Куды не ехаць па грыбы?
Сёлета, як вядома, аматары «цiхага палявання» нацешылiся ўдосталь — грыбоў у лясах хапала. Зрэшты, сезон працягваецца i, магчыма, асноўныя перамогi i здабыткi ў прамым сэнсе гэтых слоў на «грыбным фронце» яшчэ ў некага наперадзе. Таму сёння мы невыпадкова абралi такую тэму размовы, як рэкамендацыi квалiфiкаваных спецыялiстаў насельнiцтву па збору i нарыхтоўцы дароў лесу. Зразумела, мясцовы жыхар, якi выдатна ведае ўгоддзi паблiзу дома i абстаноўку ў iх, цi ўважлiвы пакупнiк на рынку, магчыма, i не маюць патрэбы ў такiх парадах. Але, па-першае, карысную iнфармацыю, якая можа спатрэбiцца i ў далейшым, нiколi не лiшнiм будзе нагадаць нават для знаўцаў. Па-другое, а раптам вы з сябрамi вырашыце ў блiжэйшы час з’ездзiць у зусiм невядомыя вам мясцiны, дзе, як гавораць, грыбы можна касiць касой?..
Паколькi рэкамендацыi маюць агульны характар, для эканомii газетнай плошчы мы абмяжуемся прыкладам — выключна тэрытарыяльна — Мiнскай вобласцi. Нашы сённяшнiя госцi — дырэктар дзяржаўнай установы радыяцыйнага кантролю i радыяцыйнай бяспекi «Беллесрад» Мiнiстэрства лясной гаспадаркi Ларыса КАРБАНОВIЧ i намеснiк дырэктара, галоўны радыёлаг Аляксей БАРАБОШКIН. — Iнфармаванне насельнiцтва аб радыяцыйнай абстаноўцы ў лясах вядзецца, у прыватнасцi, праз устаноўку ў пачатку лясных масiваў папераджальных знакаў. У зоне са шчыльнасцю забруджвання глебы цэзiем-137 ад 1 да 5 Кi/км2 — на дарогах рэспублiканскага i абласнога значэння перад уездам у зону. Збор грыбоў i ягад у такiх месцах дазваляецца з абавязковым радыеметрычным кантролем. У зоне са шчальнасцю забруджвання глебы цэзiем-137 ад 5 да 15 Кi/км2 забаронны знак устанаўлiваецца на дарогах перад уездам у зону i ў месцах, дзе найбольш часта бываюць людзi. У такiх месцах пасвiць жывёлу, касiць сена, збiраць грыбы i ягады, нарыхтоўваць дровы забараняецца, — расказвае Ларыса Карбановiч. — Акрамя таго, у кожным ляснiцтве вiсiць карта-схема, на якой колерам выдзелены кварталы лесу: скажам, блакiтныя — з узроўнем забруджвання ад 1 да 2 Кi/км2 (дзе можна збiраць дары лесу практычна без абмежаванняў, за выключэннем моцнаназапашваючых цэзiй-137 вiдаў грыбоў) i сiнiя — з узроўнем забруджвання ад 2 да 5 Кi/км2 (сабраныя тут грыбы i ягады трэба абавязкова правяраць). Як расказала далей Ларыса Мiкалаеўна, у Мiнскай вобласцi ёсць 10 лясгасаў (якiя адносяцца да сiстэмы Мiнiстэрства лясной гаспадаркi), дзе маюцца асобныя кварталы з узроўнем радыяцыйнага забруджвання больш за 1 Кi/км2: у асноўным ад 1 да 2 Кi/км2, зрэдку — да 5 Кi/км2. — Калi гаварыць пра ўсход Мiнскай вобласцi, то гэта Барысаўскi, Крупскi i Бярэзiнскi лясгасы, — дадае Аляксей Барабошкiн. — Прычым з гэтага пералiку найбольшыя плошчы з радыеактыўным забруджваннем знаходзяцца ў апошнiм — Бярэзiнскiм — лясгасе, якi да таго ж мае агульную мяжу з Бялынiцкiм лясгасам суседняй Магiлёўскай вобласцi. Тут я параiў бы людзям быць вельмi пiльнымi, асаблiва што датычыцца набыцця дзiкарослай прадукцыi на дарогах — яе абавязкова трэба правяраць. На поўначы вобласцi кварталы лесу з узроўнем радыяцыйнага забруджвання ёсць у Вiлейскiм, Маладзечанскiм i Лагойскiм лясгасах, на захадзе — у Стаўбцоўскiм i Валожынскiм лясгасах. Апошнi займае сумнае другое месца ў рэйтынгу па бяспецы сярод 10 лясгасаў: тут маецца некалькi кварталаў з узроўнем забруджвання тэрыторыi да 5 Кi/км2. Нарэшце, на поўднi сталiчнай вобласцi трэба назваць Слуцкi i Старобiнскi лясгасы. Апошнi замыкае тройку — пасля Бярэзiнскага i Валожынскага. Балазе, там усе забруджаныя тэрыторыi знаходзяцца на поўднi лясгаса, якi мае агульную мяжу з Брэсцкай вобласцю. У асноўным гэта забалочаныя альховыя лясы, дзе бывае няшмат людзей. Увогуле агульная плошча забруджаных тэрыторый на ўсёй Мiнскай вобласцi складае каля 70 тысяч гектараў. Параўнайце, напрыклад, iх з 1 мiльёнам 100 тысячамi забруджаных гектараў лесу ў Гомельскай вобласцi i прыкладна 500 тысячамi гектараў — у Магiлёўскай вобласцi. — Праўда, бываюць участкi лесу, — зноў уступае ў размову Ларыса Карбановiч, — якiя пры невысокай шчыльнасцi забруджвання вызначаюцца высокiм пераходам актыўнасцi з глебы ў раслiны. На такiх участках мы, як правiла, ствараем кантрольныя палiгоны. У тым жа Валожынскiм лясгасе такi ўчастак ёсць на тэрыторыi Iвянецкага ляснiцтва. Як удакладнiў Аляксей Барабошкiн, там у мiнулы чацвер якраз бралiся пробы ўсiх грыбоў i ягад для iх праверкi на ўзровень забруджвання цэзiем-137. Першых у спiсе было ажно 19, сярод якiх, напрыклад, такi не вельмi знаёмы большасцi грыбнiкоў грыб, як павуцiннiк бела-фiялетавы. «Даследаваннi ў цэлым пацвердзiлi раней зроблены ўмоўны падзел вiдаў грыбоў па здольнасцi назапашваць цэзiй-137: акумулятары, моцна-, сярэдне-, слабаназапашваючыя. Так, сярод iншых адным з самых чыстых заўсёды лiчыцца падасiнавiк — так i было. А вось апенькi, што адносяцца да слабаназапашваючых, там сёлета адзначалiся больш высокiм узроўнем забруджвання. Але дастаткова адысцi ад гэтай «плямы» убок лiтаральна на два кiламетры — там i грыбы абсалютна чыстыя, i мясцiны больш прывабныя для аматараў «цiхага палявання». Аднак людзi крыху пад’ехаць цi прайсцi не заўсёды жадаюць, не разумеючы (цi не жадаючы зноў жа разумець), у якую небяспеку могуць трапiць самi або iх родныя, знаёмыя». — Праверыць грыбы можна бясплатна ў раённых цэнтрах гiгiены i эпiдэмiялогii, на рынках, у лясгасах i ў некаторых ляснiцтвах, дзе ёсць плямы радыяцыйнага забруджвання. Падчас сезона масавых нарыхтовак дароў лесу мы дадаткова адкрываем спецыяльныя пункты кантролю, а ў некаторых ляснiцтвах, напрыклад, у Столiнскiм лясгасе Брэсцкай вобласцi i Валожынскiм лясгасе Мiнскай вобласцi — па два такiя пункты, — гаворыць Ларыса Карбановiч. — Грыбы на праверку можна прыносiць i да нас. — Пажадана здаваць на аналiз каля аднаго лiтра грыбоў — тады вынiкi даследавання пробы будуць больш высокiмi, — дадае Аляксей Васiльевiч. — Але можна абысцiся i значна меншай колькасцю. Больш за тое, наша абсталяванне дазваляе ўстанаўлiваць узровень забруджвання нават марынаваных грыбоў, якiя прыносяць да нас у слоiках. Сяргей РАСОЛЬКА. НАША ДАВЕДКА Па iнтэнсiўнасцi знiжэння ўтрымання цэзiю-137 шляхам адварвання грыбы можна згрупаваць наступным чынам: група 1 — падасiнавiкi, падбярозавiкi i белыя грыбы; група 2 — махавiкi, рашэтнiкi i польскiя грыбы; група 3 — зялёнкi i падзялёнкi. Для таго каб знiзiць утрыманне цэзiю-137 у два разы, грыбы першай групы неабходна кiпяцiць каля 20 хвiлiн, другой групы — каля 6—8 хвiлiн, трэцяй — каля 4—5 хвiлiн. Для знiжэння актыўнасцi ў грыбах у 8 разоў iх трэба адварыць тры разы са зменай вады пасля кожнай варкi, пры гэтым кожнае кiпячэнне павiнна адпавядаць вышэйназванаму часу. Выкарыстанне солi, воцату цi лiмоннай кiслаты на выхад радыенуклiдаў не ўплывае, затое грыбы лепш захоўваюць свой таварны выгляд i харчовую каштоўнасць. Папярэдняе замарожванне грыбоў на знiжэнне ўтрымання цэзiю-137 пры адварваннi не ўплывае. Вымочваннем свежых пласцiнчатых грыбоў на працягу 2—3 сутак са зменай вады праз кожныя 12 гадзiн можна дасягнуць знiжэння ўтрымання цэзiю-137 у 4—6 разоў. Двухразовае вымочванне i наступнае двухразовае адварванне сушаных грыбоў знiжае ўтрыманне цэзiю-137 у 8—10 разоў. Максiмальнага знiжэння ўтрымання цэзiю-137 у сушаных грыбах можна дасягнуць шляхам iх двух-, цi трохразовага вымочвання i наступнага двух-, цi трохразовага адварвання. Паводле iнфармацыi Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя, на працягу трэцяга квартала гэтага года санэпiдустановамi Мiншчыны былi прынятыя ад насельнiцтва i правераны на ўтрыманне цэзiю-137 410 узораў грыбоў i 261 узор лясных ягад. Перавышэнне дапушчальных нормаў было выяўлена ў 9 узорах ягад i ў 61 ўзоры грыбоў. Самая вялiкая колькасць узораў грыбной прадукцыi з перавышэннем РДУ была выяўлена ў Вiлейскiм (16 ўзораў з 63 даследаваных) i Маладзечанскiм (11 з 66 даследаваных) раёнах. У Слуцкiм раёне былi даследаваны 44 ўзоры грыбоў — з iх «засвяцiлiся» 8. У Салiгорскiм раёне — 6 з 53, а ў Барысаве — 6 з 16, Бярэзiнскiм — 4 з 12. Загадчык аддзялення радыяцыйнай гiгiены Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Мiхаiл Аляхновiч звярнуў увагу на тую акалiчнасць, што колькасць выяўленых забруджаных узораў грыбоў напрамую залежыць ад колькасцi жадаючых праверыць свой «ураджай». Дарэчы, калi абапiрацца на голыя лiчбы, то няцяжка прыйсцi да высновы, што асаблiвую асцярожнасць трэба праяўляць барысаўчанам, паколькi 6 забруджаных узораў з 16 — гэта фактычна кожны другi-трэцi ўзор. Акрамя таго з 13 прадстаўленых жыхарамi Барысава на радыяцыйны кантроль ягад забруджанымi аказалiся 4 узоры, або кожны трэцi ўзор. Аналагiчная сiтуацыя назiраецца i ў Бярэзiнскiм раёне. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета, як вядома, аматары «цiхага палявання» нацешылiся ўдосталь — грыбоў у лясах хапала. Зрэшты, сезон працягваецца i, магчыма, асноўныя перамогi i |
|