Высокi цiск: баяцца жанчыны, а гiнуць мужчыны
Святлана БАРЫСЕНКА
Амаль кожны трэцi жыхар Беларусi мае павышаны цi высокi артэрыяльны цiск. Паводле слоў галоўнага тэрапеўта Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Людмiлы ЖЫЛЕВIЧ, 56 працэнтаў смерцяў абумоўлены сардэчна-сасудзiстай паталогiяй. Працэнт гэты штогод прырастае.
Можна сказаць, наша краiна аб’яўляе вайну артэрыяльнай гiпертэнзii. Спецыялiсты адзначаюць, што вялiкая колькасць людзей нават не здагадваецца аб пагрозе развiцця ў iх сардэчна-сасудзiстых хвароб, i таму пераходзяць у наступленне: праводзяць спецыяльныя акцыi па прыцягненню ўвагi насельнiцтва да праблемы, а таксама патрабуюць ад кожнага сачыць за артэрыяльным цiскам штодня. Вось i пачнём. Яго сардэчная вялiкасць Сiстэма кровазвароту — гэта сэрца i сасуды. Дзякуючы сасудам, па якiх цыркулюе кроў, усе органы i тканкi нашага арганiзма атрымлiваюць карысныя рэчывы i кiсларод. А сэрца — гэта помпа, якая перакачвае кроў падчас скарачэнняў i расслабленняў. У момант скарачэння кроў выкiдваецца ў сасуды, якiя называюцца артэрыямi. Цiск крывi на iх сценкi называецца артэрыяльным. Кожны ўдар сэрца забяспечвае пэўны ўзровень артэрыяльнага цiску. Адрознiваюць два яго вiды: верхнi — максiмальны, цi сiсталiчны, адпавядае скарачэнню сэрца, пры якiм адбываецца выштурхванне крывi ў артэрыi, а нiжнi — мiнiмальны, цi дыясталiчны, адпавядае цiску крывi памiж двума скарачэннямi сэрца. Паводле меркаванняў экспертаў Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, нармальны сiсталiчны (верхнi) цiск павiнен быць нiжэй 140 мм рт.сл., а дыясталiчны (нiжнi) — нiжэй 90 мм рт.сл. незалежна ад узросту i полу. Паказанне 120/80 з’яўляецца аптымальным. Артэрыяльны цiск можа мяняцца памiнутна на працягу сутак. Рэгулярнае вымярэнне цiску дазваляе выявiць гiпертанiю, якая пачынаецца звычайна бессiмптомна, на ранняй стадыi. Вымяраем самi Мераць цiск трэба седзячы, пасля 5-хвiлiннага адпачынку, двойчы, з iнтэрвалам у 2 хвiлiны. Рука павiнна знаходзiцца на ўзроўнi сэрца. Калi цiск на руках адрознiваецца больш як на 10 мм рт.сл., для далейшых вымярэнняў выбiраюць руку з большым цiскам. Звычайны механiчны танометр — гэта манометр, гумавая «груша», манжэта на «лiпучках» i стэтаскоп. Працэс вымярэння ў дадзеным выпадку патрабуе пэўных навыкаў, бо момант счытвання паказанняў з манометра вызначаецца на слых з дапамогай другога чалавека. Самастойнае вымярэнне не будзе аб’ектыўным з-за парушэння стану спакою i зручнай расслабленай позы. Паводле слоў спецыялiста кампанii Microlife па медтэхнiцы Уладзiслава КРЫЖАНОЎСКАГА, найноўшыя прыборы для вымярэння цiску — электронныя, напалову аўтаматычныя або аўтаматычныя. Microlife прапануе толькi сертыфiкаваныя, правераныя Дзяржстандартам, а значыць, самыя дасканалыя i надзейныя прыборы. Каб памераць цiск з дапамогай аўтаматычнага танометра, дастаткова накласцi на плячо манжэту i нацiснуць кнопку. Некаторыя такiя прыборы маюць нават убудаваны iндыкатар арытмii, што дазваляе выявiць гэта захворванне на ранняй стадыi i своечасова звярнуцца да ўрача. Як «злавiць» гiпертэнзiю? Гiпертанiя вызначаецца ў тым выпадку, калi вынiкi некалькiх (мiнiмум трох) вымярэнняў склалi цi перавысiлi 140/90 мм рт.сл. Гэта хвароба з’яўляецца самым распаўсюджаным захворваннем сардэчна-сасудзiстай сiстэмы i сустракаецца ў 40 працэнтаў дарослага насельнiцтва, у больш як 50 працэнтаў людзей пенсiйнага ўзросту. Каварства артэрыяльнай гiпертэнзii заключаецца ў тым, што часта першым праяўленнем хваробы з’яўляецца iнсульт мозгу цi iнфаркт мiякарда. Нярэдка бывае, што пацыенты адзначаюць галавакружэннi, боль у патылiцы, насавыя кровацячэннi, задышку, млявасць, шум у вушах, але не надаюць гэтаму ўвагi i не звязваюць з павышаным артэрыяльным цiскам. З цягам часу стойкi павышаны цiск прыводзiць да паражэння ўнутраных органаў. Найперш змяняюцца сэрца i сасуды. Сэрца працуе з павышанай нагрузкай, таму сценкi яго патаўшчаюцца i памеры сэрца павялiчваюцца. Паступова яго скарачальная здольнасць змяншаецца i помпавая функцыя пагаршаецца. Далучаюцца прыкметы сардэчнай недастатковасцi, якiя праяўляюцца ацёкамi, задышкай, арытмiямi. Сасуды пад уздзеяннем высокага цiску патаўшчаюцца, становяцца менш эластычнымi, значна паскараецца iх атэрасклератычнае пашкоджанне, што павялiчвае рызыку развiцця сардэчна-сасудзiстых ускладненняў. Згодна з данымi экспертаў Мiжнароднага таварыства па вывучэнню артэрыяльнай гiпертэнзii, у хворых з дадзеным захворваннем у 3 разы часцей развiваецца iшэмiчная хвароба сэрца, у 6 разоў — застойная сардэчная недастатковасць, у 7 разоў — iнсульт мозгу. Зроблена ўласнымi рукамi Кароткатэрмiновае павышэнне артэрыяльнага цiску можа назiрацца пры фiзiчных нагрузках, стрэсавых сiтуацыях, зменах надвор’я. Гэта кароткачасовыя павышэннi, якiя не суправаджаюцца непрыемнымi адчуваннямi i самастойна знiжаюцца да нармальнай адзнакi. Працяглае павышэнне можа быць абумоўлена некалькiмi фактарамi. Паводле вынiкаў шматгадовых даследаванняў айчынных i замежных спецыялiстаў, да iх адносяцца: курэнне, залiшняя вага, празмернае ўжыванне алкаголю, маларухомы лад жыцця, ужыванне кухоннай солi ў вялiкай колькасцi. Дастаткова выключыць уздзеянне апошнiх на арганiзм, як верагоднасць узнiкнення артэрыяльнай гiпертэнзii знiзiцца да мiнiмуму. Застануцца толькi некiруемыя фактары рызыкi: спадчынная схiльнасць (у дзяцей, чые бацькi пакутавалi ад артэрыяльнай гiпертэнзii, захоўваецца высокая верагоднасць узнiкнення павышанага артэрыяльнага цiску), узрост (з узростам падрастае i верагоднасць мець павышаны цiск) i пол (у мужчын гiпертанiя развiваецца найчасцей ва ўзросце 50—55 гадоў, у жанчын — пасля наступлення менапаўзы). Жыццё па новых правiлах Сёння iснуе мноства немедыкаментозных i медыкаментозных метадаў лячэння артэрыяльнай гiпертэнзii. Галоўнае, своечасова трапiць да ўрача i строга выконваць усе яго рэкамендацыi. На раннiх стадыях захворвання нармалiзаваць цiск можна i без медыкаментаў. Дастаткова адмовiцца ад курэння, бо нiкацiн выклiкае звужэнне сасудаў, што спрыяе павышэнню цiску, развiццю атэрасклерозу. Нават адна выкураная цыгарэта павялiчвае рызыку iнфаркту i iнсульту. У тых, хто злоўжывае алкаголем, у 4—6 разоў часцей развiваюцца такiя ўскладненнi, як гiпертанiчны крыз, iнфаркт мiякарда, iнсульт мозгу. Акрамя таго, алкаголь выключае магчымасць прыёму лекавых сродкаў. Атлусценне — фактар рызыкi развiцця не толькi гiпертанii, але i хвароб сэрца, цукровага дыябету. Iндэкс масы цела вызначаецца па формуле: вага(кг)/рост(м2). Нармальнае значэнне — у межах ад 20 да 25, вышэй — варта думаць пра атлусценне. Акрамя таго, акружнасць талii ў норме не павiнна перавышаць 94 см у мужчын i 80 см у жанчын. Звычайна для нармалiзацыi вагi ўрач-дыетолаг рэкамендуе нiзкакаларыйную дыету: пабольш садавiны i гароднiны, рыбы, абястлушчаных малочных прадуктаў, паменш салодкага, мучнога i тлустага. Колькасць кухоннай солi ў суткi не павiнна перавышаць 5—6 г (чайная лыжка без верху). Варта памятаць, як многа солi мы ўжываем з гатовымi прадуктамi. Вынiкi даследаванняў паказваюць, што пры змяншэннi вагi цела на 1 кг сiсталiчны цiск знiжаецца ў сярэднiм на 2,5 мм рт.сл., а дыясталiчны — на 1,5. Адным з эфектыўных метадаў знiжэння цiску з’яўляецца павышэнне фiзiчнай актыўнасцi. Рэкамендуюцца пешыя прагулкi на працягу 30—45 хвiлiн 3—4 разы на тыдзень. Даказана, што гэта спрыяе знiжэнню цiску на 4—8 мм рт.сл. Для паляпшэння самаадчування выконвайце гiмнастыку, займайцеся лячэбнай фiзкультурай. Будзьце цярплiвымi i добрымi з навакольнымi. Прымушайце сябе 2—3 разы на дзень на 5—10 хвiлiн адключыцца ад знешнiх абставiнаў. У выпадках, калi немедыкаментозных спосабаў нармалiзацыi цiску недастаткова, неабходна ўжываць антыгiпертэнзiйныя сродкi. Толькi ўрач можа вызначыць паказаннi i процiпаказаннi да прымянення таго цi iншага прэпарата. Для паспяховага лячэння лекi варта прымаць штодня, пастаянна, строга па прызначэнню. Нават кароткi перапынак у лячэннi здольны перакрэслiць тыя велiзарныя намаганнi, якiя былi затрачаныя на падбор лекаў. Перапынак таксама павялiчвае рызыку ўзнiкнення iнсульту цi iнфаркту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль кожны трэцi жыхар Беларусi мае павышаны цi высокi артэрыяльны цiск
|
|