Прапорцыя або «краiна пражывання»?
Сяргей ГРЫБ
Пенсiйны «пытальнiк» «Звязды» Пенсiйная тэма была «папулярнай» заўсёды. I ў тым лiку сярод чытачоў нашай газеты. Дастаткова сказаць, што пытаннi на гэты конт з’яўляюцца ў рэдакцыi практычна кожны дзень. Таму на некаторыя, найбольш распаўсюджаныя з iх мы папрасiлi адказаць начальнiка галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валянцiну Вiкенцьеўну КАРАЛЁВУ.З 1 лiпеня гэтага года ў Беларусi пачаў «працаваць» новы закон аб занятасцi насельнiцтва. А разам з iм — i новае правiла датэрмiновага выхаду на пенсiю для беспрацоўных. Як вядома, дагэтуль на год раней за агульнаўсталяваны ўзрост на пенсiю маглi пайсцi асобы, якiя знаходзiлiся на ўлiку ў службе занятасцi i мелi права на дапамогу па беспрацоўю на працягу 52 каляндарных тыдняў. Iнакш кажучы, мужчыны са стажам не менш за 38, i жанчыны — са стажам не менш за 33 гады. Такi парадак захоўваецца i сёння. Праўда, каб выйсцi на пенсiю на год раней, зараз працяглага стажу ўжо недастаткова. Другая i не менш важная ўмова для патэнцыяльнага беспрацоўнага-«датэрмiноўшчыка» — адсутнасць магчымасцяў для яго працаўладкавання. Цi датычыцца яна ўсiх? I, да прыкладу, цi няма тут якiх-небудзь выключэнняў для беспрацоўных iнвалiдаў III групы? — Лiчыцца, што iнвалiд III групы з’яўляецца працаздольным, таму для гэтай катэгорыi ўмова немагчымасцi атрымання вакансiй таксама з’яўляецца абавязковай, — тлумачыць Валянцiна Каралёва. — Да таго ж тут можа ўзнiкнуць яшчэ адзiн нюанс. Паводле заканадаўства, у асоб, якiя атрымлiваюць пенсii (i ў тым лiку па iнвалiднасцi), дапамога па беспрацоўю складае рознiцу памiж памерам пенсii i памерам дапамогi па беспрацоўю. I калi пенсiя атрымлiваецца большай за дапамогу па беспрацоўю, такая дапамога не прызначаецца. Адпаведна, цэнтр занятасцi насельнiцтва ў гэтым выпадку ўжо не можа прапанаваць звярнуцца па датэрмiновую пенсiю па ўзросту. Бо атрымлiваецца, што ў чалавека няма права на 52-тыднёвую дапамогу па беспрацоўю. Мiж тым, iншае, але таксама няпростае пытанне. Як сведчыць статыстыка, у параўнаннi з суседзямi па СНД, узровень пенсiйных выплат у Беларусi большы. А значыць, нямала i жадаючых атрымлiваць пенсii менавiта па беларускаму заканадаўству. Цi магчымы такi варыянт, у прыватнасцi, для расiян, якiя працяглы час працавалi на тэрыторыi нашай краiны? — Атрымлiваць пенсiю па нашаму заканадаўству могуць толькi расiяне, якiя пастаянна пражываюць у Беларусi, — адзначае Валянцiна Каралёва. — Сапраўды, сёлета памiж Беларуссю i Расiяй падпiсаны дагавор аб супрацоўнiцтве ў галiне сацыяльнага забеспячэння. Ён уводзiць «прынцып прапарцыянальнасцi» — паводле яго, кожная з краiн бярэ на сябе абавязак выплачваць пенсiю за стаж, зароблены на яе тэрыторыi. Аднак у той жа час вызначана, што прызначэнне пенсiй за работу да 13 сакавiка 1992 года на тэрыторыi былога СССР робiцца па прынцыпу «краiны пражывання» — па заканадаўству той краiны, дзе чалавек жыў на момант звароту па пенсiю. I да таго ж трэба заўважыць: дагавор аб супрацоўнiцтве ў галiне сацыяльнага забеспячэння дагэтуль не ратыфiкаваны расiйскiм бокам. Адпаведна, пакуль гэта пагадненне не дзейнiчае. Нарэшце, яшчэ адна традыцыйна «папулярная» падстава для зваротаў — пенсii за выслугу гадоў. У пэўных варунках пайсцi на такую пенсiю на 5 гадоў раней за агульны ўзрост могуць некаторыя катэгорыi работнiкаў медыцыны i адукацыi. Адна з умоў тут вядомая: работа па спецыяльнасцi не менш за 25 гадоў у жанчын цi не менш за 30 гадоў — у мужчын. Прычым работа на працягу поўнага працоўнага дня i на поўную стаўку. Аднак якраз апошнi момант калi-нiкалi i патрабуе ўдакладнення. Да прыкладу, цi ёсць права на пенсiю за выслугу гадоў у чалавека, якi працуе на 0,75 стаўкi настаўнiкам у адной школе i адначасова на 0,5 стаўкi — сацыяльным педагогам у iншай? — I настаўнiкi, i сацыяльныя педагогi ўваходзяць у спецыяльны пералiк, на падставе якога прызначаюцца пенсii за выслугу гадоў, — кажа Валянцiна Каралёва. — Пры гэтым, калi чалавек працуе ў розных установах, то дапускаецца магчымасць сумiравання. 0,75 стаўкi ў адным месцы i 0,5 стаўкi ў iншым — гэта больш чым поўная стаўка. Такiм чынам, такая работа можа быць залiчана ў спецыяльны стаж, а чалавек — атрымаць пенсiю за выслугу гадоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсiйная тэма была «папулярнай» заўсёды. I ў тым лiку сярод чытачоў нашай газеты. Дастаткова сказаць, што пытаннi на гэты конт з’яўляюцца ў рэдакцыi
|
|