы прафесiянальнымi майстрамi сваёй справы, кожны з iх па заклiку душы i сэрца, па першай жа прапанове са штаба каманды гатовы днём i ноччу (i гэта таксама рэальныя словы!) спяшацца на старт, у якiм кутку свету ён не праходзiў бы, каб выступiць пад сцягам роднай краiны, зрабiць усё, каб падчас падвядзення вынiкаў спаборнiцтваў загучаў такi меладычны i кранальны Дзяржаўны гiмн Беларусi, а на флагштоку залунаў наш Дзяржаўны сцяг. Чарговы еўрапейскi чэмпiянат вадналыжнiкаў на гэты раз праводзiўся ў маляўнiчым кутку старажытнай i вечна маладой Элады. Роўна два гады таму тут, на канале паблiзу гiстарычнага горада Марафона, сама назва якога гаворыць аб прыналежнасцi яго да сусветнага спартыўнага летапiсу праходзiлi баталii Алiмпiйскiх гульняў-2004, на якiх выступалi i беларускiя весляры. Там, у Марафоне, мы яшчэ раз пераканалiся, што вялiкi спорт насамрэч з’яўляецца надзейным i праведным паслом мiру, бо iмя нашай нацыянальнай спартыўнай «зоркi» першай велiчынi — двухразовай алiмпiйскай чэмпiёнкi Кацярыны Карстэн ведаюць не толькi прыхiльнiкi акадэмiчнага веславання, але i аматары спорту ўвогуле. У тым лiку i ў Грэцыi... Заўважыў адразу i пераканаўся зноў (а са зборнай Беларусi па вадналыжнаму спорту на такога роду мiжнародных спаборнiцтвах мне давялося быць ужо ў трэцi раз): атмасфера ў калектыве — дзелавая i сур’ёзная. Спартсменаў не трэба прымушаць нешта зрабiць: кожны ведае свае абавязкi i правы, ды i «прайшоў» праз усё ўжо шматкрат! Узаемаадносiны памiж спартсменамi — перш за ўсё асабiстага характару — тут адыходзяць на другi план. Ведаю (але гэта асобная тэма!): праблем i пытанняў у адносiнах памiж Мiнскай i Наваполацкай школамi беларускiх водных лыж — галоўных i адзiных у нашай суверэннай дзяржаве падраздзяленнях па падрыхтоўцы членаў нацыянальнай зборнай — не тое што шмат, а нават процьма. Аднак, дзякуй Богу, так бы мовiць, на мiжнародным узроўнi яны на паверхню не «выносяцца»... Усё падпарадкавана галоўнай мэце: выступiць на мяжы магчымага i нават немагчымага, даць сапернiкам сапраўдны бой. У кожным з трох вiдаў вадналыжнай праграмы нашы майстры ў большасцi сваёй — сярод лепшых на кантыненце i ў свеце. Даўно прызнана майстэрства i стабiльнасць фiгурыстаў: гэты вiд цi не самы прыгожы i захапляльны! У слаламе таксама нямала набыткаў: згаданая вышэй Iрына Турэц, напрыклад, залаты медаль чэмпiёнкi свету 2006 года атрымала менавiта ў гэтым вiдзе. А вось у скачках з трамплiна ў апошнi час беларусы крыху здалi пазiцыi: iх паказчыкi ўступаюць вынiкам англiчан, iтальянцаў, швейцарцаў i немцаў. Праўда, тут у нас ёсць iстотны аргумент у абарону спартсменаў: у апошнiя гады прадстаўнiкi пералiчаных вышэй краiн усё больш i больш спецыялiзуюцца ў асобных вiдах вадналыжнай праграмы, што, натуральна, i прыводзiць iх да большай стабiльнасцi i лепшага выканаўчага майстэрства. Фiгурнае катанне — наш вiд мнагабор’я здаўна i самы што нi ёсць надзейны. Па-першае, беларускiя трэнеры i спецыялiсты падчас работы са спартсменамi надаюць яму вялiкую i пiльную ўвагу. I не толькi таму, што ў iм выстаўляюцца заслужана значныя ацэнкi i балы, але яшчэ i таму, што фiгуры сапраўды «выглядаюць» вiдовiшчна i непараўнальна. Тут мала майстэрства i навыкаў, а не менш патрэбна мужнасцi i вытрымкi. Беларускiя майстры Алег Дзевятоўскi i Аляксей Жарнасек не першы год вядуць барацьбу на роўных з французамi шматразовым чэмпiёнам свету i Еўропы Нiколам ле Фарысцье i Жофры Малакам, англiчанамi Томасам Ашэрам i Ясанам Шэлам, Алiўе Фартампам з Бельгii i чэхам Адамам Седлмайерам... Не здрэйфiлi нашы i на гэты раз: Жарнасек стаў сярэбраным прызёрам, а Дзевятоўскi, прайграўшы ўсяго толькi 20 балаў Фартампу, быў чацвёртым. Захапiўшыя лiдарства беларускi Марыя Верамчук i Наталля Берднiкава, падчас правядзення фiналаў «адышлi» адпаведна на чацвёртае i пятае месцы, але ж хто папракне iх: змагалiся дзяўчаты смела i адчайна. Францужанка Марыян Ано, iтальянка Карына Сяргеева i швейцарка Алена Томсан (дзве апошнiя — былыя выхаванкi i прадстаўнiцы зборнай Расii), якiя ўзнялiся ўрэшце на п’едэстал еўрапейскага першынства, — спартсменкi больш вопытныя i загартаваныя, так што ў нашых Марыi i Наталлi гучныя перамогi — наперадзе. Менавiта слалам сабраў рэкордную колькасць удзельнiкаў чэмпiянату — 54 мужчыны i 33 жанчыны з 18 краiн Еўропы i нават з ...Лiвана. Спрэчка атрымалася не на жарт, а перамаглi мацнейшыя на сённяшнi дзень: францужанка Жэралдзiна Жамэн-Дзюверж i iтальянец Томас Дэжасперы. I. Турэц стала 8-й, Н. Берднiкава — 13-й, М. Верамчук — 23-й; Д. Аксiневiч — 24-м, А. Дзевятоўскi i А. Жарнасек падзялiлi 26-е месца. Беларускiмi сталi спаборнiцтвы мнагаборцаў i камандныя выступленнi. Уступiўшы некалькi сапернiкам з Вялiкабрытанii Томасу Ашэру i Ясану Шэлу i iтальянцу Марка Рыву ў слаламе i трамплiне, Алег Дзевятоўскi спаўна адыграўся ўсё ў тым жа фiгурным катаннi. Трэба было бачыць, як упэўнена, магутна i непараўнальна прыгожа адкатаў ён сваю праграму. Сума 10670 балаў — не рэкордная, аднак, набраная ў цяжкiх умовах надвор’я, яна i стала «залатой» для нашага лiдара. Наталля Берднiкава таксама змагла сабрацца, знайсцi ў сабе вядомыя толькi ёй унутраныя рэзервы i замацавацца на ганаровым, «бронзавым» трэцiм месцы. Дарэчы, гэта першая такая ўзнагарода ў мнагабор’i ў спартыўнай бiяграфii спартсменкi. Ну а камандная барацьба — гэта ёсць барацьба калектываў. Трэнер павiнен «вылiчыць» аптымальную чацвёрку, вынiкi якой i павiнны ў канчатковым вынiку даць адказ на пытанне: хто ёсць хто. Французы ў рэшце рэшт апярэдзiлi ўсiх; беларусы — iншыя зборныя, за выключэннем першых. Алег Дзевятоўскi, Iрына Турэц, Наталля Берднiкава i Аляксей Жарнасек i iх настаўнiкi Аркадзь Гяноў i Вiктар Наважылаў атрымалi на канале горада Марафона заслужаныя i такiя дарагiя сярэбраныя ўзнагароды. Брытанцы i iтальянцы, не кажучы пра расiян, грэкаў, чэхаў i аўстрыйцаў, не толькi засталiся нi з чым, але i непадробна зайздросцiлi беларусам. Вынiкi чэмпiянату Еўропы каментуе настаўнiк зборнай Беларусi Аркадзь Гяноў: — Кiнуць папрок каму-небудзь з нашай шасцёркi спартсменаў у мяне няма нiякага права i падстаў: усе змагалiся да канца. I наогул чэмпiянат кантынента прайшоў без зрываў, а перамаглi насамрэч мацнейшыя на сённяшнi дзень. Гэта, уласна кажучы, пацвердзiлi i нашы лiдары. Што ж датычыцца выступленняў нашай моладзi — дваццацiгадовых Марыi Верамчук i Дзмiтрыя Аксiневiча, то i для iх спаборнiцтвы не сталi лёгкай прагулкай. Набыты вопыт, адбылася прыцiрка з элiтай водных лыж. Iх перамогi ў вялiкiм спорце, у прыватнасцi — Марыi Верамчук, яшчэ наперадзе. Вадналыжны спорт, — працягвае Аркадзь Мікалаевiч, — прагрэсiруе i ўдасканальваецца, як i любы iншы вiд. Шкада, вядома ж, што нiяк не можа трапiць ён у алiмпiйскую праграму. I ўсё ж мы верым: калi-небудзь гэта адбудзецца! Мiнск—Афiны—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Грэцыi прайшоў чэмпiянат Еўропы па вадналыжнаму спорту. Беларускiя спартсмены заваявалi 1 залаты, 2 сярэбраныя i 1 бронзавы медалi. Расказвае спецыя |
|